ПАЛТА́ЎСКАЯ БІ́ТВА 1709,

генеральная бітва паміж расійскімі і шведскімі войскамі 8.7.1709 каля г. Палтава (Украіна) у час Паўночнай вайны 1700—21. У канцы крас. 1709 войскі Карла XII (больш за 30 тыс. чал., 32 гарматы) асадзілі Палтаву, гарнізон якой (4,2 тыс. салдат, 2,5 тыс. узбр. гараджан, 29 гармат) 2 месяцы адбіваў іх штурмы. У канцы мая да Палтавы падышлі гал. сілы рас. арміі на чале з Пятром I (42 тыс. салдат, 72 гарматы), каля в. Якаўцы пабудавалі ўмацаваны лагер з рэдутамі. Уначы 8 ліп. шведы (20 тыс. чал.) пад камандаваннем фельдмаршала К.​Г.​Рэншыльда (Карл XII 28 чэрв. ў час рэкагнасцыроўкі быў паранены) пачалі наступаць; 10 тыс., у т. л. частка запарожскіх і ўкр. казакоў, засталіся пад Палтавай і ў рэзерве. Пасля сутычкі са шведамі рас. конніца адышла пад прыкрыццё сваёй пяхоты і артылерыі. Шведы, трапіўшы пад моцны агонь, вымушаны былі пачаць адступленне, якое пад націскам рас. войск перарасло ва ўцёкі. 11 ліп. рас. конніца ўзяла ў палон рэшткі швед. войска. Карл XII і гетман Мазепа з невял. атрадам уцяклі на тэр. Асманскай імперыі. Шведы страцілі 9234 чал. забітымі і больш за 18 тыс. палоннымі, 32 гарматы, увесь абоз; рускія — 1345 чал. забітымі, 3290 параненымі. У выніку П.б. ў вайне наступіў пералом на карысць Расіі. Перамозе ў П.б. садзейнічаў поспех рас. войск у бітве каля в. Лясная ў 1708, якую Пётр I назваў «маці Палтаўскай баталіі».

Літ.:

Тарле Е.В. Северная война и шведское нашествие на Россию. М., 1958;

Дядиченко В.А. Полтавська битва. Київ, 1962.

Да арт. Палтаўская бітва 1709. Палтаўская баталія 27.6.1709. Другі этап. Гравюра Лармесена з арыгінала П.-Д.​Мартэна Малодшага. 1-я чвэрць 18 ст. (фрагмент).

т. 12, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАКО́З Адольф Сцяпанавіч (каля 1826, маёнтак Лешна, Зэльвенскі р-н Гродзенскай вобласці — 1895, паводле інш. звестак 1865),

удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Польшчы. Вучыўся ў Свіслацкай гімназіі. Служыў у Гродзенскай палаце цывільнага суда. На пач. 1860-х г. жыў у Беластоку. У час падрыхтоўкі паўстання надрукаваў у беластоцкай падп. друкарні некалькі рэв. выданняў, у т. л. «Гутарку старога дзеда». З пач. 1863 паўстанцкі начальнік Беластока. У крас. 1863 знаходзіўся пад следствам, пасля вызвалення — пад наглядам паліцыі. У чэрв. 1863 зноў арыштаваны і высланы ў Пермскую губ. Праз год паводле прыгавору ваен. суда сасланы ў Сібір.

т. 2, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНАМЕРЫКА́НСКІ САЮ́З,

міжнародная арг-цыя, якая існавала ў 1910—48 і ўключала большасць амер. дзяржаў. Узнік на аснове створанага 1-й Панамерыканскай канферэнцыяй 1889 (гл. Міжамерыканскія канферэнцыі) Міжнар. саюза амер. рэспублік (у 1902—10 наз. Міжнар. бюро амер. рэспублік). Створаны па ініцыятыве ЗША, якія працяглы час выкарыстоўвалі яго механізм для правядзення ў жыццё дактрыны панамерыканізму. У 1930-я г. пад націскам краін Лац. Амерыкі ператварыўся ў паліт. арг-цыю. Правапераемніца П.с. — Арганізацыя амерыканскіх дзяржаў (з 1948), адм. апарат якой дзейнічаў пад назвай «П.с.» да лют. 1970, калі быў перайменаваны ў Ген. сакратарыят.

т. 12, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛЯПЦО́Ў Васіль Аляксеевіч (31.7.1836, г. Варонеж, Расія — 4.4.1878),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1854—55). Ў 1857—62 быў чыноўнікам. Супрацоўнічаў у час. «Современник». Заснавальнік час. «Женский вестник» (1866—68). Стваральнік першай камуны (1863—64), дзе спрабаваў на практыцы ажыццявіць сац. ідэі (усеагульная праца, раўнапраўе жанчын). У 1866 прыцягваўся па справе Дз.​Каракозава; да канца жыцця знаходзіўся пад наглядам паліцыі. Друкаваўся з 1861 (цыкл нарысаў «Уладзімірка і Клязьма»). «Лісты пра Асташкава» (1862—63) — падарожныя нататкі, якія паказвалі неадпаведнасць паміж абліччам і рэальным становішчам павятовага горада. Аповесць «Цяжкі час» (1865) пра лёс разначынца. Аўтар рамана «Добры чалавек» (1871, не завершаны), апавяданняў, фельетонаў, літ.-крытычных артыкулаў.

