ВЕЛІКАНО́ГІЯ КУ́РЫ, сметнікавыя куры (Megapodiidae),

сямейства птушак атр. курападобных. 7 родаў, 12 відаў. Пашыраны ва Усх. Інданезіі, на Філіпінах, у Нов. Гвінеі, Аўстраліі, астравах Ціхага ак. Жывуць пераважна ў трапічных лясах, таксама на каралавых астравах з беднай расліннасцю і ў сухіх зарасніках паўпустыняў. Вядуць наземны спосаб жыцця. Найб. вядомыя кустовая індычка (Alectura lathami), плямістая курыца (Leipon ocellata), малеа (Macrocephalon maleo), джунглевая курыца (Megapodius freycinet).

Даўж. 25—65 см. Ногі добра развітыя (адсюль назва). Яйцы (вельмі буйныя) не наседжваюць, а закопваюць у нагрэты сонцам пясок, гнілое лісце (адсюль другая назва). Самец наглядае за т-рай «інкубатара», згортвае і разгортвае пясок і лісце. Птушаняты выбіраюцца самастойна, апераныя, хаваюцца і хутка пачынаюць лётаць. Аб’екты палявання дзеля мяса; яйцы збіраюць. 1 від і 2 падвіды ў Чырв. кнізе МСАП.

Веліканогія куры: 1 — кустовая індычка; 2 — плямістая курыца.

т. 4, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕДЫ́ЧЫЯ (Gleditsia),

род кветкавых раслін сям. бабовых. 12 відаў. Пашыраны ў Амерыцы, Усх. Азіі і трапічнай Афрыцы. У Талышскіх гарах (Усх. Закаўказзе) расце вельмі рэдкі рэліктавы від — гледычыя каспійская (G. caspia). На Беларусі ў паўд. і цэнтр. раёнах у культуры зрэдку трапляецца паўн.-амер. від гледычыя звычайная, або трохкалючкавая (G.triacanthos), інтрадукаваная ў канцы 19 ст.

Лістападныя дрэвы выш. да 28 м, на радзіме — да 45 м, дыям. ствала да 1 м, з ажурнай кронай. Ствол і галінкі ўкрыты доўгімі разгалінаванымі калючкамі. Лісце парнаперыстаскладанае даўж. 15—30 см. Кветкі дробныя, зеленаватыя, у гронкападобных суквеццях. Плады — цёмна-карычневыя струкі; пераважна шматнасенныя. Цвіце ў чэрвені. Доўга жыве (у Высокаўскім парку ў Камянецкім р-не Брэсцкай вобл. Гледычыя звычайная мае ўзрост больш за 100 гадоў). Размнажаюць насеннем і каранёвымі атожылкамі. Дэкар. і тэхн. расліны, меданосы, маюць каштоўную драўніну.

Г.​У.​Вынаеў.

т. 5, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАФІ́ТЫ [ад гала... + ...фіт(ы)],

расліны, якія растуць на моцна засоленых глебах: па берагах мораў, на саланцах, саланчаках і інш. Марфалагічна часта падобныя да сукулентаў, але адрозніваюцца ад іх высокім асматычным ціскам (да 100 і больш атмасфер). Падзяляюцца на 3 групы. Эўгалафіты, або сапраўдныя галафіты (т.зв. салянкі), маюць пераважна мясістае лісце і сцёблы; цытаплазма ў іх клетках вельмі ўстойлівая да высокіх канцэнтрацый солей, якія назапашваюцца ў іх у вял. колькасці (салярос, сведа і шэраг пустынных паўкустоў). Крынагалафіты выдзяляюць назапашаныя ў іх солі пры дапамозе асаблівых залозак, якія ўкрываюць лісце і сцёблы. У сухое надвор’е на іх утвараецца налёт солей (напр., кермек, тамарыкс). Углікагалафітаў каранёвая сістэма мала пранікальная для солей, таму ў тканках яны не назапашваюцца ў вял. колькасці (некаторыя віды палыну і інш.). Сярод культ. раслін сапраўдныя галафіты адсутнічаюць. Гл. таксама Солевынослівасць раслін.

Л.​В.​Кірыпенка.

