1) у цывільным праве дагавор, паводле якога адзін бок (падрадчык) абавязваецца на сваю рызыку выканаць пэўную работу па заданні другога боку (заказчык). Работы выконваюць з матэрыялаў падрадчыка або заказчыка, заказчык абавязваецца прыняць і аплаціць вынікі работы. Парадак заключэння дагавораў на падрад, правы і абавязкі іх удзельнікаў рэгламентуюцца заканадаўствам. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь грамадзянін можа прыняць на сябе выкананне работы па П. ў выпадку, калі гэта не забаронена законам. Падрадчык, які выконвае работу з свайго матэрыялу, нясе адказнасць за яго якасць. Калі з закона або з дагавора не вынікае, што падрадчык павінен выканаць работу асабіста, ён мае права прыцягнуць для выканання работ інш. асоб (субпадрадчыкаў). Са згоды генеральнага падрадчыка заказчык можа заключаць дагаворы на выкананне асобных работ. Спец. правілы існуюць для асобных відаў П. (бытавы П., П. на буд-ва, выкананне праектных, вышукальных работ і інш.).
2) Форма арг-цыі працы, заснаваная на замацаванні за пэўным калектывам часткі або ўсяго аб’ёму работ па вытв-сці прадукцыі, аказанні паслуг (напр., калектыўны П., брыгадны П.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНО́НІЯ (Pannonia),
рымская правінцыя, якая ўтварылася ў 8 н.э. пасля падзелу рым. правінцыі Ілірык на Верхні Ілірык (Далмацыя) і Ніжні Ілірык — П. Займала зах.ч. сучаснай Венгрыі, паўн.ч. сучасных Харватыі і Югаславіі і ўсх.ч. сучаснай Аўстрыі. Назву атрымала ад панонцаў — групы ілірыйскіх плямён (гл.Ілірыйцы). Захоп тэр. правінцыі пачаўся пры імператару Аўгусце (35—33 да н.э.) і працягваўся Тыберыем (6—9 н.э.). У пач. 1 ст.н.э. адбывалася ваен. каланізацыя П. Яе гарнізон складаўся з 5, пасля 101 — з 4 легіёнаў. Паступова лагеры легіёнаў ператвараліся ў буйныя гарады, цэнтры рамяства і гандлю, якія ў 2—3 ст. атрымалі ад рым. улад правы самакіравання. У пач. 2 ст. правінцыя падзелена на Ніжнюю і Верхнюю П. Пры імператару Дыяклетыяне П. падзелена на 4 часткі, г. Сірмій стаў рэзідэнцыяй імператара і прэфекта прэторыя. За валоданне П. рымляне вялі пастаянныя войны з суседнімі плямёнамі: у 167 з маркаманамі, у 427 з гунамі і гепідамі, у пач. 6 ст. з лангабардамі, у 568 з аварамі. Беспаспяховай была спроба рымлян адваяваць П. ў сярэдзіне 5 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТО́ННЫ ПАРК,
комплекс пераправачных сродкаў, прызначаных для зборкі перавозных паромаў, навядзення наплаўных мастоў і пабудовы паромных перапраў. Знаходзіцца на ўзбраенні інж., дарожных і чыг. войск шэрагу краін, у т. л. Беларусі. Падзяляецца на лёгкія, грузападымальнасцю да 25 т, і цяжкія — 40—80 т. П.п. уключае паромныя маставыя канструкцыі (пантоны, нясучыя і праезджыя часткі, элементы прыстаней), трансп. сродкі, сродкі матарызацыі на вадзе, дапаможнае абсталяванне і інш. У самаходных П.п. (амфібійных, штурмавых) асн. элементы аб’яднаны ў машыну-амфібію. Прататыпы П.п. вядомы з даўніх часоў, напр., у галандскай арміі з пач. 17 ст. У Расіі П.п. з парусінавымі пантонамі будаваліся ў 18—19 ст. На тэр. Беларусі ў вайну 1812 П.п. выкарыстоўваліся рускімі і французскімі войскамі, напр., арміяй Напалеона I пры пераправе цераз Нёман. У 1-ю і 2-ю сусв. войны значна пашыраны. На Беларусі выкарыстоўваюцца П.п. тыпу ПМП і інш. пры рамонце мастоў, стыхійных бедствах (веснавая паводка, ліўневыя дажджы) і інш. (гл. таксама Мост ваенны).
