газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі. Выдавалася Беларускай сялянска-работніцкай грамадой з 27.1 да 28.2.1927 у Вільні на бел. мове 2 разы на тыдзень. Адлюстроўвала рэпрэсіі польскага ўрада супраць бел.нац.вызв. руху, выкрывала паклёп праўрадавай прэсы на яго арыштаваных прадстаўнікоў, дэпутатаў сейма, інфармавала пра дэманстрацыі ў іх абарону (у Косаве, расстраляную паліцыяй, а таксама ў Мінску) — арт. «Буржуазная маральнасць», «У чым вінавацяць нашых паслоў». Прапагандавала новую тактычную лінію вызв. барацьбы ў перыяд наступлення рэакцыі, устаноўку на актывізацыю культ.-асв. фронту. Крытыкавала пазіцыю ўрада па пытаннях зямельнай рэформы і асветы. Востра ставіла праблему правоў чалавека ў Польшчы і праявы фашызму ў краіне (арт. «Да вызвалення чалавека», «Ці ёсць фашызм у Польшчы?»). Інфармавала пра важнейшыя культ. падзеі ў Зах. Беларусі і БССР. Змяшчала творы М.Васілька, Т.Кляшторнага, С.Галыша, Т.Волі і інш. Выйшла 11 нумароў, з іх 5 канфіскаваны. Забаронена польск. ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАТО́НСКАЯ АБАРО́НЧАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
аперацыя войскаў 3-га Укр. фронту (каманд. Ф.І.Талбухін) 6—15 сак. ў 2-ю сусв. вайну каля воз. Балатан (Венгрыя). Пасля Будапешцкай аперацыі 1944—45 войскі 3-га Укр. фронту замацаваліся на мяжы Гант — воз. Балатан — р. Драва. Войскі 2-га Укр. фронту (каманд. Р.Я.Маліноўскі) прыкрывалі вызвалены Будапешт. Абодва франты рыхтаваліся да наступлення на Вену. У Балатонскай абарончай аперацыі ўдзельнічалі таксама 1-я балг. і 3-я югасл. арміі. Гітлераўскае камандаванне, каб аднавіць абарону па Дунаі, сканцэнтравала вял. сілы каля воз. Балатан. 6 сак. яно пачало контрнаступленне і нанесла гал. ўдар паміж азёрамі Веленцэ і Балатан у напрамку Дуная, дапаможныя — паміж воз. Балатан і р. Драва на Капашвар і з паўд. берага р. Драва на Печ. Пасля цяжкіх 10-дзённых баёў гітлераўцы прасунуліся на 12—30 км, але прарвацца да Дуная не змаглі. Страціўшы больш за 40 тыс. салдатаў і афіцэраў, шмат баявой тэхнікі, 15 сак. праціўнік спыніў наступленне і перайшоў да абароны. 16—18 сак. войскі 3-га і 2-га Укр. франтоў пачалі Венскую аперацыю 1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДЭ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944—45,
контрнаступленне ням. армій у раёне Ардэнаў (Бельгія) 16.12.1944—28.1.1945 з мэтай разграміць амер.-англ. войскі і дасягнуць пералому ў 2-й сусв. вайне на карысць Германіі. 16 снеж.ням. 6-я танк. армія СС і 5-я танк. армія, аб’яднаныя ў групу армій «Б» (фельдмаршал В.Модэль) пачалі наступленне ў раёне «Зігфрыда лініі». 4 амер. дывізіі, якія абараняліся на фронце працягласцю ў 115 км, панеслі вял. страты і адступілі. Да канца снеж.ням. войскі пашырылі прарыў да 90 км і прасунуліся да 100 км углыб. Саюзнае камандаванне перакінула да месца прарыву буйныя сілы войскаў і авіяцыі. У выніку паспяховага контрудару 3-й амер. арміі наступленне герм. войскаў было прыпынена, аднак становішча саюзнікаў заставалася напружаным. 