серыя першых амерыканскіх аднамесных касм. караблёў для палётаў па каляземнай арбіце, а таксама праграма іх распрацоўкі і запускаў.
«М.» мелі форму ўсечанага конуса, макс. маса (у палёце) 1,36 т, аб’ём кабіны 1,5 м³. Разлічаны на палёт па балістычнай траекторыі і арбітальны палёт з пасадкай на ваду. Першы арбітальны палёт «М.» вакол Зямлі здзейснены 20.2.1962 (Дж.Глен, «М.-6»), Усяго здзейснена 10 палётаў, у т. л. 6 пілатуемых (1961—63): А.Шэпард і В.Грысам — па балістычных траекторыях, Глен, М.Карпентэр, У.Шыра, Г.Купер — арбітальныя палёты. Пілатуемыя «М.» мелі ўласныя назвы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСО́НЫ (франц. mousson ад араб. пара года),
устойлівыя сезонныя вятры над пэўнымі абласцямі Зямлі, напрамкі якіх рэзка мяняюцца на процілеглыя або блізкія да іх 2 разы на год (пры змене пор года). Распаўсюджваюцца на выш. да некалькіх кіламетраў. Гал. прычына М. — розніца цеплавога рэжыму над сушай і морам. Летнія вільготныя (акіянічныя) М. звычайна накіраваны з акіяна на сушу, зімовыя (кантынентальныя) — з сушы на акіян. Са зменай напрамку М. адбываецца змена сухім малавоблачным зімовым надвор’ем на вільготнае дажджлівае летняе. Адрозніваюць М. трапічныя (у бас. Індыйскага ак.) і пазатрапічныя (на Д. Усходзе).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕВЫЧАРПА́ЛЬНЫЯ ПРЫРО́ДНЫЯ РЭСУ́РСЫ,
прыродныя рэсурсы, недахоп у якіх не адчуваецца цяпер і не прадбачыцца ў аглядным будучым. Да іх адносяць: энергію сонечнага і касм. выпрамяненняў, прыліваў і адліваў, марскога прыбою, цякучай вады, ветру, унутрызямное цяпло, атм. паветра і запасы вады (у глабальным колькасным сэнсе) і інш. Магчымасці іх практычнага выкарыстання абмежаваны геагр., геафіз., геахім. і інш. асаблівасцямі Зямлі, асобных рэгіёнаў і іх зменамі, вычарпаннем інш. прыродных рэсурсаў, узроўнем навукова-тэхн. і грамадскага развіцця. Многія Н.п.р. — слаба асвоеныя патэнцыяльныя крыніцы энергіі. Гл. таксама Вычарпальныя прыродныя рэсурсы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПАЧАЛО́ВІЧ (Янка) (Іван Данілавіч; 25.5.1917, в. Мінкавічы Старадарожскага р-на Мінскай вобл. — 3.7.1969),
бел.паэт. Скончыў Мінскі пед.ін-т (1940). У Вял.Айч. вайну сувязны партыз. брыгады імя Кірава Мінскай вобл. Настаўнічаў у Дзяржынску, Мар’інай Горцы, Асіповіцкім р-не, працаваў у выд-ве «Народная асвета». Друкаваўся з 1936. Аўтар зб-каў вершаў «Мера любві» (1958), «Позні паром» (1967). Паэзія Н. грунтуецца на жыццёвай канкрэтнасці, знітавана з чалавекам працы, прасякнута любоўю да роднай зямлі і прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́НЯ,
ваенная павіннасць у ВКЛ. Згадваецца ў прывілеі караля польскага і вял.кн.літ. Ягайлы 20.2.1387 баярству ВКЛ: «У тым выпадку, калі прыйдзецца пераследаваць ворагаў, непрыяцеляў нашых, якія б збягалі з нашай літоўскай зямлі, то дзеля гэтага роду пераследавання, якое па-народнаму завецца пагоняй, абавязаны адпраўляцца не толькі рыцары, але і кожны мужчына, якога б ён ні быў паходжання або стану, толькі б ён быў здольны насіць зброю». У лацінскім тэксце акта слова «пагоня» прыведзена ў форме «pogonia», што сведчыць пра існаванне гэтай павіннасці на слав. землях ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНДО́РА (грэч. Pandōra усім адораная),
