ШТА́ЙНТАЛЬ (Steinthal) Гейман (16.5.1823, Гробцыг, Германія — 14.3.1899),
нямецкі мовазнавец; адзін з заснавальнікаў псіхал. кірунку ў мовазнаўстве і тэорыі «псіхалогіі народаў». З 1863 праф. Берлінскага ун-та. Паслядоўнік ням. мовазнаўца В.Гумбальта. Адзначаў. асаблівую ролю мовы ў этнапсіхалогіі, стварыў асновы т.зв. культ. антрапалогіі. Распрацаваў анаматапаэтычную (гукапераймальную) тэорыю паходжання мовы. Асн. працы: «Пра паходжанне мовы...» (1851), «Характарыстыка найгалоўнейшых тыпаў пабудовы мовы» (1860), «Гісторыя мовазнаўства ў грэкаў і рымлян» (т. 1—2, 1862—63). Яго погляды паўплывалі на раннія працы А.Патабні і младаграматыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДАЕЎРАПЕІ́СТЫКА, індаеўрапейскае мовазнаўства,
галіна параўнальна-гістарычнага мовазнаўства, якая вывучае індаеўрапейскія мовы. Грунтуецца на даследаванні адпаведнасцей паміж падобнымі элементамі індаеўрап. моў (з арыентацыяй на іх стараж. стан) і інтэрпрэтацыі гэтых адпаведнасцей.
Ля вытокаў І. — ням.мовазнавец Ф.Боп і дацкі вучоны Р.К.Раск. Асн. дасягненні 1-га перыяду ў развіцці І. (пач. 19 ст.) — вызначэнне кола індаеўрап. моў, стварэнне першай параўнальна-гіст. граматыкі (Боп) і асноў індаеўрап. этымалогіі (ням.мовазнавец А.Пот). 2-і перыяд (сярэдзіна 19 ст.) вызначаецца працамі ням. вучоных А.Шлайхера, І.Шміта, А.Фіка (індаеўрап. этымалогія). 3-і перыяд (канец 19 — пач. 20 ст.) звязаны з младаграматызмам, а таксама з працамі Ф. дэ Сасюра, П.Ф.Фартунатава, А.Мее, Х.Педэрсена і інш.
Развіццё І. характарызуецца пашырэннем матэрыялу даследаванняў (адкрыццё хецкай і інш. анаталійскіх моў), увагай да малавядомых моў, новымі тэорыямі ў галіне вакалізму і кансанантызму (ларынгальная тэорыя, акцэнтуацыя), структуры іменных асноў і кораня, арыгінальнымі ідэямі, звязанымі са структурай склонавай парадыгмы і дзеяслова, новымі гіпотэзамі пра дыялектны падзел стараж. індаеўрап. кантынуума і яго генетычных сувязях з настратычнымі мовамі і інш. (Э.Бенвеніст, Е.Курыловіч, Ф.Шпехт, Ю.Покарны, В.Пізані, Дж.Дэвота, В.Порцыг, В.У.Іванаў і інш.).
Літ.:
Общее и индоевропейское языкознание: Обзор лит.: Пер. с нем. М., 1956;
Савченко А.Н. Сравнительная грамматика индоевропейских языков. М., 1974;
Семереньи О. Введение в сравнительное языкознание: Пер. с нем. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНВЕНІ́СТ (Benveniste) Эміль (27.5.1902, г. Халеб, Сірыя — 3.10.1976),
французскі мовазнавец. Вучань А.Мее. З 1935 праф. Калеж дэ Франс, з 1945 сакратар Парыжскага лінгвістычнага т-ва, з 1960 чл.Франц.АН. Працы ў галіне агульнага і індаеўрап. мовазнаўства, агульнай семіялогіі. Даследаваў праблемы структурнай лінгвістыкі. У адрозненне ад Ф. дэ Сасюра лічыў моўны знак міжвольным, таму што ён абумоўлены сістэмай мовы («Прырода лінгвістычнага знака», 1939). Аўтар тэорыі структуры індаеўрап. кораня, шматлікіх прац па іранскіх мовах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РНЕКЕР (Berneker) Эрых (3.2.1874, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія, — 15.3.1937),
нямецкі мовазнавец-славіст. Далучаўся да младаграматызму. Акад. Польскай АН (1914). Праф. Пражскага (з 1902), Брэслаўскага (з 1909), Мюнхенскага (з 1911) ун-таў. Даследаванні па гісторыі і параўнальным слав. і балт. мовазнаўстве. Адзін з першых пачаў вывучаць стараж.-слав. сінтаксіс, у прыватнасці парадак слоў («Парадак слоў у славянскіх мовах», 1900). Асн. праца — «Славянскі этымалагічны слоўнік» (вып. 1—6, 1909—13, незавершаная, даведзена да слова «morъ»). У 1923—29 рэдагаваў час. «Archiv für slavische Philologie» («Архіў славянскай філалогіі»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛУ́МФІЛД (Bloomfield) Леанард (1.4.1887, г. Чыкага, ЗША — 18.4.1949),
