ГРО́ДЗЕНСКІЯ ПАЎСТА́НЦКІЯ АТРА́ДЫ,

узброеныя фарміраванні ў паветах Гродзенскай губ. ў ходзе паўстання 1863—64. Першым іх буйным выступленнем быў напад у ноч на 11.1.1863 паўстанцкіх атрадаў (усяго больш за 1000 чал.) пад агульным камандаваннем У.​Ціхорскага (Замэчка) на гарнізон г. Сураж. Паўстанцы разграмілі ротны цэйхгаўз, папсавалі чыг. і тэлегр. сувязь. Да 20.1.1863 атрады Ціхорскага, Р.​Рагінскага, С.​Сангіна, Б.​Рыльскага, В.​Левандоўскага (усяго каля 5000 чал.) сканцэнтраваліся ў мяст. Сямяцічы Бельскага пав. (цяпер тэр. Польшчы), аднак 26 студз. былі выбіты адтуль. У крас. 1863 у Сакольскім пав. (цяпер Польшча) сфарміраваны атрад В.Урублеўскага, які аб’яднаўся з беластоцкім (узначальвалі афіцэры А.​Баранцэвіч, Ю.​Эйтмановіч і інш.), а таксама з атрадам з Бельскага пав. на чале з Э.​Кярсноўскім. Адначасова ў Гродзенскім пав. створаны атрад А.​Лянкевіча (Ляндара, 200 чал.), які пасля бою 22 крас. каля мяст. Азёры пайшоў у Ваўкавыскі пав., дзе злучыўся з мясц. атрадам Г.​Стравінскага (Млотка). У ходзе бою 2—3 мая паблізу в.Міхалін Кобрынскага пав. пад націскам паўстанцаў (500—800 чал.) урадавыя войскі (2 роты салдат і каля 100 казакоў) адступілі. У Пружанскім пав. ў крас. быў сфарміраваны атрад Ф.​Влодэка, у Слонімскім пав. дзейнічаў атрад Ф.​Юндзіла (каля 250 чал.). У Кобрынскім пав. 25 крас. — 1 мая створаны атрад Р.Траўгута (Кракаўскага), да якога ў маі далучыўся брэсцкі атрад на чале з Я.Ваньковічам (Лялівам). У Брэсцкім пав. сфарміраваны атрад Стасюкевіча (каля 300 чал.). На тэр. Гродзенскай і Аўгустоўскай губ. дзейнічаў таксама атрад Тышкі (каля 100 чал.), у Гродзенскай пушчы з лют. 1863 — атрад Л.Нарбута (пасля яго гібелі атрад узначальваў К.Парадоўскі, у ім змагаліся М.Э.Андрыёлі і Ф.Багушэвіч). На тэр. губерні дзейнічалі і больш дробныя атрады. Самая вял. бітва адбылася ў маі 1863 каля в.Мілавіды (гл. Мілавідская бітва 1863). Асаблівасцю Гродзенскіх паўстанцкіх атрадаў было адносна шырокае прадстаўніцтва ў іх сялян. Атрады захоплівалі павятовыя канцылярыі, знішчалі дакументы, вярталі сялянам сабраныя падаткі, а казённыя грошы пад распіску бралі на патрэбы атрада. У канцы лета — пач. восені 1863 паводле рашэння Выканаўчага аддзела Літвы ўзбр. барацьба на тэр. Беларусі і Літвы, у т. л. ў Гродзенскай губ., спынена. Рэшткі Гродзенскіх паўстанцкіх атрадаў адышлі ў Падляшша, дзе пэўны час працягвалі барацьбу.

т. 5, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛГРА́Д, Беаград (Beorgad),

сталіца Югаславіі і яе асн. часткі — Рэспублікі Сербіі. Каля 1,2 млн. ж. (1993). Размешчаны на правым беразе р. Дунай, пры ўпадзенні ў яго р. Сава, на перакрыжаванні важных чыгунак, рачных шляхоў і аўтадарог з Зах. Еўропы на Б. і Сярэдні Усход. Міжнар. аэрапорт Сурчын. Асноўны эканам. і культ. цэнтр краіны. Гал. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (цяжкае машынабудаванне, цеплавоза-, аўта-, авія-, суднабудаванне, вытв-сць с.-г. машын, матораў), электронная, эл.-тэхн., хім., фармацэўтычная, паліграф., тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, дрэваапр. і папяровая, харч. (мукамольная, мясакансервавая, цукр.) і інш. Турызм. Сербская АН. Ун-т, ун-т мастацтваў. Тэатры. Месца правядзення міжнар., муз., тэатр. фестываляў, кірмашоў. Нац. парк Авала.

