БЕЛЬЦЮКО́Ў (Сяргей Пятровіч) (н. 26.11.1956, пас. Балбасава Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1980, клас фп. Р.​Шаршэўскага; 1987, клас кампазіцыі Я.​Глебава). У 1982—89 заг. муз. часткі Бел. т-ра юнага гледача. Працуе ў розных муз. жанрах і стылявых кірунках (ад класіка-рамантычных да сучасна-авангардных). Сярод твораў: кантаты «Начны матылёк», «Святло сонца», для хору а капэла «Вандроўнікі», «Забыты Богам край» (1987—95); «Усяночная», містэрыя «Благаславі нас, Божа» (1995, з А.​Залётневым); З сімфоніі: 1-я «Гравюры» (1990), 2-я «Са званамі» (1994), 3-я (1995); Канцэрт для габоя і камернага арк.; «Капрычыо» для флейты і камернага арк.; «Сумнае прынашэнне Моцарту» для флейты, фп. і струннага арк.; камерна-інстр. творы («Стронцый-90», «Музыка для габоя і магнітнай стужкі»); рамансы на вершы М.​Багдановіча і Б.​Ахмадулінай; музыка да кінафільмаў «Францыск Скарына», «Тутэйшыя», «Язэп Драздовіч», «Полацкая жамчужына» і інш. і драм. спектакляў (больш за 30).

Э.​А.​Алейнікава.

т. 3, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯХ (Леў Палікарпавіч) (н. 12.6.1937, г. Новарасійск Краснадарскага краю, Расія),

бел. дырыжор, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1987). Скончыў Бел. кансерваторыю па класах харавога (1964, клас М.Маслава) і оперна-сімф. (1971, клас К.​Ціханава і В.Катаева) дырыжыравання. З 1955 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. З 1971 адначасова дырыжор творчага аб’яднання «Нац. акад. Вялікі т-р оперы і балета Рэспублікі Беларусь». Творчасці Л. характэрны пранікненне ў маст. канцэпцыю твора, адчуванне яго стыліст. асаблівасцей. Пад яго муз. кіраўніцтвам пастаўлены: оперы «Майстар і Маргарыта» Я.​Глебава (2-я рэд., 1992), «Франчэска да Рыміні» С.​Рахманінава (упершыню ў Беларусі), «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» Р.​Вардоцкага (абедзве 1989, у канцэртным выкананні), опера-казка «Чароўная музыка» М.​Мінкова (1997), балеты «Чыпаліна» К.​Хачатурана (1978), «Ліза і Кален» Ф.​Герольда (1979), «Сільфіда» Х.​Левенскольда (1983), «Жызэль» А.​Адана (1987). Дырыжыруе операмі і балетамі класічнага рэпертуару і сучасных, у т. л. бел., кампазітараў.

Т.​Г.​Мдывані.

т. 9, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІВО́ДА (Ігар Ігаравіч) (16.5.1950, г. Стэрлітамак, Башкортастан — 28.2.1996),

бел. кампазітар, піяніст. Скончыў Бел. кансерваторыю па класах фп. (1974, клас Р.Шаршэўскага) і кампазіцыі (1988, клас Дз. Смольскага). У 1976—84 у вак.-інстр. ансамблі «Песняры», з 1988 у Дзярж. аркестры сімф. і эстр. музыкі Рэспублікі Беларусь. Працаваў пераважна ў галіне вак.-інстр. музыкі, дзе стварыў арыгінальны песенны стыль. Сярод твораў: кантата «Слова» на вершы сав. паэтаў (1987); Музыка для струнных і фп. (1984), Канцэрт для фп. з арк. (1986), Прэлюдыя і фуга для стр. арк. (1995); камерна-інстр.: 12 прэлюдый і Варыяцыі для фп. (1983), Саната для фп.; Таката для віяланчэлі і фп.; фантазія для ансамбля цымбал (1985), Скерца для актэта драўляных духавых (1995); поп-опера «Максім» на вершы М.​Багдановіча (1991), опера-песня «Беларушчына» на вершы Я.​Купалы (1992), цыклы песень «Матчын спеў» на вершы А.​Куляшова (1993), «Нёман» на нар. словы (1995), песні на вершы Р.​Барадуліна, Н.​Гілевіча, Л.​Пранчака.

