МУ́ЛЬТАН Мікалай Мікалаевіч (24.11. 1900, в. Някрасаўшчына Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 19.9.1975),
ген.-лейт. (1955), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Аб’яднаную бел. вайсковую школу імя ЦВКБССР (1927), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1951). У Чырв. Арміі з 1918. У грамадз. вайну на Паўд., Петраградскім, Зах. франтах; у Вял.Айч. вайну з ліп. 1941 на Зах., 2-м і 3-м Бел. франтах: камандзір стралк. палка, дывізіі, корпуса. Удзельнік баёў пад Масквой, вызвалення Смаленска, Цверы, Магілёва, штурму Кёнігсберга. У чэрв. 1944 корпус падкамандаваннем М. вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра ў Магілёўскай вобл. і ўтрыманні плацдарма на яго правым беразе. 16.7.1944 яго корпус вызваліў Гродна. Да 1959 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАРЫ́НСКАЯ БІ́ТВА 1827,
баявыя дзеянні ў Наварынскай бухце (на ПдЗ ад п-ва Пелапанес, Грэцыя) паміж тур.егіп. флотам і аб’яднанымі эскадрамі Вялікабрытаніі, Францыі і Расіі 20 кастр. ў час Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29. Аб’яднаныя эскадры (злучыліся 11 кастр.) былі накіраваны ўрадамі сваіх краін для аказання націску (дэманстрацыяй ваен. караблёў) на Турцыю, якая адмовілася выканаць патрабаванні Лонданскай канвенцыі 1827. Камандуючыя эскадрамі брыт. віцэ-адм. Э.Кодрынгтан, франц. контр-адм. А.Г. дэ Рыньі і рас. контр-адм. Л.Гейдэн вырашылі ўвесці свае сілы ў Наварынскую бухту, дзе знаходзіўся тур.-егіп. флот (62 баявыя караблі, 6 брандэраў і да 126 дапаможных суднаў, каля 2,2 тыс. гармат) падкамандаваннем Ібрахіма-пашы. 20 кастр. саюзны флот (26 баявых караблёў, каля 1,3 тыс. гармат) пад агульным камандаваннем Кодрынгтана ўвайшоў у бухту. Пасля забойства туркамі 2 парламенцёраў і абстрэлу тур. берагавымі батарэямі (165 гармат) саюзных караблёў адбыўся 4-гадзінны бой, у ходзе якога тур.-егіп. флот быў амаль увесь знішчаны (загінула да 7 тыс. туркаў, саюзнікі страцілі каля 800 чал.). У бітве вызначыўся рас. флагманскі карабель «Азоў» (камандзір М.П.Лазараў), які знішчыў 5 суднаў праціўніка. Разгром тур. флоту садзейнічаў нац.-вызв. барацьбе грэкаў і перамозе Расіі ў рус.-тур. вайне 1828—29.
Літ.:
М.П.Лазарев: Док. Т. 1. М., 1952;
Русские и советские моряки на Средиземном море. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́НДАРАЎ Андрэй Лявонцьевіч (20.8.1901, хутар Бондараў Новааскольскага р-на, Расія — 23.9.1961),
савецкі ваен. дзеяч. Ген.-лейт. (1943), Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Кіеўскую аб’яднаную ваен. школу (1927), курсы ўдасканалення камсаставу (1941), паскораны курс Ваен. акадэміі Генштаба (1942). У Чырв. Арміі з 1921. Удзельнік грамадз., сав.-фінл. 1939—40 войнаў. У Вял.Айч. вайну ў вер. 1943 часці 17-га гв. стралк.корпуса пад яго камандаваннем фарсіравалі Дняпро каля в. Верхнія Жары Камарынскага р-на, захапілі плацдарм і, развіваючы наступленне, фарсіравалі Прыпяць. Да 1995 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРЦАГАВІ́НСКА-БАСНІ́ЙСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1882,
нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць аўстра-венг. панавання ў Босніі і Герцагавіне. Штуршком да яго паслужыла ўвядзенне воінскай павіннасці (закон ад 4.11.1881). Пачалося з нападу групы ўзбр. сялян ноччу 10 студз. на жандарскую казарму ў г. Улог, потым пашырылася на Паўн.-Усх. Герцагавіну і Паўд.-Усх. Боснію; ва Улогу (стаў цэнтрам паўстання) быў створаны орган улады паўстанцаў — меджліс. У студз.—лют. дрэнна ўзброеныя паўстанцы на чале з С.Кавачавічам і С.Фортам намагаліся заняць гарады Фоча і Трнава. Задушана ў крас. аўстра-венг. войскамі падкамандаваннем фельдмаршала Іаванавіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́К Сяргей Антонавіч (15.2.1901, в. Шубічы Пружанскага р-на Брэсцкай вобласці — 18.3.1962),