У старажытнасці на тэр. Бялграда было ўмацаванае паселішча кельтаў Сінгідунум, пасля аднайм. рымскі горад (1 ст. да н.э. — 4 ст. н.э.). У 6 ст. належаў Візантыі. Пад сербскай назвай Бялград упершыню ўпамінаецца ў 9 ст. У 9—10 ст. ім валодалі балгары, у 11—12 ст. — Візантыя, пасля — балгары, венгры, сербы. З 1427 венг. пагранічная крэпасць. У 1521—1806 пад уладай Турцыі, але ў час аўстра-турэцкіх войнаў 16—18 ст. тройчы пераходзіў да аўстрыйцаў (у 1688—90, 1717—39, 1789—91). З 1806 сталіца Сербскага княства. У 1813—30 пад уладай Асманскай імперыі, з 1918 сталіца Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 — Югаславіі). У 1941—44 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. Вызвалены ў ходзе Бялградскай аперацыі 1944. З 1945 сталіца Федэратыўнай Нар. Рэспублікі Югаславія (з 1963 Сацыяліст. Федэратыўнай Рэспублікі Югаславія), з 1991 — Саюзнай Рэспублікі Югаславія.

На высокім правым беразе р. Сава, у парку Калемегдан, захаваліся рэшткі рым. і сярэдневяковых умацаванняў, тур. і аўстр. крэпасці (канец 17 — пач. 18 ст.), мячэць Байраклі-Джамія (1690). У цэнтры горада парадныя грамадскія будынкі ў духу эклектызму і функцыяналізму: Стары палац (1881—82, арх. А.​Бугарскі, неарэнесанс), Нар. музей (1906), Саюзная нар. скупшчына (1937). Комплекс Новага Бялграда (на левым беразе Савы) — Саюзнае выканаўчае веча (1950-я г.), Музей сучаснага мастацтва (1965), Нар. б-ка і спарт. цэнтр «25 мая» (абодва 1973), Цэнтр кангрэсаў «Сава» (1977).

У Бялградзе Сербская акадэмія навук і мастацтваў. Ун-т (з 1863). Музеі: Нар. музей, сучаснага мастацтва, прыкладнога мастацтва, этнаграфічны, маст. галерэя. Заапарк.

У цэнтры Бялграда.

т. 3, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖА́БІНКАЎСКІ РАЁН,

на З Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 0,7 тыс. км². Нас. 25,7 тыс. чал. (1997), гарадскога 48,6%. Сярэдняя шчыльнасць 37 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Жабінка, 98 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 7 сельсаветаў: Азяцкі, Крыўлянскі, Ленінскі, Пятровіцкі, Сцяпанкаўскі, Хмелеўскі, Якаўчыцкі.

