ГРО́АТ (Grooth),

нямецкія жывапісцы, браты. Нарадзіліся ў г. Штутгарт, Германія.

Георг Крыстаф (10 ці 21.1.1716—28.9.1749). З 1743 прыдворны мастак у Пецярбургу. Аўтар вытанчаных партрэтаў у стылі ракако (конны партрэт Елізаветы Пятроўны з арапчанём; вял. кн. Пятра Фёдаравіча; абодва 1743). Іаган Фрыдрых (Іван Фёдаравіч; 1717—18.2.1801), пераважна анімаліст. Выкладаў у Пецярбургскай АМ (акад. з 1765). Яго барочныя кампазіцыі вызначаюцца стрыманым каларытам, падрабязнай дэталізацыяй («Папугаі», 1766, «Кот і мёртвы заяц», 1777).

т. 5, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗМІ́ТРЫЕЎ (Аляксандр Іванавіч) (14.10.1878, С.-Пецярбург — 2.12.1959),

рускі архітэктар і інжынер. Акад. архітэктуры (1912). Скончыў Ін-т грамадзянскіх інжынераў (1900) і арх. аддзяленне АМ (1903) у Пецярбургу. Аўтар збудаванняў, выкананых у гіст. стылі: Нахімаўскае вучылішча (б. Вучылішчны дом Пятра I, 1908—12) у Пецярбургу, Дом упраўлення Паўд. чыгункі (1908—10), Палац культуры чыгуначнікаў (б. Палац рабочага, 1931—32) у Харкаве, праектаў тыпавых будынкаў для раёнаў Крайняй Поўначы (1948—59) і інш.

т. 6, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАЗА́НЕ РУ́СКЕ СХІЗМАТЫ́ЧНЭ»,

ананімны бел. празаічны твор сярэдзіны 18 ст. Адкрыты ў 1974. Створаны, відаць, у Віцебску, стылізаваны пад праваслаўную («схізматычную» — раскольніцкую) пропаведзь. У ім выявілася антыпольская арыентацыя аўтара, які ўслаўляў дзейнасць Пятра I. Асуджалася крывадушнасць мясц. феадалаў (асабліва прыгонніцы А.​Скарынкавай), якія сваю амаральнасць прыкрывалі маскай набожнасці. Напісана лацінкаю, уключае шмат лац. слоў і павучанняў, рус. лексіку. Рукапіс зберагаецца ў б-цы АН Літвы.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 7, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАСЛА́ЎЛЬ-ЗАЛЕ́СКІ,

горад, раённы цэнтр у Яраслаўскай вобл., на воз. Пляшчэева, у вусці р. Трубеж. Засн. ў 1152. Нас. 44,8 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя. Прам-сць: хім. (вытв-сць магнітнай стужкі, фотапаперы), харч., лёгкая. Аўтаматорны і цагельны з-ды, мэблевая ф-ка.

У цэнтры горада захаваліся земляныя валы стараж. ўмацавання, 4-стаўповы 1-купальны Спаса-Праабражэнскі сабор (1152—60), шатровая царква Пятра Мітрапаліта на Гасударавым двары (1585), барочныя 5-купальныя цэрквы Уладзімірская (1745) і Аляксандра Неўскага (1746), класіцыстычныя асабняк Цямерыных (2-я пал. 18 ст.), мемар. сядзіба «Боцік» (1803) з абеліскам у гонар Пятра I і будынкам музея. Ансамблі манастыроў: Троіца-Данілаў (16—18 ст.; сабор 1530—32, размалёўкі 17 ст.), Нікіцкі (16—19 ст., сабор 1561—64, галерэі 17 ст.), Фёдараўскі (16—19 ст.; сабор 16 ст.), Горыцкі (17—18 ст.; праезныя Святыя вароты 17 ст.). Помнік Аляксандру Неўскаму (1958, скульпт. С.​Арлоў, арх. Л.​Капіца). Гіст.-мастацкі музей. Каля П.-З. — Шаляпінка, сядзіба Ф.​І.​Шаляпіна. Турызм.

Літ.:

Иванов К.И., Пуришев И.Б. Переславль-Залесский: Путеводитель по городу и окрестностям. Ярославль, 1986;

Переславль-Залесский: Путеводитель по ист. и архит. памятникам. М., 1989.

Г.​В.​Прыбытка (архітэктура).

Пераслаўль-Залескі. Спаса-Праабражэнскі сабор. 1152—60.

