СЕЛЬСІ́Н (англ. selsyn ад англ. self сам + грэч. synchronos адначасовы),

электрычная пераменнага току машына, прызначаная для сінхроннага вярчэння вала якога-н. механізма ў адпаведнасці з вуглавым перамяшчэннем інш. вала, механічна не звязанага з першым.

Паводле прынцыпу дзеяння з’яўляецца паваротным трансфарматарам, у якога пры вярчэнні ротара адбываецца плаўная змена ўзаемнай індуктыўнасці паміж яго абмоткамі — аднафазнай першаснай (абмоткай узбуджэння) і трохфазнай другаснай (абмоткай сінхранізацыі). Звычайна выкарыстоўваецца сельсінная перадача з С.-датчыка і С.-прыёмніка, якія электрычна звязаны так, што пры павароце ротара С.-датчыка, механічна звязанага з паварочвальным валам, сінфазна і сінхронна з ім паварочваецца ротар С.-прыёмніка. Выкарыстоўваецца ў сістэмах сачэння і дыстанцыйнага вымярэння.

Я.​П.​Забела.

Дыстанцыйная электрычная перадача з сельсінамі — датчыкам і прыёмнікам: αg — вугал павароту ротара датчыка; αn — ротара прыёмніка (αg ≈ αn).

т. 14, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗДЗЯРЖА́ЎЛЕННЕ перадача ад дзяржавы фізічным або юрыдычным асобам часткова або поўнасцю, у т. л. праз прыватызацыю, функцый непасрэднага кіравання гаспадарчымі суб’ектамі. Садзейнічае ўмацаванню самастойнасці таваравытворцаў, напаўненню рынку таварамі (паслугамі), павышэнню іх якасці, ліквідацыі манапалізму дзярж, прадпрыемстваў. Ажыццяўляецца ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам і праграмамі прыватызацыі.

т. 13, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАХО́ДНАЕ ШАСІ́,

спецыяльнай канструкцыі трактар для с.-г. работ у агрэгаце з навясным абсталяваннем. Мае адкрытую адна- ці двухбрусаваю раму, дзе размяшчаецца навясное абсталяванне або транспартная платформа; рухавік і сілавая перадача размешчаны спераду ці ззаду (найб. пашырана). Кіраванне навясным абсталяваннем з дапамогай гідраўлічнай сістэмы.

т. 14, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ФТА (ад ням. Muffe),

прыстасаванне для злучэння валоў, цяг, труб, канатаў, кабеляў і інш. цыліндрычных дэталей. Бываюць злучальныя (фітынгі, кабельныя муфты і інш.), якія забяспечваюць трываласць злучэння, герметычнасць, ахову ад карозіі, і М. прыводаў машын і механізмаў, што перадаюць вярчальны рух з аднаго вала на другі (ці на шкіў, зубчастае кола і да т.п.).

М. прыводаў таксама кампенсуюць мантажныя адхіленні, раз’ядноўваюць валы, засцерагаюць машыны ад паломак у аварыйных рэжымах і інш. Перадача моманту ў М ажыццяўляецца з мех. сувяззю паміж дэталямі (глухія, зубчастыя, утулачна-пальцавыя, кулачковыя, шарнірныя М.), за кошт трэння або магн. прыцяжэння (фрыкцыйныя, электраіндукцыйныя М.), сіл інерцыі (гідрамуфты, гл. Гідрадынамічная перадача). М. прыводаў бываюць: пастаянныя злучальныя, кіроўныя, самакіроўныя (аўтаматычныя, якія ўключаюцца і выключаюцца ў залежнасці ад рэжыму работы), М. слізгання.

Муфты для перадачы вярчальнага руху: а — простая муфта; б — адзінарныя шарнірныя, спалучаныя з прамежкавым валам (1 — злучальныя валы, 2 — паўмуфты, 3 — прамежкавы вал).

т. 11, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭГЕНЕРА́ТАР у цеплатэхніцы,

разнавіднасць цеплаабменніка, дзе перадача цеплаты ажыццяўляецца шляхам пачарговага кантакту цепланосьбітаў з аднымі і тымі ж паверхнямі апарата. Найб. пашыраны Р. уяўляе сабой камеру, запоўненую спец. цаглянай насадкай. У час кантакту з гарачым цепланосьбітам насадка награваецца, з халодным — ахалоджваецца і награвае яго. Р. з перыядычным пераключэннем цепланосьбітаў забяспечвае падагрэў паветра да 1200 °C.