Раён размешчаны ў межах Брэсцкага Палесся, на Пн заходзіць Прыбугская раўніна. Паверхня нізінна-раўнінная, 80% тэр. на вышынях да 150 м. Найвыш. пункт 181 м (за 6 км на Пн ад в. Сцяпанкі). Карысныя выкапні: торф, суглінкі, буд. пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -4,6 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 523 мм за год. Вегетац. перыяд 205 сут. У цэнтр. ч. раёна з У на ПдЗ працякае р. Мухавец з прытокамі Рыта, Трасцяніца, Асіпоўка, Палахва і Жабінка; меліярац. каналы Чорны Роў, Сяхновіцкі, Барысаўскі і інш. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя забалочаныя (36,6%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (33,8%), дзярнова-падзолістыя (18,5%). Пад лесам 18,8% тэр. Найб. лясістасць на Пд; лясы хваёвыя, бярозавыя і інш., штучныя насаджэнні складаюць 10%. Балоты займаюць 0,17% тэр. Найб. балотны масіў Гатча-Восаўскае на Пд. Заказнік мясц. значэння «Непакойчыцы», зона адпачынку Сасновы Бор, 5 помнікаў прыроды — 3 дубы чарэшчатыя, сасна веймутава, ліла драбналістая.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 46,7 тыс. га, з іх асушаных 23 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 10 калгасаў, 2 саўгасы, рыбгас «Сакалова». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі. Вырошчваюць буракі, лён, збожжавыя і бульбу. Прадпрыемствы харч. (мясныя і хлебабулачныя вырабы, цукар, безалкагольныя напіткі), Жабінкаўскі цукровы завод; паліўнай (торфабрыкет); будматэрыялаў і камбікормавай прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Брэст—Мінск, Брэст—Гомель, аўтадарогі на Брэст, Кобрын, Камянец; нафтаправод «Дружба», транзітныя газаправоды. У раёне 9 сярэдніх, 3 базавыя, 5 пач., 3 муз. школы, 2 садкі-школы, 13 дашкольных устаноў, 25 клубаў, 26 б-к, 2 бальніцы, 13 фельч.-ак. пунктаў, санаторый «Буг». Помнікі архітэктуры: Мікалаеўская царква (пач. 20 ст.) у в. Азяты, Пакроўская царква (1761) у в. Арэпічы, Мікалаеўская царква (1727) у в. Вял. Сяхновічы, Мікітаўская царква (пач. 16 ст., перабудавана ў 1787) у в. Здзітава, царква (1720) у в. Маціевічы, Міхайлаўская царква (1780) у в. Сцяпанкі, Праабражэнская царква (1725) у в. Хмелева, Уладзімірская царква (1894) у в. Чыжэўшчына, рэшткі замка (17 ст.) у в. Крыўляны.

Выдаецца газ. «Сельская праўда».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 6, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРКО́Р Адам Ганоры Карлавіч (21.1.1818, в. Слівіна Манастыршчынскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 23.11.1886),

бел. і польскі гісторык, археолаг, этнограф, выдавец, грамадскі дзеяч. З роду Кіркораў. Чл.-кар. Імператарскага археал. т-ва (1856), чл. Рус. геагр. т-ва (1857), Акадэміі ведаў у Кракаве (1873). Вучыўся ў Магілёўскай (да 1834) і Віленскай (да 1838) гімназіях. Выдаваў у Вільні літ.-навук. альманахі «Радэгаст» (1843), «Разумовыя дзённікі» (т. 1—3, 1845—46), «Віленскі альманах» (1859, 1862), час. «Teka Wileńska» («Віленскі зборнік», т. 1—6, 1857—58). З 1849 чл. Віленскага статыстычнага к-та, рэдактар «Памятнай кніжкі Віленскай губерні» (1850—54). З 1855 чл. Віленскай археал. камісіі, хавальнік Віленскага музея старажытнасцей, якому ахвяраваў сваю археал.-этнагр. калекцыю. У 1850—60-я г. кіраўнік віленскага гуртка бел., польск. і літ. літаратараў і дзеячаў культуры. У 1859—65 рэдактар газ. «Виленский вестник». З 1859 уладальнік друкарні ў Вільні, дзе выдаваліся танныя кнігі на польск., літ. і рус. мовах (планаваліся і на бел.). У 1868—71 адзін з выдаўцоў газ. «Новое время» (Пецярбург). З 1872 у Кракаве, чытаў лекцыі па гісторыі слав. літаратур, у т. л. і беларускай. Археал., краязнаўчыя, этнагр. даследаванні праводзіў у Віленскай і Мінскай губ. (Ашмянскі, Барысаўскі, Вілейскі, Віленскі, Лідскі, Мінскі, Навагрудскі, Свянцянскі пав.), дзе даследаваў каля 1000 курганоў, запісваў узоры вусна-паэт. творчасці (песні, прыказкі, прымаўкі, паданні), абрады, звычаі, гульні, танцы, нар. святы. У працах «Рэшткі язычніцкіх звычаяў на Беларусі» (1839), «Аб этнаграфічнай мяжы літоўскай і славянскай народнасцей у Літве» (1857), «Этнаграфічны погляд на Віленскую губерню» (1857—59), «Літоўскае Палессе» і «Беларускае Палессе» («Жывапісная Расія», т. 3, ч. 1—2, 1882) адзначаў багацце, самабытнасць духоўнай і матэрыяльнай культуры бел. народа, падкрэсліваў гіст. і этнагр. своеасаблівасць беларусаў, іх мовы, пісьмовых традыцый, даў этнічную і сац.-быт. характарыстыку тыпаў беларуса. Аўтар «Нарысаў сучаснай рускай літаратуры» (1873), кн. «Пра літаратуру братніх славянскіх народаў» (1874), дзе выказаў ідэю аб бел. культуры як цэласнай шматвяковай гіст. з’яве ў адзінстве пісьмовых і вусна-паэт. традыцый. Аўтар мемуараў «Літоўскія абразкі» (1874), «З віленскіх успамінаў» (1884), «Успаміны з 1860—1863 гг.» (1884—85).

