«КУПА́ЛІНКА»,

жаночы вакальны квартэт. Існаваў у 1966—87. Створаны пры Дзярж. нар. хоры Беларусі па ініцыятыве Г.​Цітовіча. З 1976 у складзе харэаграфічнага ансамбля «Харошкі». У розныя гады ў ім працавалі В.​Антонава, В.​Марозава, Н.​Баканава, Н.​Бранковіч, Н.​Гумянюк, А.​Цялькова. Рэпертуар «К.» ўключаў апрацоўкі бел. нар. песень (каляндарна-земляробчых, любоўна-лірычных, сямейна-быт., жартоўных), арыгінальныя творы бел. кампазітараў. Квартэт вылучаўся высокай вак. тэхнікай і выканальніцкай культурай, дакладнасцю ў перадачы стылявых асаблівасцей розных фалькл. жанраў. У 1983 на бел. тэлебачанні зняты фільм-канцэрт «Купалінка».

т. 9, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПЕ́НА, саламонава пячатка (Polygonatum),

род кветкавых раслін сям. спаржавых. Больш за 30 відаў (па інш. звестках, каля 50). Пашырана ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 2 віды: К. духмяная (P. odoratum, нар. назвы зязюліны ручнікі, пупнік, грыжнік) і К. шматкветная (P. multiflorum). Трапляецца ў хваёвых, мяшаных лясах, сярод хмызняку.

Шматгадовыя травяністыя расліны з тоўстым мясістым карэнішчам, на якім застаюцца круглыя ўціснутыя сляды леташніх парасткаў («пячаткі»). Лісце падоўжана-эліптычнае. Кветкі зеленавата-белыя, часам ружовыя, на звіслых кветаножках, адзіночныя ці ў гронках. Плод — ягада. Лек., дэкар. расліны.

Купена.

т. 9, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПРЫЯ́НАЎ (Ігар Львовіч) (н. 26.6.1938, г. Віцебск),

бел. вучоны ў галіне парашковай металургіі. Д-р тэхн. н. (1988). Скончыў Маскоўскі авіяц. тэхнал. ін-т (1963). З 1982 у Бел. НВА парашковай металургіі, з 1996 у Міжгаліновым ін-це павышэння кваліфікацыі пры БПА. Навук. працы па тэхнал. асновах і распрацоўцы абсталявання для нанясення ахоўных газатэрмічных пакрыццяў з павышанай трываласцю счаплення.

Тв.:

Газотермические покрытия с повышенной прочностью сцепления. Мн., 1990 (разам з М.​А.​Гелерам);

Электротермическая технология нанесения защитных покрытий. Мн., 1996 (разам з В.​С.​Івашкам, А.​І.​Шаўцовым).

т. 9, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРА́ЕЎ (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 11.12.1937, г. Саратаў, Расія),

бел. вучоны ў галіне фіз. электронікі і матэм. фізікі. Д-р фіз.-матэм. н. (1980), праф. (1982). Скончыў Саратаўскі ун-т (1960).

З 1981 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па тэорыі і аптымізацыі нелінейных працэсаў узаемадзеяння магутных электронных патокаў з эл.-магн. палямі нерэгулярных электрадынамічных сістэм, метадах рашэння задач аптымальнага кіравання.

Тв.:

Теория и оптимизация электронных приборов СВЧ. Мн., 1979;

Мощные приборы СВЧ: Методы анализа и оптимизации параметров. М., 1986.

А.​І.​Болсун.

т. 9, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРАТО́ЎСКІ ((Kuratowski) Казімеж) (2.2.1896, Варшава — 18.6.1980),

польскі матэматык. Чл. Польскай АН (1952). Замежны чл. АН СССР (1966). У 1913—20 вучыўся ва ун-тах Глазга і Варшавы. Праф. Львоўскага політэхн. ін-та (у 1927—34) і Варшаўскага ун-та (у 1921—27 і з 1934), у 1948—67 дырэктар Матэм. ін-та і віцэ-прэзідэнт (з 1957) Польскай АН. Навук. працы па тапалогіі, тэорыі графаў, тэорыі мностваў і тэорыі функцый рэчаіснай пераменнай, гісторыі матэматыкі. Дзярж. прэмія Польшчы 1951.

Тв.:

Рус. пер. — Топология. Т. 1—2. М., 1966—69.

