АРО́Н (Aron) Рэймон (14.3.1905, Парыж — 17.10.1983),

французскі філосаф, сацыёлаг. Праф. Кёльнскага (з 1930), у 1956—68 праф. у Сарбоне, з 1970 — у Калеж дэ Франс, потым Берлінскага ун-таў. Паліт. аглядальнік газет «Le Figaro» («Фігаро», з 1947), «L’Express» («Экспрэс», з 1977). Адзін з аўтараў тэорый «адзінага індустрыяльнага грамадства» і «дэідэалагізацыі». Распрацоўваў т.зв. крытычную філасофію гісторыі. Лічыў, што прагрэс навукі і тэхнікі ў 20 ст. параджае пэўныя ідэалы і адначасова робіць немагчымым іх здзяйсненне, што вядзе да масавага песімізму. Драма цывілізацыі, паводле Арона, складаецца з супярэчнасці спосабаў існавання і ідэалаў дэмакр. і індустр. грамадства; дысгармонія гэтых 2 тэндэнцый сучаснай цывілізацыі робіць яе нестабільнай. Асн. працы: «Уводзіны ў філасофію гісторыі» (1938), «Этапы сацыялагічнай думкі» (1967), «Расчараванне ў прагрэсе» (1969), «Прамова ў абарону Еўропы, што дэградзіруе» і інш. Аўтар «Мемуараў» (1983).

т. 1, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУДО́Н (Proudhon) П’ер Жазеф (15.1.1809, г. Безансон, Францыя — 19.1.1865),

французскі філосаф, сацыёлаг, эканаміст, тэарэтык анархізму, заснавальнік пруданізму. У сваёй сінт. філасофіі спалучаў антытэізм (засн. на тэзісе «Бог — гэта зло») і прызнанне трансцэндэнтнага пачатку ў прыродзе і грамадстве, валюнтарызм і тэалагічны правідэнцыялізм. Гісторыю грамадства разглядаў як барацьбу ідэй. У кн. «Што такое ўласнасць?» (1840) абвяшчаў буйную ўласнасць крадзяжом, адстойваў уласнасць, не звязаную з эксплуатацыяй чужой працы. У працы «Сістэма эканамічных супярэчнасцей, ці Філасофія жабрацтва» (т. 1—2, 1846) прапаноўваў мірную перабудову грамадства шляхам рэформ у галіне абарачэння (безграшовы абмен таварамі, беспрацэнтны крэдыт і інш.); крытыкаваў камунізм як «абсурдную ідэалогію», «згуртаванне зла і тыраніі», «рэлігію жабрацтва». Дзяржаву лічыў гал. сродкам расколу грамадства, паразітызму і прыгнёту, прапанаваў праекты яе ліквідацыі ці федэратыўнай перабудовы, накіраванай на раздрабленне цэнтралізаваных дзяржаў на дробныя аўтаномныя вобласці.

т. 13, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМЯНЬКО́Ў Уладзімір Нічыпаравіч (н. 20.3.1923, в. Стражэвічы Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. філосаф і сацыёлаг. Д-р філас. н. (1981), канд. гіст. н. (1953), праф. (1982). Скончыў Рэсп. парт. школу пры ЦК КПБ (1946), БДУ (1949). З 1949 у Бел. політэхн. ін-це (у 1980—86 заг. кафедры). У 1986—98 у Ін-це павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў грамадскіх навук пры БДУ. Навук. працы па праблемах грамадскага выхавання, суадносін матэрыяльных, ідэалагічных і духоўных фактараў у працэсе выхавання. Распрацаваў новыя канцэптуальныя і метадалагічныя падыходы да комплекснага вывучэння грамадскага выхавання як сінтэзу грамадскіх адносін і дзейнасці людзей.

Тв.:

Производственный коллектив: труд, среда, воспитание. Мн., 1975;

Комплексный характер воспитания. Мн., 1979;

Формирование нового человека. Мн., 1982;

Совершенствование социализма и общественное воспитание: Вопр. методологии и практики. Мн., 1986.

т. 14, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІТАРЭ́НКА Ларыса Рыгораўна (н. 11.3.1953, Мінск),

бел. сацыёлаг і філосаф. Д-р сацыялаг. н. (1993), канд. філас. н. (1978), праф. (1995). Скончыла БДУ (1975) і працуе ў ім з 1978. Навук. працы па праблемах сац. тэорыі, трансфармацыі і дэмакратызацыі постсав. грамадства, сацыялізацыі моладзі, гендэрнай сацыялогіі. Распрацоўвае новы кірунак сацыялаг. даследаванняў, звязаны з аналізам СНІДу як глабальнай пагрозы чалавецтву.

