«ПРАЛЕ́СКА»,

навукова-метадычны ілюстраваны часопіс па дашкольным выхаванні. Выдаецца з 1991 у Мінску на бел. мове штомесячна. Разлічаны на работнікаў адукацыйных дашкольных устаноў, бацькоў. Прапагандуе навук. распрацоўкі сучасных пед. і метадычных тэхналогій, асвятляе практычную дзейнасць дашкольных устаноў, пытанні падрыхтоўкі кадраў для іх, сямейнага выхавання, у т. л. з вопыту замежных краін. Друкуе артыкулы вучоных, творы бел. пісьменнікаў, рэцэнзіі, матэрыялы па фальклоры, з пед. спадчыны і інш.

т. 12, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІХАДЗІЕ́ЎСКІ (Сцяпан Іванавіч) (9.5. 1911, в. Барок Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 13.2.1979),

бел. паэт і літ.-знавец. Д-р філал. н. (1967), праф. (1968). Вучыўся ў БДУ (1930—31), Бел. вышэйшым пед. ін-це (1931—33), скончыў Томскі пед. ін-т (1939). 10.8.1933 беспадстаўна асуджаны на 3 гады высылкі ў Казахстан; настаўнічаў там. З 1939 выкладчык Ташкенцкага пед. ін-та, з 1963 заг. кафедры зарубежнай л-ры Рэсп. пед. ін-та рус. мовы і л-ры ў Ташкенце. Друкаваўся з 1925. Тагачасныя пераўтварэнні, пафас будаўніцтва адлюстраваў у зб-ках паэзіі «Рокаты далёкай прыстані», «Чырванеюць вішні» (абодва 1931), «Крывавыя знічкі на снезе», «Мы — маладая гвардыя» (абодва 1932), нарысах. Перажытае — тэмы зб. вершаў «Берасцянка жывых трывог» (1962), «Вянкі камунарам» (1974), «Чырвоныя макі» (1981). Даследаваў крытычны рэалізм у франц. л-ры, бел.-ўзб. літ. сувязі. На бел. мову пераклаў паасобныя творы І.​В.​Гётэ, Г.​Гейнэ, В.​Гюго, Ш.​Бадлера, П.​Верлена, П.​Элюара, некаторых рус. і ўзб. паэтаў.

Тв.:

Анатоль Франс: Очерк творчества. Ташкент, 1962;

Поиски сердолика. Ташкент, 1973;

Радость встреч: Сб. лит.-критич. статей. Ташкент, 1977.

т. 9, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЭ́ЦКІ (Якаў Ільіч) (29.9.1913, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 13.11.1992),

бел. літ.-знавец, перакладчык, мовазнавец. Скончыў Лідскую гімназію (1932), Мінскі пед. ін-т (1948). Настаўнічаў, працаваў у мінскіх пед. ін-це, пед. ін-це замежных моў. Друкаваўся з 1960. Аўтар манаграфій «Сымон Будны» (1975), «Элементы лацінскага словаўтварэння і сучасныя мовы» (1977), «Саламон Рысінскі» (1983), «Мікола Гусоўскі» (1984), «Міхаіл Карыцкі», «Ян Вісліцкі» (абедзве 1991). Даследаваў шматмоўную л-ру Беларусі 16—17 ст. З лац. і польскай моў пераклаў на бел. мову некат. творы Міколы Гусоўскага (з Я.​Семяжонам), М.​Карыцкага (з Ю.​Свіркам), на рус. мову — творы Міколы Гусоўскага (з Семяжонам), С.​Буднага, Я.​Вісліцкага (з Ю.​Прэнскай), С.​Рысінскага, Карыцкага, С.​Кляновіча (з С.​Яўсеевай), Я.​Ліцынія Намыслоўскага, А.​Рымшы і інш.

т. 12, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМАРО́ЎСКАЯ (Таццяна Яўгенаўна) (н. 3.7.1947, Мінск),

бел. літаратуразнавец. Д-р філал. н. (1994), праф. (1997). Скончыла Мінскі пед. ін-т замежных моў (1969), выкладала ў гэтым ін-це. З 1987 у Бел. пед. ун-це. Даследуе праблемы сучаснай амер. і зах.-еўрап. л-р. Аўтар манаграфій «Творчасць Ірвінга Стоўна» (1983), «Асэнсаванне мінулага ў амерыканскім гістарычным рамане XX ст.» (1993), вучэбных дапаможнікаў для ВНУ па гісторыі л-ры Англіі, ЗША і інш.

т. 7, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІТУНО́ВІЧ (Фёдар Рыгоравіч) (н. 16.4.1917, в. Агароднікі Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. педагог. Канд. пед. н. (1954), праф. (1978). Засл. настаўнік Беларусі (1982). Скончыў БДУ (1947). З 1954 у Бел. пед. ун-це. Навук. працы ў галіне выкарыстання тэхн. сродкаў навучання, ЭВМ і праграміраванага навучання пры выкладанні фізікі і электратэхнікі. Аўтар падручнікаў і навуч. дапаможнікаў для школ і ВНУ.

Тв.:

Электротехника. 3. изд. Мн., 1991 Электратэхніка. Мн., 1997.

т. 8, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАСТА́ЎНІЦКАЯ ГАЗЕ́ТА»,

выданне асветнікаў Рэспублікі Беларусь. Выходзіць са снеж. 1945 у Мінску на бел. мове (да 1957—1 раз, з 1958—2 разы, з 1998—3 разы на тыдзень). Асвятляе праблемы адукацыі і выхавання, пытанні пед. навукі і практыкі, аналізуе развіццё пед. думкі ў Беларусі, інфармуе аб правядзенні рэформы агульнаадук. школы, пераўладкаванні прафесійнай і вышэйшай школы, пра сістэму адукацыі ў краінах замежжа. Адрасавана настаўнікам, выкладчыкам, навукоўцам, навучэнцам, студэнтам, а таксама бацькам.

