ДЗЯРЖА́ЎНЫ КРЭДЫ́Т,

пазыка, у якой пазычальнікам выступае дзяржава, а крэдыторам фіз. або юрыд. асобы. Ажыццяўляецца гал. чынам праз дзярж. пазыкі, аблігацыі, якія рэалізуюцца насельніцтву.

т. 6, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДАЎНІ́ЧАЯ ФІ́ЗІКА,

сукупнасць навуковых дысцыплін, якія вывучаюць фіз. з’явы і працэсы, звязаныя з эксплуатацыяй збудаванняў; галіна прыкладной фізікі. Падзяляецца на будаўнічую кліматалогію, будаўнічую святлатэхніку, будаўнічую цеплатэхніку, буд. акустыку, аэрадынаміку, тэорыю даўгавечнасці буд. канструкцый. Станаўленне будаўнічай фізікі як навукі прыпадае на пач. 20 ст. (раней пытанні будаўнічай фізікі інжынеры і архітэктары вырашалі доследным шляхам). На Беларусі праблемамі будаўнічай фізікі пачалі займацца ў АН Беларусі (А.В.Лыкаў, Б.М.Смольскі), БПІ (Э.Х.Адэльскі), іх распрацоўваюць у БПА (М.Т.Салдаткін, В.Дз.Сізоў, Б.М.Хрусталёў, А.І.Юркоў), НДІ буд. матэрыялаў (Г.С.Гарнашэвіч).

Вызначае ўплыў фіз.-кліматычных і фіз.-хім. атмасферных уздзеянняў на буд. канструкцыі, патрабаванні да матэрыялаў і канструкцый для забеспячэння найб. спрыяльных для чалавека тэмпературна-вільготнасных, акустычных і святлотэхн. умоў.

Б.М.Хрусталёў.

т. 3, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬШАКО́ВА Зоя Францаўна

(25.12.1912, Вільня — 16.1.1996),

бел. спартсменка і трэнер па веласіпедным і канькабежным спорце. Засл. майстар спорту СССР (1952), засл. трэнер Беларусі (1965), засл. дз. фіз. культуры Беларусі (1973). Скончыла Бел. ін-т фіз. культуры (1955). Чэмпіёнка СССР па веласпорце ў каманднай гонцы на трэку (1947—48) і ў шашэйнай каманднай гонцы (1950). З 1951 ст. трэнер па канькабежным спорце (адначасова ст. трэнер зборнай каманды Беларусі). Сярод выхаванцаў Э.Матусевіч.

т. 2, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАВІЦКІ НАСТА́ЎНІЦКІ ІНСТЫТУ́Т.

Існаваў у 1940—55 у г. Баранавічы. Рыхтаваў настаўнікаў 5—7-х кл. агульнаадук. школы. Тэрмін навучання 2 гады. Меў аддзяленні бел. і рус. мовы і л-ры, фіз.-матэм., прыродазнаўча-геагр., гіст., вячэрняе, з 1944/45 навуч. г. падрыхтоўчае і завочнае. Працавалі кафедры гісторыі, педагогікі і псіхалогіі, рус. і бел. мовы, рус. і бел. л-ры, прыродазнаўства і геаграфіі, фізікі, матэматыкі, фіз. выхавання, марксізму-ленінізму.

т. 2, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́НДСБЕРГ Рыгор Самуілавіч

(22.1.1890, г. Волагда, Расія — 2.2.1957),

расійскі фізік, заснавальнік навук. школы па спектраскапіі. Акад. АН СССР (1946). Скончыў Маскоўскі ун-т (1913), працаваў у ім у 1913—15, 1923-Л5 і 1947—51. З 1934 у Фіз. ін-це АН СССР, адначасова з 1951 праф. Маскоўскага фіз.-тэхн. ін-та. Навук. працы па фіз. оптыцы і спектраскапіі. Разам з Л.І.Мандэльштамам (незалежна ад індыйскіх фізікаў Ч.Рамана і К.С.Крышнана) адкрыў камбінацыйнае рассеянне святла на крышталях (1928). Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны метады спектральнага аналізу металаў, сплаваў і арг. сумесей, створаны шэраг спектраскапічных прылад. Аўтар навуч. дапаможніка «Оптыка» і 3-томнага «Элементарнага падручніка фізікі». Дзярж. прэмія СССР 1941.

Тв.:

Избр. труды. М.; Л., 1958.

Літ.:

Г.С.Ландсберг: Очерки и воспоминания. М., 1993.

т. 9, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСМАЛО́ЎСКІ Юрый Міхайлавіч

(н. 5.7.1942, в. Шастакова Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. трэнер па веславанні на байдарках і каноэ. Засл. трэнер Беларусі (1968), засл. трэнер СССР (1970). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1963). З 1964 трэнер старт. т-ва «Працоўныя рэзервы», з 1993 трэнер-выкладчык Рэсп. школы вышэйшага спарт. майстэрства Цэнтра фіз. выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Мін-ва абароны Рэспублікі Беларусь. Сярод выхаванцаў чэмпіёны свету, Еўропы Т.Папова, М.Хахол, Л.Кабакова і інш.

