КАРЛ МАРТЭ́Л (Carolus Martellus, ад позналац. martellus молат; каля 688—22.10.741),

маярдом (правіцель) Франкскай дзяржавы [715—741], палкаводзец. Зроду Піпінідаў (пазней наз Каралінгамі). Сын і пераемнік Піліна Герыстальскага (п. у 714), бацька Піпіна Кароткага, дзед Карла Вялікага. Разбіў сілы знаці Нейстрыі (716—717), што паўстала, герцагаў Аквітаніі і ўладальнікаў Праванса, падпарадкаваў і абклаў данінай зарэйнскія стараж.-герм. плямёны фрызаў (733—734), саксаў, алеманаў, бавараў. Каб прыцягнуць на службу ў сваё войска васалаў, правёў бенефіцыяльную рэформу (замена алода бенефіцыем). У выніку вырашальнай бітвы пры Пуацье (732) спыніў прасоўванне арабаў у Еўропу. Клапаціўся аб асвеце і прапагандзе хрысціянства.

т. 8, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕГРЭ́ЛЬСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1857 Выклікана рэзкім узмацненнем феад. эксплуатацыі прыгонных сялян падуладнага Расіі Мегрэльскага княства (на З Грузіі) пасля Крымскай вайны 1853—56. Пачалося ў канцы 1856 пад кіраўніцтвам каваля У.​Мікавы. 24 мая сяляне (10—20 тыс. чал.) захапілі цэнтр княства г. Зугдыды, адмовіліся выконваць феад. павіннасці, патрабавалі скасавання ўлады мясц. князёў і перадзелу памешчыцкіх зямель, спадзеючыся пры гэтым на заступніцтва рас. цара. Паўстанне задушана ў вер. 1857 рас. войскамі і атрадамі памешчыкаў, 38 кіраўнікоў сасланы ў глыб Расіі. Рас. ўлады ўвялі ў Мегрэльскім княстве сваё кіраванне і пачалі падрыхтоўку да адмены прыгоннага права ў Грузіі.

т. 10, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАКІ́Т (сапр. Болтач) Валянцін Уладзіміравіч

(н. 7.10.1938, в. Вострава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1966), Вышэйшую парт. школу пры ЦК КПСС (1974). Працаваў журналістам, на парт. рабоце. З 1987 гал. рэдактар час. «Вожык». Друкуецца з 1960. У аповесці «Час прылёту журавоў» (1978) паказвае няпростыя пошукі ісціны, актыўную жыццёвую пазіцыю нашых сучаснікаў. Складаныя працэсы ў сучасных горадзе і вёсцы раскрывае ў аповесцях «Адчай» (1979), «Вяселле ў Беражках» (1980), «Шануй імя сваё» (1981), «Усмешка фартуны» (1982), і інш. Яго цікавяць праблемы духоўнай спадчыны, асабістай адказнасці чалавека перад сабой і сваім часам. Аўтар зб. гумарыст. апавяданняў «Вынаходнік» (1974).

Тв.:

Вырай. Мн., 1986;

Аповесці. Мн., 1988.

т. 3, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎСТРА-ФРАНЦУ́ЗСКАЯ ВАЙНА́ 1809,

вайна Аўстрыі за вызваленне ад франц. панавання. Рыхтуючыся да вайны, Аўстрыя ўступіла ў саюз з Англіяй (т.зв. 5-я антыфранц. Кааліцыя). 10 крас. яе армія нанесла ў Баварыі ўдар па групоўцы франц. войскаў. Напалеон перакінуў у раён баявых дзеянняў буйныя сілы, і ў баях 19—23 крас. аўстр. армія панесла значныя страты (каля 45 тыс. чал.). Гонячы праціўніка, французы 13 мая занялі Вену, аўстрыйцы нанеслі 21—22 мая каля Асперна і Эслінга паражэнне французам. У рашаючай бітве 5—6 ліп. пры Ваграме перамаглі франц. войскі. Аўстрыя прызнала сваё паражэнне і 14 кастр. 1809 падпісала Шонбрунскі мір, які замацоўваў яе залежнасць ад Францыі.

т. 2, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗІЯ́ЦКАЯ САРАНЧА́ (Locusta migratoria migratoria),

падвід насякомых атр. прамакрылых. Пашырана ў Паўд. Еўропе, Азіі і Паўн. Афрыцы.

Даўж. цела дарослых насякомых 3,5—6 см. Шэра-жаўтавата-зялёныя або зялёныя, надкрыллі ў бурых плямах. У залежнасці ад колькасці і канцэнтрацыі асобін утвараюцца стадная і адзіночная фазы. Лічынкі адзіночнай фазы зялёныя, жоўтыя, чорныя, стаднай — аранжавыя з чорнымі плямамі. Асобіны стаднай фазы ўтвараюць кулігі (шчыльная вял. колькасць лічынак) і чароды (вял. колькасць дарослых). Робіць пералёты на сотні кіламетраў. Вельмі шкодзіць с.-г. і дзікарослым раслінам. Кожны экз. за сваё жыццё з’ядае 300 г расліннай масы.

Азіяцкая саранча. 1 — дарослая; 2 — адзіночная форма лічынкі; 3 — стадыя фаза лічынкі.

