СКРЫПНІЧЭ́НКА (Ларыса Іванаўна) (н. 7.7.1941, г. Усевалажск Ленінградскай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1964), выкладала ў ім (1980—92). З 2001 у Мінскім раённым цэнтры дзіцячай творчасці. Сярод твораў габелены, выкананыя пераважна спалучэннем тэхнік гладкатканага і рэльефнага ткацтва: «Лясная песня» (1974), «Саната» (1977), «Світанне» (1978), «Каваль-асілак» (1979), «Сонечная кветка», «Абуджэнне» (абодва 1980), «Паўлінка» (1981), «След Пегаса» (1982), «Святочны рытм» (1984), «Веснавы акорд», «Багацце» (серыя; усе 1985), «Раніца» (1986), «Прэлюдыя», «Прысвячэнне» (1988—89), «Прастора і час», «Гімн зямлі» (абодва 1988), «Усход Селены», «Веснавыя галасы» (абодва 1991), «Нітка Арыядны» (1995), «Русалка», «Папараць» (абодва 1997); дэкар.пано «Ураджай» для Палаца культуры ў в. Сеніца Мінскага р-на (1990) і інш. Працуе таксама ў станковым жывапісе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫЗА́ЙЛЬ (франц. grisaille ад gris шэры),
від дэкаратыўнага жывапісу, які выконваецца ў розных адценнях якога-н. аднаго колеру (пераважна шэрага). Выкарыстоўваецца ў насценных размалёўках і пано. Імітуе скульпт. рэльеф або арх. кампазіцыі, вызначаецца выразнай святлоценявой мадэліроўкай выяў. Грызайлю называюць і размалёўкі аднаколернай эмаллю (шэрай, карычневай, ружовай) з прамалёўкай золатам, у якіх таксама дасягаецца эфект рэльефнасці выявы (гл.Ліможская эмаль). Вядома з 17 ст., найб. пашырана ў размалёўках класіцызму. На Беларусі грызайль шырока ўжывалася ў дэкарыраванні культавых і палацавых будынкаў канца 18 — пач. 19 ст. (палацы ў Гомелі, Свяцку Гродзенскага, Залессі Смаргонскага р-наў; касцёлы езуітаў у Гродне, у вёсках Гальшаны Астравецкага, Будслаў Мядзельскага р-наў; цэрквы Варварынская ў Пінску, у в. Дубай Пінскага р-на і інш.).
Размалёўка ў тэхніцы грызайль інтэр’ера касцёла бернардзінцаў у в. Будслаў Мядзельскага раёна Мінскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТА́РСІЯ (ад італьян. intarsio інкрустацыя),
спосаб дэкарыроўкі драўляных вырабаў (мэблі, пано, куфэркаў, сувенірных вырабаў і інш.) арнаментам або сюжэтнымі выявамі шляхам урэзвання ў іх паверхню кавалачкаў дрэва, іншых па фактуры і колеры; від інкрустацыі. Вядома са старажытнасці. Пашырэнне мела ў краінах Зах. Еўропы пры аздабленні мэблі. У 18—19 ст.бел. майстры аздаблялі І. мэблю для панскіх сядзіб і маёнткаў (у Нац.маст. музеі Беларусі захоўваецца гасціны гарнітур сярэдзіны 19 ст., упрыгожаны І.). З 1950-х г. некат. мэблевыя прадпрыемствы Беларусі выпускаюць мэблю, аздобленую І. па матывах бел.нар. арнаменту. У гэтай тэхніцы працуюць прафес. і самадз. мастакі П. і А.Гапакі, Р.Гебелеў, Дз.Сакажынскі, А.Сліжыкаў, У.Курбан і інш., а таксама народныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯЦКО́Ў (Міхаіл Нічыпаравіч) (н. 25.9.1946, с. Каменскі Хутар Клімаўскага р-на Бранскай вобл., Расія),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1975). З 1978 на Камбінаце мастацтваў у Гомелі. Працуе ў манум. і дэкар. прыкладным мастацтве, пераважна ў галіне керамікі. Аўтар манум.пано «Вясна» (1984) у цэнтр. паліклініцы, «Праца», «Свята» (абодва 1985) у Палацы культуры «Гомсельмаша», размалёвак у прафес.