ПСКО́ЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1650,

паўстанне гараджан, стральцоў і казакоў г. Пскоў супраць спекуляцыйнага продажу рас. урадам хлеба ў Швецыю, з прычыны чаго хлеб значна падаражэў. Адбывалася адначасова з Наўгародскім паўстаннем 1650. 10—11.3.1650 паўстанцы (кіраўнік Г.​Дзямідаў) разграмілі двары купцоў, гар. знаці і адміністрацыі, захапілі ўладу ў горадзе, стварылі органы кіравання: сход грамады, Земскую ізбу. У маі ў Маскву накіравана пасольства з памяркоўнымі патрабаваннямі, у чэрв. Пскоў блакіравала карнае войска кн. І.​М.​Хаванскага. Спец. Земскі сабор у Маскве пагадзіўся задаволіць некат. патрабаванні паўстанцаў і 4.9.1650 у Пскове адноўлена ўлада царскіх ваявод. Кіраўнікі П.п. былі арыштаваны і пасля катаванняў сасланы.

Літ.:

Тихомиров М.Н. Классовая борьба в России XVII в. М., 1969.

т. 13, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХОДНЕРУСІ́ЗМ,

кірунак грамадска-паліт. думкі ў 19 — пач. 20 ст. Быў пашыраны сярод гар. насельніцтва (інтэлігенцыя, дзярж. служачыя, правасл. духавенства і інш.), пераважна на У Беларусі. Прадстаўнікі кансерватыўнага кірунку З. (К.​Гаворскі) лічылі этнічныя асаблівасці беларусаў вынікам польска-каталіцкага ўплыву, які перашкаджаў аднаўленню «спрадвечна-рускага характару краю». Прыхільнікі ліберальна-памяркоўнага кірунку З. (М.​Каяловіч, А.​Пшчолка) прызнавалі гісторыка-этнічную адметнасць Беларусі, але адмаўлялі магчымасць яе нац.-культ. і дзярж. самавызначэння. За беларусамі прызнавалася толькі права на этнаграфічнае развіццё — на «мясцовы дыялект, на народную песню, і, наогул, на вясковы быт». Найб. сістэматызаванае абгрунтаванне З. атрымаў у працах М. Каяловіча «Лекцыі па гісторыі Заходняй Расіі» (1864), «Гісторыя рускай самасвядомасці» (1884). Арыентацыі на З. ў пытаннях нац.-культ. развіцця Беларусі, неабходнасці яе «больш цеснага яднання з астатняй Руссю» прытрымліваліся Л. і І.​Саланевічы, І.​Бажэлка, Л.​Паеўскі, часткова А.​Сапуноў, Я.​Карскі, Е.​Раманаў і інш. Праваднікамі З. былі час. «Вестник Западной России», газеты «День», «Минское русское слово» (1912—13) і інш. Ідэалогія З. была пакладзена ў аснову практычнай дзейнасці такіх грамадскіх аб’яднанняў, як «Селянін», «Беларускае таварыства», «Саюз беларускай дэмакратыі», «Беларускі народны камітэт», «Рускае ўскраіннае таварыства» і інш., а таксама мясц. арг-цый «Саюза рускага народа» і «Саюза 17 кастрычніка», дзейнасць якіх была накіравана супраць бел. нац.-вызв. руху. У сваіх друкаваных органах — час. «Крестьянин», газеты «Окраины России» (1906—12), Масква, «Белорусский вестник» — яны імкнуліся паказаць неаддзельнасць гісторыка-культ. лёсу Беларусі ад лёсу Расіі.

Літ.:

Цьвікевіч А. «Западно-руссизм». Нарысы з гісторыі грамадзскай мысьлі на Беларусі ў XIX і пач. XX в. 2 выд. Мн., 1993;

Самбук С.М. Общественно-политическая мысль Белоруссии во второй половине XIX в. Мн., 1976.

т. 7, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДЫ́Н-НАШЧО́КІН (Афанасій Лаўрэнцьевіч) (каля 1605, Пскоў — 1680),

расійскі дзярж. і ваенны дзеяч, дыпламат. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 удзельнічаў у штурме Віцебска (1654), кіраваў штурмам Дрысы (1655). Ваявода Друі (1654), Кокнеса (1656—61). Заснаваў на Зах. Дзвіне суднаверф. У 1658 у Валіесары заключыў на 3 гады перамір’е са Швецыяй, паводле якога за Расіяй заставаліся заваяваныя ў Лівоніі землі. Прыхільнік саюзу з Рэччу Паспалітай для барацьбы супраць Швецыі. Падпісаў Андросаўскае перамір’е 1667. У 1671 пастрыгся ў манахі. У 1679 вёў перагаворы з Рэччу Паспалітай, каб прадоўжыць Андросаўскае перамір’е. Ініцыятар стварэння паштовай сувязі паміж Масквою, Рыгай і Вільняй.

