МЯТЛІ́ЦКІ (Мікола) (Мікалай Міхайлавіч; н. 20.3.1954, в. Бабчын Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1976). Працаваў у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», з 1983 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1969. Вострыя праблемы сучаснасці, гонар за свой край, трывога за лёс народа, праблемы духоўнасці — асн. пафас паэзіі М.: зб-кі «Абеліск у жыце» (1980), «Мой дзень зямны» (1985, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986), «Ружа вятроў» (1987), «Шлях чалавечы» (1989), «Блаславенне», «Палескі смутак» (абодва 1991), «Чаканне сонца» (1994), «Хойніцкі сшытак» (1999). Кніга «Бабчын» (1996, Дзярж. прэмія Беларусі 1998) — своеасаблівы помнік роднай вёсцы, адселенай у сувязі з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС.

І.​У.​Саламевіч.

М.Мятліцкі.

т. 11, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯШКО́ (дзявочае Вараб’ёва) Ніна Канстанцінаўна

(н. 31.5.1917, в. Мадахава Цвярской вобл., Расія),

расійскі харавы дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1980). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1945). Кіравала самадз. нар. харамі. З 1956 хормайстар Хору рус. песні Усесаюзнага радыё, з 1960 маст. кіраўнік акад. Паўн. рус. нар. хору (Архангельск). У 1945—58 выкладала ў Маскоўскім гар. муз.-пед. вучылішчы, з 1969 у Рас. акадэміі музыкі імя Гнесіных (з 1982 праф.). Паставіла шэраг манум. хар. кампазіцый, у т. л. «Паўночнае ігрышча», «Паморская сюіта», «Пячорскія бяседы». Аўтар хар. твораў і апрацовак нар. песень для хору, артыкулаў па пытаннях хар. мастацтва. Дзярж. прэмія Расіі імя М.​І.​Глінкі 1968.

т. 11, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва ў г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Створаны ў 1930-я г. каля Навагрудскіх замкаў. Парк рэгулярна-пейзажны, пл. 10,2 га. У аснове планіроўкі сістэма радыяльных алей, якія разыходзяцца ад уваходнай пляцоўкі і перасякаюцца некалькімі кальцавымі дарожкамі. Кампазіцыя дапаўняецца маляўнічымі групамі і асобнымі пасадкамі дрэў. Перад уваходам у парк — курган, насыпаны ў гонар А.Міцкевіча. Паводле дэндралагічнага складу парк быў адным з самых багатых на Беларусі (значна пашкоджаны ў Вял. Айч. вайну). У ім расло каля 70 экзотаў і дэкар. форм, у т. л. дугласія цісалістая, лістоўніца еўрап., піхты, дуб чырвоны і інш.

В.​Р.​Анціпаў.

Навагрудскі парк. Схема.

т. 11, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРЖЫ́МСКІ (Уладзімір Аляксандравіч) (14.2.1915, в. Цімкавічы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 17.10.1988),

Герой Сав. Саюза (1945). Канд. ваен. н. (1967), дацэнт (1969). Скончыў Ульянаўскую лётна-тэхн. школу (1935), Ейскае ваенна-марское авіявучылішча (1941), Ваенна-паветр. акадэмію (1951). У Чырв. Арміі з 1936. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941 у ВПС Чарнаморскага флоту, удзельнік абароны Крыма, Каўказа, баёў у Румыніі, Балгарыі, Аўстрыі, вайны з Японіяй: капітан, нам. камандзіра, камандзір авіяэскадрыллі знішчальнага авіяпалка. Зрабіў 404 баявыя вылеты, правёў 35 паветр. баёў, збіў 13 самалётаў праціўніка. Пасля вайны ў авіячасцях ВМФ, у 1958—70 на выкладчыцкай рабоце ў ваен. ВНУ.

У.А.Наржымскі.

т. 11, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ЎЛІЦКАЕ ВО́ЗЕРА, Наўліцы,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 20 км на ПдЗ ад г. Полацк Пл. 3,86 км², даўж. 3,4 км, найб. шыр. 1,7 км, найб. глыб. 12,9 м, даўж. берагавой лініі 11,4 км. Аб’ём вады 23,5 млн. м³. Пл. вадазбору 11,3 км². Схілы катлавіны выш. 3—5 м (на Пн і ПдУ да 8 м, на 3 да 25 м), пераважна разараныя, на Пд і Пн тэрасаваныя. Берагі нізкія пясчаныя і пясчана-галечныя, на З і ПнЗ абразійныя. Мелкаводная зона пясчаная, глыбакаводная — ілістая. Мезатрофнае. Расліннасць да глыбіні 6 м. Упадаюць 2 ручаі, злучана ручаём з воз. Нежлева.

