ЗВЯ́ЗКІ ў жывёл і чалавека,

валакністыя злучальнатканкавыя ўтварэнні (пучкі, цяжы, пласціны), што злучаюць косці шкілета і іх часткі ці асобныя органы. Размешчаны пераважна ў вобласці суставаў. Функцыі З.; павышаюць трываласць змацавання касцей (умацавальныя З.), абмяжоўваюць амплітуду руху (тармазныя З.) ці накіроўваюць рух (накіравальныя З.). У некат. суставах З. выконваюць ролю т.зв. пасіўных зацяжак, аслабленне іх выклікае парушэнне статычных функцый (расцяжэнне З.). У тоўшчы некат. З. праходзяць асн. крывяносныя сасуды, што жывяць косць. З. называюць таксама дублікатуры і лісткі серозных абалонак (брушыны, плеўры і інш.), што злучаюць органы са сценкамі поласцей цела ці паміж сабой. Пра галасавыя З. гл. ў арт. Галасавы апарат.

т. 7, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЛЬСКАЯ СТАЯ́НКА,

стаянка першабытнага чалавека эпохі сярэдняга палеаліту за 40 км на ПдЗ ад г. Краснадар (Расія). Размешчана на правабярэжжы р. Іль (адсюль назва), левага прытока р. Кубань. Мае 2 культурныя пласты часу мусцье таўшчынёй каля 0,5 м, падзеленыя слоем без знаходак (1 м). Датаванне дакладна не вызначана, магчыма, каля 70—60—35 тыс. г. назад. Выяўлена шмат касцей бізонаў (большасць), мамантаў, пячорнага мядзведзя, ваўка, гіены, высакароднага аленя і інш. Сабрана вял. калекцыя прылад з даламіту, кварцыту, крэменю і інш. (скрэблы, рубілы, лістападобныя вастрыі). Вылучаецца трохвугольны двухбаковы наканечнік, у якім некат. даследчыкі бачаць генетычную сувязь з верхнепалеалітычнай стралецкай культурай.

А.​В.​Іоў.

т. 7, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЫ́ЦЕЛЬ (Антон Якаўлевіч) (5.2.1902, в. Левашы Брэсцкага р-на — 1982),

расійскі вучоны ў галіне уралогіі. Чл.-кар. АМН СССР (1963), д-р мед. н. (1937), праф. (1938). Засл. дз. нав. РСФСР (1963). Скончыў 2-і Маскоўскі ун-т (1924). З 1929 і ў 1953—69 у 2-м Маскоўскім мед. ін-це, у 1937—53 у Сталінградскім мед. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па дыягностыцы і лячэнні захворванняў нырак, ныркавай гіпертэнзіі, запаленчых захворваннях і новаўтварэннях урагенітальнай сістэмы, паталогіі печані, хваробах касцей і суставаў, гісторыі медыцыны.

Тв.:

Рентгенодиагностика урологических заболеваний. М., 1966 (разам з Ю.​А.​Пыцелем);

Опухоли мочевого пузыря и их лечение. Ташкент, 1972.

т. 13, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РЧЫЦ (Яўген Вітольдавіч) (н. 29.3.1880, Ташкент — 16.5.1950),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Чл.-кар. АН Беларусі (1947), д-р мед. н. (1927), праф. (1929). Засл. дз. нав. Беларусі (1939). Скончыў Маскоўскі ун-т (1910). З 1926 у Мінскім мед. ін-це (з 1929 заг. кафедры). Навук. працы па вывучэнні эндэмічнага валляка, злучэнні доўгіх трубчастых касцей, хірург. лячэнні спленамегалій і туберкулёзу лёгкіх. Упершыню на Беларусі зрабіў аперацыю на сэрцы (1927). Заснаваў Бел. анкалагічны дыспансер і валляковую станцыю (1934).

