ДРАЎНІ́НА, ксілема,

тканка раслін, складзеная з клетак з адраўнелымі абалонкамі. Надае расліне трываласць, праводзіць ваду з растворанымі ў ёй рэчывамі, з’яўляецца месцам назапашвання пажыўных рэчываў. Складае асн. масу ствала, каранёў і галін дрэвавых раслін, размешчана паміж стрыжнем і камбіем.

Гал. анат. элементы Д. — сасуды (трахеі), трахеіды, драўняныя валокны (лібрыформ) і драўняная асн. тканка (парэнхіма). Адрозніваюць Д. першасную, якая ўтварае клеткі пракамбію, і другасную (уласна Д., што ўтвараецца камбіем). Штогадовыя прыросты Д. характарызуюцца ўтварэннем гадавых слаёў (гл. таксама Гадавыя кальцы). У ядравых парод (хвоя, лістоўніца, дуб і інш.) адрозніваюць перыферычную светлую зону (абалону — фізіялагічна актыўную частку, якая праводзіць ваду і мінер. рэчывы) і цэнтр. цёмную зону (ядро, якое ўдзельнічае ў водазабеспячэнні; у клетках некат. парод назапашваюцца смолы, дубільныя рэчывы, алеі, камедзі, пігменты). У бяз’ядравых парод цэнтр. зона такога ж колеру, як абалона (елка, піхта, бяроза, клён і інш.). Элементны хім. састаў сухой Д. розных парод падобны, у ім 49—50% вугляроду, 6—7% вадароду, 43—46% кіслароду, 0,1—0,3% азоту; попелу да 1%, у яго ўваходзяць кальцый, калій, натрый, магній і інш. элементы. Д. розных парод складаецца пераважна з цэлюлозы (у хвойных 41—58%, у лісцевых 39—47%), геміцэлюлозы (адпаведна 15—23% і 20—38%), лігніну (28—34% і 17—27%). Шчыльнасць Д. мяняецца ў шырокіх межах у залежнасці ад віду раслін і ўмоў яе росту. Мікраструктура Д., якая дазваляе вызначыць яе якасць, характарызуецца шырынёй гадавых слаёў, наяўнасцю позняй Д., раўнаслойнасцю, велічынёй і размеркаваннем натуральных няроўнасцей. Д. шырока выкарыстоўваецца ў многіх галінах нар. гаспадаркі на вытв-сць цэлюлозы, кардону, паперы, буд. матэрыялаў (гл. Драўляныя канструкцыі, Драўняныя матэрыялы, Драўнянавалакністыя пліты, Драўнянаслаістыя пластыкі) і інш., а таксама на паліва. Хім. перапрацоўкай з Д. атрымліваюць дубільныя рэчывы, каніфоль, шкіпінар, флатамасла, харч. глюкозу, драўняны і вінны спірт і інш.

А.​К.​Фядосаў.

Да арт. Драўніна. Асноўныя часткі ствала і яго галоўныя разрэзы: 1 — кара; 2 — асяродак; 3 — ядро; 4 — абалона; 5 — тангенцыяльны разрэз; 6 — радыяльны разрэз; 7 — папярочны разрэз.
Схема мікраскапічнай будовы драўніны: I — хвоі (1 — гадавы слой; 2 — стрыжнёвыя прамяні; 3 — вертыкальны смаляны ход; 4 — раннія трахеіды; 5 — позняя трахеіда; 6 — аблямаваная пора, 7 — прамянёвая трахеіда); II — дуба (1 — гадавы слой; 2 — сасуды; 3 — буйны сасуд ранняй драўніны; 4 — дробны сасуд позняй драўніны; 5 — шырокі стрыжнёвы прамень; 6 — вузкія стрыжнёвыя прамяні; 7 — лібрыформ).

т. 6, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 3 МАЯ 1791 (Ustawa tządowa),

асноўны закон Рэчы Паспалітай, прыняты 3.5.1791 на Чатырохгадовым сейме ў Варшаве. Абвяшчала суверэннасць Рэчы Паспалітай як унітарнай дзяржавы, ліквідавала падзел яе на Карону і ВКЛ. Але кароль захаваў і тытул вял. кн. літоўскага. У веданні ВКЛ захавалася судаводства, свой скарб, роўнае прадстаўніцтва ў сейме і яго камісіях. Месцам правядзення сеймаў вызначана Варшава, але яны маглі адбывацца раз у 3 гады ў Гродне. Канстытуцыя абвясціла нязменнасць кардынальных правоў, захавала карпаратыўнасць і адзінаўладдзе за шляхецкім саслоўем, шляхецкія правы і прэрагатывы абвяшчала непарушнымі. Грамадзянскія свабоды пашыраліся на прывілеяваныя станы шляхты, духавенства, чыноўнікаў. Адначасова рабіліся ўступкі жыхарам гарадоў дзярж. юрысдыкцыі, у ліку якіх асабістая недатыкальнасць, права набыцця зямлі, шляхецтва, заняцця адм.-судовых і царк. пасад. Дэкларавала апеку права і ўрада над феад.-залежнымі сялянамі. Абвяшчала свабоду веравызнанняў з захаваннем дзяржаўнасці за каталіцтвам. Епіскапы пераведзены на дзярж. ўтрыманне. Заканадаўчая ўлада аддадзена 2-палатнаму сейму (палата дэпутатаў і сенат), выканаўчая — каралю і радзе з 6 міністраў, падсправаздачных сейму. Міністраў назначаў кароль. Палата дэпутатаў складалася з 204 паслоў (з іх 24 з дарадчым голасам прадстаўлялі гарады), выбраных на 2 гады на мясц. сейміках. Выбарчы голас атрымалі асобы шляхецкага стану з 19 гадоў, якія мелі гадавы даход больш за 100 злотых і былі запісаны ў земскія кнігі. Сенат складаўся з 132 саноўнікаў, у т. л. караля. Ён быў пазбаўлены права заканадаўчай ініцыятывы, але меў права адкладальнага вета. Ліквідавана права ліберум вета (liberam veto), усе пастановы сейма павінны былі прымацца большасцю галасоў, уведзена спадчыннасць трона. Выканаўчай адміністрацыяй на мясц. узроўні былі парадкавыя камісіі, якія выбіраліся мясц. сеймікамі. Земскія і гродскія суды аб’ядноўваліся ў зямянскія суды, Пажыццёвасць пасад скасоўвалася і змянялася іх выбарнасцю. Канстытуцыя абвяшчалася нязменнай на 25 гадоў. Перагледзець яе мог толькі канстытуцыйны сейм. Была першай у Еўропе і другой у свеце (пасля ЗША) Канстытуцыяй, зафіксаванай пісьмова. Скасавана Гродзенскім сеймам 1793 у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай.

