КРЭМЕНЕЗДАБЫЎНЫ́Я ША́ХТЫ,

выпрацоўкі ў тоўшчы вапняковых або мелавых адкладаў, у якіх першабытныя людзі ў неаліце і бронзавым веку здабывалі крэмень — асн. сыравіну для вырабу прылад працы. К.ш. — пераважна вертыкальныя калодзежы дыяметрам 1,5 м, глыбінёй 2,5—3 м, асобныя да 5 м і больш. Па ходзе залягання крамянёвых канкрэцый ад калодзежа адыходзілі падбоі даўжынёй 1—2 м. Суседнія выпрацоўкі часам злучаліся пралазамі-штрэкамі. У Беларусі вядомы ў сярэднім цячэнні р. Рось каля г.п. Краснасельскі (гл. Краснасельскі археалагічны комплекс) і в. Карпаўцы Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл.

т. 8, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗНЯЦО́Ў (Уладзімір Пятровіч) (н. 29.10.1944, Масква),

бел. вучоны ў галіне аўтам. кіравання. Д-р тэхн. н. (1990), праф. (1992). Брат А.П.Кузняцова. Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1966). З 1966 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, з 1996 у Ін-це кіравання. Навук. працы па матэм. метадах тэорыі аўтам. кіравання, робататэхніцы, тэорыі нестацыянарных дыскрэтных сістэм, устойлівасці сістэм з нявызначанымі параметрамі. Распрацаваў сістэмы стабілізацыі скорасці і частаты, кіравання прамысл. робатамі, пазіцыйныя эл.-мех. сістэмы, эл.-прыводы.

Тв.:

Динамика нестационарных дискретных систем. М., 1980 (у сааўт.).

т. 8, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗНЯЦО́Ў (Юрый Аляксеевіч) (19.4.1903, г. Нікольск Валагодскай вобл., Расія — 16.5.1982),

расійскі геолаг, адзін з заснавальнікаў вучэння аб магматычных фармацыях. Брат В.А.Кузняцова. Акад. АН СССР (1966, чл.-кар. 1958). Скончыў Томскі ун-т (1924). З 1958 у Ін-це геалогіі і геафізікі Сібірскага аддзялення АН СССР. Навук. працы па геалогіі і петраграфіі Зах. і Усх. Сібіры. Дзярж. прэмія СССР 1983.

Тв.:

Магматизм и связь с ним полезных ископаемых. М., 1955 (у сааўт.);

Главные типы магматических формаций. М., 1964;

Основные типы магмоконтролирующих структур и магматические формации // Геология и геофизика. 1970. № 9.

т. 8, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗЮКО́ВІЧ (Пётр Маркавіч) (н. 24.2.1924, в. Павязынь Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1969), праф. (1970). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1950). З 1958 у НДІ туберкулёзу (з 1970 нам. дырэктара), з 1974 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па праблеме хірург. лячэння туберкулёзу, неспецыфічных захворванняў лёгкіх. Распрацаваў шэраг аперацый на лёгкіх, плеўры і бронхах.

Тв.:

Применение механического шва при хирургическом лечении туберкулеза легких. Мн., 1964;

Хирургическое лечение больных распространенными формами туберкулеза легких. Мн., 1973.

т. 8, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛА́К.

Анатоль Іосіфавіч (н. 5.9.1954, Мінск), бел. вучоны ў галіне электрахіміі. Д-р хім. н. (1990). Скончыў БДУ (1976). З 1981 у НДІ фіз.-хім. праблем пры БДУ, з 1995 нам. дырэктара Ін-та агульнай і неарган. хіміі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па электрахіміі паўправаднікоў, даследаванні механізмаў функцыянавання мікрагетэрагенных паўправадніковых сістэм і паўправаднікоў з энергет. і структурнай неаднароднасцю ў фотаэлектрахім., электракаталітычных і фотахім. працэсах. Распрацаваў новыя тыпы электрахім. сенсараў, сістэм фотаэлектрахім. канверсіі сонечнага выпрамянення, а таксама рэгістрацыі і першаснай апрацоўкі інфармацыі.

Тв.:

Электрохимия полупроводниковых гетероструктур. Мн., 1986.