Літ.:

«Око всей великой России»: Об истории рус. дипломатич. службы XVI—XVII веков. М., 1989. С. 108—146.

т. 1, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АСЛІ́НЫ ХВОСТ»,

групоўка расійскіх мастакоў на чале з М.Ларыёнавым, якія арганізавалі ў 1912 дзве аднайм. выстаўкі ў Маскве і Пецярбургу. Назва ад выстаўленай у 1910 у парыжскім Салоне Незалежных карціны, напісанай хвастом асла. Выступаючы супраць класічных нормаў у маст. творчасці, члены групоўкі (Н.​Ганчарова, К.​Малевіч, А.​Маргуноў, В.​Татлін, А.​Фанвізін, М Шагал, А.​Шаўчэнка і інш.) звярнуліся да прымітывізму, традыцый рус. іканапісу і лубка. Цэнтр. месца на іх выстаўцы займалі творы на сял. тэму Ганчаровай, «салдацкія карціны» Ларыёнава, жанравыя палотны Малевіча. У 1913 яны правялі выстаўку «Мішэнь», якая стала этапам на шляху да абстрактнага мастацтва.

Літ.:

«Ослиный хвост» и «М шпень». М., 1913;

Золотой век художественных объединений в России и СССР (1820—1932): Справ. Спб., 1992.

М.​Л.​Цыбульскі.

т. 2, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РВІ-ФЛЯРО́ЎСКІ (сапр. Берві) Васіль Васілевіч

(літ. псеўданім Н.​Фляроўскі і інш.; 28.4.1829, г. Разань, Расія — 4-10.1918),

рускі сацыёлаг, эканаміст, публіцыст, пісьменнік, удзельнік грамадскага руху 1860-х г. У 1862—87 у ссылцы, супрацоўнічаў у час. «Дело», «Слово», «Отечественные записки» і інш. У канцы 1860-х г. зблізіўся з рэв. народнікамі — меў сувязь з гурткамі «чайкоўцаў» (па іх прапанове напісаў кн. «Азбука сацыяльных навук», ч. 1—2, 1871) і далгушынцаў. З пазіцый народніцтва крытыкаваў сац.-паліт. і эканам. парадкі ў Расіі; прапаведаваў новую рэлігію брацтва і свабоды. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў і маст. твораў (раман «На жыццё і смерць», ч. 1 — 3, 1877, і інш.).

Тв.:

Записки революционера-мечтателя. М.; Л., 1929;

Положение рабочего класса в России. М., 1938.

т. 3, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́СЕН (Юлій Ісідаравіч) (Іуда Ізраілевіч; 20.3.1871, г. Адэса, Украіна — 22.8.1939),

гісторык. Д-р гіст. н. (1939). Да 1917 займаўся гісторыяй яўрэяў у Рас. імперыі, у т. л. гісторыяй яўрэяў на Беларусі. Адзін з ініцыятараў стварэння «Яўрэйскай энцыклапедыі» на рус. мове (т. 1—16, 1908—13), у якой узначальваў аддзел «Яўрэі ў Расіі з 1772» і быў аўтарам многіх артыкулаў. Пасля 1917 пераважна даследаваў гісторыю рас. рабочага класа. З 1921 пад яго рэдакцыяй у Ленінградзе выдаваўся «Архіў гісторыі працы ў Расіі», «Рускае мінулае», у 1925 — «Хрэстаматыя па гісторыі рабочага класа ў Расіі». З 1930 рэдактар «Вестника АН СССР».

Тв.:

История еврейского народа в России. Т. 1—2. 2 изд. Л., 1925—27;

История горнорабочих СССР. Т. 1—2. Л., 1926—29.

т. 5, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́НАЎ (Вячаслаў Іванавіч) (28.2.1866, Масква — 16.7.1949),

рускі паэт, літ. крытык. Адзін з тэарэтыкаў 2-га пакалення рус. сімвалістаў. З 1924 жыў у Італіі. Аўтар зб-каў вершаў «Стырнавыя зоркі» (1903), «Празрыстасць» (1904), «Па зорках» (1909), «Cor ardens» (ч. 1—2, 1911—12), «Пяшчотная тайна» (1912), паэт. цыклаў «Рымскія санеты» (1924—25), «Рымскі дзённік» (1944), кн. вершаў «Святло вячэрняе» (выд. 1962); літ.-філас. і гіст.-культ. твораў «Дыёніс і прадыёнісійства» (1923), «Перапіска з двух вуглоў» (з М.​Гершэнзонам, 1921) і інш. Перакладаў трагедыі Эсхіла.

Тв.:

Стихотворения и поэмы. Л., 1976;

Родное и вселенское. М., 1994;

Лик и личины России: Эстетика и лит. теория. М., 1995.