Літ.:

Янчук Н. А.​К.​Киркор. М., 1888;

Зямкевіч Р. Адам Ганоры Кіркор. Вільня, 1911.

Дз.​У.​Караў.

А.Г.К.Кіркор.

т. 8, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТА́ЎСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,

помнік сядзібна-паркавай архітэктуры класіцызму ў г. Паставы Віцебскай вобл. Створаны ў канцы 18—1-й пал. 19 ст. на паўд. ускраіне горада на левым беразе р. Мядзелка. Комплекс, які ўключае палац і парк, пабудаваны на месцы сядзібы 1-й пал. 17 ст.

Першапачатковая сядзіба складалася з жылых і гасп. пабудоў (5 драўляных жылых дамоў, кухня, 5 свірнаў, 3 стайні, вазоўня, склеп і інш.), якія ўтваралі прамавугольны ў плане двор, абнесены астрогам з 2 брамамі. Гал. жылы дом — 1-павярховы будынак складанай канфігурацыі з 2 алькежамі і 2 ганкамі, завершаны гонтавым дахам. Астатнія дамы — традыц. 2- і 3-камернае жыллё. Асобнае падвор’е ўтваралі 3-камерны жылы дом для прыслугі, сыраварня, склеп і абора, на гумнішчы — стадола, асець, адрына, абарогі. Пры сядзібе быў бровар.

Буд-ва П.п.-п.к. распачата на месцы сядзібы ў 1760-я г. (верагодна, паводле праекта арх. Дж.​Сака). У 1770-я г. спынена (пабудаваны 2 бакавыя флігелі і падмурак палаца). У 1-й пал. 19 ст. на паўд. беразе возера пабудаваны П-падобны ў плане 1-павярховы мураваны палац. Цэнтр. часткі паўд. і ўсх. крылаў вылучаны больш высокімі аб’ёмамі з мезанінамі. Усе часткі палаца накрыты пакатымі 2-схільнымі дахамі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Сіметрычны ўсх. фасад мае па баках глыбокія рызаліты і аздоблены пілястрамі, плоскі рызаліт у цэнтры з вял. тэрасай перад ім. У 1830-я г. да паўн. фасада прыбудаваны 6-калонны дарычны порцік з манум. лесвіцай; у паўн. крыле — капліца, аздобленая лепкай і размалёўкай у тэхніцы грызайль. Парк — рэгулярна-пейзажнага тыпу, размешчаны на раўнінным рэльефе. Ствараўся ў 2 этапы. Пл. каля 10 га. Меў форму выцягнутага з Пн на Пд прамавугольніка, абмежаванага па баках каналамі, з Пн — возерам. Каля палаца знаходзілася пейзажная частка парку з экзотамі ў дэкар. групах. Ад рэгулярнага парку ўцалелі і рэшткі старых ліпавых прысад, ад пейзажнага — асобныя групы дрэў па берагах вадаёма і ўсх. канала, а таксама на ўзгорку паміж каналам і гал. вуліцай горада.

В.​Р.​Анціпаў, А.​М.​Кулагін, Ю.​А.​Якімовіч.

Пастаўскі палацава-паркавы комплекс. Фрагмент парку.
Пастаўскі палацава-паркавы комплекс. Галоўны фасад палаца.

т. 12, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ БОГАЯЎЛЕ́НСКІ МАНАСТЫР,

помнік архітэктуры барока з элементамі класіцызму ў цэнтры г. Полацк Віцебскай вобл., на правым беразе Зах. Дзвіны. Існаваў у 1582—1918 як правасл. мужчынскі манастыр; гал. цэнтр праваслаўя ў Полацку. У 16—17 ст. пастаўлены драўляныя будынкі манастыра і брацкай школы (у 1656—59 у ёй выкладаў Сімяон Полацкі), не раз гарэлі і аднаўляліся. У 1761—79 пабудаваны мураваны Богаяўленскі сабор (неаднаразова быў перабудаваны).