т. 1, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГРАМА́ДСКІ ГО́ЛАС»,

газета Беларускай часовай рады (БЧР) — паліт. аб’яднання польскай арыентацыі ў Зах. Беларусі. Выдавалася штотыднёва з 22.6.1924 да 28.1.1926 у Вільні на бел. мове. Крытычна ставілася да эміграцыйнага ўрада Бел. Нар. Рэспублікі і ўрада Сав. Беларусі, прапагандавала ідэю згуртавання грамадскіх сіл, адзінага нац. фронту. Памяркоўна крытыкавала палітыку польск. ўрада, асвятляла праблемы царквы на Беларусі. Змяшчала матэрыялы пра творчасць Я.​Купалы, М.​Багдановіча, пра стан бел. мастацтва, дзейнасць Бел. аб’яднанага т-ра, аб праблемах бел. мовы. Публікавала маст. творы і пераклады на бел. мову з інш. моў. З уздымам нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі спыніла сваё існаванне.

А.​С.​Ліс.

т. 5, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУГЕНВІ́ЛЬ ((Bougainville) Луі Антуан дэ) (11.11.1729, Парыж — 31.8.1811),

французскі мараплавец. У 1763—65 даследаваў Фалклендскія а-вы. У 1766—69 на караблях «Будзёз» і «Этуаль» узначаліў 1-ю франц. кругасветную экспедыцыю, у час якой адкрыў (1768) у Ціхім ак. некалькі астравоў у архіпелагах Туамоту і Луізіяда. Паўторна адкрыў Саламонавы а-вы, да якіх даплыў у 1568 іспанец А.​Менданья дэ Нейра (з таго часу іх не ўдавалася выявіць). Сваё плаванне апісаў у кнізе «Кругасветнае падарожжа» на фрэгаце «Будзёз» і транспарце «Этуаль» у 1766—69 гадах» (1771). Яго імем названы в-аў Бугенвіль у групе Саламонавых а-воў і расліна бугенвілея.

т. 3, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛАСАЎ (Сяргей Мікалаевіч) (н. 27.12.1921, Масква),

расійскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар. арт. Расіі (1977). Нар. арт. СССР (1988). Скончыў Ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1952). З 1955 на кінастудыі «Масфільм». Дэбютаваў фільмам «Салдацкае сэрца» (1959). Рэжысёр тэлефільмаў «Утаймаванне свавольніцы» (паводле У.​Шэкспіра, 1961), «Кубінская навела» (1962), «Душачка» (паводле А.​Чэхава, 1966), «Свеаборг» (1972), «Памятай імя сваё» (1975, Дзярж. прэмія Расіі 1976), «Назначэнне» (паводле А.​Валодзіна, 1980), «Маці Марыя» (1982), шматсерыйных тэлефільмаў «Выклікаем агонь на сябе» (1964), «Аперацыя «Трэст» (паводле рамана Л.​Нікуліна «Мёртвы зыб», 1968), «Дыялог» (1978), «Раскол» (1993) і інш. Фільмы К. заснаваны на сапраўдных падзеях, для іх характэрна спалучэнне правых момантаў з каментарыямі, інтэрв’ю, рэпартажамі.

т. 8, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛО́Г, заклад,

1) у цывільным праве спосаб забеспячэння абавязацельстваў, які заключаецца ў перадачы даўжніком крэдытору грошай або інш. матэрыяльнай каштоўнасці, з вартасці якой крэдытор мае пераважнае права задаволіць сваё патрабаванне пры невыкананні даўжніком абавязацельства.

2) У крымін. працэсе шэрагу краін (у т. л. Расіі) — мера стрымання, што заключаецца ў грошах або каштоўнасцях, якія ўносяцца абвінавачаным (падазроным) у дэпазіт суда для забеспячэння яго яўкі да следчага, пракурора або ў суд. У выпадку ўхілення ад яўкі ўнесены З. спаганяецца ў даход дзяржавы.

3) З. выбарчы — у некаторых краінах (Вялікабрытанія, Францыя) грашовая сума, што абавязаны ўнесці кандыдат у дэпутаты прадстаўнічага органа пры рэгістрацыі сваёй кандыдатуры.

т. 6, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́Я,

ва ўсходнеславянскай міфалогіі багіня вясны і маладосці. Лічылася жонкай Дажбога. Паводле паданняў, створана з бярозы. Аднойчы юны Дажбог заглядзеўся з неба на бярозы і пажадаў, каб яго будучая жонка была такой жа прыгожай і пяшчотнай. І раптам сярод бяроз з’явілася прыгажуня-багіня. Дажбог адразу закахаўся, працягнуў да яе свае рукі-промні і сказаў: «Мая́». Так М. атрымала сваё імя. У паданнях на Гродзеншчыне сцвярджаюць, што перад надыходам зімы М. вяртаецца да сваіх сябровак-бяроз, сама зноў ператвараецца ў бярозу і спіць да таго часу, пакуль вясной яе не паклічуць людзі. Гэтай падзеі прысвечана свята Гуканне вясны, якое праводзіцца ў красавіку.

М.​К.​Багадзяж.

т. 10, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)