Звяно пантоннага парка ПМП: 1 — у складзеным становішчы на транспартным сродку; 2 — у рабочым становішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАНЯМО́НЬ», Гродзенская сядзіба «Панямонь»,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры позняга барока ў г. Гродна. Створана ў 1771 на ўсх. ускраіне горада, на правым беразе р. Нёман як загарадная рэзідэнцыя караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага (арх. Ю.Аляхновіч), перабудавана ў 19 ст. ў стылі класіцызму. Уключае сядзібны дом, парк, флігель, з Пд ансамбль абмежаваны ракой, з У і Пн — глыбокім ярам. Сядзібны дом 1-павярховы мураваны (пазней частка разбураных сцен заменена драўлянымі). Захаваўся фрагмент вуглавога эркера плаўнага абрысу з тонкім прафіляваным карнізам, здвоенымі пілястрамі з ляпнымі капітэлямі, гарыз. рустоўкай. У цэнтры гал. фасада — 4-калонная навісь (ранейшы порцік). Дваровы фасад упрыгожаны 4-калонным порцікам на высокім цокалі. Дом і адкрыты перад ім партэр размешчаны ў глыбіні пейзажнага парку, над стромкім берагам, умацаваным падпорнымі сценкамі тэрас. Парк разбіты перад палацам і па схілах яра. Уезд пазначаны капліцай рэтраспект.-гатычнага стылю (сярэдзіна 19 ст.). Гасп. і службовыя пабудовы вынесены па-за межы параднай часткі ансамбля і пастаўлены ў рад з зах. боку дома.
А.М.Кулагін.
Гродзенская сядзіба «Панямонь». З малюнка Н.Орды. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМА́Я МО́ВА,
спосаб перадачы чужога выказвання, пры якім захоўваюцца ўсе яго лексічныя, граматычныя, стылістычныя і інтанацыйныя асаблівасці. Складаецца са слоў апавядальніка (аўтара) і чужога выказвання, якое перадаецца апавядальнікам ад імя пэўнага персанажа. Абедзве гэтыя часткі на пісьме выдзяляюцца графічна, у маўленні — інтанацыйна. Структурна-аргаганізац. цэнтр П.м. — пераважна дзеясловы і дзеепрыслоўі са значэннем маўлення і думкі або іх эквіваленты (назоўнікі і словазлучэнні з той жа семантыкай), якія знаходзяцца ў мове аўтара. Да іх бяззлучнікавым спосабам (інтанацыйна) далучаецца чужая мова. Аўтарскія словы займаюць свабоднае месца: могуць стаяць перад чужой мовай, за ёю або ў сярэдзіне яе (Яна сказала: «Я абавязкова заўтра да вас прыеду»; — «Я абавязкова заўтра да вас прыеду», — сказала яна; «Я абавязкова, — сказала яна, — заўтра да вас прыеду»), П.м. можна ўзнаўляць і выказванні самога аўтара. Для яе характэрна экспрэсіўнасць. Асн. сфера ўжывання — гутарковая мова.
Літ.:
Граматыка беларускай мовы. Т. 2. Сінтаксіс. Мн., 1966;
Яўневіч М.С., Сцяцко П.У. Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы. 2 выд.Мн., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВІЛЕ́Й 1432,
заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены ад імя караля польскага Ягайлы як вярх. князя літоўскага і рускага яго ўпаўнаважанымі пасламі са згоды новага вял.кн.ВКЛЖыгімонта Кейстутавіча ў Гродне 15.10.1432, у дзень заключэння новай уніі паміж Польшчай і ВКЛ. Меў на мэце схіліць на бок Жыгімонта баярства, што падтрымлівала вял.кн.Свідрыгайлу. Паводле П. правасл.бел. і ўкр. князі і баяры ўраўноўваліся ў асабістых і маёмасных правах з феадаламі-католікамі. Ім гарантавалася недатыкальнасць маёнткаў як спадчынных, так і дадзеных вял. князямі, права вольнага распараджэння землямі, дазвалялася займаць дзярж. пасады ў Віленскім і Трокскім ваяв., уступаць з літ. баярамі ў гербавае братэрства (набываць гербы). Такім чынам, на правасл. баярства былі пашыраны Прывілей 1387 і Гарадзельскі прывілей 1413. Аднак фактычна П. 1432 дзейнічаў толькі на тэр.зах.часткі Беларусі. Бел. і ўкр. феадалы ў сваёй масе не падтрымалі Жыгімонта і выступілі супраць падпарадкавання Польшчы. Яны ўступалі ў войска Свідрыгайлы, разгаралася феад. вайна (гл.Свідрыгайлы паўстанне 1432—39). Гэта вымусіла Жыгімонта выдаць Прывілей 1434. П. 1432 напісаны на лац. мове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕ́ШНІКАЎ (Аляксандр Васілевіч) (11.9.1890, г. Каломна Маскоўскай вобл. — 3.1.1980),