Літ.:

Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992;

Łojek J. Upadek Konstytucji 3 maja. Wrocław, 1976;

Skowronek J. Wielka chwila narodowych dziejów: Konstytucja 3 maja i reformy Sejmu Cztemletniego. Warszawa, 1991.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 7, с. 598

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЁЛ (ад лац. castellum невял. крэпасць),

1) польск. і бел. назва рымска-каталіцкага храма. Паводле царк. дагматыкі К. з’яўляецца домам Бога і месцам малітвы. Паводле прызначэння бываюць: базілікі (К. са спец. папскімі прывілеямі, асноўныя ў Рыме); кафедральныя (К., дзе ёсць кафедра епіскапа і знаходзяцца кафедральны капітул); калегіяты (К., якім нададзены спец. ганаровы статус, ёсць свой калегіяцкі капітул); кляштарныя; парафіяльныя (прыходскія, фарныя); філіяльныя (у складзе прыхода); капліцы. На Беларусі К. пачалі сістэматычна будаваць пасля Крэўскай уніі 1385, найб шырока — пасля Брэсцкай уніі 1596.

Унутраная прастора К. падзяляецца на 3 традыц. для хрысц. храма часткі: бабінец (прытвор, нартэкс), цэнтр. частку і прэсбітэрый (алтарную частку). У адрозненне ад правасл. храма (царквы) у К. алтаром наз. не частка прасторы, а ўзвышанае ахвярнае месца з распяццем, абразом або статуяй святога. Гал., часта шматфігурны, алтар размяшчаецца ў прэсбітэрыі (звычайна аддзелены ад цэнтр. часткі невысокай агароджай). У К. можа быць некалькі дадатковых бакавых алтароў у цэнтр. частцы, там таксама знаходзяцца кафедра для ксяндза, спавядальня, лаўкі для вернікаў. На сценах жывапісныя або скульпт. сцэны з крыжовага шляху Ісуса Хрыста (стацыі), дадатковыя абразы, эпітафіі і помнікі фундатарам (іх тут часта хавалі), месца для хароў, арган і інш. Пры прэсбітэрыі размяшчаюцца сакрысція і часам касцельная б-ха. Інтэр’ер К. звычайна багата ўпрыгожаны. Вял. К. будавалі з крыптай.

Першыя мураваныя К. (15 ст.) мелі рысы готыкі (Ішкалдскі Троіцкі касцёл, Уселюбскі касцёл). У 16 ст. будавалі К. трохчасткавай кампазіцыі з адной магутнай вежай пры ўваходзе (Гнезнаўскі касцёл Міхаіла архангела). Першы К. у стылі барока — Нясвіжскі касцёл езуітаў. Найб. пашыраны тып К. ў 17—18 ст. — базіліка з 2-вежавым фасадам (Міхалішскі касцёл аўгусцінцаў, Княжыцкі касцёл і кляштар дамініканцаў). Шматлікія каталіцкія ордэны манаскія ў Гродне, Слоніме, Пінску, Оршы, Мінску, Полацку, Віцебску і інш. стваралі ансамблі будынкаў кляштара і К. з выразнай барочнай пластыкай гал. фасадаў. Архітэктура драўляных К. імітавала формы мураваных храмаў. З пач. 19 ст. К. будавалі ў стылях класіцызму і несапраўднай готыкі (Мінскі Чырвоны касцёл, Сар’ёўскі касцёл, Відзаўскі Троіцкі касцёл і інш.).

2) Тэрмін для абазначэння рымска-каталіцкай царквы як рэліг. арг-цыі ў Польшчы.

Т.​В.​Габрусь (архітэктура).

Касцёл у г. Ліманова (Польшча). 1918.
Касцёл Сымона і Алены (Чырвоны) у Мінску.

т. 8, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРК (ад позналац. parricus абгароджанае месца),

зямельны ўчастак з натуральнай або спец. пасаджанай расліннасцю, з дарогамі, алеямі, вадаёмамі, прызначаны для адпачынку, прагулак, гульняў. П., як і сады, ствараюцца ў гар. і сельскай мясцовасці сродкамі ландшафтнай архітэктуры і з’яўляюцца асн. элементамі азелянення і садова-паркавага мастацтва. Могуць размяшчацца ў масавай гар. забудове, у буйных лесапаркавых зонах або водна-зялёных дыяметрах, якія аб’ядноўваюць унутрыгарадскую і прыгарадную сістэмы азелянення. Бываюць малыя (да 10 га), сярэднія (10—30 га) і вял. (больш за 30 га). Паркавую кампазіцыю ствараюць масівы дрэў, алеі, адзіночныя пасадкі, жывыя агароджы, газоны, баскеты, дэкар. расліны, кветнікі і інш. Вял. значэнне мае выкарыстанне архітэктуры малых формаў. Парадным месцам П. з’яўляецца партэр.

