пара сухога, цёплага (днём) надвор’я ў 2-й пал. верасня — кастрычніку ў Паўн. паўшар’і. У Паўн. Амерыцы наз. індзейскім летам. Прадаўжаецца 2—3 тыдні. На Беларусі бывае амаль штогод пры ўстойлівым антыцыклоне, з якім паступае цёплае паветра з Пд. Пераважае малавоблачнае надвор’е, слабы паўд. вецер. У найб. працяглыя перыяды вяртання цяпла могуць паўторна цвісці яблыні, вішні, чаромха і інш. Доўгае «Бабіна лета» было, напрыклад, у Мінску ў 1975 (цягнулася месяц), калі дзённыя т-ры дасягалі 29 °C.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЮРЫ́ ЗАКО́Н,
тэмпературная залежнасць удзельнай магнітнай успрыімлівасці χ некаторых парамагнетыкаў. Мае выгляд χ = C/T, дзе C — канстанта рэчыва (канстанта Кюры). Адкрыты ў 1895 П.Кюры. К.з. падпарадкоўваюцца газы, пара шчолачных металаў, разбаўленыя растворы парамагн. солей і інш. Класічная тэорыя К.з. грунтуецца на стат. разглядзе ўласцівасцей сістэмы («газу») слаба ўзаемадзейных атамаў, малекул ці іонаў, якія маюць магн. дыпольны момант. У знешнім магн. полі адбываецца арыентацыя гэтых момантаў уздоўж поля, якой перашкаджае цеплавы рух часціц. Гл. таксама Кюры—Вейса закон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТА́КТАВЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,
паклады карысных выкапняў, якія ўзнікаюць у зямной кары на кантакце гарачых магматычных парод з умяшчальнымі пародамі. Падзяляюцца на кантактава-метамарфічныя (узнікаюць ад дзеяння высокай т-ры на ўмяшчальныя пароды) і кантактава-метасаматычныя, пры ўтварэнні якіх у пароды пранікаюць лятучыя кампаненты (пара вады, бору. хлору, фтору) і цяжкія металы. Асабліва падлеглыя кантактаваму метасаматызму карбанатныя пароды (гл.Скарны). К.р. — важная крыніца руд жалеза, хрому, медзі, цынку, свінцу, вальфраму, малібдэну, золата, а таксама неметал. карысных выкапняў — мармуру, карунду, андалузіту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТЫ́ ВЕК,
у старажытных уяўленнях многіх народаў самая ранняя пара існавання чалавецтва, калі людзі заставаліся вечна маладыя, не ведалі турбот і засмучэнняў, былі падобныя да багоў, але падуладныя смерці, якая прыходзіла да іх як салодкі сон, З.в. называюцца таксама час росквіту культуры, мастацтва, л-ры, навукі і інш. Адпаведна гіст. працэсам развіцця ў розных краінах перыяды З.в. не супадаюць храналагічна і тыпалагічна. Для Беларусі некат. даследчыкі З.в. называюць 16—1-й пал. 17 ст., што прыпадае на бел.Адраджэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРШАСНАТРАХЕ́ЙНЫЯ (Protracheata),
адзіны клас беспазваночных жывёл тыпу аніхафор. 2 сям., 70 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічнай і ўмеранай зонах Паўд. паўшар’я. Жывуць у вільготных мясцінах, у лясным подсціле. Начныя жывёлы.
Даўж. да 15 см. Цела з 13—44 сегментаў, вусенепадобнае, укрыта мяккай хіцінавай кутыкулай. Па ўсёй даўж. цела кароткія ножкі. На галаве 3 пары прыдаткаў (1-я пара — доўгія вусікі). Органы дыхання — трахеі, выдзялення — цэламадукты. Сэрца ў выглядзе трубкі з адтулінай, крывяносных сасудаў няма. Кормяцца насякомымі. Раздзельнаполыя. Пераважна жывародныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУНКТ РАСЫ́, кропка расы,
тэмпература, да якой павінна ахаладзіцца паветра, каб наяўная ў ім вадзяная пара дасягнула насычэння (пры дадзеным утрыманні вільгаці і нязменным ціску); неабходная ўмова для з’яўлення расы; адна з асн. характарыстык вільготнасці паветра. Вызначаецца па псіхраметрычных табліцах і т-ры па сухім і змочаным тэрмометрах або непасрэдна кандэнсацыйным гігрометрам. Пры адноснай вільготнасці меншай за 100% П.р. заўсёды ніжэй фактычнай т-ры паветра. Пры насычанасці (адносная вільготнасць 100%) фактычная т-ра супадае з П.р.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПЛА́СА ЗАКО́Н,
залежнасць капілярнага ціску ад міжфазнага паверхневага нацяжэння і сярэдняй крывізны паверхні ў дадзеным пункце; адзін з асн. законаў капілярных з’яў. Устаноўлены П.С.Лапласам у 1806.
Паводле Л.з., перапад гідрастатычнага ціску σρ (капілярны ціск) на паверхні падзелу дзвюх фаз (вадкасць — вадкасць, вадкасць — пара ці газ) σρ=σ(l/R1+l/R2), дзе σ — каэфіцыент паверхневага нацяжэння; R1 і R2 — радыусы крывізны 2 узаемна перпендыкулярных нармальных сячэнняў паверхні ў дадзеным пункце (Δρ > 0, калі меніск выпуклы, Δρ < 0, калі меніск увагнуты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГАВЫ́ ПРАЦЭ́С.
тэрмадынамічны працэс, у выніку якога рабочае рэчыва (газ, пара ці інш.) вяртаецца ў першапачатковы стан. Пры гэтым усе тэрмадынамічныя параметры і характарыстычныя функцыі сістэмы ў канцы працэсу прымаюць першапачатковыя значэнні, а змены адбываюцца толькі ў навакольным асяроддзі. У прамым К.п. частка цеплаты, нададзеная рабочаму целу, пераўтвараецца ў карысную работу (напр., у цеплавых рухавіках), а ў адваротным — за кошт работы адбываецца перадача цеплаты ад менш нагрэтых цел да больш нагрэтых (напр., у халадзільных машынах). Гл. таксама Карно цыкл, Цыкл тэрмадынамічны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТАЦЕ́ЛЫ, ліставідкі (Phylliidae),
сямейства насякомых атр. палачнікаў, або зданневых. Каля 20 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках Азіі.
Даўж. да 12,5 см. У самак цела шырокае, сплошчанае. Афарбоўка і жылкаванне надкрылаў імітуюць лісце раслін, ногі лістападобна расшыраныя. Крылы рэдукаваныя, 1 пара. Перамяшчаюцца марудна або нерухома вісяць на галінах або чаранках лісця. Самцы не падобныя да лісця, з укарочанымі надкрыламі, рухавыя, добра лятаюць. Здольныя да аўтатаміі. Расліннаедныя. Адкладваюць яйцы.