у старажытнагрэчаскай міфалогіі жанчына, створаная Гефестам па волі Зеўса з зямлі і вады ў якасці пакарання людзям за ўчынак Праметэя, які ўкраў для іх агонь з неба. Паводле міфаў, Афрадыта адарыла П. незвычайнай прыгажосцю, Гермес — спрытным розумам, хітрасцю і каварствам, Афіна — прыгожым адзеннем. Зеўс аддаў П. замуж за брата Праметэя, якому падараваў скрыню з чалавечымі заганамі. Нягледзячы на забарону, цікаўная П. адчыніла скрыню і выпусціла на волю ўсе заганы, ад якіх з таго часу пакутуе чалавецтва. Адсюль выраз «адчыніць скрыню Пандоры» — неабачлівым учынкам выклікаць шматлікія бедствы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРСЕФО́НА, Кора,
ў старажытнагрэчаскай міфалогіі багіня ўрадлівасці і падземнага царства мёртвых. Лічылася дачкой Зеўса і Дэметры. Бог падземнага царства Аід выкраў яе і зрабіў сваёй жонкай. Няўцешная Дэметра наслала на зямлю засуху і неўраджай. Зеўс загадаў Аіду адпусціць П. да маці, але П., якую Аід прымусіў з’есці чароўнае гранатавае зерне, штогод імкнецца да мужа ў царства мёртвых, дзе праводзіць трэць года. Дэметра ў гэты час зноў пакутуе, прырода на зямлі замірае. У міфе пра П. адбіўся штогадовы працэс замірання і ажывання прыроды. Стараж. рымляне шанавалі П. пад імем Празерпіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ МАНЕ́ТНЫ СКАРБ.
Знойдзены ў 1804 у г. Пінск Брэсцкай вобл. Уладальнік зямлі, на якой быў выяўлены скарб, шляхціц Рыдзеўскі падараваў імператару Аляксандру I 20 залатых манет, у т. л. 6 златнікаў Уладзіміра Святаславіча(980—1015), візант. намісмы Васілія II (976—1025) і Канстанціна VIII (1025—28), 4 або 5 намісмаў Рамана IV (1068—71), 2 намісмы Нікіфара Ватаніята (1078—81) і, верагодна, інш. імператараў. У Эрмітаж перададзена 12 манет — усе златнікі і 6 намісмаў. Лёс астатніх манет скарбу невядомы. Ўхаваны ў 3-й чвэрці 11 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАШЧАНО́СНАЯ Я́ШЧАРКА (Chlamidosaurus kingi),
паўзун сям. агам; адзіны від аднайменнага роду. Пашырана на Пн і ПнЗ Аўстраліі і в-ве Новая Гвінея. Жыве пераважна на дрэвах, па зямлі можа бегаць на задніх нагах.
Даўж. да 80 см. Мае шырокую лускаватую складку скуры ў выглядзе каўняра—«плашча» (адсюль назва) шыр. да 15 см. У самцоў на каўняры каляровыя плямы; грудзі і горла чорныя. Раскрывае «плашч» пры абароне, небяспецы, узбуджэнні, у час гону. Корміцца пераважна насякомымі, а таксама інш. беспазваночнымі, дробнымі паўзунамі і млекакормячымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРУ́ХНА (Аляксей Радзівонавіч) (2.5.1939, в. Дзвіжкі Ельскага р-на Гомельскай вобл. — 6.2.1984),
бел. мастак. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1964). Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу і графіцы. Сярод твораў: «Маці і дзіця» (1966), «Сельскі матыў» (1969), «Юнацтва», «Зімовая казка» (абодва 1970), «Новы мікрараён Мінска» (1971), «Зямля» (1975), «У майстэрні» (1977), «Старое дрэва», «Вячэрні горад» (абодва 1979), «Дыханне зямлі» (1980), «Вулачкі старога Мінска» (1982), «Купалава слова», «Асеннія фарбы» (абодва 1983), «Астрашыцкія матывы» (1984), шматлікія партрэты. Творам характэрны падкрэслена лінеарны пачатак, насычанасць колеру.