Тв.:

Соч. Т. 1—2. М., 1957;

Неизвестные страницы // Литературное наследство. М., 1963. Т. 71;

Избр. произв. Л., 1970;

Проза. М., 1986;

Трудное время: Рассказы и очерки, повесть. М., 1988.

т. 15, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ КАМІТЭ́Т ДЭЛЕГА́ТАЎ, Камітэт саюза чыгуначнікаў Гомельскага раёна,

стачачны к-т, які кіраваў рэв. барацьбой працоўных Гомеля ў час Снежаньскага паўстання 1905. Дзейнічаў з 21.12.1905 па 1.1.1906. Утвораны на мітынгу рабочых і служачых Лібава-Роменскай чыг., дэпо і ст. Гомель-Палескі ў час усеаг. забастоўкі. Стварыў баявую дружыну, скінуў мясц. ўладу, кантраляваў працу чыг. тэлеграфа. Узяў на сябе ахову грамадскага парадку, абарону насельніцтва ад чарнасоценцаў. Устанавіў цесныя сувязі з забастовачным к-там ст. Жлобін. Заклікаў да забастоўкі ўсе чыг. станцыі, у выніку якой быў спынены рух на Палескай і Лібава-Роменскай чыг. 11 дзён трымаў пад кантролем горад і чыг. вузел. Спыніў дзейнасць пасля падаўлення забастоўкі.

т. 5, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ПЧЫЦКІ БОЙ 1794,

бой паміж паўстанцамі і рас. войскам у час паўстання 1794. Адбыўся 17.9.1794 каля в. Крупчыцы Кобрынскага пав. (цяпер Жабінкаўскі р-н). З абодвух бакоў удзельнічала каля 20 тыс. чал. Паўстанцы пад камандаваннем К.​Серакоўскага дзякуючы выгаднай стратэгічнай пазіцыі з дапамогай артылерыі (28 гармат) паспяхова стрымлівалі атакі кавалерыі і пяхоты праціўніка. Аднак пасля абходнага манеўра А.​В.​Суворава і вываду ім часткі войска цераз р. Трасцяніца ў фланг абароны паўстанцаў апошнія пачалі адыходзіць у напрамку Брэста. У час бою абодва бакі страцілі каля 300 чал. забітымі і параненымі. 19 вер. каля в. Цярэспаль Брэсцкага пав. рас. войскі разбілі паўстанцаў.

У.​П.​Емяльянчык.

т. 8, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВЫЯ І ПАЎНО́ЧНЫЯ ДЫНА́СТЫІ ў Кітаі, Нань Бэй Чао,

перыяд кіт. гісторыі (4—6 ст.), калі Кітай быў падзелены на 2 асобныя дзяржавы. Паўд. Кітаем у гэты час кіравалі дынастыі кіт. паходжання: Сун [420—478], Цы [479—501], Лян [502—556], Чэнь [557—588], На Пн Кітая панавалі дынастыі выхадцаў з плямён сяньбі, якія захапілі гэту ч. краіны ў канцы 4 ст.: Тоба Вэй (Паўн. Вэй) [386—535], Усх. Вэй [534—550], Зах. Вэй [535—557], Паўн. Цы [550—557], Паўн. Чжоў [557—581]. Гэты час характарызаваўся паліт. няўстойлівасцю, частай зменай дынастый, войнамі паміж Паўн. і Паўд. Кітаем. У 581 палкаводзец Ян Цзянь скінуў апошняга імператара Паўн. Чжоў, аб’яднаў да 588 увесь Кітай пад сваёй уладай і заснаваў адзіную дынастыю Суй.

т. 12, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РНІ́КА (Guernica), Герніка-і-Луна,

горад на Пн Іспаніі ў Баскаў краіне (правінцыя Біская). Знаходзіцца ў Кантабрыйскіх гарах у даліне Мундака. Стараж. цэнтр баскскай культуры. У час грамадз. вайны і італа-герм. інтэрвенцыі 1936—39 26.4.1937 падверглася бамбардзіроўцы герм. авіяцыяй. Пад уражаннем гэтай падзеі створана карціна П.​Пікаса «Герніка» (1937).

Да арт. Герніка. П.​Пікаса. Герніка. 1937.

т. 5, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛА́СІС (франц. glacis),

ахоўны земляны насып перад абарончым ровам замка; элемент абарончых збудаванняў. Уключалі прамежкавыя і вонкавыя ўмацаванні, за якімі хаваліся стралкі, што абаранялі падыходы да замка, і атрады, што рабілі раптоўныя набегі на ворага. Часам перад гласісам будавалі абарончыя сухія або вадзяныя равы. Пад прыкрыццём гласісу размяшчалася спец. дарога для перамяшчэння воінаў у час аблогі.

т. 5, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫНКО́ Сцяпан Рыгоравіч (1897, Акцябрскі р-н Гомельскай вобл. — жн. 1919),

удзельнік грамадзянскай вайны. У час ням. акупацыі (1918) камандзір партыз. атрада (130 чал.). Пасля вызвалення Бабруйскага пав. ў ліст. 1918 камандзір батальёна, сфарміраванага з б. падпольшчыкаў і партызан. Удзельнічаў у падаўленні стракапытаўскага мяцяжу 1919 у Гомелі. З 1919 на фронце. Загінуў у баі пад Бабруйскам.

т. 6, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)