расійскі харавы дырыжор, муз. дзеяч, педагог. Нар.арт.СССР (1956). Герой Сац. Працы (1970). Скончыў муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва (1913). З 1921 кіраўнік хар. капэлы ў Палтаве. З 1923 заг.вак.часткі 1-й студыі Маск. Маст.акад.т-ра. З 1928 арганізатар і маст. кіраўнік вак. ансамбля (потым хору) Усерас. радыё. У 1936—37 і з 1941 узначальваў засн. ім Дзярж. хор рус. песні (цяпер Дзярж.акад.рус. хор Расіі), адначасова ў 1937—41 маст. кіраўнік Ленінградскай акад. капэлы. З 1944 арганізатар і маст. кіраўнік Маскоўскага хар. вучылішча, выкладчык Маскоўскай кансерваторыі (з 1946 праф., у 1948—74 рэктар). У яго творчасці спалучаліся шчырасць і непасрэднасць, уласцівыя рус.нар. песням, з багаццем і маляўнічасцю гучання акад. хору. Аўтар шматлікіх апрацовак нар. песень, кн. «Харавыя спевы — мастацтва сапраўды народнае» (1962) і інш. Сярод яго вучняў У.Мінін, В.Роўда, А.Юрлоў і інш.Дзярж. прэмія СССР 1946. Дзярж. прэмія Расіі імя М.Глінкі 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНО́НІМАЎ СЛО́ЎНІК,
тып лінгвістычнага слоўніка, што змяшчае рады сінонімаў з тлумачэннямі і ілюстрацыйным матэрыялам, які пацвярджае правільнасць ужывання сінонімаў з іх тонкімі сэнсавымі і стылістычнымі адценнямі.
Задача С.с. — вылучэнне і апісанне часткі лексікі, звязанай паміж сабой сінанімічнымі адносінамі. Кожны сінанімічны рад у С.с. складае асобны артыкул. Размяшчаюцца артыкулы па алфавіце загалоўных (апорных) слоў, якімі пачынаюцца сінанімічныя рады Першыя С.с. ва ўсх.-слав. народаў з’явіліся ў канцы 18 — пач. 19 ст.Найб. раннія з іх — «Спроба расійскага саслоўніка» Дз.І.Фанвізіна (1783; 32 сінанімічныя рады) і «Спроба слоўніка рускіх сінонімаў» П.Ф.Калайдовіча (1818; 77 сінанімічных радоў).
У бел. філалогіі ўпершыню створаны «Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў» М.К.Клышкам (1976, 2-е выд. 1993). Ахоплівае каля 1900 сінанімічных радоў (больш за 11 тыс. слоў сучаснай бел. мовы). Асаблівасць яго: не вызначае сэнсавых адценняў, уласцівых словам сінанімічных радоў, а абмяжоўваецца прывядзеннем да кожнага з іх прыкладаў з маст. л-ры, фальклору, перыяд. друку. У канцы слоўніка прыводзіцца індэкс (алфавітны паказальнік слоў, што ўваходзяць у сінанімічныя рады).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́НЬША,
возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл. (Беларусь), на мяжы з Пскоўскай вобл. (Расія), у бас.р. Дрыса (цячэ праз возера), за 37 км на У ад г.п. Расоны. Пл. 2,53 км², даўж. 4 км, найб.шыр. 1,44 км, найб.глыб. 7,1 м, даўж. берагавой лініі 9,9 км. Пл. вадазбору 1782 км². Катлавіна лагчыннага тыпу, падзелена 2 астравамі (агульнай пл. 0,17 км²) і паўвостравам на 2 часткі, злучаныя вузкімі пралівамі. Схілы выш. 10—15 м (на ПнУ 5—8 м) пясчаныя, пад лесам. На Пн і У тэраса выш. 1,2 м. Пойма шыр. 10—20 м, укрытая хмызняком. Берагі зліваюцца са схіламі, пясчаныя, моцна зрэзаныя, утвараюць многа невял. заліваў. Дно да глыб. 2,5—3 м пясчанае, ніжэй ілістае і сапрапелістае. Зарастае да глыб. 3,5 м, асабліва паўн. частка. Уздоўж берагоў паласа надводнай расліннасці шыр. 20—30 м, да глыб. 2,2 м. У залівах паўн.-ўсх.ч. возера расце вадзяны арэх, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Злучана пратокамі з азёрамі Валоба (на ПнЗ) і Данское (на Пд). Турызму, зона адпачынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РНЫ ДАГАВО́Р ПАМІ́Ж ЛІТВО́Й І РСФСР 1920.
