КАМПІЛАБАКТЭРЫЁЗ, вібрыёз,

інфекцыйная хвароба буйн. раг. жывёлы і авечак, радзей свіней, коз, курэй, чалавека, якая выклікаецца кампілабактэрыямі. Адзначаецца ў многіх краінах, у т. л. на Беларусі. Крыніца інфекцыі — хворыя жывёлы і носьбіты (часцей быкі ці бараны-вытворнікі). У жывёл заражэнне адбываецца палавым або аліментарным шляхам. Хвароба часцей адзначаецца восенню і зімой. Характарызуецца запаленнем слізістых абалонак похвы, маткі, часовай бясплоднасцю, абортамі, затрыманнем паследу. У чалавека К. характарызуецца пашкоджаннем страўнікава-кішачнага тракту. Перадаецца праз ежу, ваду, забруджаныя выдзяленнямі жывёл. Інкубацыйны перыяд 1—2 (іншы раз 6) дні; востры боль, слабасць, моташнасць, ірвота, вадкі стул з прымессю слізі і крыві. Т-ра цела 38—40 °C, боль у мышцах і суставах. К. садзейнічае ўзнікненню хранічнага гастрыту з развіццём язвавай хваробы; можа ўскладняцца пнеўманіяй, артрытам, міякардытам, менінгітам, сепсісам (асабліва ў дзяцей першых месяцаў жыцця). Лячэнне: дэзінтаксікацыйная і сімптаматычная тэрапія.

А.​А.​Астапаў.

т. 7, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТЫ́Т (ад грэч. mastos сасок, грудзі), грудніца,

гнойна-запаленчае захворванне малочнай залозы. У жанчын найчасцей бывае пасля родаў (лактацыйны) ад пападання інфекцыі (стафілакокі, стрэптакокі і інш.) праз трэшчыны саскоў. Узнікненню садзейнічаюць застой малака, ускладненыя роды, агульныя хваробы. Звычайна развіваецца з аднаго боку. Зрэдку хварэюць дзяўчаты і нават мужчыны; бывае таксама М. нованароджаных. Цячэнне вострае, т-ра 38—39 °C, боль, зацвярдзенне і значнае павелічэнне малочнай залозы. Без лячэння ў залозе ўтвараецца балючы інфільтрат (інфільтрацыйны М.), скура чырванее, павялічваюцца падпахавыя лімфавузлы. Бывае таксама флегманозны (нагнаенне інфільтрату) і гангрэнозны (амярцвенне тканак). Лячэнне вострай і інфільтратнай форм тэрапеўтычнае, флегманознай і гангрэнознай хірургічнае. У жывёл М. бывае ў самак млекакормячых, часцей у кароў і коз у першыя тыдні пасля ацёлу (акоту) і ў час запускання. Часцей працякае скрыта. Прыводзіць да зніжэння ці страты малочнай прадукцыйнасці, пагаршэння якасці малака.

Ю.​К.​Малевіч.

т. 10, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОТАСТРАЛКО́ВЫЯ ВО́ЙСКІ,

род сухапутных войск ва ўзбр. сілах шэрагу краін, у т. л. Рэспублікі Беларусь. Складаюцца з мотастралк. злучэнняў (часцей), у якія ўваходзяць мотастралк., артыл., танк. і інш. часці і падраздзяленні. Ва ўзбр. сілах ЗША, ФРГ, Вялікабрытаніі і інш. М.в. называюцца мотапяхотай, пяхотай, механізаванымі войскамі (у СССР існавалі ў 1930—50-я г.).

Першыя падраздзяленні, часці і злучэнні М.в. у Чырв. Арміі пачалі фарміравацца напярэдадні 2-й сусв. вайны. У 1956 у складзе сухапутных войск створаны мотастралковыя (замест стралковых) часці і злучэнні; з 1963 род сухапутных войск.

Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь М.в. складаюцца з мотастралк. часцей і падраздзяленняў. На ўзбраенні М.в. — баявыя машыны пяхоты, танкі, артылерыя і мінамёты, рэактыўныя сістэмы залпавага агню, процітанк. кіроўныя ракетныя комплексы, сродкі ППА, разведкі, кіравання і інш. М.в. здольны весці баявыя дзеянні самастойна і сумесна з інш. родамі войск.

С.​М.​Абрамаў.

т. 10, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРГУЗІ́Н,

мясцовы халодны ўсх. або паўн.-ўсх. вецер тыпу бара, які дзьме пераважна на сярэднюю ч. воз. Байкал з боку даліны р. Баргузін. Скорасць ветру звычайна меншая за 20 м/с, працягласць — менш як суткі, часцей бывае ноччу. Значнай сілы дасягае восенню.

т. 2, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫДЗІМА́ННЕ ПАСЕ́ВАЎ,

выветрыванне верхняга слоя глебы разам з пасеяным насеннем, іншы раз і з усходамі. Часцей выдзімаюцца вясной палі, засеяныя яравымі збожжавымі, шматгадовымі і аднагадовымі травамі, радзей — пасевы азімых увосень. На Беларусі адзначаецца часам на тарфяных і пясчаных глебах. Гл. таксама Эрозія глебы.

т. 4, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПАРАТАМІ́Я, чэравасячэнне,

хірургічная аперацыя разразання брушной поласці. Робіцца пры запаленчых, пухлінных і інш. захворваннях, пры раненнях і пашкоджаннях органаў брушной поласці з лячэбнымі (часам дыягнастычнымі) мэтамі. У залежнасці ад размяшчэння органа, віду аперацыі робяць падоўжныя (часцей сярэдзінныя), папярочныя, касыя і вуглавыя разрэзы.

т. 9, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АВЕРБО́Т»,

1) ступень закупленасці таварнага рынку. Пры залішняй закупленасці цэны дасягаюць вышэйшага ўзроўню і маюць тэндэнцыю да росту, пачынаецца продаж кантрактаў спекулянтамі.

2) Сітуацыя рэзкага росту цэн на які-небудзь тавар у выніку вял. аб’ёму куплі. Тэрмін «Авербот» часцей ужываецца ў адносінах да каштоўных папер.

т. 1, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЯ РАСІ́Я,

афіцыйная назва з 2-й пал. 17 ст. еўрап. часткі Рус. дзяржавы, населенай пераважна рускімі. У царскім тытуле ўжывалася з 16 ст. Як геагр. паняцце ўзнікла ў сувязі з далучэннем да Расіі Левабярэжнай Украіны (Малой Расіі). З 19 ст. часцей выкарыстоўваўся тэрмін Велікаросія.

т. 4, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕ́ТКА (ад франц. palette пласцінка, планка),

1) квадратная або інш. сетка ліній вызначаных памераў на празрыстай аснове для вымярэння плошчы ўчасткаў, часцей крывалінейных контураў, на плане і карце, адліку каардынат і інш. 2) Тонкая каменная плітка з рэльефнымі адлюстраваннямі, характэрная пераважна для мастацтва Стараж. Егіпта.

т. 11, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТОК збожжавы,

пляцоўка для абмалоту і ачысткі збожжа. Звычайна робіцца глінабітным у гумне. На Пн Беларусі — само гумно. Часам Т. наз. земляную (часцей глінабітную) падлогу ў якім-н. памяшканні, напр., у сенцах. Сучасны Т. — крытая пляцоўка, дзе на спец. агрэгатах сушаць і ачышчаюць зерне.

т. 15, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)