Сабор уяўляе сабой 1-апсідны крыжова-купальны храм з 2-вежавым гал. фасадам і высокім светлавым барабанам са сферычным купалам, завершаным ліхтаром; ліхтары завяршаюць таксама 1-ярусныя вежы. У паўн. вежы знаходзілася званіца (з 7 званамі), да яе вялі ўсходы з паўд. вежы. Сцены, вежы, барабан купала прарэзаны высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі і расчлянёны пілястрамі. У 1836 сцены і ўнутр. паверхня купала былі размаляваны; захаваліся рэшткі насценнага фрэскавага жывапісу (у прасценках барабана фігуры 3 свяціцеляў). Пасля рэстаўрацыі ў 1981 тут размяшчалася карцінная галерэя. У 1991 сабор перададзены вернікам. Уваходзіць у Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік.

Пасля наведвання ў 1780 Полацка Кацярынай II было выдзелена 35 221 руб. на ўпарадкаванне манастыра. У 1782 арх. Дж.​Кварэнгі распрацаваў праект яго расшырэння: прадугледжваў развіццё кампазіцыі ансамбля будынкаў уздоўж вул. Ніжнепакроўскай (цяпер Леніна) — царкву фланкіравалі два 2-павярховыя будынкі. У 1782—85 з 3 ад царквы на месцы драўлянага будынка брацкай школы быў узведзены мураваны Г-падобны ў плане корпус: у ім знаходзіліся келлі манахаў, пакоі ігумена і цёплая царква (Кацярынінская). З У ад царквы ў пач. 19 ст. пабудаваны «эканамічны дом» (не захаваўся). У кампазіцыі гал. фасадаў будынкаў выкарыстаны характэрны для класіцызму прынцып ордэра, але без яго верт. частак. 1-ы паверх трактаваўся як своеасаблівы п’едэстал пад больш парадным 2-м паверхам, быў дэкарыраваны рустам і расчлянёны невял. лучковымі перамычкамі. Аконныя праёмы 2-га паверха больш выцягнутыя, з простымі ліштвамі. Будынкі завершаны развітым прафіляваным карнізам. Вуглавая частка (тут знаходзіліся келлі) вылучана 4 дарычнымі паўкалонамі, завершана франтонам і невял. вежай (у 1830-я г. пабудаваны купал на цыліндрычным барабане, не захаваўся). У 1784—91 і 1812—19 у корпусе размяшчалася нар. вучылішча, у 1792—1812 — багадзельня. У 1970-я г. будынак рэстаўрыраваны, выкарыстоўваўся як жылы дом. З 1990 прыстасаваны пад Музей-бібліятэку Сімяона Полацкага, Полацкі музей беларускага кнігадрукавання.

Т.​І.​Чарняўская, В.​Ф.​Марозаў.

Полацкі Богаяўленскі манастыр.

т. 12, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБА́Т,

горад, сталіца Марока. Знаходзіцца на ўзбярэжжы Атлантычнага ак., у вусці р. Бу-Рэгрэг. 519 тыс. ж. (1998). Разам з суседнім г. Сале ўтварае прэфектуру Рабат-Сале; у межах прэфектуры 1220 тыс. ж. (1993). Вузел магістральных аўтадарог, чыг. станцыя. Міжнар. аэрапорт. Адм.-паліт., культурны і эканам. цэнтр краіны. Прам-сць: тэкст., харч., дрэваапр., гарбарна-абутковая, швейная, паліграф., хімічная. Саматужная вытв-сць дываноў, керамічных і скураных вырабаў, чаканка па метале. Ун-т.

У 1150 паблізу ант. паселішча Сале (араб. Рыбат-аль-Фатх — лагер перамогі) Альмахады пабудавалі крэпасць, якая стала ядром умацаванага паселішча і базай для ваен. экспедыцый арабаў у Андалусію. З 17 ст. пачалося хуткае развіццё горада ў выніку масавага перасялення сюды з Іспаніі андалузскіх мусульман (маўраў) — умелых рамеснікаў, гандляроў і мараплаўцаў. З 1666 Р. у складзе шэрыфскай дзяржавы Алаўітаў. У 19 ст. важны паліт. і эканам. цэнтр Марока. У 1912—56 Р. — адм. цэнтр франц. зоны пратэктарату. У 1930—50-я г. цэнтр нац.-вызв. барацьбы. З 1956 сталіца незалежнага Марока.