П. былі вядомы ў Стараж. Егіпце, Грэцыі, Рыме і інш. Дэкаратыўнасцю вызначаліся П. феад. эпохі ў Японіі, Кітаі, Індыі і інш. Перыяду класіцызму характэрны рэгулярны парк франц. тыпу з дакладнай геам. планіроўкай (П. у Версалі, Францыя, 17 ст.). Уплыў рамантызму выявіўся ў пейзажных парках англ. тыпу, якім уласціва свабодная планіроўка тэрыторыі і маляўнічая кампазіцыя аб’ектаў (П. Стоу у Англіі, 18 ст.). У 18 ст. ствараліся палацава-паркавыя ансамблі Сан-Сусі ў г. Патсдам (Германія), Пецяргофа, Летні сад у Пецярбургу (рэгулярныя П.), пейзажныя П. ў Паўлаўску (Ленінградская вобл.), Уманскі дэндрапарк «Сафіеўка» (Украіна).

На Беларусі найб. старадаўнія П., што захаваліся, адносяцца да 18 ст. Узоры рэгулярных П. — Бачэйкаўскі парк, Дубайскі парк, П. у в. Вялікае Мажэйкава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. У канцы 18—19 ст. былі пашыраны пейзажныя П. (гл. Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль і інш.). У 19 ст. з’явіўся новы тып П. — грамадскі «гарадскі сад» (у Мінску, Віцебску, Магілёве і інш.). З 1920-х г. ствараюцца паркі культуры і адпачынку, дзіцячыя (імя М.​Горкага ў Мінску) і спартыўныя (у Баранавічах Брэсцкай вобл.), паркі мемарыяльныя, заалагічныя (у Гродне). Гл. таксама Садова-паркавае мастацтва.

Літ.:

Антипов В.Г. Парки Белоруссии. Мн., 1975;

Косаревский И.А. Искусство паркового пейзажа. М., 1977;

Горохов В.А., Лунц Л.Б. Парки мира. М., 1985;

Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989.

В.​Р.​Анціпаў, Г.​С.​Ларкін.

Дзіцячы парк імя М.​Горкага ў Мінску.
Парк Сан-Сусі ў г. Патсдам (Германія). 18 ст.

т. 12, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСТРАБРА́МСКІ АБРА́З МА́ЦІ БО́ЖАЙ,

адна з гал. хрысціянскіх святыняў у Літве і на Беларусі. Захоўваецца ў Вострай браме (сучасная літ. назва Аўшрас Варту) у Вільні. Ушаноўваецца каталіцкай і правасл. цэрквамі. Уяўляе сабой паясную выяву Дзевы Марыі без дзіцяці, намаляваную на фоне месяца тэмперай на дубовай дошцы.

Найб. вядома т.зв. карсунская версія паходжання абраза, якая ў 1839 надрукавана Т.​Нарбутам і пазней распрацавана царк. гісторыкамі. Паводле яе, абраз прывезены ў Вільню вял. кн. ВКЛ Альгердам у 1363 з Корсуні (Херсанес, цяпер у межах г. Севастопаль) пасля паспяховага паходу ў Крым. Вял. княгіня Ульяна, правасл. хрысціянка, аддала абраз у заснаваны ёю манастыр св. Тройцы. У канцы 15 ст., калі Вільню абнеслі мурам, абраз паставілі над Медніцкай (Вострай) брамай. Калі манастыр св. Тройцы стаў уніяцкім, капліца над брамай разам з абразом перайшла пад апеку кармелітаў, для якіх у 1621 падканцлер Стафан Пац і віленскія бурмістры Дубовічы заснавалі кляштар непадалёку ад Медніцкай брамы. Існуе таксама легенда, што прататыпам для абраза паслужыла Барбара Радзівіл, незвычайная прыгажосць і драматычны лёс якой зрабілі яе легендарнай асобай. Стыль жывапісу і тэхнал. асаблівасці сведчаць, што абраз, што існуе цяпер, намаляваны ў 1-й трэці 17 ст. невядомым мастаком, які добра ведаў усх.-правасл. іканапіс і жывапіс Паўн. Еўропы. Адметнае шанаванне абраза пачалося ў канцы 17 — пач. 18 ст. У кнігах пра цудатворныя абразы 1650—87 вастрабрамскі абраз яшчэ не называецца. Першы запісаны цуд — уваскрэсенне памерлай дзяўчынкі — адносіцца да 1671. Шырокую славу абраз набыў у 1702 пасля паражэння шведаў, якія спрабавалі яго папсаваць. Найб. ўражанне на жыхароў горада зрабілі шматразовыя выратаванні абраза ў час пажараў Вільні 1706, 1748—49, 1754. У 1756 надрукавана песня пра абраз як абаронцу Вільні, тады ж уведзена ўрачыстае святкаванне Апекі Маці Божай. У шанаванні Вастрабрамскай Маці Божай аб’ядналіся рыма-католікі і уніяты, імшы служыліся па лац. і грэчаскім абрадах. Вострая брама стала самым святым месцам Вільні. У 19 ст. Вастрабрамская Маці Божая стала лічыцца патронкай зямель б. ВКЛ (Літвы і Беларусі), культ абраза набыў патрыятычны сэнс, прапагандыстам яго стала інтэлігенцыя. У 1852 надрукавана першая анталогія вершаў, прысвечаных абразу. З’явіліся шматлікія копіі абраза, у т. л. В.​Ваньковіча для касцёла ў Парыжы, распаўсюдзіліся медальёны з яго выявай. 2.7.1927 на абраз урачыста накладзены залатыя кароны. Копіі абраза ёсць у многіх храмах Беларусі і Літвы. Свята абраза па правасл. календары 26 снежня па ст. ст.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 4, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛО́ШЧА,

