ЛЁСІК (дзявочае Лявіцкая) Ванда Антонаўна

(25.9.1895, г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 8.12.1968),

бел. пісьменніца. Дачка Ядвігіна Ш., жонка Я.Лёсіка. Скончыла Вышэйшае пачатковае вучылішча ў Радашковічах (1914). Працавала ў Мінску ў «Беларускай кнігарні», у гар. б-цы імя А.​Пушкіна, час. «Лучынка» і «Саха», дзіцячым прытулку пры Бел. т-ве дапамогі пацярпелым ад вайны, Першай мінскай бел. школе. У 1933 пакінула Беларусь, выехала да рэпрэсіраванага мужа; жыла ў Ліпецку, у пас. Татарка Стаўрапольскага краю. З 1909 друкавалася ў газ. «Наша ніва», у 1920-я г. ў час. «Зоркі», «Іскры Ільіча». У апавяданнях («Бацькаўшчына», «Сумна, сумна шуміць старушка ліпа...» і інш.) і вершах выказвала замілаванне роднай прыродай. Аўтар успамінаў пра бацьку. Пераклала на бел. мову паасобныя творы М.​Канапніцкай, В.​Чайчанкі і інш.

Тв.:

У кн.: Беларуская дакастрычніцкая проза. Мн., 1965;

Беларуская дакастрычніцкая паэзія. Мн., 1967.

І.​У.​Саламевіч.

т. 9, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІГУ́РЫ (лац. Ligures),

зборная назва стараж. плямён, якія насялялі ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. паўн.-зах. Італію і паўд.-ўсх. Галію. Мяркуюць, што ў 2-м — сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. Л. насялялі б.ч. Італіі, потым іх адцяснілі на ПнЗ італікі. У 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. Л. займаліся жывёлагадоўляй і земляробствам, жылі ва ўмацаваных гарадзішчах, якія паступова ператварыліся ў гандл.-рамесніцкія цэнтры. Грамадскі лад Л. меў характар ваен. дэмакратыі, доўгі час захоўвалася сельская абшчына. У розны час на Л. нападалі кельты і этрускі, з 328 да н.э. яны — аб’ект рым. агрэсіі. Канчаткова падпарадкаваны Рымам толькі пры Аўгусце (14 да н.э.). Большасць сучасных лінгвістаў лічаць мову Л. індаеўрапейскага паходжання. Верагодна, ім належаць наскальныя малюнкі ў Прыморскіх Альпах. Ад Л. атрымала назву гіст. вобласць на ПнЗ Італіі — Лігурыя.

т. 9, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦІНО́ВІЧ (Павел Аркадзевіч) (н. 27.6.1954, Мінск),

бел. паэт, перакладчык. Сын А.Н.Марціновіча. Скончыў БДУ (1976). З 1974 працаваў у Т-ры юнага гледача, у 1978—79 у час. «Вясёлка». Друкуецца з 1969. У зб-ках «Прадвесне» (1975), «Час бурштыну» (1977) паэт. роздум пра гісторыю і культуру роднага краю, пошукі духоўнасці. Піша пародыі, эпіграмы, сатырычныя вершы. Выдаў кн. вершаў для дзяцей «Паспяшайся ў наш звярынец» (1978), «Жыў-быў воўк» (1979), «Дзядзька Сон» (1980), «Сталёвы бусел» (1989). Складальнік кн. «Бурштынавыя пацеркі: Вершы, апавяданні, казкі літ. пісьменнікаў» (1984). На бел. мову перакладае з літ. (аповесці В.​Бубніса «Белы вецер», «Рамунас», абедзве 1978), чэшскай (раман Я.​Козака «Гняздо бусла», 1979), англ. (аповесці А.​Крысці «Нябожчыкава люстэрка», 1988, «Нямейскі леў», 1994; Дж.​Д.​Сэлінджэра «Гэпварт, 16, 1924»; Э.​Хемінгуэя «Стары чалавек і мора», абедзве 1996) і інш. моў.

