ГРО́ДЗЕНСКАЕ СТАРО́СТВА,
дзяржаўны маёнтак у ВКЛ у 2-й пал. 15—16 ст. Уваходзіла ў Трокскае ваяв. і займала большую (цэнтр., усх. і паўд.) частку Гродзенскага пав. з велікакняжацкім г. Гродна, мястэчкамі Адэльск, Азёры, Крынкі, Масты, Новы Двор, Ожа, Пералом, Скідзель і інш., вёскамі Верцялішкі, Гарадніца, Краснік, Салаты і інш. Давалася ў часовае карыстанне феадалам за службу. Гродзенскае староства было «гродавым»: староста выконваў судова-адм. функцыі ў Гродзенскім пав. і ўзначальваў гродскі (замкавы) суд у Гродзенскім замку. На каранацыйным сейме Рэчы Паспалітай 1588 пераўтворана ў Гродзенскую эканомію, але «гродавае» староства з судовымі функцыямі захоўвалася да 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795).
т. 5, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НРЫКАВЫ АРТЫ́КУЛЫ (лац. Articuli Henriciani),
акт аб абмежаванні вярхоўнай улады манарха ў Рэчы Паспалітай сеймам, прыняты ў 1574 пры абранні каралём і вял. князем Генрыка Валезы (гл. ў арт. Генрых, франц. каралі). Складаўся з 18 пунктаў, паводле якіх кароль абавязваўся правіць разам з радай (18 чал. з сенатараў) без спадчыннага замацавання трона, склікаць сеймы праз 2 гады, без аднагалоснай згоды сейма не заключаць мір і не аб’яўляць вайну, не склікаць шляхецкае апалчэнне — паспалітае рушэнне, не ўводзіць новых падаткаў. Шляхце давалася права адмаўляцца ад паслушэнства каралю пры парушэнні ім Генрыкавых артыкулаў. Без змен Генрыкавы артыкулы пацвярджаліся наступнымі каралямі пры іх абранні на трон Рэчы Паспалітай.
т. 5, с. 158
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУКО́ВІЧ (Платон Мікалаевіч) (26.9.1857, г. Пружаны Брэсцкай вобл. — 30.11.1919),
бел. гісторык. Чл.-кар Расійскай АН (1918). Праф. (1894), Д-р царк. гісторыі (1901). Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1881). Выкладаў у Полацкім духоўным вучылішчы, у Вільні, з 1891 у Пецярбургскай духоўнай акадэміі. У 1918 уваходзіў у Беларускае вольна-эканамічнае таварыства ў Петраградзе. Даследаваў рэліг. адносіны ў Рэчы Паспалітай, палітыку Расіі на Беларусі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай.
Тв.:
Кардинал Гозий и польская церковь его времени. СПб., 1882;
Борьба против унии на современных ей литовско-польских сеймах (1595—1600 гг.). СПб., 1897;
Сеймовая борьба православного западнорусского дворянства с церковной унией. Вып. 1—6. СПб., 1901—02.
В.В.Грыгор’ева.
т. 6, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБО́РАЎСКІ ДАГАВО́Р 1649 паміж гетманам Украіны Б.Хмяльніцкім і каралём Рэчы Паспалітай Янам Казімірам у час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Заключаны 18 жн. ў г. Збораў (Украіна) пасля пераможнай для Хмяльніцкага Збораўскай бітвы. Паводле З.д. захоўваліся вольнасці запарожскага войска, колькасць укр. казакоў на каралеўскай службе вызначалася ў 40 тыс., абвяшчалася амністыя ўдзельнікам вайны, улада ў Кіеўскім, Чарнігаўскім, Брацлаўскім ваяв. перадавалася ўкр. гетману, шляхце вярталіся ўсе яе маёнткі на Украіне. Аднак З.д. не задавальняў ні казакоў, ні шляхту і не быў зацверджаны сеймам Рэчы Паспалітай. У пач. 1651 баявыя дзеянні аднавіліся.
Літ.:
Голобуцкия В.А. Дипломатическая истории освободительной войны украинского народа 1648—1654. Киев, 1962.
т. 7, с. 30
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў канцы 18 ст. Створаны ў час 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Мінскай губ. Рас. імперыі. Павятовы цэнтр — г. Давыд-Гарадок. Скасаваны 23.12.1796.
