А́МРЫ,

археал. культура плямёнаў эпохі неаліту і ранняй бронзы (4—3-е тыс. да н.э.), што жылі на тэр. Сінда і Паўд. Белуджыстана (Пакістан). Назва ад паселішча Амры (Сінд). Насельніцтва жыло ў дамах з сырцовай цэглы. Практыкаваліся расчлянёныя пахаванні. Кераміка амры крэмавага ці ружовага колеру, глянцаваная, размаляваная пераважна геам. арнаментам, шахматнымі панэлямі і інш. Прылады вырабляліся са сланцу, радзей — з медзі.

т. 1, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́МФАРА (лац. amphora ад грэч. amphoreus),

у антычных грэкаў і рымлян гліняная або металічная пасудзіна з высокім горлам і 2 вертыкальнымі ручкамі. У амфары трымалі і перавозілі віно, алей, мёд, збожжа. На многіх амфарах ёсць малюнкі, арнаменты, надпісы. Знойдзены на многіх археал. помніках на тэр. Беларусі. На Русі 10—12 ст. вырабляліся амфарападобныя пасудзіны карчагі.

Старажытнагрэчаская чорнафігурная амфара. 6 ст. Да н.э.

т. 1, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АВЕ́СТА»,

збор свяшчэнных кніг зараастрызму ў некаторых стараж. народаў Ірана, Сярэдняй Азіі, Азербайджана і Афганістана. Узнікла, верагодна, у 1-й пал. 1-га тыс. да н.э., агульнапрызнаным канонам стала ў 3—7 ст. Напісана на стараж.-іранскіх дыялектах. Складаецца з рэліг. прадпісанняў, малітваў, гімнаў, мае шмат міфічных элементаў. Выкарыстоўваецца ў богаслужэнні парсаў (Індыя). Раннія часткі «Авесты» прыпісваюцца прароку Заратуштры (Зараастру).

т. 1, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́БЛСКАЕ ПІСЬМО́, біблскае псеўдаіерагліфічнае пісьмо, протабіблскае пісьмо,

пісьмо надпісаў на каменных і бронзавых прадметах, знойдзеных у г. Бібл (цяпер Джубейль) у Ліване. Датуецца канцом 3 — пач. 2-га тыс. да н.э. Было адкрыта М.​Дзюнанам у 1920-я г. Надпісы — схематызаваныя малюнкі жывёл, раслін, пабудоў, лінейных геам. фігур і інш. Накірунак пісьма справа налева. Ёсць меркаванні, што біблскае пісьмо — папярэднік зах.-семіцкага пісьма.

т. 3, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ЎНЯ ШЫ́ЙНАЯ,

старажытнае ўпрыгожанне накшталт абруча з бронзы, білону, серабра, якое насілі на шыі (стараслав. — грыва). Вядома з 2-га тыс. да н.э., на Беларусі з ранняга жал. веку, у 9—13 ст. характэрна для славян і балтаў. З археал. раскопак вядомы пласціністыя (арнаментаваныя насечкамі, часта з падвескамі) і вітыя. Грыўні шыйныя сярэбраныя, зрэдку залатыя, былі адзнакамі ўлады. Асноўная знаходка Казярожскіх скарбаў.

т. 5, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖА́РМА,

шматпластавое паселішча эпохі неаліту (каля 6,5—5 тыс. г. да н.э.) у Паўн. Іраку. Выяўлены глінабітныя прамавугольныя жытлы, часам на каменных падмурках. Асн. заняткі насельніцтва — земляробства (пшаніца, ячмень) і жывёлагадоўля (козы). Знойдзены каменныя прылады працы, гліняныя статуэткі жывёлін і жанчын, керамічны посуд толькі ў верхніх культ. пластах. Дж. — адзін з найб. стараж. у свеце помнікаў вытворнай гаспадаркі.

А.​В.​Іоў.

т. 6, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІКУРА́Т,

ступеньчаты культавы будынак у Стараж. Месапатаміі.

Будавалі З. з сырцовай цэглы ў выглядзе высокай, у некалькі ярусаў (З—7) вежы, якая звужалася ўверсе. Сцены абкладвалі каляровай глазураванай цэглай, кожны паверх меў свой колер (звычайна чорны, чырвоны, белы). Наверсе размяшчалася свяцілішча, да якога ішлі пандусы і прыступкі. Найб. вядомыя З. — Этэменанкі (т. зв. Вавілонская вежа, 7 ст. да н.э.) і Чога-Зенбіль.

т. 7, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНЬ І ЯН,

у старажытнакітайскай міфалогіі і натурфіласофіі цёмны, жаночы пачатак (інь) і супрацьлеглы яму светлы, мужчынскі пачатак (ян). З эпохі Чжоў (1027—256 да н.э.) кітайцы разглядалі неба як увасабленне ян, а зямлю — інь. Увесь працэс светабудовы яны ўяўлялі як вынік узаемадзеяння І. і Я., не проціборства іх, а імкнення адно да аднаго. Сістэму І. і Я. шырока выкарыстоўваў даасізм.

т. 7, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́Н (Kallinos),

старажытнагрэчаскі паэт 1-й пал. 7 ст. да н.э.; заснавальнік элегіі. Нарадзіўся ў г. Эфес (тэр. сучаснай Турцыі). У час уварвання ў М. Азію кімерыйцаў звярнуўся да жыхароў Эфеса з элегіямі, у якіх заклікаў устаць на абарону горада. Зберагліся 4 фрагменты «Ваяўнічай элегіі» (самы вялікі — 21 верш). Аўтар гімна Зеўсу, вершаў на сюжэты нар. паданняў траянскага міфалагічнага цыкла.

т. 7, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТАРНІЯ́ТЫ,

манетападобныя медныя знакі 4—5 ст. н.э. з партрэтамі рымскіх імператараў (ад Калігулы да Антэмія), Аляксандра Македонскага, знакамітых паэтаў, пісьменнікаў і інш.; на адваротным баку сустракаюцца выявы, скапіраваныя са стараж. манет, міфалагічныя сюжэты, цыркавыя сцэны і г.д. К., як правіла чаканіліся і мелі дыяметр 37—38 мм. Прызначэнне К. дакладна не высветлена, часам яны служылі ўзнагародамі ў спарт. спаборніцтвах, талісманамі і інш.

т. 7, с. 604

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)