Р.​М.​Аладава.

т. 11, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСНО́ВЫ,

клас хім. злучэнняў, здольных дысацыіраваць у водных растворах з утварэннем гідраксільных іонаў OHˉ. Асновы, растваральныя ў вадзе, наз. шчолачамі, з кіслотамі ўтвараюць солі. Па ступені дысацыяцыі падзяляюцца на слабыя (напр., гідраксіды магнію, амонію) і моцныя (напр., гідраксіды натрыю, кальцыю). Паводле сучаснай тэорыі Асновамі лічацца і злучэнні, у якіх няма іонаў OHˉ, напрыклад, аміяк, гідразін, пірыдзін. Гл. таксама Кіслоты.

т. 2, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАЭ́ДР (ад мана... + грэч. hedra грань),

простая форма (габітус) крышталёў, якая складаецца з непаўторных граней. Крышталі такой формы аб’яднаны ў 1-ы клас сіметрыі — монаэдрычны, які характарызуецца трыкліннай сінганіяй, адсутнасцю элементаў сіметрыі, няроўнасцю рэбраў і вуглоў паміж імі. М. прысутнічае ў форме крышталёў усіх сінганій, акрамя кубічнай, напр., мінералы бустаміт, клінаэдрыт, валастаніт і інш.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 10, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРШАСНАБЯСКРЫ́ЛЫЯ,

група найб. прымітыўных (ніжэйшых) насякомых. Раней класіфікаваліся як падклас з 4 атрадамі. Паводле сучаснай класіфікацыі атр. бязвусікавых насякомых, двуххвостак і нагахвостак вылучаюць у асобны клас скрытасківічных насякомых (Insecta-Entognatha), а атр. шчацінахвостак адносяць да класа адкрытасківічных, або сапраўдных, насякомых (Insecta-Ectognatha) і вылучаюць у асобны раздзел — насякомыя-аптэрыготы, або П. (бяскрылыя насякомыя).

С.​Л.​Максімава.

т. 12, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАКАМПЛЕ́КТНАЯ ШКО́ЛА, пачатковая школа,

у якой усе класы вядзе адзін настаўнік. Звычайна працуюць у невял. населеных пунктах пры наяўнасці 4 пач. класаў з агульнай колькасцю да 10 вучняў, якія аб’яднаны ў клас-камплект. Навучанне вядзецца па праграмах для пач. класаў агульнаадук. школы. У 1994/95 навуч. г. на Беларусі было 24 аднакамплектныя школы, колькасць іх паступова скарачаецца.

Л.​І.​Дурэйка.

т. 1, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭГЕ́ЙТЭР, Дэжэйтэр (Degeyter) П’ер (8.10.1848, г. Гент, Бельгія — 27.9.1932), французскі кампазітар. Рабочы, удзельнік рэв. руху. Захапляўся музыкай, спяваў у хоры, кіраваў хар. гурткамі. Аўтар музыкі міжнар. пралетарскага гімна «Інтэрнацыянал» на вершы Э.​Пацье (1888; напісаны для пеўчага т-ва «Рабочая ліра» ў г. Ліль), а таксама рэв. песень «Камунар» (словы Пацье), «Наперад, рабочы клас», «Серп і молат» (словы Д.) і інш.

т. 6, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАЧКО́ (Георгій Якаўлевіч) (1.1.1925, мяст. Заблудаў Падляскага ваяв., Польшча — 10.9.1977),

бел. скрыпач і педагог. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў Сярэдняе вучылішча ваен. музыкантаў у Маскве (1946), Бел. кансерваторыю (1963, клас М.Браценнікава). З 1946 ваен. дырыжор. З 1960 артыст Дзярж. сімф. аркестра Беларусі, з 1963 адначасова выкладаў у Бел. кансерваторыі. Вёў канцэртную дзейнасць як саліст і ансамбліст, у рэпертуары пераважалі творы бел. кампазітараў.