архітэктурна арганізаваная прастора, уключаная ў вулічную сетку населенага пункта і абмежаваная будынкамі, скверамі, паркамі або натуральным рэльефам (бераг ракі, яр, гара). Бываюць П. адм.-грамадскія, тэатр., прывакзальныя, мемарыяльныя (ствараюцца ў гонар вял. гіст. падзей, дзярж. дзеячаў, вучоных, майстроў мастацтва), П. гандл., трансп. і інш. Гал. П. або сістэма П. уваходзяць у склад ядра цэнтра горада, звычайна маюць вял. памеры, значныя прылеглыя пабудовы (адм.-грамадскія будынкі); служаць месцам масавых мерапрыемстваў. П., у кампазіцыю якіх уключаюцца творы архітэктуры, манум. скульптуры і жывапісу, часам утвараюць асн. арх. ансамблі, якія і вызначаюць аблічча населеных месцаў. П. рознага прызначэння могуць мець азеляненне па перыметры, у цэнтр. ч. (партэр) або мяшанае. Партэрная частка П. бывае звычайна ў выглядзе газона ці спалучаецца з дрэва-кустовымі насаджэннямі, кронам якіх надаюць геам. форму, або з курцінамі зялёных масіваў, што абрамляюць П.

Правобразам гар. П. былі парадныя прамавугольныя ў плане двары палацавых і храмавых комплексаў Крыта, Егіпта, Вавілоніі, Асірыі. У Стараж. Грэцыі прамавугольныя ў плане П. — агоры, Рыме — форумы. У сярэдневяковых гарадах П. мела нерэгулярны план, у перыяд барока і класіцызму — чатырохвугольныя, круглыя, складаных абрысаў, шматвугольныя і інш формы, часта сіметрычныя (П. св. Пятра ў Рыме, Трафальгарская ў Лондане, дэ Голя ў Парыжы). У рас. гарадах ствараліся крамлёўскія, гар., саборныя, гандлёвыя плошчы. Выдатныя ўзоры П. у Расіі створаны архітэктарамі класіцызму 18—19 ст. (Тэатральная ў Маскве, Дварцовая плошча ў С.-Пецярбургу і інш.).

На Беларусі П. вядомы са старажытнасці. З развіццём гар. паселішчаў як цэнтраў рамяства і гандлю, гал. ролю ў структуры гарадоў адыгрывалі гандл. П., вядомы яны і ў мястэчках. У 18 ст. ў гарадах на гал. П. узводзілі адм., гандл. і культавыя будынкі, стваралася ансамблевая забудова (Варнянскі архітэктурны ансамбль, Гарадніца, Пастаўскі архітэктурны ансамбль, Полацкая Парадная плошча). У канцы 18 — пач. 19 ст. многія гарады (Барысаў, Бабруйск, Віцебск, Мінск і інш.) былі распланаваны паводле рэгулярнай схемы, кампазіцыйныя восі іх складалі гал. вуліцы, на перасячэнні якіх ствараліся цэнтр. П. З 2-й пал. 20 ст. П. выконваюць ролю грамадскіх цэнтраў, маюць значныя памеры, вылучаюцца ансамблевасцю забудовы (Перамогі плошча, Якуба Коласа, Кастрычніцкая, Прывакзальная ў Мінску, Перамогі плошча ў Віцебску, пл. Цырыманіялаў у Брэсцкай крэпасці-героі, Тэатральная ў Магілёве, Будаўнікоў у Наваполацку).

Літ.:

Заславский Е.Л. Проблема формирования архитектурных ансамблей главных городских площадей // Стр-во и архитектура Белоруссии. 1981. №4;

Общественные центры городских населенных мест БССР. Мн., 1991.

Плошча святога Пятра ў Рыме.
Плошча Кастрычніцкая ў Мінску.

т. 12, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́СЛА (Oslo),

горад, сталіца Нарвегіі. Знаходзіцца на ПдУ краіны. Адм. ц. фюльке Акерсхус; утварае самастойную адм. адзінку. 494 тыс. ж., у агламерацыі Вял. О. каля 1 млн. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт (праходзіць каля 30% знешнегандл. абароту краіны). Міжнар. аэрапорт Форнебу. Гал. эканам. і культ. цэнтр краіны. У О. вырабляецца больш за 25% прамысл. прадукцыі Нарвегіі. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. суднабуд. і суднарамонтная, эл,тэхн., радыёэлектронная і інш.; харч., хім., швейная, паліграфічная; пераробная металургія. Метрапалітэн. Ун-т. Нарв. акадэмія навук і л-ры. Дзярж. акадэмія мастацтваў. Тэатры. Музеі: Універсітэцкі нац. старажытнасцей, Нарв. народны, Нац. галерэя, прыкладнога мастацтва, «Фрам» і «Кон-Тыкі», Нар. музей пад адкрытым небам і інш. Месца правядзення VI зімовых Алімпійскіх гульняў (1952).