т. 4, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЕ́РАЎ Анатоль Цімафеевіч (3.11.1931, Масква — 1986),

рускі мастак, прадстаўнік андэграўнду (плыні, альтэрнатыўнай афіц. мастацтву). Скончыў маст.-рамесніцкае вучылішча ў Маскве. У творчасці спалучаў традыцыі рус. авангарду з дасягненнямі сучаснага еўрап. мастацтва. Быў папулярны ў элітарных колах, у 1957 узнагароджаны залатым медалём маст. конкурсу Міжнар. фестывалю моладзі ў Маскве (старшыня конкурсу Д.​Сікейрас), але афіц. прызнання не атрымаў. Дыяпазон яго жывапісных прыёмаў вельмі шырокі: ад фавізму да абстрактнага экспрэсіянізму («Кампазіцыя», 1959, «Коні», 1965, «Купалы», 1980-я г., «Нацюрморт з грыбамі», 1980, «Палітра мастака», 1985, «Яблык», 1986, пейзажы). Найб. віртуознасці ў тэхніках алею, акварэлі, гуашы, тушы дасягнуў у партрэтах («Мащ», «Н.​Кастакі», абодва 1957, «І.​Вульфовіч», 1967, «А.​Сасна», 1980, «В.​Шумскі», 1981, аўтапартрэты і інш.). Іл. гл. таксама да арт. Гуаш.

Літ.:

Анатолий Зверев: Живопись. Графика: Альбом. М., 1991.

А.Звераў. Партрэт Н.​Кастакі. 1957.

т. 7, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЛІ́КТАВАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,

касмічнае эл.-магн. выпрамяненне, спектральныя характарыстыкі якога адпавядаюць выпрамяненню абсалютна чорнага цела з т-рай каля 2,7 К. Дыяпазон — ад некалькіх міліметраў да дзесяткаў сантыметраў; практычна ізатропнае — інтэнсіўнасць амаль не залежыць ад напрамку выпрамянення. Тэарэтычна прадказана Дж.Гамавым (1949), эксперыментальна выяўлена Р.В.Вільсанам і А.А.Пензіясам (1965).

Р в. інтэрпрэтуецца як рэшта (рэлікт) пачатковых стадый эвалюцыі Сусвету (да ўтварэння галактык і зорак), калі ён меў вельмі высокую т-ру і шчыльнасць выпрамянення (рэчыва знаходзілася ў выглядзе гарачай шчыльнай плазмы). Пры далейшым расшырэнні Сусвету выпрамяненне астыла да т-ры 2,7 К. Р.в. вызначае шчыльнасць энергіі эл.магн. выпрамянення (каля 0,25 эВ/см³) і шчыльнасць фатонаў у Сусвеце (каля 500 фатонаў у 1 см³). На кожны атам у Сусвеце прыпадае больш за 10​8 рэліктавых фатонаў. Даследуецца ў касмалогіі як крыніца інфармацыі пра раннія стадыі расшырэння Сусвету. Гл. таксама Касмалогія.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 14, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫ́НКУ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць цынк у ступені акіслення +2. Найб. шырока выкарыстоўваюць цынку аксід, а таксама сульфат ZnSO4, сульфід ZnS і хларыд ZnCl2.

Цынку сульфат — бясколерныя крышталі, раствараецца ў вадзе. З раствораў крышталізуецца гептагідрат ZnSO4∙7H2O — цынкавы купарвас (у прыродзе мінерал гасларыт). Атрымліваюць узаемадзеяннем цынку або яго аксіду з сернай к-той. Выкарыстоўваюць у вытв-сці віскозы, як мікраўгнаенне, кампанент электраліту пры атрыманні цынку электролізам і цынкаваннем, пратраву пры фарбаванні тканін, адбельвальнік паперы і інш. Цынку сульфід — бясколерныя крышталі; не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў мінер. к-тах. У прыродзе мінералы сфалерыт і вюрцыт. Выкарыстоўваюць сінт. ZnS як люмінафор для экранаў электронна-прамянёвых і рэнтгенаўскіх трубак, кампанент літапону, паўправадніковы матэрыял. Цынку хларыд — бясколерныя, вельмі гіграскапічныя крышталі, добра раствараецца ў вадзе. Выкарыстоўваюць як антысептык для драўніны, кампанент травільных раствораў і інш.

А.​П.​Чарнякова.

т. 17, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ГША Лазар, полацкі ювелір 12 ст. Вольны рамеснік. У 1161 на заказ св. Ефрасінні Полацкай стварыў для Полацкага манастыра св. Спаса шэдэўр стараж.-бел. мастацтва напрастольны крыж Ефрасінні Полацкай. Залатыя пласціны на драўляным крыжы ён упрыгожыў перагародчатымі эмалямі (эмалі ў той час маглі вырабляць нямногія майстры), прытым выкананы эмалі не на асобных пласцінах, а адразу на рэліквіі, што патрабавала выключнага прафесіяналізму і тонкага густу пры кампаноўцы дэкору. Аўтар дасканала валодаў і тэхнікай вырабу эмаляў, і метадамі апрацоўкі каштоўных металаў, эмальерным мастацтвам. Яго праца добра аплачана (сума, роўная кошту 160 лісіных шкур), а талент высока ацэнены Ефрасінняй Полацкай, пра што сведчыць імя аўтара на крыжы — з’ява на той час вельмі рэдкая. Іл. гл. ў арт. Беларусь.