12 студз. па іх просьбе сав. войскі пачалі (на 8 дзён раней запланаванага тэрміну) Вісла-Одэрскую аперацыю 1945. Ням. камандаванне вымушана было адмовіцца ад наступлення на захадзе і перакінуць 7 дывізій на сав.-герм. фронт. Да канца студз. саюзнікі аднавілі становішча на Зах. фронце. Іх страты ў гэтай аперацыі склалі каля 77 тыс.чал., страты ням. войскаў — каля 93 тыс.чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ТАННЕ,
сацыяльна-паліт. з’ява, якая выяўлялася ў паразуменні паміж салдатамі варагуючых армій; найб. яскрава праявілася ў гады 1-й сусв. вайны і мела антываен. накіраванасць. На рус.-герм. фронце братанне пачалося ў 1915—16, пашырылася пасля Лют. рэвалюцыі 1917. На Зах. фронце да крас. 1917 братанне адбывалася стыхійна і зводзілася пераважна да абмену лістоўкамі і рэчамі салдацкага побыту. Першае арганізаванае масавае братанне адбылося 1.5.1917 на ўчастку фронту паміж азёрамі Нарач і Вішнеўскае. Камандаванне праследавала тых, хто братаўся. У час падрыхтоўкі наступлення на фронце ў чэрв. 1917, ва ўмовах барацьбы з братаннем яно пайшло на спад. З новай сілай пашырылася пасля разгрому карнілаўшчыны. У вер.—кастр. 1917 братанне вызначалася масавасцю, арганізаванасцю, вострай паліт. і антываен. накіраванасцю. Толькі ў кастр. адбылося каля 30 выпадкаў братання. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 братанне на Зах. фронце прыняло паўсюдны характар і стала пралогам заключэння перамір’я на рус.-герм. фронце. Часовы дагавор аб перамір’і на Зах. фронце, падпісаны 4.12.1917, уключаў пункт пра братанне, у адпаведнасці з якім салдатам абодвух бакоў дазвалялася сустракацца ў дзённы час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗІ́ЦЫЯ (ад лац. positio становішча),
1) пункт гледжання па якім-небудзь пытанні; акрэсленая ацэнка факта, з’явы, падзеі; дзеянні, паводзіны, што зыходзяць з гэтай ацэнкі (П. ў спрэчках, П. чакання і да т.п.).
2) Ваенная П. — паласа (раён, участак) мясцовасці (акваторыі), занятая або намечаная для заняцця войскамі. П., як правіла, абсталёўваюцца ў інж. адносінах і з’яўляюцца састаўной ч. глыбока эшаланіраваных абарончых палос, размешчаных у пэўным парадку па фронце і ў глыбіню. Аснову кожнай П. складаюць звязаныя паміж сабой адзінай сістэмай агню і загарод апорныя пункты падраздзяленняў, якія абараняюцца. П. абсталёўваюцца акопамі, траншэямі, хадамі зносін і інш. Рыхтуюцца таксама П. агнявых сродкаў, а для пускавых установак ракетных войск — стартавыя П. У сухап. войсках адрозніваюць П. баявыя, запасныя, абарончыя, перадавыя, прамежкавыя і інш. Перад наступленнем у зыходным раёне рыхтуюцца чакальныя П.; у ходзе наступлення войскі займаюць і абсталёўваюць П. для замацавання захопленай мясцовасці. П. для ВМФ (ВМС) з’яўляецца водная прастора, якую займаюць караблі для вядзення бою; у прыбярэжных раёнах абсталёўваюцца мінна-артыл. П.