Засн. каля 1048 каралём Харальдам III Хардэродэ. З 2-й пал. 11 ст. рэзідэнцыя епіскапа, з канца 13 ст. — караля (да 1380) і фактычная сталіца Нарвегіі; цэнтр гандлю з гарадамі Ганзы. У 16 ст. горад заняпаў, у 1624 знішчаны пажарам. Пабудаваны на новым месцы каралём Крысціянам IV і названы яго імем (Хрысціянія). З 17 ст. тут збіраліся прадстаўнікі штатаў і засядаў вышэйшы каралеўскі суд. У 1811 засн. ун-т. З 1814 сталіца Нарвегіі, горад хутка развіваўся, стаў цэнтрам прам-сці і гандлю. З 1905 рэзідэнцыя караля Нарвегіі (месцам каранацыі застаўся Тронхейм). У 1925 вернута назва О. У час 2-й сусв. вайны акупіраваны ням. войскамі (1940—45), адзін з цэнтраў руху Супраціўлення.

На беразе ўсх. заліва Піпервіка — рэшткі Старога горада з крэпасцю Акерсхус (каля 1300, перабудавана ў 15—16 ст.). Ад яго на Пн і ПнЗ ідуць кварталы цэнтра сучаснага О. з гал. вул. Карл-Юханс-гатэ (вядзе ад вакзала да каралеўскага палаца; 1824—48, арх. Х.Д.Ф Лінстаў, класіцызм), тут размешчаны будынкі ун-та (1838—52, арх. К.​Х.​Грош, класіцызм; актавая зала, 1910—11, арх. Х.​Сіндынг-Ларсен, размалёўкі Э.​Мунка) і сторцінга (парламент; 1866, арх. Э.​В.​Ланглет, эклектыка). Дзелавая ч. горада знаходзіцца паміж вул. Карл-Юханс-гатэ і портам, прамысловая — пераважна ва ўсх. раёне (Эсткант). Сярод арх. помнікаў: сабор (1690-я г., барока), Нац. т-р (1891—99, арх. Х.​Буль, эклектыка); ратуша з рысамі нац. рамантыкі (1933—50, арх. А.​Арнеберг, М.​Поўльсан, у інтэр’еры размалёўкі П.​Крога, Мунка, А.​Рэваля і інш.), багата аздобленая скульптурай. Сярод значных збудаванняў у сучасных стылях: комплекс будынкаў ун-та (1936—37, 1960-я г.), Цэнтр лыжнага спорту Холменколен (1952), Дом урада (1958), атэль авіякампаніі САС (1974), канцэртная зала (1977) і інш. Паводле генплана (1948—50) забудоўваюцца новыя прыгарадныя раёны, звязаныя з цэнтрам лініямі метро. У О. многа паркаў, буйнейшыя з іх — Фрогнер-парк (32 га) са скульпт. ансамблем (1900—43, скульпт. Г.​Вігелан; больш за 150 фігур і кампазіцый). Помнікі: Х.​Вергелану (1881, Б.​Бергсліен), Н.​Абелю (1908), К.​Колет, Р.​Нурдраку (абодва 1911; усе скульпт. Вігелан) і інш.

Осла. Крэпасць Акерсхус, 14—16 ст. (злева); ратуша, 1933—50, арх. А.​Арнеберг, М.​Поўльсан (справа). Месца правядзення VI зімовых Алімпійскіх гульняў (1952).
Осла. Горад і порт.

т. 11, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ-ДЖЭ́РСІ (New Jersey),

штат на У ЗША. Пл. 20,3 тыс. км². Нас. 8053 тыс. чал. (1997). Адм. ц.г. Трэнтан. Найб. горад Ньюарк. Паўд. ч. штата ў межах забалочанай Прыатлантычнай нізіны, на Пн адгор’і Апалачаў. Клімат умераны, марскі. Т-ра паветра ад 1 °C у студз. да 23—25 °C у ліп. Ападкаў каля 1000 мм за год. Пераважае культ. расліннасць, у гарах захаваліся шыракалістыя лясы. Адзін з найб. урбанізаваных, густанаселеных і эканам. развітых штатаў ЗША. Тэр. штата ўваходзіць у агламерацыю Вял. Нью-Йорка (Пн) і Філадэльфіі (ПдЗ). Маш.-буд., у т. л. авія- і суднабудаванне, вытв-сць прамысл. абсталявання, зборка аўтамабіляў, электратэхн., электронная; паліграф., сілікатна-керамічная, хім., нафтаперапр., фармацэўтычная, тэкст., швейная прам-сць, вытв-сць буд. матэрыялаў, каляровая металургія (выплаўка медзі і цынку), металаапрацоўка. Вытв-сць тэлекамунікацыйнага і біятэхнал. абсталявання. Вылучаецца разнастайная харч. прам-сць, у т. л. кандытарская. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу. Вырошчваюць памідоры, ягады, перац, сою. Малочная жывёлагадоўля, птушкагадоўля. Парнікова-цяплічныя гаспадаркі, аранжарэі, гадавальнікі. Садоўніцтва (персікі, вішня). Прамысл. кветкаводства. На Пд на асвоеных балотах вял. плантацыі буйнаплодных журавін. Марское рыбалоўства. Узбярэжжа — раён курортаў, шмат атэляў і казіно. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі.