т. 10, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НО́ВЫ ШЛЯХ»,

часопіс, орган Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі (БНСП). Выдаваўся ў ліст. 1933 — ліст. 1937 у Вільні на бел. мове кірыліцай і лацінкай. Меў падтрымку ведамства замежнай палітыкі Нацыянал-сацыялісцкай рабочай партыі Германіі. Рэдактар-выдавец У.Казлоўскі. Прапагандаваў ідэі нацыянал-сацыялізму, друкаваў дакументы і матэрыялы БНСП, рэзка крытыкаваў нац. і эканам. палітыку, будаўніцтва сацыялізму ў БССР, дзейнасць Камінтэрна і КПЗБ. Шмат увагі аддаваў падзеям у свеце, асабліва ў Германіі, узнімаў праблемы асветы і жыцця бел. вёскі, палемізаваў з час. «Золак», газ. «Наша воля», «Родны край». Змясціў біяграфіі лідэраў БНСП Ф.​Акінчыца, Казлоўскага і К.​Юхневіча, літ. і публіцыстычныя творы, Казлоўскага і А.​Стаповіча, крытычныя агляды асобных нумароў час. «Маладая Беларусь», «Калоссе». Публікаваў хроніку. Выйшла 26 нумароў (апошні ў Лідзе), з іх некат. канфіскаваны. Казлоўскі неаднойчы меў справы з судом. Забаронены польскімі ўладамі.

С.​І.​Ёрш.

т. 11, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗНЯ́К (Янка) (Ян Аляксандравіч; 1887, в. Суботнікі Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. — пасля кастр. 1939),

бел. паліт. і культ. дзеяч, публіцыст; адзін з арганізатараў і лідэраў нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. З 1910-х г. удзельнік бел. гурткоў хрысц.-дэмакр. асветніцкага кірунку. У 1913—15 з А.​Бычкоўскім, Б.​Пачопкам і інш. выдаваў у Вільні каталіцкую газ. «Беларус». У 1918—20 арганіст у Лаварышкаўскім касцёле каля Вільні. Потым у віленскім касцёле св. Яна. З 1928 сакратар Прэзідыума ЦК Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, са студз. 1936 старшыня Прэзідыума ЦК Бел. нац. аб’яднання. У 1928—36 рэдагаваў газ. «Беларуская крыніца». Зазнаў ганенні польскіх улад, грашовыя штрафы, некалькі разоў зняволены ў турме. З 1938 рэдагаваў час. «Хрысціянская думка», дапамагаў у выданні с.-г. час. «Самапомач». У кастр. 1939 арыштаваны сав. органамі і вывезены з Вільні.

т. 11, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСПАЛІ́ТАЕ РУШЭ́ННЕ,

шляхецкае апалчэнне ў феад. Польшчы і ВКЛ (Рэчы Паспалітай); асн. форма арганізацыі ўзбр. сіл дзяржавы, заснаваная на прынцыпе, што кожны шляхціц незалежна ад велічыні маёнтка ў час вайны абавязаны адпраўляцца ў ваенны паход. У ВКЛ з пач. 16 ст. землеўладальнікі ад кожных 8, а з 1566—10 службаў (у службе 2 дымы) выстаўлялі ў войска ўзбр. конніка, а калі зямлі было менш, землеўладальнікі ішлі служыць самі. У П.р. ўваходзілі таксама прывілеяваныя сяляне (асочнікі, стральцы, выбранцы), панцырныя баяры, путныя баяры, мяшчане, якія валодалі зямлёй, казакі, татары і інш. Час ад часу праводзіліся попісы войска Вялікага княства Літоўскага. Колькасць П.р. ВКЛ дасягала 30 тыс. чал. П.р. склікалася соймам, узначальвалася вял. гетманамі Польшчы і ВКЛ, часам каралём. Ужо ў 15 ст. немагчымасць караць шляхту і няздольнасць арганізаваць новыя спосабы вядзення вайны рабілі П.р. малапрыгодным. Існавала да канца 18 ст.

