БАРЫ́САЎСКІ ЗАВО́Д АГРЭГА́ТАЎ.

Створаны ў 1958 у г. Барысаў як філіял Мінскага трактарнага з-да. З 1961 з-д гідраапаратуры, з 1970 — агрэгатаў. З 1983 у ВА «Мінскі маторны завод». Асн. прадукцыя (1995): вузлы да рухавікоў, запасныя часткі да трактароў, турбакампрэсары. Выпускае тавары нар. ўжытку (помпы вадзяныя, тэлеантэны, мэблю для кухні і турысцкую).

т. 2, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫГО́ІДНЫЯ ФАРБАВА́ЛЬНІКІ,

група кубавых фарбавальнікаў, блізкіх па будове да індыга. У асобны падклас — тыяіндыгоідныя фарбавальнікі — вылучаны І.ф., малекулы якіх маюць атамы серы. Вызначаюцца шырокай гамай колеру — ад аранжавага да чорнага, добрай трываласцю, аднак па трываласці да святла саступаюць поліцыклічным кубавым фарбавальнікам. Атрымліваюць сінт. метадамі. Выкарыстоўваюць у асн. для стварэння адбіткаў на тканінах з цэлюлозных валокнаў.

т. 7, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЛУ́КІ,

стаянка эпохі мезаліту (8—5-е тыс. да н.э.), неаліту (5—3-е тыс. да н.э.) і могільнік эпохі сярэдняй бронзы (16—12 ст. да н.э.) каля в. Прылукі Брэсцкага р-на. Выявіў і даследаваў у 1898 М.​Ф.​Беляшэўскі. Знойдзены крамянёвыя наканечнікі стрэл, пілка, нажы, вастрыі, абломкі посуду эпохі неаліту, гаршкі тшцінецкай культуры.

т. 13, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕН-МАЛО́ (Saint-Malo),

заліў праліва Ла-Манш каля паўн. берагоў Францыі паміж п-вамі Брэтань і Катантэн. Даўж. 110 км, шыр. каля ўвахода да 125 км, глыб. да 51 м. Прылівы паўсутачныя (да 15 м). Упадае р. Ранс, у вусці якой прыліўная эл.-станцыя (пабудавана ў 1967). Парты: Гранвіль, Сен-Мало.

т. 14, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́РВІС-ПЕРЫ́ЯД,

перыяд ад ацёлу каровы да наступнага яе апладнення (ад заканчэння адной і да пачатку наст. цельнасці). Паказчык плоднасці жывёл і арганізацыі ўзнаўлення статка. Аптымальная працягласць С.-п. ў малочных парод 2—2,5 месяца, што дазваляе штогод атрымліваць прыплод ад кожнай каровы. Павелічэнне С.-п. можа прывесці да перагулу і ялавасці.

т. 14, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́ГНЕ-ФІЁРД (Sogne fjord),

заліў Паўночнага м. каля паўд.-зах. берагоў Скандынаўскага п-ва, у Нарвегіі; адзін з найб. фіёрдаў Еўропы. Даўж. 204 км, шыр. да 6 км, глыб. да 1208 м. Берагі выш. да 1500 м, стромкія, скалістыя. Утварае бакавыя адгалінаванні, у некат. з іх апускаюцца ледавікі. Прылівы паўсутачныя (1,5 м). Парты: Хёянгер, Лейкангер.

т. 15, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ПЕСАК,

рыхлая асадкавая пясчана-гліністая горная парода. Мае пясчаных да 70%, гліністых (памерам менш за 0,01 мм) да 10% і пылаватых (памерам 0,01—0,05 мм) часцінак да 20%. Бываюць ледавіковыя (марэнныя), водна-ледавіковыя, азёрныя, рачныя (алювіяльныя) і інш. Адрозніваюць С. груба-, дробнапясчаныя і пылаватыя. Больш гліністыя С. наз. цяжкімі, менш гліністыя — лёгкімі.

т. 15, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАКСІКАМА́НІЯ (ад грэч. toxikon яд + манія),

цяга да пастаяннага прыёму таксічных рэчываў. Да Т. адносіцца алкагалізм, паталаг. станы, выкліканыя ўдыханнем лятучых таксічных рэчываў (напр., сінт. кляёў, фарбаў і інш.). Суправаджаецца развіццём хранічнай інтаксікацыі. Выклікае кароткачасовую эйфарыю, прыводзіць да псіхічных і саматычных парушэнняў (расстройствы дзейнасці сардэчна-сасудзістай сістэмы, печані, нырак і інш.), сац. дэградацыі асобы.

т. 15, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЛЕ́РЫК (ад грэч. cholē жоўць),

суб’ект, які мае адзін з чатырох асн. тыпаў тэмпераменту і характарызуецца высокім узроўнем псіхічнай актыўнасці, энергічнасцю дзеянняў, рэзкасцю, імклівасцю, хуткасцю і парывістасцю рухаў. Схільны да рэзкіх змен настрою, запальчывасці, нецярплівасці, часам да агрэсіўнасці. Пры неспрыяльных умовах і адсутнасці патрэбнага выхавання недастатковая эмацыянальная ўраўнаважанасць можа прывесці да няздольнасці кантраляваць свае эмоцыі.

т. 16, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́ТАНГСКІ ЗАЛІ́Ў.

У моры Лапцевых, абмывае з ПдУ п-аў Таймыр. Даўж. 220 км, шыр. да 54 км, глыб. да 29 м. Злучаны з морам пралівамі Паўночным (шыр. 13 км) і Усходнім (шыр. 8 км). Каля ўваходу ў Х.з. — в-аў Вял. Бегічаў. Упадае р. Хатанга. Прылівы паўсутачныя (да 1,4 м). Б.ч. года ўкрыты лёдам.

т. 16, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)