Тв.:

Антысептыка і асептыка. Мн., 1931;

Хирургическое лечение легочного туберкулеза // Сб. работ: (К 25-летию Бел. гос. мед. ин-та). Мн., 1939;

Эндемический зоб // Сб. науч. работ Ин-та теорет. и клинич. медицины АН БССР. Мн., 1947.

Я.В.Корчыц.

т. 8, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫЯСТЫ́Т (ад перы... + грэч. osteon косць),

запаленне надкосніцы. Развіваецца ў касцях пры пранікненні запаленчага працэсу з прылеглых тканак (напр., пры траўме вял. галёначнай косці ў ніжняй трэці), у выніку запаленчага працэсу самой косці або касцявога канала. Бывае П. неспецыфічнага характару (напр., траўма, бактэрыяльнае заражэнне) і спецыфічнага (сіфіліс, туберкулёз). Суправаджаецца ўшчыльненнем, пачырваненнем скуры, прыпухласцю ў вобласці надкосніцы. Пасля інфекц. хвароб П. можа захопліваць фрагменты касцей (напр., гнойны П. верхняй сківіцы пры вострым карыесе зуба). Пры туберкулёзе П. з’яўляецца адной з прыкмет пачатку працэсу. Адслаенне надкосніцы і парушэнне яе цэласнасці часта сведчаць аб злаякасным працэсе ў косці. Лячэнне залежыць ад прычын узнікнення. На П. хварэюць таксама жывёлы.

І.​М.​Грышын.

т. 12, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАХІ́Т (новалац. rachitis ад грэч. rhachis хрыбет, пазваночнік),

хвароба дзяцей ранняга ўзросту (ад 2 месяцаў да 1 года) і маладняку жывёлы, абумоўленая дэфіцытам у арганізме вітаміну D. Развіваецца ў выніку зніжэння паступлення вітаміну з ежай (кормам) і (або) недастатковасцю яго ўтварэння ў скуры пад уплывам ультрафіялетавых прамянёў. Пры Р. парушаецца абмен кальцыю і фосфару, шэрагу мікраэлементаў, бялку, адзначаецца недахоп вітамінаў груп B і C. Захваральнасць больш высокая ў асенне-зімовы перыяд. У дзяцей затрымліваецца развіццё, парушаецца фарміраванне касцей, зніжаецца імунітэт і інш., у выніку парушаецца асанка, бывае малакроўе, карыес і інш. Лячэнне: ультрафіялетавае апрамяненне скуры. прэпараты вітаміну D. У жывёлы на Р. найчасцей хварэюць парасяты, шчаняты, ягняты. Гл. таксама Авітамінозы, Вітамінная недастатковасць.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТЭО́Н (ад грэч. osteon косць),

гаверсава сістэма, структурная адзінка кампактнага губкаватага рэчыва касцей пазваночных жывёл і чалавека. Утвараецца пры замяшчэнні храсткоў касцявой тканкай, што суправаджаецца іх разбурэннем, урастаннем у іх крывяносных сасудаў і адкладаннем вакол іх астэабластамі міжклетачнага рэчыва, якое пасля мінералізуецца. У выніку фарміруецца сістэма з 5—20 касцявых пласцінак, складзеных з калагенавых валокнаў, рознанакіраваных (пад вуглом) у кожнай з сумежных пласцінак, што надае косці высокую мех. трываласць. Пласцінкі канцэнтрычна акружаюць цэнтральны (гаверсаў) канал, праз які праходзяць крывяносны сасуд і нерв. валокны. У поласці паміж пласцінкамі месцяцца астэацыты. Сістэма рацыянальных трафічных канальцаў у астэоне забяспечвае жыўленне косці і сувязь (апастамоз) цэнтр. крывяносных сасудаў астэона з сасудамі надкосніцы і касцявога мозга. Паміж суседнімі астэонамі ёсць т.зв. ўставачныя, або прамежкавыя, касцявыя пласцінкі.