т. 12, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ТНЫЯ БАЯ́РЫ, путныя слугі,

катэгорыя сялян-слуг у ВКЛ у 15—18 ст. Былі ў дзярж., прыватных і царк. уладаннях. У 15—1-й пал. 16 ст. асн. павіннасцямі П.б. былі нясенне ваеннай і кур’ерскай службы, выкананне талок у час жніва і інш. У гэты час дзяржава раздавала П.б. прыватным асобам, а стан П.б. купляўся цяглымі сялянамі (баяры выкупныя). У 18 ст. П.б., якія неслі ваенную і кур’ерскую службы, наз. баярамі, баярамі ліставымі і, асабліва з 2-й пал. 18 ст., зямянамі. Назва «П.б.» замацавалася за баярамі, асн. павіннасцю якіх, дадаткова да чыншу, стала перавозка грузаў унутры і па-за межамі маёнткаў. У сувязі з тым, што ў 17—18 ст. асн. павіннасцю П.б. быў чынш, баярамі сталі называць і інш. катэгорыі сялян, якія плацілі чынш і не выконвалі паншчыны.

А.​Б.​Доўнар.

т. 13, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМІНІ́РАВАННЕ,

разведка (выяўленне) міннаўзрыўных загарод, выняцце або знішчэнне мін, зарадаў, боепрыпасаў і інш. выбухованебяспечных устройстваў, а таксама ачыстка ад іх мясцовасці, акваторыі, збудаванняў і інш. Р. бывае частковае, суцэльнае або кантрольнае, у т. л. ў выпадку т.зв. «несапраўднага (падманнага) мініравання»; праводзяць з дапамогай спецтэхнікі і прыстасаванняў (гл. Мінашукальнік) або ўручную (на вадзе выкарыстоўваюць тральшчыкі). У Беларусі выяўленнем і знішчэннем выбухованебяспечных рэчываў займаюцца інж. войскі і спецпадраздзяленні інш. відаў і родаў войск, а таксама МУС, мін-ва па надзвычайных сітуацыях і інш. У пасляваен. час знойдзена і абясшкоджана каля 27 млн. мін і інш. выбуховых рэчываў (штогод гэты паказчык складае 7—12 тыс. адзінак). Воіны, якія паказалі мужнасць, смеласць, высокі прафесіяналізм, з 1995 узнагароджваюцца нагрудным знакам «За размініраванне». Значнасць Р. павялічваецца ў ходзе вядзення мінных войнаў і барацьбы з тэрарызмам.

І.​А.​Шор.

Воіны-сапёры ў час размініравання. Гродна. 1999.

т. 13, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСАНА́ВІЧУС ((Basanavičius) Іонас) (23.11.1851, в. Ажкабаляй, Літва — 16.2.1927),

літоўскі грамадскі дзеяч, навуковец. Скончыў Маскоўскі ун-т (1879). Засн. першы літоўскі ліберальны час. «Aušra» («Зара», 1883). Ініцыятар стварэння Літоўскага навук. т-ва (1907). Працы па стараж. і сярэдневяковай гісторыі, археалогіі, этнаграфіі, фалькларыстыцы, санітарыі. Сабраў і выдаў 9 тамоў нар. казак і песень.

т. 2, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАКАНЬЕ́РСТВА (франц. braconnier),

незаконнае паляванне; заняцце рыбным, звярыным або інш. здабыўным промыслам у забаронены час, у недазволеных месцах ці забароненымі прыладамі і спосабамі; паляванне на звяроў і птушак, якое поўнасцю забаронена. Паводле бел. заканадаўства парушэнне правілаў аховы жывёльнага свету цягне за сабой адм. або крымін. адказнасць, абавязак пакрыць нанесеныя страты.

т. 3, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)