МАРГІНА́ЛІІ (позналац. marginalis што знаходзіцца на краі ад лац. margo край, мяжа),

1) паметы на палях стараж. кніг або рукапісаў, юрыд. актаў, якія тлумачаць незразумелае слова або месца.

2) Паметы чытача на друкаваным выданні або рукапісе: нататкі пра адносіны да тэксту, падкрэсліванні асобных слоў і сказаў, пазначэнні клічнікам, пытальнікам, умоўнымі значкамі і інш. М., зробленыя пісьменнікам, — частка яго рукапіснай спадчыны, асабліва важныя для раскрыцця яго творчых задум, няздзейсненых намераў.

3) У сучасным кніжным афармленні тэкставая рубрыкацыя, вынесеная па-за фармат паласы.

т. 10, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКУ́ШАЧНІК, ракушняк,

разнавіднасць вапняку, складзенага пераважна з ракавін марскіх жывёл і іх абломкаў. Утвараецца ў літаральнай і сублітаральнай зонах мораў і акіянаў. Паводле саставу падзяляецца на брахіяподавы, гастраподавы, нумулітавы і інш. Характарызуецца макрапорыстасцю (21—60%); аб’ёмная маса 1,1—2,24 г/см³; цеплаправоднасць 0,29—0,99 Вт/(мК); мяжа трываласці пры сцісканні 0,4—28 мН/м². Лёгка апрацоўваецца (распілоўваецца, абчэсваецца). Выкарыстоўваецца ў буд-ве (сценавы і дэкаратыўны матэрыял, пясок, друз, запаўняльнік для лёгкіх бетонаў), у вытв-сці вапны, цэменту, вапнавай мукі.

т. 13, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́МПА (ад франц. rampe схіл, пакатасць),

1) канструкцыя для перамяшчэння трансп. сродкаў паміж двума рознымі ўзроўнямі з нахілам, магчымым для іх руху. Выкарыстоўваецца для падымання грузаў на чыг. платформу, заезду пагрузачна-разгрузачных машын на склады, пераходу цягнікоў метрапалітэна з паверхні зямлі пад зямлю, для пераходу на асн. магістраль у месцах развязкі руху у двух узроўнях і інш. (гл. таксама Апарэль, Пандус).

2) Асвятляльнае прыстасаванне, размешчанае на падлозе тэатр. сцэны па яе пярэднім краі, а таксама мяжа паміж глядзельнай залай і сцэнай.

т. 13, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРКТЫ́ЧНЫ КЛІ́МАТ,

клімат палярных раёнаў Паўн. паўшар’я (Арктыкі). Адметны доўгай марознай зімой (сярэдняя т-ра студз. ад -2 °C да -25 °C) з палярнай ноччу, кароткім халодным летам (сярэднямесячная т-ра ліп. ад -1 °C да 3—10 °C), 100—400 мм ападкаў за год. Надвор’е вызначаецца Арктычным антыцыклонам у цэнтр. частцы Арктыкі і цыклонамі Арктычнага фронту на перыферыі. Характарызуецца адмоўным радыяц. балансам зімой і вял. прытокам сонечнай радыяцыі летам. Паўд. мяжа зоны Арктычнага клімату прыкладна супадае з ізатэрмай самага цёплага месяца 10 °C.

т. 1, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЕ́ЛАСЦЬ,

1) лад жыцця, пры якім чалавек або людзі жывуць на адным месцы. Абумоўлена пэўнымі формамі гаспадаркі. З’явілася з узнікненнем рыбалоўства і матычнага земляробства ў пач. неаліту.

2) Цэнз аселасць — заканадаўча ўстаноўлены ў некаторых краінах перыяд, на працягу якога грамадзянін павінен жыць на адным месцы, каб атрымаць права ўдзелу ў выбарах прадстаўнічых органаў дзяржавы.

3) У некаторых краінах тэрыторыя, па-за якой не маюць права жыць пэўныя слаі насельніцтва (напр., нац. меншасці). У Рас. імперыі ў 1791 была вызначана тэр., па-за якой забаранялася пастаянна жыць яўрэям. Гл. Мяжа аселасці.