амерыканскі мовазнавец. Праф. ун-таў у Агайо (1921—27), Чыкага (1927—40), Іельскага ун-та (1940—49). З 1935 прэзідэнт Амер. лінгвістычнага т-ва. Даследаваў агульналінгвістычныя пытанні, вывучаў мовы Паўд.-Усх. Азіі і Паўн. Амерыкі; упершыню выкарыстаў параўн.-гіст. метад даследавання да моў полісінтэтычнага складу і дастасоўваў да вывучэння моўных з’яў біхевіярыстычную псіхалогію, што базіруецца на вывучэнні паводзін. Шмат якія палажэнні Блумфілда былі развіты прадстаўнікамі т.зв.дэскрыптыўнай лінгвістыкі. Аўтар прац «Мова» (1933), «Лінгвістычныя аспекты ў навуцы» (1939) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРОК (Broch) Олаф (4.8.1867, г. Хортэн, Нарвегія — 28.1.1961),
нарвежскі мовазнавец-славіст. Праф. ун-та ў Осла (1900). Стваральнік слав. апісальнай фанетыкі. Даследуючы слав. мовы, значную ўвагу аддаваў бел. мове і яе дыялектам («Пра адзін беларускі дыялект на поўдзень ад Вільні», 1957). Аўтар прац: «Нарыс фізіялогіі славянскай мовы» (1910), «Гаворкі на захад ад Масальска» (1916). Пераклаў на нарв. мову «Ганну Карэніну» Л.Талстога і «Братоў Карамазавых» Ф.Дастаеўскага.
Тв.:
Studien von der slovakisch-kleinrussischen Sprachgrenze im östlichen Ungarn. [T. 1—2]. Kristiania, 1897—99;
Die Dialekte des südlichsten Serbiens. Wien, 1903.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРНІКО́ЎСКІ Іван Антонавіч (1799—1834),
гісторык, вучоны-мовазнавец. Паходзіў са шляхты Ігуменскага пав. Мінскай губ. Скончыў філас.ф-т Віленскага ун-та (1820). Выкладаў сусв. гісторыю ў семінарыі пры Віленскім ун-це. У 1824 з-за «паліт. нядобранадзейнасці» пераведзены ў Казанскі ун-т, дзе выкладаў усх. мовы, стараж. гісторыю і геаграфію. Быў пад наглядам і апякунствам універсітэцкай адміністрацыі. У 1827—30 выкладчык араб. і перс. моў у Казанскай гімназіі. У жн. 1834 арыштаваны па абвінавачанні ў прыналежнасці да антыдзярж. арг-цый і за антыдзярж. прапаганду. Займаўся літ. дзейнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НКА (Glinka) Станіслаў (н. 6.12.1914, в. Янкі Млодэ Астралэнцкага ваяв., Польшча),
польскі мовазнавец. Д-рфілал.н. (1957). Скончыў Варшаўскі ун-т (1950). У 1957—84 у Ін-це славяназнаўства Польскай АН (з 1972 заг. аддзела бел. мовы). Гал. кірункі навук. дзейнасці — бел. і польск. дыялекталогія, мова бел. фальклору. Сааўтар і рэдактар «Атласа ўсходнеславянскіх гаворак Беласточчыны» (т. 1—3, 1980—93), прысвечанага фанетыцы і марфалогіі гэтых гаворак.
Тв.:
O gęzyku białoruskich pieśni ludowych // Federowski M. Lud białoruski. Warszawa, 1969. Т. 7.
літоўскі мовазнавец. Праф. Пермскага (1918), Томскага (1919) і Ковенскага (1922) ун-таў. Даследаваў слав.-балтыйскія моўныя сувязі (у т. л. літоўска-беларускія) і балт. міфалогію; запісваў фальклор; вывучаў літ.геагр. назвы і ўласныя імёны, узаемаадносіны літоўцаў і беларусаў («Літоўска-беларускія ўзаемаадносіны і іх старажытнасць», 1925). Сабраў вял. картатэку (каля 500 тыс. картак), якая пакладзена ў аснову акад. слоўніка літоўскай мовы. Аўтар працы «Мова і старажытнасць» (1922).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЫ́КА Аляксандр Мікалаевіч (н. 18.3.1935, в. Селішча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел.мовазнавец. Чл.-кар.АН Беларусі (1994), д-рфілал.н. (1981), праф. (1992). Скончыў БДУ (1959). З 1965 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі. Даследуе мову помнікаў стараж.бел. л-ры, старабел. графіку, арфаграфію, фанетыку, марфалогію, лексікалогію і інш.: «Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы» (1970), «Даўнія запазычанні беларускай мовы» (1972), «Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV—XVIII стст.» (1980). Аўтар «Слоўніка іншамоўных слоў» (1993), рэдактар і сааўт. «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» (вып. 1—14, 1982—96).