ДЭКАНДО́ЛЬ ((de Candolle) Агюстэн Пірам) (4.2.1778, г. Жэнева, Швейцарыя — 9.9.1841),

швейцарскі батанік; заснавальнік параўнальнай марфалогіі раслін. Замежны ганаровы чл. (1835) Пецярб. АН. Бацька А.Дэкандоля. Вучань Ж.Кюўе і Ж.Б.Ламарка. Праф. ун-таў у Парыжы (з 1802), Манпелье (з 1808), Жэневе (з 1816), дзе заснаваў бат. сад і «Гербарый Д.». Распрацаваў адну з першых натуральных сістэм раслін (1835); аўтар працы «Увядзенне ў натуральную сістэму царства раслін» (т. 1—17, 1824—39), якую завяршыў яго сын.

т. 6, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́ЛЬБРУК ((Delbrück) Бертальд) (26.7.1842, г. Путбус, Германія — 3.1.1922),

нямецкі лінгвіст. Вучыўся ў Гале і Берліне. Праф. санскрыту і кампаратывістыкі ў Іене (1870). Залажыў асновы вывучэння параўнальнага сінтаксісу індаеўрап. моў: «Сінтаксічныя даследаванні» (т. 1—5, 1871—88; з Э.​Віндышам), «Асновы параўнальнай граматыкі індаеўрапейскіх моў» (т. 1—5, 1886—1900, з К.​Бругманам). Вывучаў веды, выдаў «Ведыйскую хрэстаматыю» (1874). У працы «Асноўныя пытанні даследавання мовы» (1901) абараняў младаграматычную канцэпцыю мовы, ад якой пазней адышоў.

т. 6, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛЕЙ, Халі (Halley) Эдмунд (8.11.1656, Хагерстан, каля Лондана — 25.1.1742), англійскі астраном і геафізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1678). Вучыўся ў Оксфардскім ун-це. З 1703 праф. Оксфардскага ун-та. З 1720 дырэктар Грынвіцкай абсерваторыі. Склаў першы каталог зорак (341) Паўд. неба, адкрыў уласны рух зорак (1718). Вылічыў арбіты больш як 20 камет, прадказаў новае з’яўленне Галея каметы, даказаў наяўнасць перыяд. камет. Вывучаў зямны магнетызм.

Літ.:

Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966.

т. 4, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЎЗЕ (Файфель Ісакавіч) (15.4.1897, г. Слуцк Мінскай вобл. — 18.1.1990),

бел. юрыст. Д-р юрыд. н. (1965). Скончыў Харкаўскі ін-т нар. гаспадаркі (1921). У 1921—29 працаваў у Наркамаце юстыцыі і СНК БССР. З 1923 выкладаў у БДУ, Алма-ацінскім, Мінскім юрыд. ін-тах. У 1966—78 праф. БДУ. Даследаваў праблемы цывільнага і сямейнага права, гісторыю права БССР, кадыфікацыю права БССР.

Тв.:

: Да тэорыі гаспадарчага разліку. Мн., 1933;

Обязательственное право. Мн., 1968.

т. 5, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВО́РЖАЦ (Макс Аляксандравіч) (16.4.1891, Віцебская вобл. — 1942),

бел. вучоны ў галіне афтальмалогіі. Д-р мед. н. (1935), праф. (1936). Скончыў Варонежскі ун-т (1919). У 1924—30 у БДУ, у 1932—41 у Мінскім мед. ін-це. Навук. працы па вывучэнні ядраў вочных рухальных нерваў, прафілактыцы траўмаў вачэй, этыялогіі і лячэнні трахомы, арганізацыі дапамогі хворым на вочныя хваробы.

Тв.:

Профессиональные повреждения и заболевания глаз. Мн., 1937;

Аб найбольш небяспечных хваробах вачэй. Мн., 1938.

т. 6, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯ́КАНАЎ (Міхаіл Аляксандравіч) (12.1.1856, г. Екацярынбург, Расія — 10.8.1919),

расійскі гісторык. Акад. Пецярбургскай АН (1912). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1878). З 1890 праф. гісторыі і права Дэрпцкага (Тартускага), з 1914 Пецярбургскага ун-та. Навук. працы па гісторыі сялянства, дзяржавы і царквы ў Расіі, стараж.-рус. права, асн. з іх — «Улада маскоўскіх гасудароў» (1889), «Нарысы па гісторыі вясковага насельніцтва ў Маскоўскай дзяржаве XVI—XVII ст.» (1898), «Нарысы грамадскага і дзяржаўнага ладу Старажытнай Русі» (1907).

т. 6, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУЖАЛО́ЎСКІ (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 2.7.1934, Баку),

бел. педагог: Д-р пед. н. (1980), праф. (1981). Скончыў Азерб. ін-т фіз. культуры (1957). З 1962 у Акадэміі фіз. выхавання і спорту Рэспублікі Беларусь, з 1995 — прарэктар. Даследуе праблемы тэорыі і методыкі фіз. выхавання, спарт. трэніроўкі, масавай фіз. культуры. Аўтар прац «Фізічная падрыхтоўка школьніка» (1980), «Сёння і кожны дзень» (1983), «Фізічнае выхаванне ў школе» (1988, з Я.​М.​Ворсіным), «Стадыён у двары» (1991) і інш.

т. 5, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУЛАКО́Ў (Іван Раманавіч) (н. 10.6.1946, с. Касценічы Бранскай вобл., Расія),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1990), праф. (1994). Скончыў БДУ (1968), дзе і працуе. Навук. працы па тэорыі занальнай фотаметрыі слабых аптычных палёў, імпульснай атамна-абсарбцыйнай спектрафотаметрыі. Распрацаваў інфармацыйна-вымяральныя сістэмы для кантролю і дыягностыкі параметраў навакольнага асяроддзя.

Тв.:

Одноэлектронные фотоприемники. 2 изд. М., 1986 (у сааўт.);

Метол счета фотонов в оптико-физических измерениях. Мн., 1989 (разам з С.​В.​Халандыровым).

т. 5, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУТКО́ЎСКІ ((Gutkowski) Мечыслаў Вітальд) (9.7.1893, в. Шумлін Варшаўскага ваяв., Польшча — 17.9.1943),

польскі правазнавец. Праф. Віленскага ун-та (з 1924). Займаўся метадалогіяй фін. навук, да 2-й сусв. вайны адзіны ў Польшчы прадстаўнік гэтай дысцыпліны, погляды якога набліжаліся да марксізму. Аўтар прац «Фінансы гарадоў Каралеўства Польскага ў 1815—1915» (1917) і інш., выдавец і рэдактар зборніка «Працы семінара па фінансах і фінансавым праве, а таксама па статыстыцы» (т. 1—3, 1931—39). Расстраляны гітлераўцамі ў Вільні.

т. 5, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ЦІРА, Хуцьра (Hutyra) Ферэнц (1860, Вена — 1934), венгерскі эпізаатолаг і мікрабіёлаг. Скончыў Вышэйшую вет. школу ў Будапешце і з 1883 працаваў у ёй (з 1888 праф., рэктар). Навук. працы па інфекц. хваробах жывёл і вет. мікрабіялогіі. Вывучаў туберкулёз, сап, чуму свіней, увёў у практыку спецыфічную процічумную сываратку і прапанаваў сімультанную прышчэпку ад гэтай хваробы (1911). Адзін з аўтараў дапаможніка «Асобная паталогія і тэрапія свойскіх жывёл» (т. 1—2, 1905—06, 11-е выд., 1959).

т. 5, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)