паўзамкнёнае мора Індыйскага ак. паміж паўастравамі Індастан на У і Аравійскім на З. Абмывае берагі Самалі, Джыбуці, Йемена, Амана, ААЭ, Саудаўскай Аравіі, Кувейта, Ірака, Ірана, Пакістана, Індыі. Пл. 4832 тыс.км². Сярэдняя глыб. 2734 м, найб. 5803 м. Берагі высокія, скалістыя, месцамі нізінныя дэльтавыя, парэзаныя залівамі і бухтамі. Найб. залівы: Адэнскі на З (злучаецца Баб-эль-Мандэбскім пралівам з Чырвоным м.), Аманскі на ПнЗ (злучаецца Армузскім пралівам з Персідскім залівам), Кач і Камбейскі на ПнУ. Найб. а-вы: Сакотра і Лакадыўскія. У Аравійскае мора ўпадае р.Інд. Рэльеф дна выраўнаваны, агульны нахіл з Пн на Пд; на З падводны хр. Мары. Клімат трапічны мусонны. Частыя тайфуны. Сярэдняя т-ра вады на паверхні зімой 22—27 °C летам 23—28 °C. Салёнасць 35,8—36,57 ‰. Прылівы паўсутачныя (да 5,1 м). Фауна: дзюгонь, лятучыя рыбы, тунец, меч-рыба, паўд. селядзец, рыфавыя рыбы, паруснікі і інш.Гал. парты: Бамбей (Індыя), Карачы (Пакістан), Адэн (Йемен).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАКА́МА (Atacama),
пустыня ў Паўд. Амерыцы, на Пн Чылі, уздоўж Ціхаакіянскага ўзбярэжжа. Даўж. каля 1000 км. Уключае Берагавую Кардыльеру (выш. да 3200 м), зах. схілы Кардыльеры-Дамейкі (да 4325 м) і паміж імі Падоўжаную даліну (выш. каля 500 м). Пераважаюць камяністыя і друзавата-галечнікавыя абшары, месцамі рухомыя пяскі. Радовішчы салетры, буры, ёду, кухоннай солі, медных рудаў.
Клімат трапічны, пасатны, адносна халаднаваты пад уздзеяннем халоднага Перуанскага цячэння. На ўзбярэжжы сярэдняя т-растудз. 19—20 °C, ліп. 13—14 °C, у Падоўжанай даліне адпаведна 22—23 °C і 11—12 °C. Ападкаў менш за 50 мм за год (полюс сухасці мацерыка). Для ўзбярэжжа Атакамы зімой і вясной характэрны высокая адносная вільготнасць, якая дасягае 82%, частыя туманы і імжа. Вадацёкаў мала, у Ціхі ак. упадае р. Лоа. Укрыта пяскамі і саланчакамі; рэдкія ксерафітныя хмызнякі, кактусы. Жывёльны свет: агуарачай, браняносец, чарапахі, змеі, яшчаркі; з птушак — грыф, трусіная сава, мухалоўка, калібры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ БЕНГА́ЛІЯ,
штат на У Індыі, каля берагоў Бенгальскага зал., у зах.ч. дэльты Ганга. Пл. 88 тыс.км². Нас. каля 75 млн.чал. (1995), каля 85% — бенгальцы. Адм. і гал.прамысл. цэнтр — г.Калькута. Паверхня — нізінная алювіяльная раўніна (каля 90% пл.), на З — участкі ўзвышшаў, на крайняй Пн — адгор’і Гімалаяў (да 4 тыс.м). Клімат трапічны вільготны (ападкаў 1400—1800 мм за год). Перыяд дажджоў у чэрв.—кастрычніку. Развіта здабыча каменнага вугалю (бас. Ранігандж), чорная металургія, джутавая, металаапр., маш.-буд. (прамысл. абсталяванне, электрапрылады, судны, чыг. цягнікі і вагоны, аўтамабілі, матацыклы), хім. (пластмасавыя і гумавыя вырабы, хім.-фармацэўтычныя прэпараты, лакі і фарбы), баваўняная, трыкат., шкляная, гарбарна-абутковая, паліграф., харчасмакавая прам-сць. Пад пасяўнымі плошчамі больш за 60% тэр., каля ⅓ з іх арашаецца. Вырошчваюць рыс (каля 80—90% усёй пасяўной плошчы). Агародніцтва, бульбаводства, пладаводства; пасевы гарчыцы, рапсу, бабовых, тытуню, кукурузы, з тэхн. культур — джут (каля палавіны вытв-сці ў Індыі), кенаф, чай (на Пн). Рыбалоўства ў сажалках, рэках, моры. Транспарт чыг. і ўнутр. водны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЮ́СЮ,