Першымі еўрапейцамі, якія ў 1524 з’явіліся на тэр. штат, былі італьянцы і партугальцы. У 1617 галандцы заснавалі тут сваю калонію. Тэр. ўздоўж р. Дэлавэр засялілі шведы. У 1655 Н.-Дж. далучаны да галандскіх Новых Нідэрландаў. У 1664 акупіраваны англічанамі, сюды пачалі перасяляцца англ. квакеры. З 1676 частка Н.-Дж. (з 1682 поўнасцю) стала ўладаннем У.Пена. З 1702 каронная зямля. У час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 тэр. штата — месца ваен. дзеянняў: бітвы каля Трэнтана (1776), Прынстана (1777), Монмута (1778). З 1787 штат ЗША. У 19—20 ст. пачалася новая хваля еўрап. іміграцыі, у т. л. беларусаў.

Беларусы ў Нью-Джэрсі. Масавая эміграцыя сялян з Беларусі ў Н.-Дж. пачалася ў канцы 19 ст. У 1910-я г. некалькі бел. сем’яў далучыліся да слав. калоніі ў Хантэрдоне. У 1912 беларусы заснавалі ў Вайнлендзе птушкафабрыку, а пазней на гэтых землях рассяліліся больш за 300 сялян-беларусаў. У 1920—30-я г. яны ўваходзілі ў рас. арг-цыі: Рускае нар. т-ва ўзаемадапамогі ў Амерыцы, Амерыкана-рус. т-ва ўзаемадапамогі і інш. Вял. колькасць беларусаў пасялілася ў Н.-Дж. пасля 2-й сусв. вайны, найб. кампактна — у акругах Мідлсекс, Юніён, Самерсет, Гудзон, Пасейік; стварылі свае асяродкі ў г. Саўт-Рывер, Пасейік, Нью-Брансуік. У штате існуе больш за 20 бел. грамадскіх арг-цый, у т. л. аддзелы Беларуска-амерыканскага задзіночання ў Нью-Брансуіку, Бел. каардынацыйнага к-та Амерыкі, Бел. жаночага згуртавання ў Амерыцы, Бел.-амер. студэнцкага аб’яднання (усе ў Саўт-Рыверы), Саюза бел,амер. моладзі ў Пасейіку, Саўт-Рыверы, Нью-Брансуіку, Арганізацыі беларуска-амерыканскай моладзі, Згуртавання беларуска-амерыканскіх ветэранаў і інш. Штат быў месцам правядзення 6-й (1964), 12-й (1976), 15-й (1982) і 20-й (1992) Сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі (усе ў Нью-Брансуіку); I і II кангрэсаў беларусаў Амерыкі (Саўт-Рывер), Бел. фестываляў (1976, 1977, 1979). Рэліг. жыццё беларусаў штата сканцэнтравана вакол парафій Бел. аўтакефальнай правасл. царквы (Жыровіцкай Божай Маці ў Нью-Брансуіку, св. Троіцы ў Дораце, св. Ефрасінні Полацкай ў Саўт-Рыверы). З 1974 у Саўт-Рыверы праводзяцца штогадовыя выстаўкі твораў мастакоў і нар. умельцаў. У штаце жывуць мастакі Т.Стагановіч, В.​Шудзейка, Н.Кудасава, Н.Русак, І.​Рагалевіч, Л.Махнюк і А.Махнюк. Створаны маст. калектывы: жаночы хор «Каліна», ветэранскі хор, некалькі аркестраў. Выходзілі газеты і часопісы «Беларуская трыбуна», «Шыпшына», «Беларус у Амерыцы», «Царкоўны сьветач», «Беларуская думка» і інш. З 1960 дзейнічае Бел. выдавецкае т-ва.

Літ.:

Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мн., 1993.

А.​С.​Ляднёва (беларусы ў Нью-Джэрсі).

т. 11, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЕРУСАЛІ́М (стараж.-яўр. Іерушалаім, араб. Аль-Кудс),

горад у Ізраілі, на паўпустынным пласкагор’і на З ад Мёртвага м. Зах. ч. — Новы горад (адм. ц. акругі Іерусалім), належыць Ізраілю, усх. ч. — Стары горад, з 1967 акупіраваны Ізраілем; паводле пастановы (1950) урада Ізраіля сталіца дзяржавы, месца знаходжання ўрада і парламента. 602 тыс. ж. (разам з Усх. Іерусалімам, 1996). Рэлігійны («свяшчэнны») цэнтр іудзеяў, хрысціян і мусульман. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прамысл., гандл., фін., навук. і культ. цэнтр краіны. Вядучыя галіны прам-сці: паліграф., лёгкая, харчовая. Развіты гарбарна-абутковая, металаапр., фармацэўтычная, шкляная, радыётэхн. прам-сці, апрацоўка алмазаў. Розныя рамёствы. Ун-т. 2 Акадэміі. Цэнтр міжнар. турызму.