Гіст. ядро Р. — цытадэль Удая (12—17 ст.) на скале ў вусці р. Бу-Рэгрэг, абнесеная зубчастай сцяной з прамавугольнымі вежамі і варотамі з чырв. часанага каменю. У 1185—89 горад меў абрыс няправільнага чатырохвугольніка і быў абнесены з Пд і Пн сцяной з пяццю варотамі. У 17 ст. падзелены сцяной на 2 ч. — паўд. (медына) і паўночную. У медыне знаходзяцца: мінарэт «Вежа Хасана» і руіны мячэці Хасана (абое канец 12 ст., не завершаны), мячэці Вялікая (14 ст. з пазнейшымі перабудовамі), эс-Суна (1785, перабудавана ў 2-й пал. 19 ст., адна з самых вялікіх у краіне), палац караля (1775, з перабудовамі), мячэць і маўзалей Мухамеда V (1966). Сучасны Р. забудоўваўся з 1912 паводле праекта франц. арх. А.​Проста. У яго паўн.-ўсх. ч. — адм. і дзелавы цэнтр, уздоўж узбярэжжа — жылыя кварталы, на Пд — сады і вілы. На паўд.-ўсх. ускраіне горада знаходзяцца: Шэла (цяпер археал. музей) — у старажытнасці фінікійская калонія, пазней рым. калонія Сала (захаваліся руіны форума, капітолія, грабніц), у сярэднія вякі — некропаль Марынідаў (рэшткі сцяны і вароты, 1339); руіны маўзалеяў, памінальнага комплексу з мячэццю, мінарэтам, лазнямі (13—14 ст.). Музеі: мараканскага мастацтва, мясц. нар. рамёстваў, старажытнасцей.

Рабат. Мінарэт «Вежа Хасана» і руіны мячэці Хасана. 12 ст.
Рабат. Вароты цытадэлі Удая. 12—17 ст.
Рабат. Агульны выгляд.

т. 13, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ПРАСЛЬСКАЯ ЦАРКВА́-КРЭ́ПАСЦЬ,

помнік архітэктуры 1-й пал. 16 ст. ў г. Супрасль (Польшча). Пабудавана ў 1503—11 (паводле інш. звестак у 1509—10) па фундацыі маршалка ВКЛ А.​І.​Хадкевіча і мітрапаліта кіеўскага І.​Солтана як гал. храм Супрасльскага Дабравешчанскага манастыра. У 18 ст. перабудавана. Мела рысы стыляў позняй готыкі, рэнесансу і ракако. Прамавугольны ў плане 4-вежавы 3-нефавы 6-стаўповы абарончы храм зальнага тыпу з трыма гранёнымі апсідамі. Крыжова-цэнтрычная кампазіцыя завяршалася барочным купалам складанай канфігурацыі на 8-гранным светлавым барабане. Такія ж завяршэнні мелі 4 вуглавыя вежы. Фасады падзяляліся на 3 ярусы: ніжні цокальны, аздоблены цаглянай муроўкай з трэльяжным арнаментам; сярэдні, аддзелены ад ніжняга аркатурным поясам, меў стральчатыя аконныя праёмы і люкарны ў ліштвах, завершаны машыкульным фрызам; верхні ярус — 4-франтонны складанай формы з высокімі арачнымі аконнымі праёмамі, аркатурай і інш. элементамі аздобы. Уваход быў вырашаны ў выглядзе прамавугольнага ў плане прытвора пад 2-схільным дахам, які меў байніцы і машыкулі. Цэнтр. неф быў значна шырэйшы за бакавыя. Нефы непасрэдна пераходзілі ў апсіды. У сярэдзіне 18 ст. інтэр’ер набыў ракайлевае дэкар. ўбранне: крывалінейныя ў плане хоры з ажурнай агароджай, сцены расчлянёны ляпнымі панэлямі і пілястрамі, арачныя праёмы аформлены трэльяжнай сеткай, ляпной арнаментыкай з S- і C-падобных завіткоў. Ракайлевую трактоўку набылі гал. і кулісныя алтары. У 1557 храм размаляваны фрэскамі (маст. «сербин Нектарий» і інш.), іканаграфія якіх набліжаецца да мастацтва Візантыі канца 14 — пач. 15 ст. з элементамі зах.-еўрапейскага. У 1944 ням.-фаш. захопнікі пры адступленні ўзарвалі царкву (захавалася часткова). Захаваліся рэшткі фрэсак (30 фрагментаў на слупах, якія рэстаўрыраваны ў 1964—66 і захоўваюцца ў Беластоцкім музеі). У 1999 адбудавана.