т. 2, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЦ (Уладзімір Аляксеевіч) (26.4.1834, в. Татараўка Чарнігаўскай вобл., Украіна — 12.10.1894),

украінскі анатам і гістолаг. Скончыў Кіеўскі ун-т (1860), дзе і працаваў да 1889. У 1861—68 працаваў у Вене ў К.Людвіга, у Гейдэльбергу ў Г.Гельмгольца. Навук. працы па анатоміі, клінічнай медыцыне. Заснавальнік вучэння пра архітэктоніку кары галаўнога мозга. Апісаў рухальную зону кары галаўнога мозга (1873) і вызначыў (1874) у ёй гіганцкія пірамідныя клеткі (клеткі Беца). Распрацаваў арыгінальную методыку рыхтавання зрэзаў праз цэлае паўшар’е галаўнога мозга. Правёў сістэматычныя даследаванні развіцця і росту касцей (1887). Зрабіў і сабраў унікальную калекцыю прэпаратаў мозга чалавека і жывёл, якую падараваў Кіеўскаму ун-ту.

Тв.:

Морфология остеогенеза. Киев, 1887;

Атлас человеческого мозга. Киев, 1910;

Анатомические и гистологические исследования: (Избр. тр.). М., 1950.

т. 3, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГЕ́ННЫЯ СТЫМУЛЯ́ТАРЫ,

рэчывы расліннага і жывёльнага паходжання, якія стымулююць і паскараюць працэсы рэгенерацыі тканак пры ўвядзенні іх у арганізм. Вучэнне пра біягенныя стымулятары распрацавана У.​П.​Філатавым (1933). Прэпараты, што маюць біягенныя стымулятары, рыхтуюць з тканак раслін (экстракт алоэ, кансерваваная трава расходніку — біясед, сок каланхоэ), жывёл і чалавека пасля знаходжання іх у неспрыяльных умовах (цемра, ахаладжэнне), ліманных (ФіБС) і глеевых гразяў, торфу, дзе колькасць біягенных стымулятараў абумоўлена вымерлай мікрафлорай, мікрафаунай і інш. Механізм дзеяння біягенных стымулятараў вывучаны недастаткова. Біягенныя стымулятары выкарыстоўваюць на лячэнне пры запаленчых, дэгенератыўных і атрафічных працэсах, доўга незагойвальных ранах, язвах, хваробах вачэй, экзэмах, трэшчынах і пераломах касцей, эндаметрытах, пры затрымцы паследу, бясплоднасці і інш. У жывёлагадоўлі з іх дапамогай стымулююць рост маладняку, мнагаплоднасць с.-г. жывёл, павелічэнне іх прадукцыйнасці.

т. 3, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМАБІЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац. immobilis нерухомы),

стварэнне поўнай ці частковай нерухомасці пэўных ч. цела пры некат. пашкоджаннях і хваробах (пераломах касцей, шырокім пашкоджанні мяккіх тканак, цяжкіх апёках, пашкоджанні буйных крывяносных сасудаў і нерв. ствалоў, некат. вострых запаленчых працэсах і інш.). Адрозніваюць І. транспартную (ствараецца на час перавозкі хворага да лячэбнай установы) і лячэбную. На амбулаторным этапе лячэння ажыццяўляецца спец., стандартнымі і імправізаванымі сродкамі. Лячэбную І. выкарыстоўваюць для лячэння пераломаў з мэтай стварэння нерухомасці касцявых адломкаў да іх зрастання і ўтварэння касцявога мазаля. Праводзяць амбулаторна і стацыянарна спец. (гіпсавыя, мяккатканыя павязкі і інш.) і складанымі (кампрэсарна-дыстракцыйныя апараты) прыстасаваннямі, выцяжэннем, фіксацыяй касцявых фрагментаў метал. ці пластмасавымі канструкцыямі (спіцы, вінты і інш.). Пашыраны драцяныя драбінныя шыны Крамера.

А.​У.​Руцкі.

т. 7, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)