ВА́ЎЧАР (ад англ. voucher распіска, паручыцельства),

1) грашовы апраўдальны дакумент (напр., аплочаны рахунак-фактура, пагашаны рахунак або квітанцыя); распіска.

2) Дакумент, які сведчыць выдачу крэдыту, аплату.

3) Прыватызацыйны чэк на прад’яўніка для мэтавага набыцця каштоўных папер з абмежаванай сферай абарачэння — акцый, аблігацый і інш. 4) Кантрольны талон.

т. 4, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЙ,

ва ўсх.-слав. міфалогіі персанаж, чый смертаносны позірк схаваны пад вялізнымі павекамі ці вейкамі. Паводле бел., укр. і рус. казак, павекі, вейкі ці бровы Вія падымалі віламі яго памочнікі. Чалавек, які не вытрымліваў позірку Вія, паміраў. Легенду пра Вія апісаў у аднайм. аповесці М.​В.​Гогаль.

т. 4, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАШЫ́Ш,

наркотык, які атрымліваюць са смалы жаночага суквецця інд. канапель. Належыць да групы галюцынагенаў. Пры ўвядзенні ў арганізм чалавека выклікае парушэнні функцый ц. н. с., суправаджаецца галюцынацыямі і інш. змяненнямі псіхічнай дзейнасці. Выкарыстанне, захоўванне гашышу і развядзенне інд. канапель у большасці краін і на Беларусі забаронены.

т. 5, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАХІМІ́ЧНАЯ АНАМА́ЛІЯ,

участак зямной кары або паверхні Зямлі, які значна адрозніваецца ад сумежных канцэнтрацыяй некат. хім. элементаў або іх злучэнняў. Заканамерна звязаны з пакладамі карысных выкапняў і геал. будовай тэрыторыі. Вылучаюцца анамаліі канцэнтрацыі гелію, газападобных вуглевадародаў, медзі, нікелю, цынку і інш. Геахімічныя анамаліі служаць пошукавай прыкметай.

т. 5, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЙДЭЛЬБЕ́РГСКІ ЧАЛАВЕ́К,

самы старажытны выкапнёвы чалавек у Еўропе, які жыў 500—800 тыс. г. назад. Сківіца гейдэльбергскага чалавека з поўным наборам зубоў знойдзена ў 1908 у пясчаным кар’еры каля в. Маўэр непадалёку ад г. Гайдэльберг (Германія), адносіцца да тыпу Homo erectus.

Мяркуемы знешні выгляд гейдэльбергскага чалавека.

т. 5, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РЦАГ (ням. Herzog),

у старажытных германцаў выбарны правадыр племені; у Зах. Еўропе ў час ранняга сярэдневякоўя — племянны князь; у час феад. раздробленасці — буйнейшы тэрытарыяльны ўладальнік, які займаў 2-е месца пасля караля ў сістэме ваенна-леннай іерархіі; з ліквідацыяй феад. раздробленасці — адзін з вышэйшых дваранскіх тытулаў.

т. 5, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАІЗАГІ́ПСЫ (ад гідра... + іза... + грэч. hypsos вышыня),

лініі на карце, якія злучаюць пункты з аднолькавай вышынёй паверхні грунтавых вод над умоўнай нулявой паверхняй. Выкарыстоўваюцца на гідрагеалагічных картах. Дазваляюць вызначыць напрамак руху падземнага патоку, які адбываецца ў бок найб. нахілу паверхні падземных вод (па нармалі, перпендыкулярна гідрагіпсам).

т. 5, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАШО́ВАЯ АДЗІ́НКА,

устаноўлены заканадаўствам дзяржавы грашовы знак, які з’яўляецца элементам нац. грашовай сістэмы і прызначаны для сувымярэння і выяўлення цэн усіх тавараў, паслуг і да т.п. на ўнутр. рынку. У кожнай краіне мае сваю назву і пераважна падзяляецца на 100 частак (напр., 1 рубель = 100 капейкам).

т. 5, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЕ́РЧАЯ ГРА́МАТА,

дакумент, які сведчыць паўнамоцтвы дыпламатычнага прадстаўніка і прызначэння яго ў адпаведную краіну. Падпісваецца кіраўніком дзяржавы і замацоўваецца подпісам міністра замежных спраў дзяржавы, якая прызначае дыпламат. прадстаўніка. Уручаецца кіраўніку прымаючай дзяржавы пры заступленні на пасаду. Даверчыя граматы выдаюцца паслам, пасланнікам, а таксама кіраўнікам спец. (надзвычайных) дэлегацый.

т. 5, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯТО́МАВЫ МУЛ,

асадак на дне сучасных акіянаў, мораў і азёр, які складаецца пераважна з апалавых панцыраў дыятомавых водарасцей і іх абломкаў. Найб. пашыраны ў акіянах умераных шырот Паўд. паўшар’я, назіраецца ў выглядзе суцэльнага пояса вакол Антарктыды. У выкапнёвым стане Д.м. пераходзіць у асадкавую горную пароду — дыятаміт.

т. 6, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)