Адзін з самых стараж. ханаанскіх гарадоў (3-е тыс. да н.э.). У пач. 10 ст. заваяваны Давідам, які зрабіў яго рэліг. і паліт. цэнтрам сваёй дзяржавы (адсюль вызначэнне І. як горада Давідава). Росквіт І. адбыўся пры цару Саламоне (пабудаваны храм). Пасля падзелу дзяржавы І. — сталіца Іудзейскага царства. У 586 (587?) зруйнаваны Навухаданосарам II. Адбудаваны яўрэямі пасля вяртання з Вавілонскага палону. З 538 да н.э. сталіца перс. правінцыі. Пасля заваявання Персіі Аляксандрам Македонскім і распаду яго дзяржавы пад уладай Пталамеяў, з 198 да н.э.Селеўкідаў. З 141 да н.э. сталіца дзяржавы Макавеяў. У 70 н.э. зруйнаваны рым імператарам Цітам. У 4 ст. пры імператару Канстанціне свяшчэнны цэнтр хрысціян. З 395 пад уладай Візантыі. Пасля араб. заваявання (638) — свяшчэнны цэнтр мусульман. У 1099 захоплены крыжаносцамі, стаў месцам паломніцтва хрысціян. У 1173 І. наведала Ефрасіння Полацкая. У 1187 горад заваяваны егіп. султанам Салах-ад-дзінам. З 1517 у складзе Асманскай імперыі. У 1917 захоплены брыт. войскамі. У 1920—48 адм. ц. брыт. падмандатнай тэр. Палесціны. Паводле рашэння Ген. Асамблеі ААН ад 29.11.1947 І. павінен быў стаць самаст. адм. адзінкай пад кіраваннем ААН. Пасля араба-ізраільскай вайны 1948—49 быў падзелены на 2 часткі: усх. адышла Іарданіі, зах. — да Ізраіля. У 1950 урад Ізраіля насуперак рашэнню ААН аб вылучэнні І. ў самаст. адм. адзінку аб’явіў яго сталіцай Ізраіля. У выніку ізраільска-арабскай вайны 1967 Ізраіль захапіў увесь І. і ў ліп. 1980 абвясціў яго «вечнай і непадзельнай сталіцай» Ізраіля.

У 960—62 да н.э. на ўзгорку Марыя, дзе, як сведчыць легенда, адбылося ахвярапрынашэнне Аўраама, паводле загаду Саламона фінікійскія майстры з Тыра пабудавалі храм, у якім захоўвалася Арка Прымірэння, асн. сімвал монатэізму і богаабранніцтва ізраільцян (зруйнаваны вавіланянамі ў 586 да н.э., адноўлены ў 520—515 да н.э., канчаткова знішчаны ў 70 н.э. рымлянамі). У канцы 1 ст. да н.э. былі ўзведзены гар. ўмацаванні. У 130 на месцы Старога горада пабудаваны г. Алія Капіталіна. Ад комплексу абарончых збудаванняў захаваўся фрагмент зах. муру (Сцяна Плачу). У 335 паводле загаду Канстанціна I Вялікага на месцы Галгофы ўзведзены храм-ратонда Труны Гасподняй (неаднаразова перабудоўваўся). У 5 ст. збудаваны некалькі крыптаў, базілікі на Маслічнай гары. Пасля далучэння І. да ўладанняў Амеядаў на месцы разбуранага храма Саламона пабудавана антаганальная мячэць Кубат ас-Сахра («Купал скалы», другая назва — мячэць Амара), побач — мячэць аль-Акса (перабудавана ў пач. 8 ст. з хрысц. базілікі; перабудоўвалася ў 780, 1035). У час валодання І. крыжаносцамі ўзводзіліся новыя храмы і манастыры, Айюбідамі і мамлюкамі — мячэці і медрэсэ. Да 14 ст. адносіцца цытадэль — Вежа Давіда (з перабудовамі 16 ст.). У 16 ст. І. умацаваны, паводле загаду султана Сулеймана Велічнага адноўлены муры рым. часу (з 34 вежамі і 8 брамамі), якія ўключалі з усх. боку крэпасць Ірада (1536—41). У 1892 пачалася мадэрнізацыя І. У 20 ст. пашырылася забудова зах. ч. Новага горада. Арх. акцэнты І. — Яўрэйскі універсітэт (1925, арх. Д.​Рэзнік, Э.​Рау), сінагога мед. цэнтра «Эйн-Керэм» (1952—61, арх. І.​Нейфельд, 12 вітражоў М.​Шагала), Кнесет (арх. Д.​Кармі, І.​Кларвайн, інтэр’еры аздоблены габеленамі Шагала), мемарыял Дж.​Кенэдзі (абодва 1966) і інш. Нац. музей Ізраіля (1965), Нац. музей «Бецалель» (Стары музей, 1906), музей Рокфелера (1927).

Н.​К.​Мазоўка (гісторыя), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура).

Да арт. Іерусалім. М.​Шагал. Вітраж у сінагозе іерусалімскага медыцынскага цэнтра «Эйн-Керэм».
Мячэць Амара ў Іерусаліме. 687—691.
Цытадэль — Вежа Давіда ў Іерусаліме.
Мемарыял Дж.​Кенэдзі ў Іерусаліме. 1966.

т. 7, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛО́ТА,

залішне ўвільготнены ўчастак зямной паверхні, укрыты пластом торфу глыбінёй не менш як 30 см у неасушаным стане (менш як 30 см — забалочаныя землі). Найбольш балот у лясной зоне Паўн. паўшар’я (Пн Еўрап. часткі, Канада, Палессе, Зах. Сібір, Камчатка і інш. раёны), а таксама ў вільготных раёнах Афрыкі, Азіі і Паўд. Амерыкі. Агульная плошча балот у свеце каля 350 млн. га. У выніку гасп. дзейнасці балоты трансфармуюцца ў акультураныя с.-г., лясныя і паляўнічыя ўгоддзі, распрацоўваюцца прам-сцю, часткова займаюцца пад гар. і прамысл. забудовы. У прыродным стане выконваюць шматлікія біясферныя функцыі: месцажыхарства спецыфічных відаў балотнай флоры і фауны, бездакорныя геахім. бар’еры і прыродныя фільтры на шляхах руху водаў, рэгулятары клімату, газавага саставу атмасферы, захавальнікі інфармацыі аб змене расліннасці і клімату на працягу многіх тысячагоддзяў. Балоты вывучае навука балотазнаўства. На Беларусі балоты займаюць 2,5 млн. га (плошча асушаных 1,2 млн. га) з запасам торфу-сырцу 4,4 млрд. т. Тарфяных радовішчаў 9192, сярэдняя глыб. адкладаў торфу 1,87 м, найб. магутнасць тарфянога пласта 10,5 м.

