МАНЬЯ́НІ ((Magnani) Ганна) (7.3.1908, Рым — 26.9.1973),
італьянская актрыса. Вучылася ў школе дэкламацыі акадэміі «Санта-Чэчылія» ў Рыме. У 1926 дэбютавала ў т-ры, у 1934 — у кіно. Вял. папулярнасць актрысы звязана з яркім увасабленнем вобразаў жанчын з народа ў фільмах 1940—50-х г.: «Тэрэза-Пятніца», «Рым — адкрыты горад», «Дэпутатка Анджэліна» (прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі 1948), «Мары на дарогах», «Самая прыгожая» і інш. Яе творчай манеры ўласціва паэтыка і іронія, напал пачуццяў, здольнасць да пераўвасаблення. У 1950-я г. здымалася ў Галівудзе (ЗША): «Татуіраваная ружа» (прэмія «Оскар» 1955), «Дзікі вецер» (прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне 1958). У 1960—70-я г. вылучылася выкананнем роляў у фільмах «Мама Рома», «Тайна Санта-Віторыі», «Рым» (рэж. Ф.Феліні) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РМСКІ КАНКАРДА́Т,
кампраміснае пагадненне паміж імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» Генрыхам V і рым. папам Калікстам II, якое завяршыла барацьбу за інвестытуру. Падпісана 23.9.1122 у г. Вормс (Германія). Паводле пагаднення імператар захаваў кантроль за выбарамі і зацвярджэннем епіскапаў у Германіі, а ў Італіі і Бургундыі епіскапы павінны былі выбірацца і зацвярджацца са згоды папы. У выніку Вормскага канкардата скончылася т.зв. «епіскапальная палітыка» (апора на духавенства) герм. імператараў, пачатая Атонам I.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАВА́ЕЎ (Алег Мікалаевіч) (20.5.1936, Мінск — 23.8.1978),
бел. спартсмен (грэка-рым. барацьба, паўлёгкая вага). Засл. майстар спорту СССР (1958). Скончыў Бел.ін-тфіз. культуры (1965). З 1971 трэнер ДСТ «Буравеснік» (Мінск). Чэмпіён Алімп. гульняў (1960, Рым), свету (1958, Будапешт; 1961, г. Іакагама, Японія), СССР (1956—60, 1962), Спартакіяды народаў СССР (1956, 1959) у асабістым першынстве. Чэмпіён СССР у камандным першынстве (1960). Пераможца і прызёр міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛІ́НІ (Cavallini; сапр.дэі Чэроні; dei Cerroni) П’етра
(каля 1250, Рым — каля 1350),
італьянскі жывапісец. Прадстаўнік Протарэнесансу. Як мастак склаўся пад уздзеяннем візант. традыцыі, але не падпарадкоўваўся яе канонам, імкнуўся аднавіць высокія формы познаантычнага і сярэдневяковага рым. жывапісу. Быў знаёмы з Чымабуэ і Джота ды Бандоне, што абумовіла іх узаемаўплыў. Творам К. (мазаіка ў царкве Санта-Марыя ін Трастэверэ, каля 1291, і манум. кампазіцыя «Страшны суд» з яго фрэсак у царкве Санта-Чэчылія ін Транстэверэ, каля 1293, абедзве ў Рыме) уласціва выкарыстанне святлоценявой мадэліроўкі, што дае эфект рэльефнасці выявы (праз рэзкі і глыбокі цень), прасторавасць асяроддзя і тонкіх градацый колеру. Зрабіў уплыў на развіццё рым., неапалітанскай і умбрыйскай школ жывапісу 14 ст.
І.М.Каранеўская.
П.Каваліні. Мазаіка «Благавешчанне» ў царкве Санта-Марыя ін Транстэверэ ў Рыме. Каля 1291.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАР-КО́ХБА (сапр.Шымон бен Касіба; ? — 135),
кіраўнік паўстання 132—135 супраць рым. панавання ў Іудзеі. Абвясціўшы сябе месіяй і «князем Ізраіля», аднавіў яўр. культ і правіў (у т. л. чаканіў уласную манету) на адваяваных у рымлян землях (б.ч. Палесціны, каля 50 крэпасцяў) з цэнтрам у г. Бетар. Загінуў пры абароне Бетара ад легіёнаў рым. палкаводца Юлія Севера. Пры раскопках на ўзбярэжжы Мёртвага м. на пач. 1950-х г. знойдзена некалькі дакументаў Бар-Кохбы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУІ́ДЫ (лац. druides),
жрацы стараж.кельтаў Галіі, Брытаніі, Ірландыі ў 1 ст. да н.э. — 1 ст.н.э. Разам з племянной знаццю складалі пануючую праслойку. Кіравалі ахвярапрынашэннямі, ажыццяўлялі суд. функцыі, былі ўрачамі, настаўнікамі і прадказальнікамі. вял. ролю адыгрывалі ў паліт. справах. З часоў рым. акупацыі (2-я пал. 1 ст. да н.э.) узначалілі супраціўленне ўладам. Рым. імператары Тыберый і Клаўдзій забаранілі ахвярапрынашэнні Д. У 47 перасталі існаваць як асобнае саслоўе і ператварыліся ў вандроўных прадказальнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТА́БРЫ (лац. Cantabri),
старажытнае племя, якое жыло ў Паўн. Іспаніі на ўзбярэжжы Біскайскага заліва і ў бліжэйшых гарах (цяпер прав.Кантабрыя). Утварылася ў выніку зліцця кельтаў і ібераў з мясц. насельніцтвам. Захоўвалі родавы лад з перажыткамі матрыярхату. У 2—1 ст. да н.э. супраціўляліся рым. заваяванню. Канчаткова падпарадкаваны і часткова знішчаны ў Кантабрыйскую вайну ў час паходаў Аўгуста і Агрыпы (29—12 да н.э.); іх тэр. ўвайшла ў склад рым. правінцыі Іспанія Блізкая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛА́РЫХ I (Alaricus, Alarich; каля 370—410),
кароль вестготаў [395—410]. У 395 пранік у Фракію, захапіў Афіны, разбурыў Карынф, Аргас, Спарту, Рым. Імператар Аркадзій заключыў з ім мір і прызначыў намеснікам Ілірыі, дзе ў якасці федэратаў былі паселены вестготы. У 401 Аларых I узняў паўстанне, уварваўся ў Італію, але, разбіты Стыліхонам, адступіў. У 408 тройчы асаджаў Рым, 24.8.410 захапіў яго і разрабаваў. Памёр у Паўд. Італіі, рыхтуючыся да паходу ў Сіцылію і Афрыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІПІ́Н КАРО́ТКІ (Pippinus Brevis; 714 ці 715—24.9.768),
франкскі кароль [751—768], першы з дынастыі Каралінгаў. У 741—751 маярдом (правіцель) Франкскай дзяржавы. Скінуў апошняга караля з дынастыі Меравінгаў, атрымаўшы санкцыю рым. папы, дамогся выбрання на каралеўскі прастол. Услед за сваім бацькам Карлам Мартэлам, раздаваў бенефіцыі за ваен. службу. Падпарадкаваў Аквітанію, у паходах супраць арабаў заваяваў Септыманію. У 754 і 756 здзейсніў паходы ў Італію, адабраную ў лангабардаў частку зямель перадаў рым. папе, што стала пачаткам Папскай вобласці.