КАПЕ́РНІКА І ГРЭ́ШЭМА ЗАКО́Н,

эканамічны закон аб неабходнасці строгага вызначэння колькасці грошай, якія знаходзяцца ў абарачэнні. У адносінах да метал. грошай гэты закон сфармуляваў М.Капернік у 1526. Ён лічыў, што лішак грошай звыш устаноўленай колькасці непазбежна вядзе да змянення рыначнай ацэнкі манет, да таго, што «за манету нельга набыць такую колькасць серабра, якую яна ў сабе заключае». Англ. дзярж. дзеяч і фінансіст 16 ст. Т.​Грэшэм таксама прыйшоў да высновы, што «горшыя грошы выцясняюць з абарачэння лепшыя». Дзеянне К. і Г. з. характэрна ў асн. для біметалізму, а таксама пры інфляцыі, калі залатыя і сярэбраныя манеты свядома выводзяцца са сферы абарачэння і ў ёй звычайна застаюцца папяровыя грошы.

т. 8, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАГІЯКЛА́ЗЫ (ад грэч. plagios косы + klasis расшчапленне),

пародаўтваральныя мінералы падкласа каркасных сілікатаў. Безупынны ізаморфны рад Na—Ca алюмасілікатаў: натрыевы — альбіт, кальцыевы — анартыт. П. ў залежнасці ад колькасці анартыту наз.: алігаклаз (10—30%), андэзін (30—50%), лабрадор (50—70%), бітаўніт (70—90%). Паводле колькасці крэменязёму вылучаюць кіслыя П. (альбіт, алігаклаз), сярэднія (андэзін) і асноўныя (лабрадор, бітаўніт). Крышталізуюцца ў трыкліннай сінганіі. Утвараюць таблітчаста-прызматычныя і таблітчастыя крышталі з характэрным двайнікаваннем. Колер белы, шаравата-белы, з зялёным, сінім, чырвоным адценнямі. Цв. 6—6,5. Шчыльн. 2,6—2,8 г/см³. Утвараецца пры крышталізацыі магмы. Гал. пародаўтваральныя мінералы магматычных, метамарфічных і асадкавых горных парод. Выкарыстоўваецца як буд. і вырабны камень. Гл. таксама Палявыя шпаты.

т. 12, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖО́ЎЛЬ,

адзінка энергіі, работы і колькасці цеплыні ў СІ. Абазначаецца Дж. Названа ў гонар Дж.Джоўля. 1 Дж = 1Н∙1м = 10​7 эрг = 0,2388 кал = 6,25∙10​18 эВ.

т. 6, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКЗАТЭРМІ́ЧНАЯ РЭА́КЦЫЯ ў хіміі,

хімічная рэакцыя, працяканне якой суправаджаецца выдзяленнем пэўнай колькасці цеплаты. Напр., гарэнне, нейтралізацыя, большасць рэакцый утварэння хім. злучэнняў з простых рэчываў Паводле цеплавога эфекту рэакцыі процілеглая эндатэрмічнай рэакцыі.

т. 18, кн. 1, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́РЫ ЖАЛЯЗНЯ́К,

жалезная руда; мінер. ўтварэнні з тонкадысперснай сумесі гідраксідаў жалеза, аксідаў і гідраксідаў крэмнію і алюмінію. Гал. мінералы: гётыт, гідрагётыт, гематыт, гідрагематыт і інш. Трапляецца ў выглядзе зямлістых скрытакрышт. масаў, нацёкаў, канкрэцый, жэодаў, аалітаў, сталактытаў, псеўдамарфозаў на інш. мінералах і выкапнёвых арган. рэштках. Колер ад цёмна-карычневага да светла-жоўтага. Утварэнне звязана з працэсамі акіслення ў паверхневай зоне зямной кары. Асн. радовішчы асадкавыя (марскія, рачныя, азёрныя, балотныя) і кары выветрывання ультраасноўных парод. Адна з самых пашыраных жал. руд, якія маюць прамысл. значэнне пры колькасці жалеза больш за 30% і малой колькасці шкодных прымесяў (серы, фосфару, мыш’яку). Найб. радовішчы ў Расіі, Казахстане, ЗША, Францыі, на Кубе, у Новай Каледоніі. У Беларусі трапляецца ў складзе балотнай руды.

т. 3, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЕ́НТНАЯ СУ́ВЯЗЬ,

тып хімічнай сувязі, якая ажыццяўляецца парай электронаў, агульных для двух атамаў. Абумоўлена наяўнасцю на валентных арбіталях атамаў (групы атамаў) няспараных электронаў.