т. 9, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РАЧКІН (Юрый Андрэевіч) (н. 13.5.1950, г.п. Свіслач Гродзенскай вобл.),

бел. фізік-тэарэтык. Д-р фізіка-матэм. н. (1998). Скончыў Гродзенскі пед. ін-т (1971). З 1971 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па фізіцы элементарных часціц. Прапанаваў новы метад рашэння задач рэлятывісцкай кінематыкі, заснаваны на сувязі алг. кватэрніёнаў і бікватэрніёнаў з геаметрыяй прастораў Лабачэўскага. Разам з інш. даў тлумачэнне прыроды выраджэння спектраў энергій задач Кеплера ў прасторах пастаяннай крывізны.

Тв.:

Кватернионы в релятивистской физике. Мн., 1989 (разам з А.​В.​Бярэзіным, Я.​А.​Талкачовым).

А.​І.​Болсун.

т. 9, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ТАРГА (Міхаіл Сямёнавіч) (18.7.1809, г. Чэрыкаў Магілёўскай вобл. — 7.6.1886),

расійскі і бел. гісторык, педагог. Д-р філасофіі (1838), чл.-кар. Пецярбургскай АН (1848). Скончыў Пецярбургскі ун-т, Дэрпцкі прафесарскі ін-т (1832). Выкладаў у Пецярбургскім (1835—69) і Маскоўскім (1869—74) ун-тах. Аўтар прац па гісторыі стараж. Грэцыі, Егіпта, Персіі, медыявістыцы, гістарыяграфіі і інш. Прытрымліваўся ліберальных поглядаў, вёў шырокую культ.-асв. дзейнасць. Разам з братам С.С.Кутаргам клапаціўся пра развіццё асветы ў Мсціславе і наваколлі. Апошнія гады жыў у сваім маёнтку Боркі Мсціслаўскага пав., дзе і памёр.

т. 9, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ХТА (Віктар Кліменцьевіч) (н. 11.1.1937, в. Порса Вілейскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне біяхіміі. Д-р мед. н. (1976), праф. (1979). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1960). З 1974 у Мінскім мед. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па вывучэнні неспрыяльнага дзеяння фактараў навакольнага асяроддзя на метабалічныя працэсы арганізма.

Тв.:

Механизмы компенсации при митральном стенозе. Мн., 1978 (разам з А.​У.​Шотам, В.​В.​Раманенкам);

Острый панкреатит. Мн., 1981 (у сааўт.);

Белки плазмы крови. Мн., 1986 (разам з Э.​І.​Алецкім, А.​М.​Стажаравым).

т. 9, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЦ (Павел Сцяпанавіч) (н. 4.9.1925, в. Парэчча Гродзенскага р-на),

бел. вучоны ў галіне прамысловай цеплатэхнікі. Д-р тэхн. н. (1980), праф. (1981). Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў чыг. транспарту (1954). З 1961 у Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН Беларусі. Навук. працы па цепла- і масаабмене ў працэсах сушкі вільготных матэрыялаў.

Удзельнічаў у распрацоўцы тэорыі, тэхналогіі і тэхнікі сушкі.

Тв.:

Теплофизические и технологические основы сушки высоковольтной изоляции Мн., 1979 (разам з І.​Ф.​Пікусам);

Сушка продуктов микробиологического производства. М., 1987 (разам з Э.​Р.​Тугавай).

т. 9, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЮРЫ—ВЁЙСА ЗАКО́Н,

тэмпературная залежнасць удзельнай магнітнай успрыімлівасці парамагнетыкаў; абагульненне Кюры закона на выпадак узаемадзеяння паміж лакалізаванымі магнітнымі момантамі.

Мае выгляд χ = C/(T − Θ), дзе C — канстанта рэчыва (канстанта Кюры), Θ — парамагн. т-ра Кюры. Устаноўлены франц. фізікам П.​Вейсам у 1907. К—В.з. падпарадкоўваюцца фера- і антыферамагнетыкі ў парамагн. вобласці пры т-рах, больш высокіх за Кюры пункт і Нееля пункт адпаведна, а таксама сегнетаэлектрыкі: дыэлектрычная пранікальнасць пры т-рах T>Θ, дзе Θ — т-ра Кюры сегнетаэлектрыка; змяняецца па законе ε = B/(T − Θ), дзе B — канстанта рэчыва.

т. 9, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)