ДАРВА́ЛЬ (Dorval; сапр. Дэланэ, Delauney) Мары (7.1.1798, г. Лар’ян, Францыя — 20.5.1849), французская актрыса. З сям’і правінцыяльных акцёраў. З дзяцінства выступала на сцэне. У 1818—34 у т-ры «Порт-Сен-Мартэн» (адзін з вядучых дэмакр. «тэатраў бульвараў» Парыжа). У 1834—38 у «Камеды Франсэз». Стварала вобразы шчырых, цэльных жанчын, вымушаных адстойваць сваё права на шчасце. Сярод лепшых роляў: Амалія, Лючыя («Трыццаць гадоў, ці Жыццё гульца», «Ламермурсхая нявеста» В.Дзюканжа), Марыён Дэлорм (аднайм. п’еса В.Гюго), Адэль д’Эрвэ («Антоні» А.Дзюма-бацькі), Кіці Бэл («Чатэртан» А. дэ Віньі).
т. 6, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕКУЎРО́Р ((Lecouvreur) Адрыена) (5.4.1692, Дамеры, каля г. Эпернэ, Францыя — 20.3.1730),
французская актрыса. Вучылася дэкламацыі ў акцёра Леграна (Парыж). Выступала ў правінцыі, з 1717 у т-ры «Камеды Франсэз» у Парыжы. Пад уплывам М.Барона першая з франц. актрыс унесла ў акцёрскае выкананне рэаліст. рысы, адмовілася ад напеўнай, знешне эфектнай класіцысцкай дэкламацыі, імкнулася да натуральнасці пластычнага малюнка ролі, рэфармавання сцэн. касцюма. Лепшыя ролі ў трагедыях П.Карнеля — Эмілія («Цына»), Раксана («Іфігенія»), Карнелія («Смерць Пампея») і Ж.Расіна — Федра («Федра»), камедыях Мальера — Анжэліка («Жорж Дандэн»), Алкмена («Амфітрыён») і інш.
т. 9, с. 195
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІШЭ́ЛЬ ((Michel) Луіза) (29.5.1830, замак Уранкур, Францыя — 10,1.1905),
французская рэвалюцыянерка. Удзельніца паўстанняў 31.10.1870 і 22.1.1871. У перыяд Парыжскай Камуны 1871 чл. Камітэта пільнасці 18-й акругі, змагалася на барыкадах супраць версальцаў. Саслана ў Новую Каледонію, адкрыла школу у г. Нумеа, дзе вучыла дзяцей карэнных жыхароў (канакаў). У 1880 вярнулася ў Францыю, удзельнічала ў рабочым руху, была прыхільніцай П.А.Крапоткіна і прапагандавала ідэі анархізму. У 1890—95 у эміграцыі ў Лондане. Аўтар шэрагу раманаў, п’ес, вершаў.
Літ.:
Лурье А.Я. Портреты деятелей Парижской Коммуны. М., 1956;
Неустроева О. Жизнь Луизы Мишель. М.; Л., 1929.
т. 10, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАШЭ́ЛЬ [Rachel; сапр. Фелікс (Félix) Эліза Рашэль; 28.2.1821, Мумпф, Швейцарыя — 3 або 4.1.1858],
французская актрыса. Вучылася ў акцёра і педагога Ж.І.Сансона. У 1837 дэбютавала ў т-ры «Жымназ», у 1838 — у «Камеды Франсэз». З мастацтвам Р. звязана адраджэнне класіцызму на франц. сцэне. Аснову яе рэпертуару склалі ролі ў творах П.Карнеля — Каміла («Гарацый»), Эмілія («Цына»); Ж.Расіна — Федра, Эсфір, Гафалія (аднайм. п’есы), Герміёна («Андрамаха»), Раксана («Баязет»). Творчасці ўласцівы строгасць, пластычная завершанасць формы ў спалучэнні з эмацыянальнасцю, непасрэдным выражэннем пачуццяў. У 1855 пакінула сцэну.
т. 13, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛА́ЙЛ, Карлейль (Carlyle) Томас (4.12.1795, Эклфехан, каля г. Дамфрыс, Вялікабрытанія — 5.2.1881), англійскі філосаф, гісторык, літаратар. Скончыў Эдынбургскі ун-т (1814). Погляды К. фарміраваліся пад уплывам шатл. пурытан і рэліг.-філас. канцэпцыі ням. рамантыкаў. У працы «Героі, шанаванне герояў і гераічнае ў гісторыі» (1841) К. увёў у гістарыясофію і этыку 19 ст. паняцці «героі» і «культ герояў»; на яго думку, свет — гэта эманацыя боскага духа, які найб. ярка выяўляецца ў дзейнасці вял. людзей, а гісторыя — барацьба памкненняў асобных індывідуальнасцей — герояў, што яе ствараюць, пераадольваючы сваёй актыўнасцю і энергіяй супраціўленне мас. У маральна-этычных поглядах быў праціўнікам геданізму, утылітарызму і эгалітарызму; сцвярджаў, што слабыя людзі павінны саступаць мацнейшым, а больш слабыя народы — мацнейшым народам, адкуль рабіў выснову пра тое, што «мае рацыю той, хто перамагае» і матываваў поспехі боскай воляй («Французская рэвалюцыя», 1837; «Пісьмы і прамовы Олівера Кромвеля», 1845). У працы «Гісторыя Фрыдрыха Вялікага» (1858—65) апраўдваў дзейнасць прускага караля Фрыдрыха II, у т. л. называў падзелы Рэчы Паспалітай актам «боскай справядлівасці». У літ. дзейнасці пераважна папулярызаваў у Англіі ням. культуру (пераклады твораў І.В.Гётэ, ням. рамантыкаў, царк. песень М.Лютэра). Апублікаваў аўтабіягр. твор «Sartor Resartus» (1833—34).