т. 12, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕ́ДОМОСТИ» пятроўскія,

першая руская друкаваная газета. Засн. паводле ўказа Пятра I. Выдавалася з 16.12.1702 (па інш. звестках з 2.1.1703) да 1917 спачатку ў Маскве (да 1711), потым папераменна ў Пецярбургу і Маскве. Мяняла назвы: «Ведомости», «Ведомости московские», «Ведомости о военных и иных делах...» і інш. Выходзіла неперыядычна. Друкавала звесткі пра поспехі прам-сці, асветы і гандлю, паведамленні пра перамогі арміі і флоту, замежную інфармацыю. З 1728 выходзіла пад назвай «Санкт-Петербургские ведомости».

т. 4, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯНШЧЫ́К,

1) у мінулыя часы ў шэрагу армій (герм., аўстра-венг., італьян., франц., рас. і інш.) салдат (матрос), які знаходзіўся пры генерале, адмірале, афіцэру або ваен. чыноўніку ў якасці прыслугі. У Расіі Дз. з’явіліся пры цару Міхаіле Фёдаравічу і прызначаліся для выканання розных даручэнняў на адзін дзень (адсюль назва); з канца 17 ст. пастаянная прыслуга. На караблях рас. ВМФ абавязкі Дз. фактычна выконваў веставы.

2) Афіцэр світы Пятра I, які выконваў яго асобыя даручэнні.

т. 6, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАВА́К ((Caravaque) Луі) (1684—20 ці 26.6.1754),

французскі жывапісец. З 1716 у Расіі. З 1718 у ведамстве «Канцылярыі ад пабудоў», дзе меў вучняў (І.​Вішнякоў і інш.). Працаваў у стылі позняга барока, пазней — ракако. Аўтар дэкар. размалёвак, батальных карцін, кардонаў для шпалер, партрэтаў. Сярод твораў: «Палтаўская баталія» (1717), партрэты Пятра I (1716 і 1723), імператрыцы Ганны Іванаўны (1730) і інш. Творчасць К., адметная вытанчанай жывапіснай манерай, паўплывала на рус. партрэт сярэдзіны 18 ст.

т. 8, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РАБАЎ (Іван Кузьміч) (1700 або 1701—1747),

рускі архітэктар. У 1718—27 як пенсіянер Пятра I вучыўся ў Бельгіі і Галандыі. У Пецярбургу перабудаваў у духу ранняга рус. барока будынак Адміралцейства, будаваў Партыкулярную верф на Фантанцы (пачата ў 1735, разабрана), магчыма, царкву Панцеляймона (1735—39). Удзельнічаў у складанні першага рус. арх. трактата-кодэкса. З 1741 працаваў у Маскве. Сярод яго вучняў С.​І.​Чавакінскі, А.​П.​Какорынаў, Дз.​В.​Ухтамскі і інш.

т. 8, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕСЯЛО́ЎСКІ (Казімір) (1676—1752),

польскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Жыў у вёсках Варонча і Ясянцы на Навагрудчыне. Пасол на сейм Рэчы Паспалітай (1722). Маршалак навагрудскі (1733), камісар гродзенскі (1738). Прыхільнік палітыкі Пятра I, у 1737 наведаў Пецярбург. Пісаў і на лац. мове. Апублікаваў у Пінску кампілятыўныя зб-кі «ўсякай усячыны» — «Публічныя забаўкі» (1743) і «Хатнія забаўкі» (1752; Супрасль, 1783), у якія апрача сваіх барочных вершаў уключыў прамовы, пасланні, эпітафіі, легенды.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 11, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПРА́КСІН (Фёдар Мацвеевіч) (1661—10.11.1728),

расійскі ген.-адмірал (1708), адзін са стваральнікаў рас. флоту. З 1682 стольнік Пятра I, у 1693—96 дзвінскі ваявода і губернатар Архангельска. З 1700 гал. начальнік Адміралцейскага прыказа і азоўскі губернатар. У час Паўн. вайны 1700—21 атрымаў на моры шэраг перамог над шведамі. У 1712—23 кіраваў Эстляндыяй, Інгерманландыяй і Карэліяй. З 1718 прэзідэнт Адміралцействаў-калегіі. У час Перс. паходаў (1722—23) камандаваў Каспійскай флатыліяй, у 1723—26 — Балт. флотам.

т. 1, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)