Падпісаны 12.7.1920 у Маскве. 11.9.1919 урад РСФСР звярнуўся да ўрада Літвы з прапановай заключыць мір на аснове прызнання незалежнасці літ. дзяржавы. 31.3.1920 урад Літвы заявіў пра гатоўнасць заключыць мір з Сав. Расіяй пры ўмове прызнання незалежнасці Літвы ў яе этн. межах са сталіцай у Вільні. 7.5.1920 у Маскве пачаліся перагаворы: літ. дэлегацыя настойвала на ўключэнні ў склад Літвы тэр. Ковенскай, Віленскай, Сувалкаўскай і Гродзенскай губ. (з гарадамі Беласток, Бельск, Гродна, Брэст, Кобрын, Пружаны), Навагрудскага пав. Мінскай губ., часткі Ілуксцкага і Гробінскага пав. Курляндскай губ. Выкарыстоўваўся і такі аргумент, як права беларусаў на самавызначэнне. 9.5.1920 член літ. дэлегацыі Д.Сямашка выступіў з заявай аб намеры «пры ўстанаўленні граніц абараняць беларускія землі на моцы беларуска-літоўскіх пагадненняў ад імперыялістычных памкненняў Польшчы... і Савецкай Расіі». Заява выклікала пратэст з боку кіраўніка сав. дэлегацыі на перагаворах А.А.Іофе, які паставіў пад сумненне правамоцтвы Сямашкі выступаць ад імя бел. народа. Падпісаны дагавор прадугледжваў з боку РСФСР безагаворачнае прызнанне самастойнасці і незалежнасці Літвы; урэгуляванне маёмасных, фін. і эканам. пытанняў; аказанне Літве бязвыплатнай эканам. дапамогі ў памеры 3 млн.руб. золатам; вяртанне Літве культ. каштоўнасцей, што былі вывезены ў час 1-й сусв. вайны і знаходзіліся на тэр. РСФСР; прадугледжваліся далейшыя перагаворы пра заключэнне гандл. і транзітных пагадненняў і інш. Фіксавалася дзярж. граніца паміж РСФСР і Літвой; прадугледжвалася ўключэнне ў склад Літвы г. Вільні і часткі зямель, заселеных пераважна беларусамі, у т. л. Гродна, Паставы, Браслаў, Ашмяны, Ліда. Факт заключэння такога дагавора выклікаў супрацьдзеянне з боку органаў БНР і кіраўніцтва Польшчы. 11.9.1920 польскі Савет абароны дзяржавы вырашыў дамагацца далучэння Віленшчыны і Гродзеншчыны да Польшчы. Пад уздзеяннем Антанты Польшча прызнала права Літвы на Вільню (замацаваны Сувалкаўскім пагадненнем 7.10.1920), аднак у выніку т.зв. бунту Л.Жалігоўскага (8—9.10.1920) і ўтварэння Сярэдняй Літвы Вільня і Віленскі край былі далучаны да Польшчы. Такім чынам, дагавор не быў выкананы ў поўным аб’ёме. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі ў кастр. 1939, карыстаючыся палажэннямі гэтага дагавора, Прэзідыум Вярх. Савета СССР прыняў рашэнне аб перадачы Літве Вільні і Віленскага краю.
Кр.: Документы внешней политики СССР. Т. 3. М., 1959; Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў. Т. 1 (1917—1922 гг.). Мн., 1997.
Літ.:
Коўкель І. Польска-літоўскі канфлікт і роля ў ім беларускіх палітычных партыяў і арганізацыяў (1920—1923 гг.) // Беларусіка = Albaruthenica. Мн., 1994. Кн. 3.