т. 8, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІЯ ГІМНА́ЗІІ.

Існавалі ў 1809—1918. Падпарадкоўваліся Віленскай і Бел. навуч. акругам. Магілёўская мужчынская гімназія адкрыта 15.19.1809 на базе 4-класнага гал. нар. вучылішча (з 15.3.1789). Спачатку мела 3 класы, пазней — 4. Пры ёй дзейнічалі 2-класнае павятовае і 1-класнае прыходскае вучылішчы. У 1830 атрымала агульнарас. статус, пазней адкрыты 5—7-ы класы. З 1836 забаронена выкладанне на польск. мове. З 1838 дзейнічаў шляхетны пансіён, у 1860 адкрыты таксатарскія класы. У 1863 пераўтворана ў няпоўную класічную гімназію. З 1873 — поўная класічная гімназія. У 1870-я г. тут дзейнічаў народніцкі гурток (сярод яго членаў Р.П.Ісаеў, С.П.Кавалік, М.К.Судзілоўскі). У 1915 гімназія ўтрымлівалася за кошт казны, збораў за навучанне і на працэнты з уласных капіталаў. Штогод вучылася 450—550 юнакоў. Сярод выхаванцаў — М.А.Грамыка, О.Ю.Шміт. Магілёўская жаночая гімназія засн. 1.1.1865. Пры гімназіі існавала пед. аддзяленне і пансіён на 30 дзяўчынак. Штогод вучылася 400—500 вучаніц. Выпускніцы атрымлівалі званне хатняй настаўніцы. Закрыта ў пач. 20 ст. Прыватная жаночая гімназія В.​Н.​Касовіч засн. ў 1859 як 2-класнае жаночае вучылішча. У 1872 пераўтворана ў 4-класнае, з 1904—7-класнае 1-га разраду; з 1906 прыватная гімназія, з 1911 мела правы дзярж. Утрымлівалася за кошт збораў за навучанне і невял. дзярж. субсідыі. У 1912 адкрыты 8-ы пед. клас. Створана дадатковае 3-класнае прафес. аддзяленне, дзе выкладаліся рукадзелле, кройка і шыццё. У 1915—259 вучаніц. Прыватная жаночая гімназія А.​С.​Раманоўскай адкрыта 25.8.1907 як 4-класнае прыватнае жаночае вучылішча. З 1913—8-класная гімназія з правамі дзярж. У 1915—159 вучаніц. Прыватная жаночая гімназія С.​Л.​Залескай адкрыта ў 1907; з 1911 мела правы дзярж. гімназіі. У 1915—8 класаў, 394 вучаніцы; 8-ы клас меў пед. арыентацыю, падзяляўся на матэм. і славеснае аддзяленні. Дзейнічаў прыходскі клас. Прыватная яўрэйская жаночая прагімназія Э.​П.​Хейфіц засн. ў 1865 як жаночы пансіён. У 1906—07 рэарганізавана ў прагімназію. Мела 4 класы. У 1915—94 вучаніцы. Дзейнічаў прыходскі клас. Прыватная яўрэйская жаночая прагімназія Б.​Д.​Каплан адкрыта ў вер. 1905. Мела 4 класы. У 1907—150 вучаніц. Закрыта ў 1911. Прыватныя гімназіі ўтрымліваліся за кошт збораў за навучанне.

Літ.:

Киприанович Г.Я. К истории женского образования в Западной России. Вильна, 1910;

Сборник сведений о средних учебных заведениях Виленского учебного округа. Вильна, 1873;

Созонов М.П. Историческая записка о Могилевской мужской гимназии, 1809—1909. Могилев, 1909;

Пастухова З.А. Среднее образование в дореволюционной Белоруссии. Мн., 1963.

А.​Ф.​Самусік.

т. 9, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)