ВЕ́ТРЫНСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—31 і 1935—60. Утвораны 17.7.1924 у складзе Полацкай акр. (да 26.7.1930). Пл. 913 км², нас. 34,9 тыс. чал. (1925). 821 нас. пункт. Цэнтр раёна — г.п. Ветрына. Падзяляўся на 12 сельсаветаў. 8.7.1931 раён скасаваны, яго тэр. далучана да Полацкага р-на. 12.2.1935 адноўлены. Пл. новага раёна 1,1 тыс. км². З 21.6.1935 у складзе Полацкай акр., з 20.2.1938 — Віцебскай вобл., з 20.9.1944 — Полацкай вобл. 20.1.1960 скасаваны, яго тэр. перададзена ў склад Ушацкага і Полацкага р-наў.

т. 4, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАГРА́ФІЯ ПРАЦО́ЎНЫХ РЭСУ́РСАЎ,

раздзел геаграфіі насельніцтва, вывучае тэр. структуру працоўных рэсурсаў, у т. л. тэр. адрозненні ў іх складзе, умовах узнаўлення і выкарыстання. Даследуюцца таксама адрозненні ва ўзростава-палавым і прафесійным складзе, узроўні кваліфікацыі, ступені выкарыстання прац. рэсурсаў у нар. Гаспадарцы, размеркаванні занятых па галінах гаспадаркі, гадавую загрузку працоўных (у сезонных ваганнях занятасці).

т. 5, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАУ́РЫЯ, Даурская зямля,

руская назва ч. тэр. Забайкалля і (да 17 ст.) зах. Прыамур’я. Да сярэдзіны 17 ст. была населена даурамі (дахурамі). Тэр. паўд. Забайкалля ад воз. Байкал да Ябланавага хр. называюць Байкальскай Д., яе ч. на У ад Ябланавага хр.Нерчынскай Д., самую паўд. ч. на У ад ракі Селенга — Селенгінскай Д.

т. 6, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́СЕНСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1940—59. Утвораны 15.1.1940 у Вілейскай вобл. Цэнтр — г. Дзісна. 12.10.1940 падзелены на 12 сельсаветаў. Пл. 800 км2, 1 горад і 560 сельскіх нас. пунктаў (1947). З 20.9.1944 у Полацкай, з 8.1.1954 у Маладзечанскай абласцях. Скасаваны 3.10.1959, тэр. перададзена ў Міёрскі і Пліскі р-ны.

т. 6, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́МБІНСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—27. Утвораны 17.7.1924 у Барысаўскай акрузе. Цэнтр — мяст. Зембін. У 1925 пл. 917 км2, 30 154 ж., 285 нас. пунктаў. 20.8.1924 падзелены на 7 сельсаветаў. З 9.6.1927 у Мінскай акрузе. 22.9.1927 З.р. скасаваны, яго тэр. перададзена ў Плешчаніцкі, Бягомльскі і Лагойскі р-ны.

т. 7, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУХА́РСКАЯ НАРО́ДНАЯ САВЕ́ЦКАЯ РЭСПУ́БЛІКА

(БНСР),

дзяржава ў Сярэдняй Азіі ў 1920—24. Утворана на тэр. Бухарскага эмірата ў выніку перамогі нар. паўстання (2.9.1920), падтрыманага Чырв. Арміяй. 14 вер. сфарміраваны вышэйшыя органы ўлады — Усебухарскі рэўком і Савет нар. назіраў (камісараў). 8 кастр. на 1-м Усебухарскім курултаі (з’ездзе) нар. прадстаўнікоў абвешчана БНСР. 4.3.1921 паміж РСФСР і БНСР падпісаны саюзны дагавор і эканам. пагадненне. Канстытуцыя БНСР 1921 заканадаўча замацавала пераход улады ў рукі Саветаў нар. дэпутатаў; яе адметная рыса — прызнанне права прыватнай уласнасці на зямлю і асн. прылады працы і сродкі вытв-сці. У 1920—23 на тэр. БНСР разгарнуўся антысав. рух (гл. Басмацтва), пад кантролем басмачоў знаходзілася значная частка тэр. рэспублікі. 19.9.1924 БНСР пераўтворана ў Бухарскую ССР, ліквідаваную 24.10.1924. Яе тэр. ўвайшла ў склад Узб. ССР, Туркм. ССР і Тадж. ССР.

т. 3, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛЬГАЛАНД

(Helgoland),

востраў у Паўночным м.; тэр. Германіі. Пл. 0,9 км². Выш. да 56 м. Кліматычны курорт. Турызм.

т. 5, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́БЛАСЦЬ,

буйная адзінка адм.-тэр. ці нац.-тэр. падзелу. 1) У дарэв. Расіі вобласць (найчасцей на ўскраіне Расіі) адпавядала губерні. У 1917 у Рас. імперыі была 21 вобласць: 18 абласцей у Сібіры, Сярэдняй Азіі, на Каўказе і 3 асобныя вобласці (Войска Данскога, Уральская і Тургайская). У СССР асн. адм.-тэр. адзінка. У 1987 былі 123 вобласці, у т. л. 8 аўтаномных. Пасля распаду СССР абласны падзел захаваўся ў Казахстане, Кыргызстане, Рас. Федэрацыі, Узбекістане, на Украіне.

2) Адм.-тэр. адзінка ў Рэспубліцы Беларусь. Орган дзярж. улады — абл. Савет дэпутатаў, выканаўчы і распарадчы орган — абл. выканаўчы к-т.

Абласны адм.-тэр. падзел уведзены ў 1938 (Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Мінская і Палеская). Пасля ўключэння ў БССР Зах. Беларусі (1939) створаны Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская (з 1944 Маладзечанская) і Пінская вобласці. У 1944 б.ч. Беластоцкай вобласці перададзена Польшчы, утвораны Бабруйская, Гродзенская і Полацкая вобл. У сувязі з узбуйненнем абласцей у 1954 скасаваны Бабруйская, Баранавіцкая, Палеская, Пінская і Полацкая, а ў 1960 і Маладзечанская. На 1.1.1997 у Рэспубліцы Беларусь 6 абласцей: Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская і Мінская (гл. адпаведныя артыкулы).

т. 4, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛАЕ́Т, вілаят,

адм.-тэр. адзінка ў некаторых краінах Паўн. Афрыкі, Б. і Сярэдняга Усходу (Алжыр, Туніс, Афганістан і інш.).

т. 4, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РКАВІЦКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1929—31. Утвораны 17.7.1924 як Валынецкі раён. 9.3.1929 перайменаваны ў Боркавіцкі раён. Да 26.7.1930 у складзе Полацкай акругі. Цэнтр — чыг. ст. Боркавічы. Пл. раёна 833 км², 558 нас. пунктаў з насельніцтвам 28 766 чал. (на 1.1.1925). Падзяляўся на 9 сельсаветаў. Скасаваны 8.7.1931, тэр. раёна перададзена ў Дрысенскі і Полацкі р-ны.

т. 3, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)