РЫ́ХТГОФЕН ((Richthofen) Фердынанд Паўль Вільгельм фон) (5.5.1833, г. Покуй, Польшча —6.10.1905),
нямецкі географ, геолаг, падарожнік. Чл. Прускай АН (з 1899). Вучыўся ў Брэслаўскім і Берлінскім ун-тах, у 1869 у Фрайбергскай горнай акадэміі. З 1873 прэзідэнт Берлінскага геагр.т-ва. У 1875—79 праф. Бонскага, з 1883 Лейпцыгскага і з 1886 Берлінскага ун-таў. У 1856—60 праводзіў геал. даследаванні ў Альпах і Карпатах; у 1860 ва Усх. і Паўд.-Усх. Азіі; у 1862—68 у Каліфорніі і на горным хр. Сьера-Невада; у 1868—72 здзейсніў 7 падарожжаў па Кітаі. Вылучыў эолавую гіпотэзу паходжання лёсу ў Кітаі (1877). Вынікі даследаванняў выклаў у працы «Кітай» (т. 1—4, 1877—1912), склаў «Атлас Кітая» (1885). Стварыў генет. класіфікацыю форм рэльефу і характарыстыку найб. Прыродных абласцей Азіі (1886). Яго імем названы горны хрыбет у Цэнтр. Азіі ў сістэме Наньшань.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМ,
паўднёва-ўсходняя ўскраіна Тыбецкага нагор’я, у Кітаі. Пераважаюць горныя хрыбты (Баян-Хара-Ула, Расійскага геагр.т-ва і інш.). Выш. да 3000—4000 м, асобныя вяршыні да 6000 м. Хрыбты падзелены падоўжнымі цяснінамі рэк Янцзы, Меконг, Салуін. Высакагорныя стэпы і лугі, па цяснінах — лясы. На вяршынях — шматгадовыя снягі і ледавікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАШЫНГТО́НСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1921—22,
па абмежаванні марскога ўзбраення і па далёкаўсходніх і ціхаакіянскіх пытаннях. Праходзіла ў Вашынгтоне з 12.11.1921 да 6.2.1922. Склікана па ініцыятыве ЗША, якія разлічвалі дамагчыся спрыяльнага для сябе вырашэння пытання аб марскім узбраенні і замацавання новых суадносін сіл імперыял. дзяржаў у Кітаі і ў бас. Ціхага акіяна. Удзельнічалі ЗША, Вялікабрытанія, Кітай, Японія, Францыя, Італія, Нідэрланды, Бельгія і Партугалія, а таксама дэлегаты Індыі і брыт. дамініёнаў. РСФСР як далёкаўсходняя краіна запрошана не была, не была дапушчана на Вашынгтонскую канферэнцыю дэлегацыя Далёкаўсходняй рэспублікі (прыбыла ў Вашынгтон у снеж. 1921).
Асн. дакументы Вашынгтонскай канферэнцыі: Дагавор чатырох дзяржаў (ЗША, Вялікабрытаніі, Японіі і Францыі) пра сумесную абарону іх праў на астраўныя ўладанні ў раёне Ціхага акіяна. Адначасова прадугледжваў ліквідацыю англа-японскага саюза, чаго і дамагаліся ЗША. Дагавор пяці дзяржаў (ЗША, Вялікабрытаніі, Японіі, Францыі і Італіі) пра абмежаванне марскіх узбраенняў. Падпісваючы гэты дагавор, Вялікабрытанія пацвярджала сваю вымушаную згоду на адмову ад панавання на моры. Дагавор устанаўліваў пэўную прапорцыю гранічнага танажу лінейнага флоту дзяржаў-удзельніц. ЗША станавіліся першай дзяржавай паводле стратэг. перавагі ў гэтым рэгіёне, на другім месцы была Японія. Дагавор дзевяці дзяржаў (ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Японіі, Італіі, Бельгіі, Нідэрландаў, Партугаліі і Кітая) пра палітыку ў Кітаі абвяшчаў прынцыпы «роўных магчымасцей» у Кітаі для гандлю і прадпрымальніцтва ўсіх краін. Адпавядаў амер. палітыцы «адчыненых дзвярэй» і дазваляў ЗША як найбольш магутнай дзяржаве выцесніць сваіх канкурэнтаў з Кітая.