востраў на Пд Японіі. Пл. каля 42 тыс.км². Нас. 13,3 млн.чал. (1992). Абмываецца на У Ціхім ак., на ПнУ — Унугр. Японскім м., на З — Усх.-Кітайскім м.Усх. бераг прамалінейны, астатнія моцна парэзаныя бухтамі, залівамі. Паверхня гарыстая, выш. да 1788 м (вулкан Кудзю). На З і ПнЗ нізінныя алювіяльныя раўніны. Горы складзены пераважна з гранітаў, сланцаў, вулканічных парод; узгоркі і нізіны з пясчанікаў і кангламератаў. Радовішчы каменнага вугалю. Актыўна дзеючыя вулканы (Аса, Кірысіма і інш.). Шмат гарачых крыніц. Частыя землетрасенні (найб. моцныя ў 1909, 1961, 1968). Клімат субтрапічны, на Пдтрапічны мусонны. Т-ра паветра ў гарах у студз. каля 0 °C, на прыбярэжных раўнінах 10 °C, у ліп. адпаведна 15 і 28 °C. Ападкаў да 300 мм за год. Тайфуны. Рэкі выкарыстоўваюцца для арашэння. Вечназялёныя і лістападныя лясы, лугі. Вырошчваюць рыс, збожжавыя, цукр. трыснёг, цытрусавыя, тытунь. Гарады: Кітакюсю, Фукуока, Кагосіма, Кумамота, Нагасакі. Нац. паркі: Асо, Кірысіма—Яку, Сайкай і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУБІ́ЙСКАЯ ПУСТЫ́НЯ,
пустыня ў Афрыцы, пераважна ў Судане, паміж р. Ніл і Чырвоным м., ад якога яе аддзяляе хрыбет Этбай. Размешчана на плато, што прыступкамі зніжаецца з У на З ад 1000 да 350 м. Шматлікія невысокія (1240 м) горы і масівы. Стараж.крышт. пароды на У выходзяць на паверхню, у зах.ч. перакрыты пяскамі, сабранымі ў дзюнныя грады. Трапляюцца ўчасткі камяністых і галечна-друзавых гамад.
Плато расчлянёна вял. колькасцю сухіх рэчышчаў рэк — вадзі. Клімат трапічны кантынентальны. Ападкаў каля 25 мм, гадамі не бывае. Сярэднія т-ры ліп. вышэй за 30 °C; макс.т-ра больш за 40 °C, сярэднія т-ры студз. 15 °C, абсалютны мінімум -2 °C. Рэзкія сутачныя перапады т-р прыводзяць да інтэнсіўнага выветрывання. Расліннае покрыва вельмі беднае, месцамі поўнасцю адсутнічае. Сустракаюцца ксерафітныя злакі (арыстыда), калючыя хмызнякі і паўхмызнякі (джузгун, тамарыск, сахарскі дрок, парналіставік, рэамюрыя). Жывёлагадоўля. Праз Н.п. праходзяць чыгунка і аўтастрада, якія звязваюць гарады Вадзі-Хальфа і Абу-Хамед на р. Ніл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАН-ЧА́КА (ісп. Gran Chaco),