У залежнасці ад колькасці агульных электронных пар паміж атамамі адрозніваюць простую К.с. (адна электронная пара) і кратную сувязь. К.с. паміж аднолькавымі атамамі (напр., у малекуле вадароду H2, кіслароду O2) з’яўляецца непалярнай, паміж рознымі (напр., у малекуле вады H2O, аміяку NH3) — палярнай. У выпадку непалярнай К.с. электронная шчыльнасць агульнай пары электронаў сіметрычна размеркавана адносна ядраў абодвух атамаў, а ў выпадку палярнай К.с. — зрушана да больш электраадмоўнага атама (гл. Іонная сувязь). Асн. ўласцівасці К.с. — насычанасць (існаванне некат. гранічнай колькасці двухцэнтравых двухэлектронных сувязей, якія ўтварае атам) і накіраванасць у прасторы (вызначае прасторавую будову малекул, іонаў, радыкалаў). Гл. таксама Каардынацыйная сувязь.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 7, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭГРЭ́С у жывой прыродзе,

спрашчэнне арганізмаў у працэсе эвалюцыі. Паводле А.М.Северцава (1925), адрозніваюць Р. біял. і морфафізіялагічны. Біялагічны Р. — эвалюц. заняпад пэўнай групы арганізмаў, якая не здолела прыстасавацца да змен умоў знешняга асяроддзя або не вытрымала канкурэнцыі з інш. групамі. Характарызуецца памяншэннем колькасці асобін у пэўнай сістэм. групе, звужэннем яе арэала і памяншэннем колькасці падначаленых сістэм. груп; можа прывесці да вымірання дадзенай групы. Морфафізіялагічны Р. — агульная дэгенерацыя, або катамарфоз — спрашчэнне арганізацыі ў ходзе эвалюцыі пэўнай групы арганізмаў, якое суправаджаецца стратай шэрагу функцый і органаў, што выконвалі гэтыя функцыі; адзін са шляхоў дасягнення біял. прагрэсу, асабліва калі ён звязаны з развіццём прыстасаванняў да нерухомага, прымацаванага спосабу жыцця (напр., абалоннікі) або да эндапаразітызму (напр., рачок сакуліна). Гл. таксама Катагенез.

т. 13, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФТОРАРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

рэчывы, малекулы якіх маюць адзін або некалькі атамаў фтору, непасрэдна звязаных з атамам вугляроду. У залежнасці ад колькасці атамаў фтору ў малекуле падзяляюцца на мона-, полі- і перфтарыраваныя (усе атамы вадароду замешчаны на фтор). Агульная ўласцівасць Ф.з. — памяншэнне міжатамнай адлегласці з павелічэннем колькасці атамаў фтору ў малекуле.

Сінтэзаваны ў 19 ст. Сярод Ф.з. ёсць аналагі амаль усіх класаў арган. злучэнняў. Спосабы атрымання Ф.з.: замяшчэнне атама вадароду дзеяннем элементарнага фтору (прамое фтарыраванне) або замяшчэнне атамаў галагену (звычайна хлор) у арган. злучэннях на атам фтору; замяшчэнне OH-групы, напр., у спіртах, на атам фтору і інш. Выкарыстоўваюць Ф.з. для атрымання фтарапластаў, фторвалакна і фторкаўчукоў, фтарыраваных паверхнева-актыўных рэчываў, холадагентаў, таксама як змазачныя і ізаляцыйныя матэрыялы, у медыцыне для наркозу, вырабу пратэзаў і інш.

т. 16, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЙКАПЕНІ́Я (ад грэч. leucos белы + penia беднасць),

памяншэнне колькасці лейкацытаў у перыферычнай крыві. Можа назірацца пасля перанесеных некат. інфекцыйных хвароб, пры прамянёвай хваробе, пасля ўжывання некат. лекавых сродкаў (Л. таксічнага характару).

Я.​П.​Іваноў.

т. 9, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРО́КС,

спосаб бясполымнага ўзрывання. Заснаваны на імгненнай рэакцыі пры награванні электразапальнікам парашкападобнай сумесі хім. рэчываў у сярэдзіне патрона (таксама наз. гідрокс) з адначасовым вылучэннем цеплыні і ўтварэннем вял. колькасці вадзяной пары, азоту і дыаксіду вугляроду.

т. 5, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)