Рашэнні Вашынгтонскай канферэнцыі дапоўнілі Версальскі мірны дагавор 1919 і сталі састаўной часткай версальска-вашынгтонскай сістэмыміжнар. адносін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГО́РЫЙ XIII (Gregorius; свецкае Уга Банкампаньі; Ugo Boncompagni; 1.1.1502, г. Балоння, Італія — 10.4.1585),
рымскі папа з 1572. Натхніцель контррэфармацыі ў еўрап. дзяржавах. Падтрымліваў франц. католікаў у іх барацьбе з гугенотамі, садзейнічаў узмацненню езуітаў. Імкнуўся пашырыць каталіцызм у Расіі, Японіі, Кітаі. Грыгорый XIII правёў рэформу календара (1582), ад яго імя назва стылю — грыгарыянскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРГІ́ЗЫ (саманазва кыргыз),
народ, асн. насельніцтва Кыргызстана (2,23 млн.чал.). Агульная колькасць 2,7 млн.чал. (1992). Жывуць таксама ва Узбекістане (175 тыс.чал.), у Кітаі (150 тыс.чал.), Таджыкістане (64 тыс.чал.), Расіі (42 тыс.чал.), Афганістане (20 тыс.чал.), Казахстане (14 тыс.чал.; 1987). Гавораць на кіргізскай мове. Вернікі мусульмане-суніты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУКУШЫ́ЛІ,
паўднёвы хрыбет горнай сістэмы Куньлунь на паўн.-ўсх. ускраіне Тыбецкага нагор’я, у Кітаі. Даўж. каля 800 км, выш. да 6000 м. Утварае паласу хаатычна размешчаных плоскавяршынных масіваў, сопак і град з друзаватай паверхняй. Складзены пераважна з сланцаў і вапнякоў. У зах. і цэнтр.ч. — невял. снежнікі і ледавікі. Расліннасць халодных пустынь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛІНГ-ГА́НГРЫ, Наін-Сінга,
горны хрыбет на ПдЗ Тыбецкага нагор’я, найвыш. ў сістэме Гандзісышань, у Кітаі. Даўж. каля 600 км. Выш. да 7315 м (г. Алінг-Гангры). Складзены з гранітаў, сланцаў, кварцытаў. Грэбень хрыбта альпійскага тыпу. Ландшафты высакагорных пустыняў. Вышэй за 4500 м — вечныя снягі і ледавікі. На паўд. схілах Алінг-Гангры бярэ пачатак выток Інда — р. Сінгі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГНІ́ШЧА,
прыстасаванне, дзе ў старажытнасці распальвалі і зберагалі агонь, які служыў чалавеку для абагравання, прыгатавання ежы і абароны ад дзікіх звяроў. Рэшткі першых агнішчаў знойдзены на стаянках пітэкантрапа ва Усх. Афрыцы (больш за 1 млн.г. таму назад) і сінантрапа ў Кітаі (каля 300 тыс.г. назад). На Беларусі найб. старажытныя агнішчы вядомы з эпохі верхняга палеаліту (Бердыж, Юравічы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКЭ́Н-ДАБА́Н, Рытэра хрыбет,
горны хрыбет у зах.ч. Наньшаня, у Кітаі. Даўж. каля 200 км. Выш. да 5926 м. Складзены з крышт. сланцаў, пясчанікаў, філітаў. Слаба расчлянёны. Стромкія кароткія схілы пераходзяць каля падножжа ў галечна-друзаватыя нахільныя раўніны. У цэнтр. частцы — ледавікі. Горныя пустыні, стэп. Даследаваны і названы М.М.Пржавальскім у гонар ням. географа К.Рытэра.