прыродная вобласць у цэнтры Паўд. Амерыкі, у Балівіі, Парагваі і Аргенціне. Абмежавана рэкамі Парагвай і Парана на У і Андамі на З. Займае Лаплацкі тэктанічны прагін і складзена з алювіяльных нізін выш. 50—70 м на У і з акумулятыўных раўнін выш. 500—600 м на З. Клімат на б.ч.тэр.трапічны, з вільготным летам. Сярэднія т-ры ліп. ад 12 да 21 °C, студз. ад 26 да 30 °C (макс. да 47 °C, самая высокая на мацерыку). Ападкаў ад 500 да 1200 мм за год. Рачная сетка развіта пераважна на З і У; асн. рэкі Парагвай і Парана — транзітныя, з рэзкімі летнімі паводкамі; унутр. раёны пазбаўлены паверхневага сцёку. У перадгор’ях шмат балот, участкі саланчакоў. Пераважаюць сухія рэдкалессі, т.зв. лясы Чака (кебрача, альгароба, гуаякан, тэкома, мімоза і інш.), уздоўж рэк — чаньяр, васковая пальма на карычнева-чырвоных глебах. Жывёльны свет вельмі багаты: тапіры, пекары, нутрыі, браняносцы, балотны алень, ягуар, пума; шмат птушак, паўзуноў і насякомых. Авечкагадоўля. Баваўнаводства. Лесараспрацоўкі; вытв-сць дубільнага экстракту кебрача. Паляванне. На ПнЗ Аргенціны здабыча і перапрацоўка нафты і газу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНА́РСКІЯ АСТРАВЫ́ (ісп. Islas Canarias),
аўтаномная вобласць Іспаніі на аднайм. астравах у Атлантычным ак., за 100—120 км ад паўн.-зах. берагоў Афрыкі. Пл. 7,3 тыс.км². Нас. 1,5 млн.чал. (1991). Адм. ц. — г.Лас-Пальмас. Падзяляюцца на 2 правінцыі: Лас-Пальмас і Санта-Крус-дэ-Тэнерыфе. Найб. астравы: Гран-Канарыя, Тэнерыфе, Фуэртэвентура, Лансаротэ. Вулканічныя гарыстыя астравы, складзеныя з базальтаў. Характэрны патухлыя і дзеючыя вулканы. Выш. да 3718 м (дзеючы вулкан Тэйдэ на в-ве Тэнерыфе). Клімат трапічны, пасатны. Ападкаў 300—500 мм за год. Вечназялёная лясная і хмызняковая расліннасць. Нац. паркі: Тэйдэ, Тыманфая, Кальдэра-дэ-Табурыентэ, Гараханай. Насельніцтва занята гал.ч. ў сферы абслугоўвання і сельскай гаспадарцы. Астравы — буйны цэнтр марскіх курортаў і міжнар. турызму. Абслугоўванне турыстаў і адпачываючых — гал. галіна эканомікі. Найважнейшыя с.-г. культуры — бананы, вінаград, памідоры, бульба, тытунь і гародніна; развіта рыбалоўства (каля 15% агульнаісп. ўлову). Прам-сць: нафтаперапр., хім., харчасмакавая (асабліва плодакансервавая і рыбаперапр.), металаапрацоўчая. Вінаробства. Транспарт марскі і аўтамабільны. Парты Лас-Пальмас і Санта-Крус-дэ-Тэнерыфе — бункерныя базы і суднарамонтныя цэнтры міжнар. значэння. 2 міжнар. аэрапорты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВІ́НСЛЕНД (Queensland),
штат на ПнУ Аўстраліі. Пл. 1727,5 тыс.км². Нас. 3,1 млн.чал. (1993), з іх каля 80% гарадскога. Адм. ц. — г.Брысбен. Усх. частка К. занятая Вялікім Водападзельным хрыбтом (выш. да 1611 м), зах. — нізіннай раўнінай. Клімат субэкватарыяльны (на Пн) і трапічны (на Пд). На ўсх. схілах гор і прыбярэжнай нізіне выпадае каля 2 тыс.мм ападкаў, месцамі да 2,5 тыс.мм. У гарах захаваліся ўчасткі трапічных і субтрапічных лясоў. Для зах. раёнаў характэрны саванны і пустыні. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля. На долю К. прыпадае каля 1/3 агульнааўстралійскага пагалоўя буйн. раг. жывёлы, каля 10% авечак, каля 20% свіней. На прыбярэжных раўнінах пасадкі цукр. трыснягу, трапічных фруктаў (ананасаў, бананаў, папайі, манга і інш.). На зах. схілах гор — пасевы пшаніцы і кукурузы, часта ў спалучэнні з малочнай жывёлагадоўляй. Развіта горназдабыўная прам-сць. Значная здабыча медзі, баксітаў, цынку, свінцу, рутылу, цыркону, каменнага вугалю, вальфраму, золата, урану, волава, жал. руды і інш.