Фран, гл. Франскі век (ярус)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Рэт, гл. Рэцкі век (ярус)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫСВЯ́ЦКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рус. стылю. Пабудавана ў 1908 у в. Дрысвяты (Браслаўскі р-н Віцебскай вобл.). У плане падоўжаная па восі ўсход—захад 4-часткавая кампазіцыя: званіца, трапезная, 5-купальны асн. аб’ём, 5-гранная апсіда. Ступеньчатая форма званіцы з паўкруглымі закамарамі, якімі завяршаецца верхні ярус, філёнгавыя пілястры асн. аб’ёму, актыўна прафіляваныя карнізы ствараюць цікавы арх. вобраз.

Дрысвяцкая царква.

т. 6, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУРА́ГА,

тып вежы, адметны цыклапічнай муроўкай. Пашыраны на в-ве Сардзінія з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. да захопу яго Рымам. Уяўляюць сабой умацаваныя жытлы і культавыя месцы. Н. расшыраюцца кнізу, звычайна маюць 2 паверхі. Кожны яе ярус — акруглы пакой, часам з бакавымі памяшканнямі, столь утвараецца ступеньчатым скляпеннем. Многія Н. былі абкружаны дамамі. Выкарыстоўваліся як абарончыя збудаванні, з імі таксама звязаны некропалі Сардзініі.

І.​М.​Язэпенка.

т. 11, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАГА ФІЛІЯ́ЛА РУ́СКА-АЗІЯ́ЦКАГА БА́НКА БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры неакласіцызму. Пабудаваны ў 1910—12 (арх. О.​Мунц). Мураваны 2-павярховы Г-падобны ў плане будынак. Вуглавая частка скругленая, вылучаная цыліндрычнай вежай з купалам. Фасады падзелены карнізнай цягай на 2 ярусы, ніжні ярус апрацаваны рустам. На плоскасці сцен — тонкія ліштвы, маскароны, гірлянды. На вежы, па баках круглага дахавага акна, алегарычныя выявы 2 жаночых фігур у ант. адзенні.

В.​М.​Чарнатаў.

Гомельскага філіяла Руска-Азіяцкага банка будынак.

т. 5, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАНЧА́ (цюрк., ад араб. крэпасць),

вежавая частка будынка супрацьпажарнай аховы ці асобнае вежавае збудаванне ў 2-й пал. 18 — пач. 20 ст. Верхні ярус К. быў адкрыты для лепшага агляду мясцовасці, меў звон, сігнальную мачту. Будавалі К. з цэглы, дрэва, металічных рэек. Драўляная К. звычайна мела каркасную канструкцыю, якую абшывалі дошкамі ці пакідалі адкрытай. К. заўсёды была адметным элементам сілуэтнай кампазіцыі горада. З развіццём сродкаў сувязі і інфармавання роля К. зменшылася.

С.​А.​Сергачоў.

т. 7, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРТЭ́П (стараслав. і стараж.-рус. пячора),

1) украінскі нар. лялечны тэатр. Вядомы з 16 ст., распаўсюджаны ў 17—19 ст. Уяўляў сабой драўляную двух’ярусную скрыню ў выглядзе хаткі. Кожная сцэна-ярус мела проразі для ваджэння лялек. На верхнім паверсе паказвалі сцэны на біблейскія сюжэты, на ніжнім — інтэрмедыі (кароткія камічныя сцэнкі з песнямі і танцамі) свецкага характару. Прадстаўленні вяртэпа па традыцыі ладзіліся на Каляды. Дзеянне суправаджалася музыкай, у т. л. каляднымі песнапеннямі. Блізкі да бел. батлейкі, польск. шопкі, рус. пятрушкі.

2) Слова «вяртэп» ужываецца і для абазначэння трушчобы, прытона.

т. 4, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДГО́Н,

1) слабаразвітыя парасткі збожжавых культур (жыта, пшаніцы, ячменю і інш.), якія ўтвараюцца з вузла кушчэння пазней за асн. парасткі. Адстае ў развіцці, выспявае пазней, дае дробнае зерне або зусім не ўтварае суквеццяў (недагон або падсед); узнікае двух’яруснасць пасеваў. Гэта абцяжарвае збор ураджаю, зніжае яго якасць.

2) Ніжні ярус травастою на лугах і пашах, пустазелля збожжавых культур.

3) Сукупнасць дрэвавых і кустовых раслін, якія ўводзяць у дрэвастой лесу для паскарэння росту ў вышыню і паляпшэння формы ствалоў асн. пароды. На П. выкарыстоўваюць хуткарослыя расліны (бярозу, ляшчыну і інш.).

У.​П.​Пярэднеў.

т. 11, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДРО́СТ,

маладое пакаленне дрэвавых раслін пад полагам лесу або на высечках, здольнае сфарміраваць дрэвастой. Утвараецца шляхам прыроднага аднаўлення відаў мацярынскага дрэвастою (насеннага або парасткавага паходжання) і ў выніку налёту насення інш. відаў дрэў (змена парод). Ствараецца таксама пасадкай. У лясных фітацэнозах часта ўтварае самастойны ярус. На развіццё П. ўплываюць асветленасць, тэмпературныя і глебавыя ўмовы і інш. Адрозніваюць П. па вышыні, таўшчыні, энергіі росту. Жыццяздольнасць, вышыня і ўзрост П. з’яўляюцца крытэрыем пры ацэнцы прыроднага аднаўлення лесу. На Беларусі да П. гасп.-каштоўных парод адносіцца маладое пакаленне хвоі, елкі, дубу, лістоўніцы і інш.

т. 11, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАТФО́РМАВЫ ЧАХО́Л, асадкавы чахол,

верхні структурны ярус платформ, складзены з асадкавых неметамарфізаваных горных парод. Залягае на фундаменце платформавым крышталічным з рэзкай рэгіянальнай структурнай і стратыграфічнай нязгоднасцю. Пласты парод П.ч. залягаюць гарызантальна або паката, паступова мяняюць па плошчы магутнасць (ад адзінак і дзесяткаў метраў на шчытах да тысяч метраў на плітах). Структуры пакатыя (платформавага тыпу) без значных тэктанічных дэфармацый. У складзе П.ч. могуць сустракацца магматычныя ўтварэнні, пераважна вулканічныя пароды трапавай фармацыі. Часам паміж чахлом і фундаментам знаходзяцца адклады прамежкавага паверха, якія звычайна характэрны для маладых платформ.

А.​М.​Каўхута.

т. 12, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)