3) Становішча, размяшчэнне чаго-небудзь (напр., П. фігур на шахматнай дошцы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКА-ЖЛО́БІНСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальная аперацыя войск правага крыла 1-га Бел. фронту (ген. арміі К.К.Ракасоўскі) 21—26 лют. ў Вял.Айч. вайну. Удзельнічалі арміі: 3-я, частка сіл 50-й і 48-й, 16-я паветраная. Ім процістаяла 9-я ням. армія групы армій «Цэнтр», якая займала 2 умацаваныя абарончыя паласы і моцныя вузлы супраціўлення ў Рагачове і Жлобіне. Мэта аперацыі: разграміць групоўкі праціўніка ў раёне Рагачова і Жлобіна, стварыць спрыяльныя ўмовы для наступлення на Бабруйскім напрамку. 21 лют.сав. войскі перайшлі ў наступленне і на працягу 2 дзён прарвалі абарону праціўніка, фарсіравалі Дняпро, перарэзалі чыгунку Магілёў—Рагачоў; 23 лют. падышлі да Рагачова і 24 лют. штурмам вызвалілі яго, прасунуліся да р. Друць, захапілі на правым і левым берагах Дняпра плацдармы праціўніка, падышлі да Жлобіна. У выніку аперацыі сав. войскі нанеслі вял. страты ням. арміі. 13 злучэнням і часцям, якія вызначыліся ў аперацыі, нададзена ганаровае найменне «Рагачоўскіх».
Літ.:
Беларусь у Вялікую Айчынную вайну, 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990. С. 517.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФАШЫ́СЦКІ НАРО́ДНЫ ФРОНТу Заходняй Беларусі,
масавы дэмакр.-вызв., антыфаш. народны рух. Развіўся на глебе барацьбы супраць наступлення сіл рэакцыі ў Польшчы і пагрозы вайны ў 2-й пал. 1930-х г. Ініцыятарам руху выступіла КПЗБ, якая зыходзіла з распрацаванай КПП у вер. 1935 платформы дзеянняў, у аснове якой былі праграмныя ўстаноўкі VII Кангрэса Камінтэрна (1935). У канцы 1935—36 паміж партыямі і арг-цыямі рознай паліт. арыентацыі (КПЗБ, Бунд, Паалей Цыён, Стронніцтво людовэ) створаны адзінафрантавыя к-ты і камісіі ў Беластоку, Вільні, Гродне, Баранавічах, Брэсце, Лідзе, Бельску і інш. У 1936 дасягнута дамоўленасць паміж прадстаўнікамі КПЗБ і Бел. хрысціянскай дэмакратыі пра сумесную барацьбу за школу на роднай мове. На працягу 1936—37 адбыўся шэраг выступленняў працоўных Зах. Беларусі (гл.Баранавіцкі адзінафрантавы мітынг працоўных 1936, Гродзенскія адзінафрантавыя выступленні працоўных 1936 і інш.) у абарону дэмакр. і сац. заваёў, супраць нац. прыгнёту, пачаўся масавы збор дэкларацый за адкрыццё школ на роднай мове. На развіццё антыфашысцкага народнага фронту адмоўна паўплывалі ўзмоцненыя рэпрэсіі польскіх улад і паліт. рэпрэсіі ў СССР, непаслядоўнасць і ваганні розных паліт. сіл. Роспуск у жн. 1938 КПП і КПЗБ практычна спыніў працэс складвання антыфашысцкага народнага фронту ў Зах. Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР (5.8.1461, Кракаў — 19.8.1506),
вял. князь ВКЛ [1492—1506], кароль польскі [1501—06]. Сын Казіміра IV, унук Ягайлы. Час княжання Аляксандра супаў з аднаўленнем шырокага наступлення Маскоўскай дзяржавы на ВКЛ, прыпыненага пры Казіміры IV. У 1492—94 ВКЛ страціла частку сваёй тэр. з гарадамі Мцэнск, Любуцк, Вязьма, Дарагабуж і інш. Жаніцьба Аляксандра з дачкою вял. маскоўскага князя Аленай Іванаўнай не прывяла да прымірэння. У вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03, паводле дагавору аб 6-гадовым перамір’і, ВКЛ страціла 25 гарадоў (паводле інш. звестак 19; у т. л. Чарнігаў, Старадуб, Бранск, Гомель). Адначасова Аляксандр змушаны быў весці барацьбу з саюзнікамі Масквы — крымска-татарскім ханам Менглі-Гірэем, войскі якога былі разгромлены ў Клецкай бітве 1506, і малдаўскім гаспадаром Стафанам. Ва ўнутр. палітыцы Аляксандр ішоў на далейшыя ўступкі феадалам ВКЛ (гл.