Тв.:

Знание. Компьютер. Общество Мн., 1992 (разам з У.​А.​Гераіменкам, А.​А.​Лазарэвічам);

Технократические концепции в западной социологии. Мн., 1993;

Социологическая теория. Мн., 1994 (разам з С.​В.​Лапінай);

Мир ценностей современной молодежи: к глобальной интеграции. М., 1994 (у сааўт.);

Values and post-soviet youth: Problems of transition. Milan, 1995 (у сааўт.);

Global trends in women’s access and leadership. Washington, 2000;

Гендерная социология. Мн., 2003.

т. 17, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯВЕ́ЛЬКІН Георгій Міхайлавіч (н. 5.5.1944, г. Кандалакша Мурманскай вобл., Расія),

бел. сацыёлаг. Д-р сацыялаг. н. (1994), канд. мед. н. (1973), праф. (1994). Скончыў Іркуцкі мед. ін-т (1967) і Вышэйшыя курсы КДБ СССР у Мінску (1968). З 1968 у органах КДБ. З 1982 у Ін-це нац. бяспекі Рэспублікі Беларусь (у 1990—94 нач. кафедры сацыялогіі і псіхалогіі). З 1996 дырэктар сацыялаг. службы «Альхон». З 2000 дырэктар Ін-та сацыялогіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па праблемах сацыялізацыі асобы, псіхалогіі і сацыялогіі працы, метадалогіі і методыцы вывучэння сацыялаг. і сац.-псіхал. характарыстык прафес. дзейнасці.

Тв.:

Социальные и социально-психологические аспекты формирования и развития личности оперативного сотрудника М., 1991;

Многомерное шкалирование в исследовании профессиональной социализации личности. Мн., 2002;

Методология, методика и логика изучения профессиональной социализации личности. Мн., 2004.

т. 18, кн. 1, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВІДЗЮ́К Георгій Пятровіч (н. 5.7.1923, в. Кастрычнік Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. сацыёлаг. Д-р філас. н. (1969), праф. (1970). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1952), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1959). З 1959 заг. сектара Ін-та філасофіі і права АН БССР, у 1973—96 праф. БДУ. Даследуе праблемы гісторыі, тэорыі і метадалогіі сацыялогіі, сац. структуры грамадства, сац. кіравання. Аўтар кн. «Прыкладная сацыялогія» (1979, перакладзена на кіт. мову ў 1985), падручнікаў і дапаможнікаў для ВНУ («Уводзіны ў прыкладную сацыялогію», 1975) і інш.

Тв.:

Основные черты современного ревизионизма. Мн., 1961;

Банкруцтва буржуазных канцэпцый грамадства будучага. Мн., 1967;

Критика теории «единого индустриального общества». Мн., 1968;

Проблемы «массовой культуры» и «массовых коммуникаций». Мн., 1972 (разам з У.​С.​Баброўскім);

Sociocultural community of Polish and Belarus peoples // The Neigbourhood of cultures. Warsaw, 1994.

т. 5, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІ́ЛАЎ Аляксандр Мікалаевіч (н. 14.5.1955, г. Віцебск),

бел. сацыёлаг. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1996). Д-р сацыялаг. н. (1994), праф. (1997). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1980). З 1978 працаваў у ЦК ЛКСМБ, СМ Беларусі. З 1994 у Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь: заг. сектара, нам. нач. Гал. ўпраўлення грамадска-паліт. інфармацыі. Адначасова з 1991 выкладае ў БДУ. Нам. акадэміка-сакратара Аддзялення гуманіт. навук і мастацтваў Нац. АН Беларусі, гал. рэдактар час. «Социология». Даследуе асн. кірункі і перспектывы сістэмнай трансфармацыі сучаснага грамадства, праблемы каштоўнасных арыентацый моладзі, методыкі аператыўнага вывучэння грамадскай думкі. Адзін з аўтараў навуч. дапаможнікаў па сацыялогіі, методыцы сацыялагічных даследаванняў, гісторыі сацыялогіі.

Тв.:

Семья и молодежь: Профилактика отклоняющегося поведения. Мн., 1989 (у сааўт.);

Молодежь и демократизация советского общества. Мн., 1990 (у сааўт.);

Переходный процесс и молодежь. Мн., 1993;

Переходное общество: Пробл. системной трансформации. Мн., 1997.