Літ.:

Шчакаціхін М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва. Т. 1. Мн., 1993 [рэпр. выд.: Мн., 1928];

Чантурия В.А. История архитектуры Белоруссии. Т. 1. 3 изд. Мн., 1985;

Ткачоў М.А. Замкі Беларусі (XIII—XVII ст.). Мн., 1977;

Рогов А.И. Фрески Супрасля // Древнерусское искусство: Монументальная живопись XI—XVII вв. М., 1980;

Церашчатава В.В. Старажытнабеларускі манументальны жывапіс XI—XVIII стст. Мн., 1986.

А.​М.​Кулагін, Ю.​А.​Якімовіч, В.​В.​Церашчатава.

Супрасльская царква-крэпасць. З малюнка В.​Гразнова. 2-я пал. 19 ст.

т. 15, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСХО́ДНЕ-ПРУ́СКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1914,

наступальная аперацыя 1-й і 2-й рас. армій Паўн.-Зах. фронту (каманд. ген. Я.​Р.​Жылінскі) супраць 8-й герм. арміі 17.8—15.9.1914 у пачатковы перыяд першай сусветнай вайны 1914—18. Мэта аперацыі — авалодаць Усх. Прусіяй і сарваць наступленне гал. сіл Германіі супраць Францыі. Па патрабаванні зах. саюзнікаў, найперш Францыі, паскорыць паступленне аперацыя была пачата да заканчэння мабілізацыі і сканцэнтравання рас. армій. Рас. вярх. камандаванне планавала разграміць 8-ю герм. армію (больш за 200 тыс. чал., 14,5 пях. і 1 кав. дывізіі, больш за 1000 гармат, каманд. ген. М.​Прытвіц фон Гофран, з 22 жн. ген. П. фон Гіндэнбург) сіламі 1-й (больш за 110 тыс. чал., 6,5 пях., 5,5 кав. дывізій, 492 гарматы, каманд. П.​К.​Рэненкампф) і 2-й (больш за 150 тыс. чал., 12,5 пях. і 3 кав. дывізій, 720 гармат, каманд. ген. А.​В.​Самсонаў) армій, якія наступалі з Пн і З у абход Мазурскіх азёр. 17 і 20 жніўня 1-я армія, што наступала на Пн ад Мазурскіх азёр, нанесла пад Шталупёненам і Гумбіненам паражэнне войскам 8-й герм. арміі, але не арганізавала іх праследавання, марудна наступала ў бок Кёнігсберга, а не на злучэнне з 2-й арміяй. Выкарыстаўшы пасіўнасць войск 1-й арміі і разрыў паміж рас. арміямі, Гіндэнбург накіраваў супраць 2-й рас. арміі, якая перайшла граніцу Усх. Прусіі 20 жн. з 3. ад Мазурскіх азёр, большую ч. сіл 8-й арміі. У выніку баёў 26—30 жн. герм. войскі спынілі наступленне 2-й арміі, потым акружылі яе асн. сілы і разграмілі (яе рэшткі адышлі за р. Нараў). 9—15 вер. герм. войскі адкінулі за р. Нёман і 1-ю рас. армію. У выніку баявыя дзеянні наблізіліся да межаў Беларусі. У ходзе У.-П.а. рас. войскі страцілі 245 тыс. чал., у т. л. 135 тыс. палоннымі, герм. (па няпоўных звестках) — 37 тыс. чал.