Маш.-буд., хім., харч., прам-сць. Транспарт аўтамабільны, чыг., марскі. Гал.індустр. цэнтры: Брысбен, Гладстан, Таўнсвіл, Ракгемптан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВЕ́ТРАНЫЯ АСТРАВЫ́, Паўднёва-Антыльскія астравы (галандская назва Benedenwindse Eilanden, ісп. — Islas Sotavento),
паўднёвая частка архіпелага Малыя Антыльскія астравы на З ад 64°зах. д. Складаюцца з а-воў: Аруба, Кюрасао, Банайрэ (уваходзяць у Нідэрландскія Антыльскія а-вы), Авес, Лос-Рокес, Арчыла, Бланкілья, Лос-Эрманас (уваходзяць у склад Венесуэлы на правах федэральных уладанняў). Назва П.а. тлумачыцца падветраным становішчам астравоў у адносінах да паўн.-ўсх. пасату. Пл. каля 1,2 тыс.км². Нас. каля 370 тыс.чал. (1999). Буйныя астравы ўзгоркаватыя (выш. да 372 м на в-ве Кюрасао), складзены з крышт. і метамарфічных сланцаў, перакрытых вулканічнымі і вапняковымі адкладамі. Дробныя астравы каралавыя, нізінныя. Клімат трапічны, засушлівы. Сярэднія т-ры 26—28 °C, ападкаў 500—600 мм за год. Сухія лясы і ксерафітныя хмызнякі. Плантацыі сорга, арахісу, бататаў, бананаў, цытрусавых. Гадуюць коз і авечак. Нафтаперапрацоўка (нідэрландская ч. П.а.). Буйнейшыя гарады — Вілемстад (в-аў Кюрасао), Араньестад (в-аў Аруба). А-вы Лос-Рокес аб’яўлены Нац. паркам (1973). Адкрыты ў 1499 мараплаўцамі А.Ахедам і А.Веспучы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСТ-І́НДЫЯ (West Indies),
агульная назва астравоў Атлантычнага ак. паміж мацерыкамі Паўн. і Паўд. Амерыкі. Агульная пл. каля 240 тыс.км². Нас. больш як 35 млн.чал. (1993). Астравы выцягнуты дугой на 3500 км. Уваходзяць у склад Лацінскай Амерыкі. Вест-Індыя ўключае: Багамскія, Вялікія Антыльскія астравы, Малыя Антыльскія астравы, Трынідад, Табага і інш. а-вы; найб. — в-аў Куба. Рэльеф моцна расчлянёны, пераважна гарысты. Выш. да 3175 км (на в-ве Гаіці). Рэгіён моцна сейсмічны (акрамя раўніннай часткі Кубы), шмат дзеючых і патухлых вулканаў (Суфрыер, Мантань-Пеле і інш.). Радовішчы марганцавай і жал. руды, храмітаў, нафты, баксітаў, фасфарытаў і інш. Клімат трапічны пасатны. На раўнінах вырошчваюць цукр. трыснёг, трапічныя культуры, у гарах ёсць участкі вечназялёных і лістападных лясоў, другасныя саванны. На астравах Вест-Індыі размешчаны дзяржавы: Антыгуа і Барбуда, Багамскія Астравы, Барбадас, Гаіці, Грэнада, Дамініка, Дамініканская Рэспубліка, Куба, Сент-Вінсент і Грэнадзіны, Сент-Кітс і Невіс, Сент-Люсія, Трынідад і Табага, Ямайка, а таксама шэраг уладанняў Вялікабрытаніі, ЗША, Нідэрландаў і Францыі. Астравы адкрыты Х.Калумбам (1492—1502) і да пач. 16 ст. памылкова лічыліся часткай Азіі. Названы пазней у адрозненне ад Ост-Індыі.