Утвараліся балоты пераважна ў розныя перыяды з пачатку галацэну (10—12 тыс. г. назад) і да нашага часу ад забалочвання мінер. глебы або затарфавання вадаёмаў (гл. Балотаўтваральны працэс, Балотныя адклады).

Балоты падзяляюцца на нізінныя (эўтрофныя) з багатым грунтавым і паверхнева-сцёкавым жыўленнем, вярховыя (алігатрофныя) з бедным атм. жыўленнем і пераходныя (мезатрофныя), якія жывяцца атм. ападкамі і часткова паверхнева-сцёкавымі і грунтавымі водамі (гл. Балотныя воды). Паводле характару расліннасці бываюць лясныя, кустовыя, травяныя, мохавыя, паводле макрарэльефу — далінныя, поймавыя, схілавыя, водападзельныя. Нізінныя балоты ўтвараюцца ў далінах рэк, па берагах азёраў, у месцах выхаду крыніц. На Беларусі пашыраны на Пд і ПдЗ, асабліва на Палессі і Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Складаюць 82,7% пл. ўсіх балотаў. Найб. балоты — Аброўскае, Выганашчанскае балота, Вялікі Лес, Грычын, Паганянскае балота, Хольча, Старобінскае і інш. Сярэдняя ч. гэтых балот ляжыць на адным узроўні з ускраінамі або ніжэй за іх, зрэдку паверхня нахіленая. Для нізінных балот характэрны эўтрофныя расліны, патрабавальныя да мінер. элементаў. Ва ўмераным клімаце гэта лясныя балоты з вольхай, бярозай, вярбой, хвояй, елкай, лазой або травяныя ці мохавыя балоты з асокамі, трыснягом, чаротам, рагозамі, разнатраўем, гіпнавымі і сфагнавымі імхамі. Фауна разнастайная: вадзяныя пацукі, палёўкі, выдры, зрэдку бабры і андатры, асабліва шмат птушак — кулікі, пагонічы, драчы, гусі, качкі, вялікі вераценнік, лугавы конік, бакас, балотная сава. Вярховыя балоты знаходзяцца звычайна на водападзелах. Найб. пашыраны ў паўн. ч. Беларусі (масівы Даўбенішкі, Весялоўскае, Стрэчна, Обаль-1 і інш.). Складаюць 13,1% пл. ўсіх балот Беларусі. Паверхня іх у сярэдзіне пукатая, таму што торф у цэнтры балот назапашваецца больш інтэнсіўна, чым на перыферыі. Для вярховых балот характэрны алігатрофныя расліны, непатрабавальныя да зольных элементаў. Флора бедная: дрэвы — хвоя, лістоўніца; кусцікі — верас балотны, мірт, багун, багноўка, журавіны, імшарніца, буякі; травы — шэйхцэрыя, падвей похвенны, марошка, чаротнік, расіца круглалістая; сфагнавыя імхі. Фауна таксама бедная: воўк (летам), лось, глушэц, курапатка белая, журавель. На Беларусі пераходныя балоты складаюць 4,2% пл. ўсіх балот. Буйныя масівы — Паддубічы, Асовіны, Смалярня і інш. Для іх характэрны мезатрофныя расліны: звычайныя бяроза пушыстая, хвоя, асокі, буякі, багун, журавіны, сфагнавыя і гіпнавыя імхі. Фауна мяшаная ад нізінных і вярховых балот. На Беларусі вял. масівы балот ахоўваюцца ў Бярэзінскім біясферным запаведніку, Прыпяцкім ландшафтна-гідралагічным запаведніку і Прыпяцкім радыяцыйна-экалагічным запаведніку, у нац. парку «Белавежская пушча». На балотах існуюць 8 гідралагічных заказнікаў (на масівах Выганашчанскае балота, Дзікае балота, Ельня, Заазер’е і інш.), 21 біял. заказнік (напр., Амяльнянскі, Бабінец, Букчанскі, Борскі, Вялікае Балота, Дзянісавіцкі, Дубатоўскае, Запольскі) і інш. На самых вял. і перспектыўных тарфяных радовішчах створаны 12 рэзерватаў бітумінознай сыравіны для атрымання тарфянога воску (Арэхаўскі Мох, масіў Скачальскага воз., Тажылаўскі Мох і інш.), 4 рэзерваты гідролізнай сыравіны для атрымання кармавых дражджэй і інш. прадукцыі (Даўбенішкі, Слаўнае, Сэрвач, Эсьмонскі Мох і інш.) і 113 радовішчаў тарфяных лек. гразяў. Балота з’яўляецца месцам палявання, збірання ягад, грыбоў, лекавых траў. Гл. таксама карту «Тарфяныя балоты».

Літ.:

Кац Н.Я. Болота земного шара. М., 1971;

Тюремнов С.Н. Торфяные месторождения. 3 изд. М., 1976;

Бамбалов Н.Н., Тановицкий И.Г., Беленький С.Г. Развитие исследований в области генезиса, использования и охраны торфяных месторождений Беларуси // Твёрдые горючие отложения Беларуси и проблемы охраны окружающей среды. Мн., 1992.

С.​Г.​Беленькі.

Балота нізіннае. Чорнаальхова-вадаперыцавая асацыяцыя.
Балота нізіннае травяна-асаковае.
Балота вярховае.
Балота пераходнае.

т. 2, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)