т. 11, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕВЯЛЬСКО́Й (Генадзь Іванавіч) (5.12.1813, с. Дракіна Кастрамской вобл., Расія — 29.4.1876),

расійскі мараплавец, даследчык Д. Усходу. Адмірал (1874). Скончыў Марскі корпус у С.-Пецярбургу (1832) і афіцэрскія класы (1836). У 1848—49 кіраваў марскім пераходам транспарту «Байкал» з Кранштата да Петрапаўлаўска-Камчацкага, адкрыў (1849) і даследаваў Татарскі праліў, выявіў астраўны характар Сахаліна. У 1850—55 узначаліў Амурскую экспедыцыю, даследаваў нізоўі р. Амур, засн. там рус. пасяленні, у т. л. Нікалаеўск-на-Амуры. На в-ве Сахалін адкрыў радовішчы вугалю. Яго імем наз. праліў, мыс у гэтым праліве, заліў, гара і горад на Сахаліне.

Тв.:

Подвиги русских морских офицеров на крайнем востоке России, 1849—1855. Хабаровск, 1969.

т. 11, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ДЗЬВЕДЗЬ (Георгій Канстанцінавіч) (н. 21.3.1938, г. Пінск Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне неўрапаталогіі. Д-р мед. н. (1992), праф. (1997). Брат М.К.Недзьведзя. Скончыў Мінскі мед. ін-т (1961). З 1967 у Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі (з 1.997 кіраўнік аддзела). Навук. працы па генет., біяхім. і імуналагічных аспектах этыялогіі і патагенезу дэміэлінізуючых, інфекц.-алергічных і вертэбрагенных захворванняў нерв. сістэмы. Дзярж. прэмія Беларусі 1994.

Тв.:

Пояснично-крестцовый радикулярный болевой синдром как начальное проявление рассеянного склероза // Здравоохранение Белоруссии. 1977. №10;

Генетычны полімарфізм неўралагічных праяўленняў паяснічнага астэахандрозу (разам з А.​І.​Мікулічам, Я.​Я.​Краснікавай) // Весці АН БССР. Сер. біял. навук. 1984. №3.

т. 11, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЗАБІТО́ЎСКІ (Станіслаў) (24.9.1641, в. Ятра Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 1717),

бел. мемуарыст, кальвінісцкі грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Навагрудскім езуіцкім калегіуме. Служыў у Радзівілаў, доўгі час жыў у Слуцку. Неаднаразова выбіраўся дэпутатам ад навагрудскай шляхты на сесіі Трыбунала ВКЛ. Збераглася вял. эпісталярная спадчына Н. (каля 700 лістоў да розных асоб, у т. л. да польскага паэта З.​Морштына). Аўтар змястоўных і падрабязных успамінаў, дзе апісаны падзеі 1682—1700 на Навагрудчыне і Случчыне. Яго мемуары — каштоўная крыніца па гісторыі грамадска-паліт. і прыватнага жыцця Беларусі і Літвы канца 17 ст. Рукапіс мемуараў зберагаецца ў Нац. б-цы ў Варшаве.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 11, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЁЎДА, Нявода, Палужанка,

рака ў Навагрудскім і Карэліцкім р-нах Гродзенскай вобл., левы прыток р. Сэрвач (бас. р. Нёман). Даўж. 39 км. Пл. вадазбору 240 км². Пачынаецца каля в. Нёўда Навагрудскага р-на, цячэ ў межах Навагрудскага ўзв. па ўзгорыстай мясцовасці, перасечанай глыбокімі лагчынамі і ярамі. Упадае ў р. Сэрвач на Пн ад в. Беразавец. Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 2—3 км, са стромкімі схіламі, выш. да 30 м. Пойма роўная, месцамі забалочаная, пад хмызняком, шыр. 100—500 м. Рэчышча моцна звілістае, ад в. Аколіца да вусця каналізаванае. Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 1,7 м³/с. Прымае сцёк з меліярац. каналаў.

т. 11, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ЖНЯЯ ТУНГУ́СКА,

рака ў Эвенкійскай аўт. акрузе і Іркуцкай вобл. Расіі, правы прыток р. Енісей. Даўж. 2989 км, пл. басейна 473 тыс. км². Цячэ ў межах Сярэднесібірскага пласкагор’я. У верхнім цячэнні (да вусця р. Ілімпея) — у шырокай даліне, у рэчышчы шмат перакатаў. У ніжнім цячэнні частыя азёрападобныя расшырэнні (да 20—25 км). Пры перасячэнні трапаў месцамі цячэ ў цяснінах. Шмат парогаў. Гал. прытокі: Ілімпея, Таймура, Учамі (злева), Кочэчум, Віві, Тутанчана (справа). Жыўленне пераважна снегавое. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 3420 м³/с. Ледастаў ад канца кастр. да мая. Суднаходная ў час паводкі да г.п. Тура. У вусці — прыстань Туруханск.

т. 11, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)