А.М.Данілаў.

т. 6, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУТАЛЕ́ВІЧ Вадзім Андрэевіч (н. 4.7.1922, в. Малое Хонава Магілёўскага р-на),

бел. юрыст, гісторык, сацыёлаг. Д-р юрыд. н. (1974), праф. (1987). Скончыў Маскоўскі ун-т (1950). З 1954 у Ін-це філасофіі і права Нац. АН Беларусі. Навук. працы па праблемах тэорыі дзяржавы і права, гісторыі нац.-дзярж. буд-ва ў Беларусі і бел. нац. руху, пытаннях сістэматызацыі і кадыфікацыі заканадаўства, канстытуцыйным праве і інш. Член Канстытуцыйнага прававога савета пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Аўтар манаграфіі «Нараджэнне Беларускай Савецкай Рэспублікі» (т. 1—2, 1975—79), прац па гісторыі адм.-тэр. падзелу Беларусі, адзін з аўтараў даведніка «Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўладкаванне БССР» (т. 1—2, 1985—87).

Тв.:

На путях национального самоопределения: БНР—БССР—РБ. Мн., 1995;

О конституционном суде, законности, референдуме. Мн., 1996;

История Беларуси: Становление национальной державности (1917—1922 гг.). Мн., 1999.

В.А.Круталевіч.

т. 8, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́СТАЎ (Rostow) Уолт Уітмен (н. 7.10.1916, Нью-Йорк),

амерыканскі сацыёлаг і эканаміст. Скончыў Іельскі і Оксфардскі ун-ты. У 1951—60 праф. Масачусецкага тэхнал. ін-та, з 1969 — Тэхаскага ун-та. Дарадчык прэзідэнтаў Дж.​Кенэдзі і Л.​Джонсана. Адзін са стваральнікаў тэорыі індустрыяльнага грамадства. Аўтар тэорыі стадый эканам. росту. У працах «Стадыі эканамічнага росту. Некамуністычны маніфест» (1960), «Палітыка і стадыі росту» (1971) вылучаў 5 асн. этапаў, праз якія праходзіць кожнае грамадства: традыцыйнае грамадства (агр. грамадства з прымітыўным узроўнем вытв-сці, навукі і тэхнікі); пераходнае грамадства (першапачатковае накапленне капіталу, узнікненне цэнтралізаванай дзяржавы); стадыя зруху (перыяд прамысл. рэвалюцыі); стадыя сталасці (індустр. грамадства); эра высокага масавага спажывання (праблемы спажывання пераважаюць над праблемамі вытв-сці, гал. кірункі вытв-сці — паслугі і тавары масавага спажывання). Адзін з гал. прадстаўнікоў канвергенцыі тэорыі ў саветалогіі. Навук. працы Р. паслужылі адной з крыніц постіндустрыяльнага грамадства тэорыі.

т. 13, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЙНА́ЛЬ (Raynal) Гіём Тама Франсуа (11.4.1713, г. Сен-Жэнье, дэпартамент Аверон, Францыя —6.3.1796),

французскі гісторык і сацыёлаг, прадстаўнік Асветніцтва. Адукацыю атрымаў у езуіцкім калежы, але ад дзейнасці святара адмовіўся. У 1747 жыў у Парыжы, займаўся літ. працай, супрацоўнічаў у «Энцыклапедыі» Д.​Дзідро. У сваім гал. творы «Філасофская і палітычная гісторыя ўстаноў і гандлю еўрапейцаў у абедзвюх Індыях» (т. 1—6, 1770) востра крытыкаваў феад.-абсалютысцкія парадкі, каталіцкую царкву, каланіялізм. Яго кніга канфіскавана, а Р. зняволены ў турму. У 1781 пакінуў Францыю, знайшоў прытулак пры дварах прус. караля Фрыдрыха II і рас. імператрыцы Кацярыны II. У 1787 вярнуўся на радзіму. У перыяд Французскай рэвалюцыі 1789—99 выступаў супраць паглыблення рэв. барацьбы, асуджаў якабінцаў. Яго ідэі паўплывалі на філасофію Сен-Сімона, на канцэпцыю франц. гісторыкаў эпохі Рэстаўрацыі, на погляды А.М.Радзішчава. Аўтар «Гісторыі англійскага парламента» (1748).

т. 13, с. 564

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)