Прывілей 1492). Як польскі кароль пашырыў правы шляхты (гл.Радамская канстытуцыя). Абранне Аляксандра польскім каралём абазначала аднаўленне працэсу аб’яднання дзвюх дзяржаў пад уладай аднаго манарха, які выбіраўся феадаламі Польшчы і ВКЛ. З гэтага часу ў адносінах да абедзвюх дзяржаў пачала ўжывацца назва Рэч Паспалітая, якая пазней стала афіцыйнай. Аляксандр — адзіны польскі кароль, пахаваны ў Вільні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХОДНЯДЗВІ́НСКАЯ ВАЕ́ННАЯ ФЛАТЫ́ЛІЯ,
аператыўнае аб’яднанне баявых рачных караблёў у грамадз. вайну на Заходнім фронце 1919—24. Створана загадам РВСР 26.11.1919 з 2-га атрада Ваен.-рачной флатыліі Сав. Латвіі. База — г. Віцебск. Мела ў сваім складзе 21 карабель і дапаможнае судна, 26-ы паветраплавальны атрад з аэрастатамі (май 1920); налічвала 581 чал. (жн. 1920). Актыўна ўдзельнічала ў баявых дзеяннях у час савецка-польскай вайны 1920, асабліва ў майскай аперацыі Зах. фронту. Пры падрыхтоўцы да наступлення перавезла да 200 тыс. пудоў ваен. грузаў для войск 15-й арміі. У сярэдзіне мая 1920 забяспечыла пераправу на левы бераг Зах. Дзвіны ў раёне Дрысы (цяпер Верхнядзвінск) 164-й брыгады, якая ўдарыла ў тыл ворага. 22.5.1920 атрад маракоў разам з часцямі 15-й арміі пры артыл. падтрымцы караблёў флатыліі разбіў праціўніка каля в. Узмёны (пад Дрысай). Караблі ахоўвалі флангі і тылы войск. масты і пераправы. 23.11.1920 расфарміравана. Камандуючыя: В.К.Новак (да лют. 1920), Я.С.Гернет (да мая 1920), Г.М.Тырышкін (да вер. 1920), М.В.Бліноў (ч.в.а. да ліст. 1920). Камісары: Л.А.Вялічка (да лют. 1920), Я.І.Азолін (да ліп. 1920), К.В.Траянскі (да ліст. 1920).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯАЯ́НСКАЯ БІ́ТВА 1904,
баявыя дзеянні 24.8—3.9.1904 у раёне г. Ляаян (Паўн.-Усх. Кітай) паміж рус. Маньчжурскай арміяй і трыма (1, 2, 4-я) яп. арміямі ў час руска-японскай вайны 1904—05. Паводле плана яп. камандавання (маршал І.Аяма) прадугледжвалася рашучае наступленне з абходам флангаў рус. арміі. Але сілы яп. войск (каля 130 тыс.чал., 508 гармат) не дазвалялі ажыццявіць гэты план. Рус. армія (152 тыс.чал., 606 гармат) падрыхтавала для абароны тры рубяжы. План рус. камандавання (ген. А.М.Курапаткін) насіў пасіўна-чакальны характар і аддаваў ініцыятыву праціўніку. Таму нават нязначны поспех яп. войск (24—26 жн.) на адным з участкаў іх наступлення (раён Анпіліна) і адсутнасць у Курапаткіна дакладных звестак аб сілах праціўніка прымусілі яго аддаць загад пра адыход на 2-і рубеж абароны (за 8 км на Пд і ПдУ ад Ляаяна). Актыўнасць наступаючых, іх намаганні акружыць рус. армію зноў прымусілі (3 вер.) ген. Курапаткіна адступіць. Рус. войскі пакінулі Ляаян і адышлі за р. Шахэ. Страты яп. склалі 24 тыс.чал., рускіх — 16 тыс.чал. У выніку памылак рус. камандавання, яп. войскі дасягнулі ў гэтай аперацыі аператыўнага поспеху.