-тэхн. вучылішчы № 67 (1986; усе ў Гомелі) і інш. Станковыя работы вызначаюцца пластычнай выразнасцю форм, імкненнем да выяўлення натуральнай прыгажосці матэрыялу: дэкар. наборы «Беларусіка» (1977), «Сялянскі» (1978), «Вячэрні» (1981), вазы «Вясенняе абуджэнне» (1975), «Лета» (1982), дэкар. пластыка «Памяць народная» і «Свята на сяле» (1978), «Сельскія эцюды» (1980), «Успаміны пра дзяцінства» (1985), дэкар. скульптура «Маці Палесся» (1980), «Мая Беларусь» (1989), «Францыск Скарына» (1990) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАЧЫ́ЦКАЯ (Тамара Мікалаеўна) (н. 28.3.1949, г.п. Калінава Папаснянскага р-на Луганскай вобл., Украіна),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1975). З 1975 на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва. У 1993—96 выкладала ў маст. школе-ліцэі ў Мінску. Працуе ў галіне керамікі. Творы вызначаюцца абагульненасцю і стылізаванасцю пластычных форм, спалучэннем натуральнай фактуры матэрыялу з ангобнай размалёўкай. Аформіла інтэр’еры праф.-тэхн. вучылішча мантажных і спец. работ № 31 у Мінску (1979—80), дзіцячых садкоў № 31 у Барысаве (1981) і № 401 у Мінску (1983), загс у г.п. Іўе Гродзенскай вобл. (1990—91) і інш. Сярод станковых твораў: дэкар. пластыка «Сны зімовага лесу» (1987), вазы «Нектар» (1980), «Палессе» (1987), дробная пластыка.
Т.Курачыцкая. Керамічнае пано «Юнацтва» ў прафесійна-тэхнічным вучылішчы мантажных і спецыяльных работ № 31 у Мінску. 1979—80.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАМЭ́ (араб. тасьма, карункі, махры),
вырабы, створаныя ў тэхніцы вузельчыкавага ручнога пляцення; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Для М. выкарыстоўваюць тоўстыя суровыя ніткі, сінт. або шаўковы шнур і інш., іх часам дапаўняюць драўлянымі, керамічнымі пацеркамі, зашчэпкамі, скуранымі і інш.дэкар. дэталямі. Асновай для пляцення могуць служыць драўляныя, метал., пластмасавыя кольцы. Вырабляюць побытавыя і маст. рэчы: сумкі, кулоны, паясы, кашпо, абажуры, пано, абрусы, сурвэткі, кашалькі, футаралы і інш. Як від маст. творчасці М. пашырана з 15 ст. ў Італіі, Паўн. Еўропе, з 18 ст. ў Расіі. На Беларусі тэхнікай М. выраблялі ў 19 ст. карункі ручнікоў, паясы, галаўныя ўборы. Асаблівую папулярнасць М. набыло ў 1970—80-я г. ў творчасці самадзейных майстроў і майстроў ф-к маст. вырабаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСЦЯРУ́К (Юрый Міхайлавіч) (н. 12.10.1957, г. Стоўбцы Мінскай вобл.),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1981). У 1981—95 працаваў на Магілёўскім камбінаце «Мастацтва», адначасова ў 1988—93 выкладаў у Магілёўскім вучылішчы культуры. З 1995 старшыня Магілёўскай абл. арганізацыі Бел. саюза мастакоў. Працуе ў жывапісе і манум. мастацтве. Аўтар жывапісных твораў «Партрэт Паўліны Мядзёлкі» (1982), «Крыж у Давыд-Гарадку» (1988), «Сон Палешука» (1990), «Мост на Гарыні» (1995), «Фотаздымак з вёскі Вепрын» (1996), «Беларускія могілкі» (1997), вітражоў «Музыка» (1984), «Беларускія асветнікі» ў Ін-це ўдасканалення настаўнікаў у Магілёве (1986), серыі вітражоў «Майстры» (1988), аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі ў Палацы шлюбу (1987), мазаічнага пано на фасадзе шпіталя №1 (1994; абодва ў Магілёве). Творам характэрны стрыманая каляровая гама, пошукі пластычнай выразнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫНА́РЫ ((Portinari) Кандыда) (29.12.1903, г. Брадоскі, Бразілія — 7.2.1962),
бразільскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Нац.маст. школе ў Рыо-дэ-Жанейра (1918—28). У 1936—39 праф. ун-та ў Рыо-дэ-Жанейра. Зазнаў уплывы экспрэсіянізму, сюррэалізму, П.Пікасо. З сярэдзіны 1930-х г. у рэаліст. манеры адлюстроўваў жыццё простага народа (батракоў, індзейцаў, неграў), часта надаваў персанажам узнёсла-гераічны характар. Творам уласціва абагульненне форм, мяккасць святлоценявой распрацоўкі, дакладнасць малюнка. Аўтар манум. размалёвак у будынках Мін-ва адукацыі Бразіліі ў Рыо-дэ-Жанейра (1936—45), Б-кі кангрэса ЗША у Вашынгтоне (1941), каледжа ў г. Катагуазіс (1948—49), пано «Вайна і мір» у будынку ААН у Нью-Йорку (1955), партрэта Р.Ралана (1936), карцін «Мёртвае дзіця» (1944), серыі «Бежанцы» (1945) і інш.Міжнар. прэмія Міру 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ КАПЛІ́ЦА,
помнік архітэктуры псеўдарускага стылю. Пабудавана ў 1870—89 у Гомелі паводле праекта арх. Я.Чарвінскага. Дэкар. работы выкананы мясц. майстрамі пад кіраўніцтвам мастака С.Садзікава. Рэстаўрыравана ў 1971—75. Размешчана ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі. Квадратнае ў плане мураванае збудаванне (пл. каля 30 м²) накрытае высокім 8-гранным шатром з люкарнамі і цыбулепадобнай галоўкай (агульная выш. 18 м). Падобныя галоўкі завяршаюць вуглы асн. аб’ёму. Фасады абліцаваны светлай цэглай, аздоблены керамічнымі дэталямі і каляровай маёлікай. На паўд. фасадзе ўваход з лесвіцай і арачным парталам. Побач з капліцай уваход у фамільную пахавальню Паскевічаў. Пахавальня складаецца з надземнай часткі (невял. мураваная пабудова, увянчаная маленькім барабанам з галоўкай), якая звязана лесвіцай са склепам — падземнай часткай (даўж. 28 м). Сцены склепа абліцаваны колатым каменем, пакрытым палівай, каля іх — мемар. пліты, на тарцовай — мазаічнае пано.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНЕ́ЛІЯ (Леанід Пятровіч) (н. 27.3.1946, г. Брэст),
бел. мастак. Сын П.А.Данелія. Вучыўся ў Мінскім маст.-пед. вучылішчы (1963—65), скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1970). Працуе ў галіне маст. праектавання, у розных жанрах выяўл. мастацтва. Аўтар праектаў, кіраўнік і выканаўца маст. афармлення інтэр’ераў дома адпачынку «Белая Русь» на воз. Нарач (1987—90), дзіцячага сада ф-кі «Элема» ў Мінску (1993, дэкар.пано, вітраж), гасцінічнага комплексу саўгаса «Заказельскі» Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. (1995; дэкар.-манум. жывапіс, з Дз.Глівай; вітраж, люстры), кампазіцыі «Стары горад» (1996) і інш. Ускладненая кампазіцыя і насычанасць колеравай гамы надае яго пейзажам рамант.-філас. гучанне: «Бабіна лета на Прыпяці» (1980), «Ліпеньскія навальніцы» (1984), «Возера Нарач. Ружовы вечар», «Цішыня. Дзіва над Лотвай» (абедзве 1990-я г.). Сярод тэматычных карцін «Чаканне» (1983), «Пачатак. Дарогай волі» (1989), «Вераніка» (1990) і інш.