т. 2, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯ́СКІНСКІ ХРЫБЕ́Т (Alaska Range),

на Пд Аляскі, у Ціхаакіянскім поясе Кардыльераў Паўн. Амерыкі (ЗША). Даўж. каля 1000 км. Сярэдняя выш. каля 3000 м, найб. — 6191 м (г. Мак-Кінлі самая высокая вяршыня Паўн. Амерыкі). Восевая ч. хрыбта складзена з інтрузіўных (пераважна гранадыярытаў), па краях — з асадкавых парод. Схілы стромкія, моцна расчлянёныя. Аляскінскі хрыбет — важны клімата- і водападзел. На паўд. увільготненых схілах да выш. 800 м яловыя лясы, вышэй — вечныя снягі, буйныя ледавікі; на паўн. больш сухіх схілах мяжа лесу павышаецца да 1000—1200 м, вышэй — горныя тундры.

т. 1, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛО́ТНЫЯ ГЛЕ́БЫ,

глебы, якія ўтвараюцца ва ўмовах працяглага або пастаяннага пераўвільгатнення пад вільгацелюбівай расліннасцю ў розных геагр. зонах. Пашыраны на Беларусі, у Расіі, Канадзе, ЗША, Бразіліі, Аргенціне, Інданезіі і інш. краінах. Фарміруюцца пераважна ў выніку забалочвання сушы. Характэрна агляенне, часта трапляюцца тарфяныя гарызонты. Гал. асаблівасць глебаўтваральнага працэсу — намнажэнне торфу. Ніжняя мяжа глебавага профілю прыблізна супадае з глыбінёй, да якой летам апускаюцца глебавыя воды (ад 30 да 50—80 см і больш). Паводле профілю падзяляюцца на тарфяна-балотныя глебы, глеявата-балотныя і лугава-балотныя (усе ёсць на Беларусі).

т. 2, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСО́КАЕ,

вёска ў Аршанскім р-не Віцебскай вобл., на р. Аршыца, на аўтадарозе Орша—Віцебск. Цэнтр сельсавета. За 13 км на Пн ад г. Орша, 67 км ад Віцебска, 5 км ад чыг. ст. Хлусава. 1605 ж., 449 двароў (1996). Аршанскае дзярж. буд.-эксплуатацыйнае прадпрыемства. Сярэдняя школа, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Каля вёскі помнік К.​С.​Заслонаву. Помнік архітэктуры — сядзіба (мяжа 19—20 ст.). У 1828—85 у Высокім дзейнічала Высокаўская папяровая фабрыка.

т. 4, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШЧЭ́ЛІЧЫ,

гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры (канец 1 ст. да н.э.мяжа 4—5 ст. н.э.) каля в. Кашчэлічы Валожынскага р-на Мінскай вобл. Было забудавана шматкамернымі «доўгімі» дамамі слупавой канструкцыі. Выяўлены рэшткі гасп. пабудоў — кузня з каменным кавадлам і жалезаробчая печ. Знойдзены бронз. падвескі, бранзалеты, спіралі, фібула, скроневае кольца, жал. посахападобныя шпількі, наканечнік кап’я, сякеры, гліняныя пацеркі, грузікі, касцяныя коп’і, шылы, каменныя сякеры, зерняцёркі і інш. Асн. тып ляпнога посуду — гаршкі рабрыстай формы; пераважае кераміка са штрыхаванай паверхняй, сустракаецца таксама гладкасценная, шурпатая і глянцаваная.

т. 8, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАКСА́С ((Metaxas) Іааніс) (12.4.1871, в-аў Ітака, Грэцыя — 29.1.1941),

грэчаскі ваен., паліт. і дзярж. дзеяч. З 1913 нач. Генштаба. У 1917—20 у эміграцыі. У 1921 заснаваў манархічную Партыю свабодамысных. У 1935 ваен. міністр і віцэ-прэм’ер-міністр; садзейнічаў вяртанню на прастол караля Георга II (гл. Георг, грэч. каралі). З 1936 прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў; у выніку дзярж. перавароту 4.8.1936 устанавіў у краіне рэжым асабістай дыктатуры. Пры ім умацавана мяжа Грэцыі з Балгарыяй (лінія М.), Грэцыя адхіліла італьян. ультыматум ад 28.10.1940 і адбіла ўварванне войск фаш. Італіі.

т. 10, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)