Тв.:
Рус. пер. — Французская революция: История. М., 1991;
Теперь и прежде. М., 1994.
Літ.:
Саймонс Дж.Карлейль: Пер. с англ. М., 1981.
Н.К.Мазоўка.
т. 8, с. 73
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНАПА́РТЫ (франц. Bonaparte, італьян. Buonaparte),
французская імператарская дынастыя [1804—14, 1815, 1852—70). Засн. Напалеонам I Банапартам [1804—14, 1815], рэстаўрыравана Напалеонам III [1852—70].
Банапарты — браты Напалеона I, якіх ён паставіў на чале заваяваных ці створаных французамі дзяржаў: Жазеф Банапарт, неапалітанскі кароль [1806—08], кароль Іспаніі [1803—13]; Луі Банапарт, кароль Галандыі [1806—10]; Жэром Банапарт, кароль Вестфаліі [1807—13]. Сёстры Напалеона I: Эліза, прынцэса Лукская і П’ёмбінская [1805—14], вял. герцагіня Тасканская [1809—14]; Паліна, герцагіня Гуастальская (у Італіі) з 1806; Караліна, жонка маршала І.Мюрата, у 1808—15 неапалітанскага караля. Сын Напалеона I Франсуа Шарль Жазеф Банапарт вядомы як Напалеон II. Пасля рэвалюцыі 4.9.1870 дынастыя Банапартаў перастала кіраваць.
т. 2, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖОРЖ (George; сапр. Веймер; Weimer) Маргерыт Жазефін
(23.2.1787, г. Баё, Францыя — 11.1.1867),
французская актрыса. Вучылася ў драм. актрысы Ракур. У 1802—08, 1813—18 выступала ў т-ры «Камеды Франсэз». Выконвала ролі ў класіцысцкіх трагедыях: Герміёна, Раксана, Клітэмнестра («Андрамаха», «Баязет», «Іфігенія ў Аўлідзе» Ж.Расіна), Клеапатра, Медэя («Радагюна», «Медэя» Б.Карнеля), Меропа, Семіраміда (аднайм. п’есы Вальтэра) і інш. Яе мастацтва адлюстроўвала позні перыяд у развіцці класіцызму з характэрнай для яго знешняй пампезнасцю, дэкаратыўнасцю. З 1822 у т-ры «Адэон», у 1830-я г. — адначасова і ў т-ры «Порт-Сен-Мартэн». У 1849 пакінула сцэну.
т. 6, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЫ́РА (Леанід Аляксеевіч) (н. 12.9.1949, в. Негрымава Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. перакладчык, літ.-знавец. Брат А.А.Казыры. Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1972). З 1978 супрацоўнік Ін-та л-ры Нац. АН Беларусі. Даследуе бел.заходнееўрап. літ. сувязі, пытанні маст. перакладу. Пераклаў на бел. мову раманы Ф.Марыяка «Тэрэза Дэскейру» і «Клубок гадзюк» (1985), дэтэктыўны раман Д.Пендлтана «Сіцылійскі набат» (1994) і інш. Складальнік і адзін з перакладчыкаў зб. «Французская навела XX ст.» (1992). Сааўтар. кн. «Беларуская савецкая літаратура за мяжой» (1988), «Англа-беларускага слоўніка грамадска-палітычнай лексікі» (1993).
Л.М.Гарзлік.
т. 7, с. 435
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЯЎРЫ́НА (ад франц. couleuvrin змеепадобны),
1) французская разнавіднасць першых узораў ручной агнястрэльнай зброі (14—16 ст.) тыпу аркебузы. Мела жал. або бронз. ствол, прымацаваны кольцамі да драўлянай ложы, і вузкі выгнуты прыклад; калібр 12,5—22 мм, даўж. 1,2—1,4 м, маса 5—28 кг.
2) Найб. даўгаствольныя (з адноснай даўж. канала ствала 18—50 калібраў) гарматы розных калібраў (42—240 мм), якія ўжываліся для прыцэльнай стральбы на вял. адлегласці ў еўрап. арміях (у т. л. ў арміі ВКЛ) і ваен. флатах у 15—17 ст. У Германіі наз. шланг і гакенбюкс, у Расіі — пішчаль. Гл. іл. пры арт. Зброя.
т. 9, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАФАЕ́Т ((La Fayette; Lafayette) Мары Мадлен дэ) (18.3.1634, Парыж — 25.5.1693),
французская пісьменніца. У раманах «Прынцэса дэ Манпасье» (1622) і «Заіда» (т. 1—2, 1670—77) побач з традыцыямі галантна-гераічнай прозы барока тэндэнцыі да класіцыстычнай прастаты, сцісласці, псіхалагізму. Майстэрствам псіхал. аналізу адметны раман «Прынцэса Клеўская» (т. 1—4, 1678, экранізацыя 1960), у цэнтры якога канфлікт сэрца і розуму, пачуцця і маральнага абавязку. Аўтар гіст. кніг «Апісанне жыцця Генрыеты Англійскай» (1720), «Мемуары французскага двара за 1688 і 1689 гады» (1731). Творчасць Л. паўплывала на развіццё франц. рамана 18—19 ст.
Тв.:
Рус. пер. — Принцесса Клевская. М., 1959.
Г.В.Сініла.
т. 9, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)