Літ.:

Восточно-Прусская операция: Сб. док. мировой империалист. войны на рус. фронте (1914—1917 гг.). М., 1939;

Вержховский Д.В., Ляхов В.Ф. Первая мировая война 1914—1918 гг.: Воен.-ист. очерк. М., 1964;

«Идя навстречу пожеланиям Франции...»: Сражение в Восточной Пруссии в 1914 г. по материалам германского Рейхсархива // Воен.-ист. журн. 1994. № 7, 9.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 16, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯСФЕ́РА (ад бія... + сфера),

абалонка Зямлі, састаў, структура і энергетыка якой абумоўлены сукупнай дзейнасцю і ўплывамі жывых арганізмаў. Першыя ўяўленні пра біясферу сфармуляваў франц. вучоны Ж.​Б.​Ламарк (1802). Тэрмін «біясфера» ўвёў аўстр. геолаг Э.​Зюс (1875). Стварэнне цэласнага вучэння пра біясферу належыць рус. вучонаму У.​І.​Вярнадскаму (1926). Біясфера ўключае арганізмы (каля 3 млн. відаў), іх рэшткі, прыземную ч. атмасферы да вышыні азонавага экрана (20—30 км), усю гідрасферу і верхнюю частку літасферы; усе яны ўзаемазвязаны працэсамі міграцыі рэчыва і энергіі. Ніжняя мяжа біясферы на сушы на глыб. да 3—4 км ад паверхні зямной кары, у Сусветным ак. на 1—2 км ніжэй за дно. У біясферы (паводле Вярнадскага) адрозніваюць 7 розных, але ўзаемазвязаных тыпаў рэчываў: жывое рэчыва (расліннае, жывёльнае і мікраарганізмы), біягеннае рэчыва (прадукты жыццядзейнасці жывых арганізмаў — гаручыя выкапнёвыя, вапнякі і інш.), косныя рэчывы (горныя пароды магматычнага, неарган. паходжання, вада і інш.), біякосныя рэчывы (прадукты распаду і перапрацоўкі горных і асадкавых парод жывымі арганізмамі), радыеактыўнае рэчыва, рассеяныя атамы і рэчыва касм. паходжання (метэарыты, касм. пыл). Асн. функцыя біясферы — выкарыстанне сонечнай энергіі (фотасінтэз) і біялагічны кругаварот рэчываў і энергіі, які забяспечвае развіццё ўсіх жыццёвых працэсаў. Жывыя арганізмы (жывое рэчыва) і іх жыццёвае асяроддзе арганічна звязаны паміж сабой і ўтвараюць сістэмы глабальнага, рэгіянальнага і лакальнага ўзроўняў. У рэгіянальных і лакальных сістэмах вылучаюць структурныя адзінкі біясферы: біёмы, біягеацэнозы (экасістэмы), прыродныя зоны на раўнінах і вышынныя (вертыкальныя) прыродныя паясы ў гарах. Біясфера мазаічная паводле структуры і саставу адлюстроўвае геахім. і геафіз. неаднароднасць аблічча Зямлі (мацерыкі і акіяны, прыродныя зоны і паясы, раўніны і горы і інш.) і нераўнамернасць у размеркаванні жывога рэчыва. Больш за 90% усяго жывога рэчыва біясферы прыпадае на наземную расліннасць. Агульная маса жывога рэчыва ў Б. ацэньваецца ў 1,8—2,5∙10​12 т (у пераліку на сухое рэчыва) і складае нязначную ч. масы біясферы (3∙10​18 т). На стан біясферы моцна ўплывае гасп. дзейнасць чалавека. Антрапагеннае ўздзеянне стымулюе пераход біясферы ў якасна новы стан — наасферу. Ахова біясферы прадугледжвае сістэму мерапрыемстваў: вядзенне біясфернага маніторынгу, арганізацыю біясферных запаведнікаў і інш., накіраваных на захаванне арганізмаў і біягеацэнозаў. Праводзіцца комплексная міжнар. праграма «Чалавек і біясфера». Гл. таксама Ахова прыроды, Забруджванне навакольнага асяроддзя.

Літ.:

Вернадский В.И. Химическое строение биосферы Земли и ее окружения. 2 изд. М., 1987;

Никитин Д.П., Новиков Ю.В. Окружающая среда и человек 2 изд. М., 1986;

Сытник К.М., Брайон А.В., Гордецкий А.В. Биосфера, экология, охрана природы: Справ. пособие. Киев, 1987.

Г.​А.​Семянюк.

Агульная структура біясферы.

т. 3, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)