генерал-лейтэнант (1955), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1940), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1947). У Чырв. Арміі з 1920. У Вял.Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941, з 1944 камандзір стралк. дывізіі ў складзе 3-га Укр. фронту. Вызначыўся пры ліквідацыі нікапальскай групоўкі праціўніка (Украіна). Дывізія пад яго камандаваннем у лютым 1944 знішчыла шмат жывой сілы, баявой тэхнікі ворага. Да 1960 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНКУ́ЗАЎ Анатоль Іванавіч (15.1.1921, в. Мхінічы Краснапольскага р-на Магілёўскай вобласці — 23.5.1980),
Герой Сав. Саюза (1945), ген.-м. (1953). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1947). У Чырв. Арміі з 1938. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Карэльскім, Зах., Бранскім, Калінінскім, 2-м і 1-м Прыбалтыйскіх, 3-м Бел. франтах: камандзір узвода, роты, нач. штаба, камандзір палка. Полк пад яго камандаваннем вызначыўся ў крас. 1945 у баі за крэпасць і ваенна-марскую базу Пілау (г. Балтыйск, Калінінградская вобл.). Да 1962 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЭ́ЙКА Аркадзь Аляксандравіч (26.1.1898, в. Дубраўкі Полацкага р-на Віцебскай вобласці — 12.12.1955),
генерал-маёр (1941), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў курсы «Выстрал» (1922), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1949). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну на Зах., Бранскім, Цэнтр., Бел. і 3-м Бел. франтах, камандзір дывізіі, корпуса. У вер. 1943 байцы корпуса пад яго камандаваннем фарсіравалі Дняпро ў Брагінскім раёне Гомельскай вобл., захапілі і ўтрымлівалі плацдарм. Да 1953 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖО́ЛУДЗЕЎ Віктар Рыгоравіч (22.3.1905, г. Угліч Яраслаўскай вобл., Расія — 21.7.1944),
удзельнік вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у Вял.Айч. вайну. Ген.-маёр (1942), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў камандныя курсы (1929), курсы ўдасканалення каманднага саставу (1930, 1934), курсы Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1940). У Чырв. Арміі з 1921. У Вял.Айч. вайну на Паўд.-Зах., Данскім, Цэнтр., Бранскім, 1-м Бел. франтах. Вызначыўся ў Беларускай аперацыі 1944: стралк. корпус пад яго камандаваннем авалодаў г.п. Клічаў, удзельнічаў у вызваленні Мінска. У г. Ваўкавыск каля школы № 1 устаноўлены яго бюст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў Іван Іванавіч (8.2.1897, в. Трупехіна Падарожскага р-на Наўгародскай вобл., Расія — 8.7.1968),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1943), ген.-лейт. (1944). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1935). У арміі з 1916, у Чырв. Арміі з 1918. У Вял.Айч. вайну на Паўд.-Зах., Бранскім, Цэнтр., Бел., 2-м і 3-м Бел. франтах. 15.10.1943 стралк. корпус пад яго камандаваннем фарсіраваў Дняпро каля в. Шчытцы Лоеўскага р-на, захапіў плацдарм і нанёс праціўніку вял. страты. Да 1955 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАВА́ЛЕНКА Уладзімір Ануфрыевіч (22.4.1917, в. Скрэбні Віцебскага р-на — 22.3.1944),
Герой Сав. Саюза (1943). У Чырв. Арміі з 1937. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. Скончыў Сухумскае ваен.-пях. вучылішча (1941). У Вял.Айч. вайну на фронце са студз. 1942. Удзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў. Камандзір палка маёр К. вызначыўся ў 1943 пры вызваленні Чарнігаўшчыны і Палесся: полк падкамандаваннем К. першы фарсіраваў р. Сейм, авалодаў чыг. ст. Бахмач, фарсіраваў Дзясну, Дняпро, Прыпяць; 23.9.1943 адбіў 8 контратак, знішчыў шмат жывой сілы і тэхнікі праціўніка. К. памёр ад ран у баі.