Літ.:

Иванова Л.В. Воспоминания: Книга об отце. М., 1992.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 7, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦВЕ́ЕЎ (Артамон Сяргеевіч) (1625—25.5.1682),

расійскі дзярж. дзеяч, дыпламат, баярын. Удзельнік рас. дэлегацыі на Пераяслаўскай радзе 1654, пасольства ў Рэч Паспалітую ў 1656—57. З 1669 узначальваў Маларасійскі прыказ, з 1671 адначасова Пасольскі прыказ і інш. У 1672 на перагаворах з Рэччу Паспалітай дамогся замацавання за Расіяй Кіева. Быў адукаваным чалавекам, адным з першых прадстаўнікоў рас. заходніцтва. Ініцыятар стварэння ў 1672—73 прыдворнага тэатра, дзе акцёрамі былі выхадцы з Беларусі. Пасля смерці цара Аляксея Міхайлавіча (1676), другая жонка якога Н.​К.​Нарышкіна была выхаванкай М., сасланы на Поўнач. У 1682 вернуты ў Маскву Пятром I. Забіты ў час Маскоўскага паўстання 1682.

Літ.:

«Око всей великой России»: Об истории рус. дипломат. службы XVI—XVII вв. М., 1989. С. 146—179.

т. 10, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМЕ́СНАЯ СІСТЭ́МА,

забеспячэнне зямельнымі ўладаннямі (памесцямі) феадалаў за нясенне ваен. і адм. службы ў Расіі ў канцы 15 ст. — 1714. Узнікла ў выглядзе раздачы вял. князем (з 1547 царом) зямель з сялянамі ў карыстанне дваранам пры ўмове нясення імі дзярж., пераважна ваен., службы. Першая масавая раздача зямель у выглядзе памесцяў адбылася пры Іване III у Наўгародскай і інш. далучаных да Маскоўскага вял. княства землях. Пазней аб’ектам раздачы сталі паўд. стэпавыя землі т.зв. Дзікага поля. Эканам. значэнне П.с. было ў гасп. асваенні новых зямель, асабліва на Пд краіны, яе сац.-паліт. роля заключалася ў матэрыяльным забеспячэнні дваранстваасн. сац. сілы дзяржавы ў барацьбе з феад. раздробленасцю. Юрыд. асновы П.с. замацаваны ў Судзебніку 1497. П.с. дасягнула росквіту ў сярэдзіне 16 ст., калі Улажэннем аб службе 1556 была рэгламентавана ваен. служба памешчыкаў і вотчыннікаў: кожны памешчык з кожных 100 чвэрцей (50 дзес.) сваёй зямлі выстаўляў у войска цара аднаго ўзбр. конніка. Пытаннямі службы дваран-памешчыкаў і іх зямельным забеспячэннем займаліся Разрадны прыказ і Памесны прыказ. П.с. расла за кошт раздачы дваранам канфіскаваных баярскіх і царк. зямель, а таксама дварцовых і чарнасошных зямель, з яе пашырэннем звязана развіццё паншчыны і прыгоннага права. Многія памесці, пераходзячы з пакалення ў пакаленне ў адной сям’і, фактычна ператвараліся ў спадчынную ўласнасць — вотчыну. Гэты працэс адлюстравала Саборнае ўлажэнне 1649, якое дазваляла абмен памесцяў на вотчыны. Урад надаваў асобным памесцям статус вотчын у якасці ўзнагароды іх уладальнікам або шляхам продажу. Адначасова была рэзка абмежавана раздача новых памесцяў. П.с. спыніла існаванне пасля выдання Пятром I Указа аб адзінаспадчыннасці (1714), які юрыдычна замацаваў зліццё памесцяў з вотчынамі. Дваране пачалі атрымліваць за службу грашовае жалаванне.

Літ.:

Павлов-Сильванский Н.П. Феодализм в России. М., 1988;

Кобрин В.Б. Власть и собственность в средневековой России (XV—XVI вв.). М., 1985.

т. 12, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДАКУМЕ́НТЫ, ШТО ТЛУМА́ЧАЦЬ ГІСТО́РЫЮ ЗАХОДНЯРУ́СКАГА КРА́Ю», «Документы, объясняющие историю Западно-Русского края и его отношения к России и к Польше»,

зборнік дакументаў, выдадзены ў 1865 Археаграфічнай камісіяй у С.-Пецярбургу. Падрыхтаваны ў сувязі з паўстаннем 1863—64, разлічаны на замежнага чытача і мае выключна паліт. характар. Дакументы надрукаваны на мове арыгінала і ў перакладзе на франц. мову. Паводле слоў рэдактара і аўтара прадмовы М.​В.​Каяловіча, мэта зборніка — даказаць, што «заходнярускі край» быў рускім, а не польскім. Публікацыя дакументаў пачынаецца з прывілея караля Ягайлы, дадзенага ў 1387 віленскаму біскупу. Большасць змешчаных дакументаў была апублікавана раней. Сярод надрукаваных упершыню ўрыўкі з дзённіка Люблінскага сейма 1569, крыніцы з архіва уніяцкіх мітрапалітаў.

Літ.:

Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 6, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)