т. 5, с. 568
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЫКУ́ША Андрэй, бел. майстар разьбярнай і сталярнай справы 17 ст. Працаваў у Аружэйнай палаце Маск. Крамля, дзе разам з інш. майстрамі-беларусамі рабіў крэслы, куфэркі, паднасныя сталы і інш. рэчы для царскага дома.
т. 8, с. 351
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКАЯ І ШВЕ́ДСКАЯ ІНТЭРВЕ́НЦЫЯ ПАЧА́ТКУ 17 ст. ў Расіі,
пашыраная ў сав. гістарыяграфіі назва ваен. і паліт. дзеянняў Рэчы Паспалітай і Швецыі ў час «Смуты» і грамадз. вайны ў Расіі ў пач. 17 ст.
т. 12, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬ ІВА́НАВІЧ ШУ́ЙСКІ (1522—12.9.1612),
рускі цар [1606—10]. З удзельных ніжагародска-суздальскіх князёў. Выбраны царом на Земскім саборы (19.5.1606) пасля забойства Лжэдзмітрыя I (гл. Ілжэдзмітрый I). Узмацніў прыгонніцтва, вызначыў тэрмін для пошуку беглых сялян — 15 гадоў, што паспрыяла задушэнню Балотнікава паўстання 1606—07. Для барацьбы з Ілжэдзмітрыем II і інтэрвенцыяй Рэчы Паспалітай заключыў саюз са швед. каралём Карлам IX (1609), якому аддаў г. Карэла (Кексгольм) з паветам. 24.6.1610 пацярпеў паражэнне ад войск польск. караля і вял. князя літ. Жыгімонта II Вазы. Палітыка Васіля Іванавіча Шуйскага выклікала незадаволенасць насельніцтва. 17.7.1610, напярэдадні ўступлення ў Маскву войск Рэчы Паспалітай, часткай баярства, сталічнага і правінцыяльнага дваранства скінуты з прастола і пастрыжаны ў манахі. Памёр у польск. палоне.
т. 4, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́ЎКІ ПЕТРУСЯ́ ЛІТАРАТУ́РНЫ МУЗЕ́Й у Мінску.
Засн. 10.7.1980. Адкрыты для наведвання 29.12.1984. Мае 5 экспазіцыйных залаў, у т. л. 2 мемарыяльныя. Пл. экспазіцыі 110,5 м². Налічвае больш за 20 тыс. экспанатаў асн. і навук. дапаможнага фонду (1996). Знаходзіцца ў доме, дзе П.Броўка жыў у 1951—80. Зберагае рэчы духоўнай, матэрыяльнай культуры, звязаныя з жыццём, творчасцю і грамадскай дзейнасцю паэта. Сярод іх рукапісы твораў П.Броўкі, яго кнігі, выдадзеныя на розных мовах, кнігі бел. і зарубежных пісьменнікаў з дарчымі надпісамі; асабістыя рэчы, дакументы паэта, творы жывапісу, графікі і скульптуры (З.Азгура, А.Бараноўскага, В.Бялыніцкага-Бірулі, А.Кашкурэвіча, Г.Паплаўскага і інш.). Філіял — хата-музей Петруся Броўкі ў Пуцілкавічах (Ушацкі р-н Віцебскай вобл.).
т. 3, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДУКАЦЫ́ЙНАЯ КАМІ́СІЯ (Komisja Edukacji Narodowej),
установа па кіраўніцтве нар. асветай у Рэчы Паспалітай; першая падобнага тыпу ў Еўропе. Засн. соймам 1773—75. Першы старшыня (1773—80) І.Я.Масальскі. Прымалі ўдзел асветнікі Г.Калонтай, І.Патоцкі, Г.Пірамовіч, Я.Снядэцкі, І.Храптовіч і інш. Ажыццявіла рэформу школ і ун-таў у духу ідэй Асветніцтва. У 1783 зацверджаны «Статут, прадпісаны камісіяй народнай асветы для акадэмій і школ Рэчы Паспалітай». Школа набыла свецкую накіраванасць. Найважнейшае значэнне надавалася прадметам фізіка-матэм. цыкла, з гуманітарных навук выкладаліся польск. і лац. граматыка, геаграфія, гісторыя, заканазнаўства і інш.; з навуч. праграм была знята тэалогія. Новая сістэма адукацыі не задавальняла кансерватыўную частку памешчыкаў і духавенства. У 1794 статут адменены, адукацыйная камісія распушчана.
т. 1, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)