т. 13, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́МПЛЕКСНАЯ СУ́ВЯЗЬ (ад лац. simplex просты),

сістэма двухбаковай электрасувязі паміж двума абанентамі па адным фіз. ланцугу ці па адным канале сувязі, пры якой прыём і перадача паведамленняў праводзіцца пачаргова. Пры тэлеф. С.с. для двухбаковай перадачы паведамленняў карыстаюцца спец. прыладамі для змены напрамку перадачы (уручную — кнопкай, аўтаматычна — ад голасу). Гл. таксама Дуплексная сувязь.

т. 14, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́НАПСЫ (ад грэч. synapsis злучэнне, сувязь),

функцыянальныя кантакты паміж узбудлівымі клеткамі (нерв., мышачнымі, сакраторнымі), якія пераўтвараюць і перадаюць нерв. імпульсы. Тэрмін «С» ўведзены Ч.​С.​Шэрынгтанам (1897). С. — найб. істотны структурна-функцыян. элемент мозга, а сінаптычныя сувязі — гал. механізм міжнейроннага ўзаемадзеяння, які забяспечвае асн. праяўленні дзейнасці нерв. сістэмы. Колькасць С. на паверхні нейрона ад 1 да 20 тыс. У С. адрозніваюць прэсінаптычную ч. (звычайна канец прэсінаптычнага аксона), сінаптычную шчыліну (прастора, якая раздзяляе мембраны клетак, што кантактуюць, шыр. 20—30 нм) і постсінаптычную ч. (участак клеткі, да якога падыходзіць прэсінаптычны канец). Па функц. значэнні С. бываюць узбудлівыя і тармазныя ў адпаведнасці з тым, актывуюць яны або прыгнечваюць адпаведныя клеткі. Перадача сігналу праз С. адбываецца ў імпульснай (дыскрэтнай) форме ў адзін бок з дапамогай хім. або эл. механізма. Змешаныя С. спалучаюць хім. і эл. механізмы перадачы. У найб. пашыраных хім. С. перадача нерв. імпульсу адбываецца з дапамогай хім. рэчыва — медыятара.

А.​С.​Леанцюк.

т. 14, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРЫЯ́ТАР,

прыстасаванне для плаўнай змены вуглавых скарасцей звёнаў прывода і выканаўчага механізма. Асн. частка варыятара — бесступеньчатая перадача (адна або некалькі).

Варыятар забяспечвае аптымальную скорасць машыны або механізма пры розных умовах эксплуатацыі. Бываюць фрыкцыйныя (выкарыстоўваюць трэнне) і гідраўлічныя. Пашыраны ў машынах і механізмах хім., папяровай, тэкст. прам-сці, на транспарце (напр., на эскалатарах метрапалітэна ўзгадняюць скорасць руху поручняў і ступеняў).

т. 4, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛЁКАЯ СУ́ВЯЗЬ, міжгародняя сувязь,

від тэлефонна-тэлеграфнай сувязі паміж карэспандэнтамі, якія знаходзяцца на далёкай (практычна неабмежаванай) адлегласці адзін ад аднаго. Адначасовая перадача тэлеф., тэлегр., фотатэлегр., тэлевізійных і інш. сігналаў ажыццяўляецца па паветраных, кабельных, радыёрэлейных, спадарожнікавых і інш. лініях сувязі (гл. Многаканальная сувязь). Для кампенсацыі затухання сігналаў на асобных участках ліній устанаўліваюць узмацняльныя пункты або прамежкавыя (рэтрансляцыйныя) станцыі.

т. 6, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМІ́ЧНАЕ ТЭЛЕБА́ЧАННЕ, касмабачанне,

перадача і прыём адлюстравання і гукавога суправаджэння з борта касм. апарата, які знаходзіцца ў касм. прасторы або на паверхні інш. планеты. Сігналы ад бартавой апаратуры касм. станцыі прымаюцца наземнымі пунктамі радыёсувязі і перадаюцца на тэлецэнтр, адкуль рэтрансліруюцца па сетках тэлевізійнага вяшчання. Касм. тэлевізійная апаратура надзейна працуе ў шырокім дыяпазоне т-р, у касм. вакууме і вытрымлівае вял. мех. перагрузкі.

т. 8, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)