т. 2, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́РНЫ Уладзімір Барысавіч

(н. 11.11.1941, с. Тоцкае Арэнбургскай вобл., Расія),

бел. спартсмен і трэнер (парашутны спорт). Засл. майстар спорту (1973), засл. дзеяч фіз. культуры Беларусі (1976), засл. трэнер СССР (1979). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1962). Чэмпіён свету ў групавым скачку і камандным першынстве (1966), у акрабатычных скачках у асабістым (1968) і камандным (1972—76) пяршынствах. Абсалютны чэмпіён Еўропы (1975), СССР (1972). Чэмпіён СССР (1967, 1971—73, 1977—78). Шматразовы рэкардсмен свету, СССР.

т. 5, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАФІ́ЗІКА

(ад геа... + фізіка),

навука аб фіз. палях Зямлі, фіз. уласцівасцях і будове рэчыва Зямлі і працэсах ва ўсіх геасферах. У вузкім сэнсе геафізіка — навука аб фіз. з’явах у цвёрдых сферах: зямной кары, мантыі Зямлі, ядры Зямлі. Фіз. працэсы ў гідрасферы вывучае гідрафізіка, у атмасферы — фізіка атмасферы.

Элементы натуральнай геафізікі вядомы з прац антычных вучоных. У 17—19 ст. адкрыты асн. законы макраскапічнай фізікі, створаны першыя геафізічныя абсерваторыі. Як комплексная навука геафізіка аформілася ў сярэдзіне 19 ст., у сучасным разуменні — з 1960-х г. Асновы тэорыі і прыкладной геафізікі распрацавалі Д.Ф.Араго, (Францыя), Б.Гутэнберг (ЗША), Х.Джэфрыс (Вялікабрытанія), рус. і сав. вучоныя А.Дз.Архангельскі, Р.А.Гамбурцаў, М.С.Маладзенскі, А.М.Ціханаў, П.П.Лазараў, А.І.Забароўскі, У.У.Фядынскі, Э.Э.Фатыяды і інш. Геафізіка падзяляецца на фізіку Зямлі і пошукава-разведвальную геафізіку (гл. Геафізічная разведка). Фізіка Зямлі — тэарэт. навука, якая фіз. метадамі даследуе глыбінную будову і глыбінныя працэсы Зямлі. У ёй вылучаюцца буйныя раздзелы: геадынаміка, геатэрмія, гравіметрыя, сейсмалогія, геамагнетызм (гл. Зямны магнетызм), геаэлектрыка, даследаванні мінералаў і горных парод пры высокіх ціску і т-рах. Пошукава-разведвальная геафізіка — прыкладная навука, якая фіз. і матэм. метадамі даследуе будову верхняй часткі зямной кары з мэтай пошукаў і разведкі радовішчаў карысных выкапняў, для вырашэння задач гідрагеалогіі і інж. геалогіі. У ёй вылучаюцца структурная (пошукі нафтавых і газавых радовішчаў), рудная (радовішчаў руд і рудных вузлоў) і прамысл. геафізіка (даследаванні геал. разрэзу свідравін). У 1970-я г. вылучылася вылічальная геафізіка, мэта якой — назапашванне, захоўванне і аналіз інфармацыі з шырокім выкарыстаннем ЭВМ. Геафізіка цесна звязана з фіз.-матэм., тэхн. (аўтаматыка, электроніка, кібернетыка, касманаўтыка) і геал. навукамі (геалогія, геахімія, планеталогія, тэктоніка і інш).

На Беларусі геафізіка развіваецца з 1930-х г., калі пачалі праводзіць гравіметрычную і магнітную здымку. З 1950-х г. вядзецца планамернае геафіз. вывучэнне тэр. краіны. Даследаванні праводзяць з 1957 у Геолагаразведачным навукова-даследчым інстытуце, з 1960 у Плешчаніцкай геафізічнай абсерваторыі, з 1971 у Інстытуце геалагічных навук Нац. АН Беларусі, Геафізічнай экспедыцыі і інш. падраздзяленнях ВА «Беларусьгеалогія», а таксама ў Гомельскім дзярж. ун-це і БДУ.

Г.І.Каратаеў.

т. 5, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ВІЧ Юрый Уладзіміравіч

(н. 4.5.1950, в. Селаўшчына Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэарэтычнай механікі. Д-р фіз.-матэм. н. (1992), праф. (1993). Скончыў БДУ (1972). У 1976—94 у НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ. З 1994 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы па механіцы дэфармуемага цвёрдага цела, матэматыцы і акустыцы. Распрацаваў метады рашэння гранічных задач аб пругкай раўнавазе ізатропных і анізатропных плоскіх цел, якія знаходзяцца пад дзеяннем вонкавай нагрузкі і т-ры.

т. 4, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́ЕЎ Мікалай Мікалаевіч

(28.7.1880, с. Курмане Палтаўскай губ. — 31.12.1970),

рускі фізік; стваральнік сав. навук. школы акустыкі і гідраакустыкі. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. 1933). Герой Сац. Працы (1970). Скончыў Базельскі ун-т (1909). З 1912 працаваў у ВНУ і НДІ Масквы і Ленінграда, з 1940 у Фіз., з 1954 у Акустычным ін-тах АН СССР. Навук. працы па фіз. і тэхн. акустыцы і тэорыі ваганняў. Аўтар першай тэорыі распаўсюджвання гуку ў рухомых асяроддзях.

Літ.:

Глекин Г.В. Н.Н.Андреев, 1880—М., 1980.

т. 1, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)