т. 8, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛІ́Ш (Сава Якаўлевіч) (н. 17.10.1936, Масква),

расійскі кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1984). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1959) і Тэатр. вучылішча імя Шчукіна (1968). З 1959 на кінастудыі «Масфільм». Аўтар сцэнарыя і рэжысёр (з Х.​Стойчавым) дакумент. фільма «Апошнія лісты» (1966). Паставіў фільмы: «Мёртвы сезон» (1968), «Камітэт 19-ці» (1972), «Узлёт» (1979), «Першыя старты» (1980; дакумент.), «Казкі... казкі... казкі... старога Арбата» (па п’есе А.​Арбузава, 1982), «Трагедыя ў стылі рок» (1989), «Жалезная заслона» (1994) і інш. Прэміі Міжнар. кінафестываляў у Кракаве і Лейпцыгу (1967), Маскве (1979), Усесаюзнага кінафестывалю (1970).

т. 9, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУН ((Kuhn) Рыхард Іаган) (3.12.1900, Вена — 31.7.1967),

нямецкі хімік і біяхімік. Скончыў Мюнхенскі ун-т (1922). З 1929 праф. Гайдэльбергскага ун-та і кіраўнік хім. аддз. Ін-та біяхіміі імя М.​Планка. Навук. працы па хіміі раслінных пігментаў (пераважна караціноідаў) і вітамінаў. Устанавіў структуру α- і β-ізамераў караціну (1933, незалежна ад П.​Карэра) і прапанаваў метад іх сінтэзу (1937). Вылучыў крышталі вітаміну B2 (рыбафлавін) з сыроваткі і бялку яец, вітамін B6 (пірыдаксін) з дражджэй і прапанаваў яго структурную ф-лу. Нобелеўская прэмія 1938.

т. 9, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУНЦЭ́ВІЧ (Анатоль Дзям’янавіч) (н. 6.8.1934, в. Свіслач Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

расійскі фізікахімік. Акад. Рас. АН (1987, чл.-кар. 1981). Ген.-лейт. (1987). Герой Сац. Працы (1981). Скончыў Ваен. акадэмію хім. аховы (1958), дзе і працаваў (з 1977 праф.). Дырэктар Цэнтра экатаксіметрыі пры Ін-це хім. фізікі Рас. АН. Навук. працы па арган. і прыкладной хіміі, даследаванні новых рэчываў і іх рэакцыйнай здольнасці ў монамалекулярных слаях, на мяжы падзелу фаз у мнагафазных сістэмах. Распрацаваў тэарэт. асновы стварэння высокарэакцыйных сарбентаў. Абгрунтаваў канцэпцыю «каардынацыйнага эфекту» ў рэакцыях нуклеафільнага замяшчэння.

А.​Дз.Кунцэвіч.

т. 9, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУНЦЭ́ВІЧ (Ірэна Адольфаўна) (н. 10.8.1936, в. Таўканы Валожынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне сельскай гаспадаркі. Д-р с.-г. н. (1989). Скончыла БСГА (1961). З 1969 у Бел. НДІ земляробства і кармоў. Навук. працы па вывучэнні ўплыву дзеяння ўгнаенняў на розных відах глебы.

Тв.:

Влияние длительного применения удобрений на плодородие дерново-подзолистой супесчаной почвы Полесья БССР и продуктивность севооборота (разам з М.​П.​Казлоўскай) // Агрохимия. 1983. № 3;

Баланс асноўных элементаў жыўлення і прадукцыйнасць севазвароту ва ўмовах лёгкіх глебаў Беларускага Палесся // Весці Акадэміі агр. навук Беларусі. 1993. № 3.

т. 9, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́НЬЯ ((Cunha) Эўклідыс да) (20.1.1866, г. Кантагалу, Бразілія — 15.8.1909),

бразільскі пісьменнік. Чл. Браз. акадэміі л-ры (з 1903). Па адукацыі ваен. інжынер. Удзельнічаў у выступленнях рэспубліканцаў супраць манархіі. Кн. «Сертаны» (1902) — спалучэнне навук. даследавання, публіцыстыкі з дакумент. апавяданнем пра задушэнне сял. паўстання 1896—97 у Канудусе. Аўтар кнігі аб збіральніках каўчуку «Страчаны рай» (1904, не завершана), зб-каў артыкулаў і нарысаў «Кантрасты і супастаўленні» (1907), «На палях гісторыі» (1909). Паўплываў на развіццё рэгіяналізму і крытычнага рэалізму ў браз. і лацінаамер. л-ры.

І.​Л.​Лапін.

т. 9, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)