БЕНГА́ЛІЯ,

гістарычная вобласць у Індыі, у бас. ніжняга цячэння Ганга і дэльты Ганга і Брахмапутры. У старажытнасці розныя часткі Бенгаліі вядомыя пад назвай Анга, Ванга, Гауда і інш. Агульная назва Бенгаліі з’явілася каля 10—12 ст. У 8 — пач. 13 ст. на тэр. Бенгаліі існавалі дзяржавы на чале з дынастыямі Палаў, пазней Сенаў. На пач. 13 ст. Бенгалія ўключана ў Дэлійскі султанат. У сярэдзіне 14 ст. стала незалежная. У 1575 заваявана Вялікімі Маголамі. На пач. 18 ст. на тэр. Бенгаліі ўзнікла самаст. дзяржава. У 1757 падпарадкавана англ. Ост-Індскай кампаніяй. У 1905 падзелена англ. ўладамі на адасобленыя тэр., у 1911 зноў аб’яднана. У 1947 у сувязі з падзелам Брыт. Індыі на самаст. дзяржавы Індыю і Пакістан Зах. Бенгалія адышла да Індыі, Усх. Бенгалія — да Пакістана. У 1971 на тэр. Усх. Бенгаліі створана дзяржава Бангладэш.

т. 3, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́Я,

горад у Паўн. Індыі, у даліне р. Ганг, штат Біхар. Вядомы з сярэдзіны 1-га тысячагоддзя да н.э. Каля 300 тыс. ж. (1994). Трансп. вузел. Прам-сць: баваўняная, вытв-сць шэлаку (сыравіны для лакаў і палітур), перапрацоўка с.-г. прадуктаў. Гая — гіст., рэліг. і культ. цэнтр Стараж. Індыі. Месца паломніцтва індуістаў (гара Гая). Вёска Будх-Гая (за 10 км на Пд) з’яўляецца сусв. цэнтрам паломніцтва будыстаў, дзе, паводле паданняў, Буда ўпершыню выступаў перад людзьмі. Там жа стараж. будыйскі храм Махабодхі.

т. 5, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕГАСФЕ́Н (Megasthenēs; каля 350, Іонія, М. Азія — каля 290 да н.э.),

старажытнагрэчаскі гісторык і этнограф. Па даручэнні Селеўка I Нікатара ў 300—290 да н.э. ўзначальваў пасольства пры двары караля Індыі Чандрагупты. Аўтар твора «Індыка» (у 4 кн., захаваліся дробныя фрагменты), у якім шмат каштоўных звестак пра грамадскі лад, рэлігію, звычаі і гісторыю тагачаснай Індыі, а таксама геагр. інфармацыя, у т. л. першыя звесткі пра Гімалаі. Твор М. выкарыстоўвалі ў сваёй працы ант. гісторыкі Дыядор Сіцылійскі, Страбон, Арыян, Пліній Малодшы.

т. 10, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНО́Н (Крышна) (3.5.1896, г. Калікут, Індыя — 6.10.1974),

індыйскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Скончыў Лонданскую школу эканомікі. У 1929—47 сакратар інд. лігі ў Лондане — мясц. аддзялення Індыйскага нацыянальнага кангрэса ў Вялікабрытаніі. У 1947—52 вярх. камісар (пасол) Індыі ў Вялікабрытаніі. З 1953 чл. інд. парламента. У 1952—62 прадстаўляў Індыю на ген. асамблеях ААН. Разам з Дж.​Нэру адзін са стваральнікаў знешнепаліт. курсу Індыі і ініцыятараў палітыкі недалучэння. З 1957 міністр абароны, пасля кіт.-інд. ўзбр. канфлікту 1962 у адстаўцы.

т. 10, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЭ́РУ (Мацілал) (6.5.1861, Дэлі — 6.2.1931),

дзеяч інд. нац.-вызв. руху. Бацька Дж.Нэру. Скончыў каледж у Алахабадзе. З 1907 адзін з лідэраў Індыйскага нацыянальнага кангрэса (ІНК). Напачатку чл. умеранага крыла ІНК, пасля расстрэлу брыт. войскамі мірнага мітынгу ў Амрытсары (1919) перайшоў на радыкальныя пазіцыі. Разам з М.К.Гандзі ўзначальваў кампаніі грамадз. непадпарадкавання, за што не раз быў арыштаваны брыт. ўладамі. З 1923 адзін з лідэраў свараджысцкай партыі ўнутры ІНК. У 1928 распрацаваў праект канстытуцыі Індыі, які прадугледжваў наданне Індыі статуса дамініёна ў межах Брыт. імперыі.

т. 11, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСА́М,

буйнейшы штат на ПнУ Індыі, каля падножжа Усх. Гімалаяў, амаль цалкам аддзелены ад Індыі краінай Бангладэш. Пл. 78,5 тыс. км². Нас. 22,4 млн. ч. (1991), гарадскога 8,4%. Адм. цэнтр — г. Дыспур. Найб. гарады Гувахаты, Дыбругарх, Тынсукія, Дыгбой. Займае акаймаваныя падножжам Усх. Гімалаяў плато Шылонг і Асама-Бірманскімі гарамі даліну р. Брахмапутра, на якой знаходзіцца буйнейшы ў свеце рачны в-аў Маджулі — цэнтр рэлігійнага паломніцтва.

Клімат трапічны, мусонны, з вельмі вільготным летам. Ападкаў больш за 2000 мм за год (у Асамскіх гарах больш за 10 000 мм за год). Трапічныя вечназялёныя і мяшаныя лясы займаюць больш за ⅓ плошчы Асама. Вядучыя галіны гаспадаркі — вытворчасць чаю і джуту, а таксама рысу, бавоўны, алейных культур. Нафтаздабыча (амаль 50% сырой нафты Індыі) і нафтаперапрацоўка; прадпрыемствы па вытв-сці фанеры, паперы, тары, запалак, мінер. угнаенняў. На ўсх. беразе р. Брахмапутра — нац. парк Казіранга.

З.​М.​Шуканава.

т. 2, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАНГА́Л,

горад на Пд Індыі, у штаце Андхра-Прадэш. Каля 400 тыс. ж. (1990). Цэнтр с.-г. раёна. Вытв-сць баваўняных тканін і дываноў.

т. 3, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БХА́РАТ,

афіцыйная назва Індыі на мове хіндзі. Паходзіць ад стараж.-інд. назвы тэр. племені бхаратаў Бхаратаваршы (міжрэчча Джамны і Сатледж; «краіна ці царства бхаратаў»).

т. 3, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНГА́ЛЬСКАЯ РАЎНІ́НА, Бенгальская нізіна,

усходняя частка Інда-Гангскай раўніны, у Індыі і Бангладэш, па ніжнім цячэнні рэк Ганг і Брахмапутра. Плоская, нізінная. Моцна ўвільготненая.

т. 3, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНАГАМУ́ЖЖА, палівандрыя,

перажытачная форма шлюбу, калі адна жанчына знаходзіцца ў шлюбе адначасова з некалькімі мужчынамі (найчасцей братамі паміж сабой). Сустракаецца у Тыбеце, Паўн. Індыі.

т. 10, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)