Літ.:

Алексеев Л.В. Лазарь Богша — мастер-ювелир XII в. // Сов. археология. 1957. № 3;

Арлоў У. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994. С. 89—92.

Н.​В.​Федасеенка.

т. 3, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІХ ЛІ́КАЎ ЗАКО́Н,

агульны прынцып, паводле якога сукупнае дзеянне вял. ліку выпадковых фактараў пры некаторых вельмі агульных умовах прыводзіць да выніку, які амаль не залежыць ад выпадку.

На пач. 18 ст. Я.Бернулі ўпершыню дакладна даказаў тэарэму пра імкненне частаты выпадковай падзеі да яе імавернасці пры вял. колькасці выпрабаванняў. Гэтая тэарэма дае тэарэт. аснову для набліжанага вылічэння невядомай імавернасці падзеі па яе частаце. С.Пуасон у 1837 пашырыў тэарэму Бернулі на больш агульныя ўмовы і ўвёў тэрмін «Вялікіх лікаў закон». Значнае абагульненне тэарэмы Бернулі зрабіў П.Л.Чабышоў (1866), вынікам чаго з’яўляецца правіла сярэдняга арыфметычнага, якое выкарыстоўваецца ў практыцы вымярэнняў: калі x1, x2, x3, ..., xn — значэнні велічыні, што вымяраецца, то яе сапраўднае значэнне супадае з сярэднім значэннем a = <x> ≈ 1 n ∑ k = 1 n xk

Вялікіх лікаў законам карыстаюцца ў тэхніцы, фізіцы, статыстыцы, эканоміцы і інш. галінах навукі і тэхнікі.

А.​А.​Гусак.

т. 4, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІПАТЭ́КА (ад грэч. hypothēkē залог, заклад),

від залогу нерухомай маёмасці (землі, прадпрыемствы, пабудовы і інш. аб’екты, звязаныя з зямлёй) з мэтай атрымання грашовай пазыкі (крэдыту). Выкарыстанне І. забяспечвае выкананне абавязацельстваў, звязаных з перадачай даўжніком-залогадавальнікам крэдытору-залогатрымальніку нерухомай маёмасці. Пры невыкананні даўжніком свайго абавязацельства крэдытор мае права задаволіць свае патрабаванні за кошт маёмасці даўжніка. Залогадавальнік павінен быць уласнікам маёмасці, якая закладваецца. Выкарыстанне І. немагчыма пры адсутнасці права ўласнасці на зямлю, права ўладання, распараджэння і карыстання ёю. У краінах з развітой рыначнай эканомікай І. вельмі пашырана ў сельскай гаспадарцы, выкарыстоўваецца фіз. і юрыд. асобамі. І. прадугледжвае неабходнасць пагашэння крэдытаў, вяртанне запазычанасці. Уладальнік, аддаючы сваю нерухомасць пад залог, фактычна з’яўляецца не яе ўласнікам, а арандатарам. Нявыплата па крэдыце пазычальнікам у тэрмін запазычанасці (несвоечасовае вяртанне крэдыту) цягне за сабой страту закладзенай маёмасці, перадачу яе інш. ўласніку або вяртанне выдадзенага крэдыту з выручаных ад яго продажу сродкаў.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮФА́ЎНДЛЕНД, вадалаз,

парода службовых сабак. Апісаны ў канцы 15 ст. на аднайм. востраве і ўзбярэжжы п-ва Лабрадор (Канада). Сфарміраваны ў Зах. Еўропе (завезены ў 18 ст.); на Беларусі гадуюць з 1949.

Выш. ў карку 62—75 см, маса 50—68 кг (самцы буйнейшыя). Касцяк і мускулатура магутныя Тулава шырокае. Галава вял., круглявая, з кароткай мысай і вісячымі вушамі. Хвост прамы або шаблепадобна выгнуты. Шэрсць доўгая (акрамя мысы і вушэй), прамая ці злёгку хвалістая, з вельмі густым падшэрсткам, не намакае ў вадзе. Масць чорная, цёмна-бурая ці карычневая, часам з белымі плямамі; у разнавіднасці Н. ландсір (крыху вышэйшыя) — белая з чорнымі ці бурымі галавой, «сядлом» на спіне, крыжам і верхняй ч. хваста. Добра плаваюць і ныраюць. Ураўнаважаныя, пільныя, адважныя; лёгка дрэсіруюцца. Н. ўласцівы моцныя цяга да вады і выратавальны інстынкт. Выкарыстоўваюцца для ратавання на водах, вартаўнічай службы, выцягвання рыбалоўных сетак.

Э.​Р.​Самусенка.

Ньюфаўндленд.

т. 11, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)