т. 11, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ВІЧ (Іосіф Людвігавіч) (12.3.1920, в. Валоўшчына Мінскага р-на — 27.10.1990),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1977), праф. (1978). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1980). Брат М.Л.Пятровіч. Скончыў Вільнюскі пед. ін-т (1953). У Вял. Айч. вайну са студз. 1944 сакратар Сямяніцкага, потым Камянецкага падп. райкомаў ЛКСМБ. Пасля вайны на парт. рабоце, з 1964 выкладчык, з 1975 заг. кафедры Мінскага пед. ін-та імя Горкага. Аўтар прац па гісторыі польск. рабочага рэв. руху.

т. 13, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРЭ́НКА (Мікалай Макаравіч) (19.12.1919, в. Барбароў Мазырскага р-на Гомельскай вобл. — 3.1.1997),

бел. дзеяч самадз. мастацтва, кампазітар, педагог. Засл. настаўнік Беларусі (1966). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1940). З 1946 працаваў ва ўстановах нар. асветы, з 1960 у Полацкім пед. вучылішчы. Песням П. ўласцівы меладычнасць, выкарыстанне інтанацый бел. песеннага фальклору. Найб. папулярныя: «Ручнікі», «Прывітальная», «Вочы зямлі маёй» і інш. Аўтар зб. песень на вершы бел. паэтаў «Беларусі мілай» (1997) і інш.

Н.​Я.​Гальпяровіч.

т. 13, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАПАМО́ЖНАЯ ШКО́ЛА,

спецыяльная навучальна-выхаваўчая ўстанова для разумова адсталых дзяцей, задача якой — максімальная карэкцыя парушэнняў іх псіхічнага і фіз. развіцця ў працэсе вучобы, выхавання, а таксама заняткаў па выпраўленні дэфектаў развіцця і лячэбна-аздараўленчай работы. Прызначана забяспечыць адаптацыю і інтэграцыю дзяцей у грамадстве за кошт прафесійна-прац. падрыхтоўкі і інтэграванага навучання ў адпаведнасці з узроставымі і індывід. асаблівасцямі іх разумовага і фіз. развіцця. Першыя Д.ш. ўзніклі ў Германіі і Францыі ў 1-й пал. 19 ст. У Беларусі адкрыты ў 1918—20 (у Віцебску, Магілёве, Мінску). Асн. тып Д.ш. — школы-інтэрнаты. Частка дзяцей вучыцца ў звычайных школах (інтэграванае навучанне), некат. атрымліваюць карэкцыйную дапамогу на дэфекталагічных пунктах і ў дыягностыка-рэабілітацыйных цэнтрах. Навучанне вядзецца па спец. вучэбных планах, праграмах і падручніках. Напаўняльнасць класаў каля 12 чал. Большасць выпускнікоў Д.ш. уключаюцца ў вытв. працу. Дзеці з цяжкай формай разумовай адсталасці знаходзяцца ва ўстановах Мін-ва сац. абароны (дамы-інтэрнаты псіханеўралагічнага профілю). Пед. кадры для Д.ш. са спец. сярэдняй адукацыяй рыхтуюць Салігорскае пед. вучылішча і Магілёўскі пед. каледж, з вышэйшай — Бел. пед. ун-т. Навукова-даследчую работу ў гэтым кірунку вядзе Нац. ін-т адукацыі. У 1996/97 навуч. г. ў Беларусі 49 Д.ш.

Т.​Л.​Ляшчынская.

т. 6, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСТА́ЎНІЦКІЯ СЕМІНА́РЫІ,

спецыяльныя пед. навуч. ўстановы ў 19 — пач. 20 ст., якія рыхтавалі настаўнікаў для пач. школ. У іх прымалі асоб, якія скончылі двухкласныя пачатковыя вучылішчы з 5—6-гадовым курсам. Тэрмін навучання 3—5 гадоў. Да 1908 былі толькі мужчынскія Н.с. Выкладаліся багаслоўскія дысцыпліны, рус. мова і л-ра, прыродазнаўства, фізіка, чарчэнне, музыка і спевы, методыка выкладання ў пач. школе і інш. Пры Н.с. дзейнічалі ўзорныя пач. вучылішчы, у якіх семінарысты праходзілі пед. практыку. Першая на Беларусі Віцебская настаўніцкая семінарыя дзейнічала ў 1834—39. У 2-й пал. 19 ст. адкрыты 4 мужчынскія Н.с.: Маладзечанская настаўніцкая семінарыя (першая на тэр. Рас. імперыі), Полацкая (1872), Нясвіжская (1875), Свіслацкая (1876). На пач. 20 ст. адкрыты яшчэ 5 Н.с.: мужчынская ў Рагачове (1909), жаночыя ў Оршы (1911), Барысаве і Гомелі (1915), Бабруйску (1916). У 1-ю сусв. вайну Маладзечанская, Нясвіжская і Свіслацкая Н.с. эвакуіраваны ў Расію. У чэрв. 1917 Н.с. прыраўнаваны да сярэдніх навуч. устаноў (гімназій і рэальных вучылішчаў), пераўтвораны ў навуч. ўстановы змешанага тыпу, пры паступленні адменены ўсе абмежаванні. Уведзена выкладанне замежных моў, сусв. гісторыі, геаграфіі і інш. У 1919 пераўтвораны ў 3-гадовыя пед. курсы, у 1920-я г. — у пед. тэхнікумы.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 11, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)