ШТА́ЙНА—ГА́РДЭНБЕРГА РЭФО́РМЫ,

буржуазныя пераўтварэнні ў 1807—14 у Прусіі, здзейсненыя ўрадамі Г.Ф.К.Штайна і К.А.Гардэнберга. У 1807—11 скасавана асабістая залежнасць сялян ад землеўладальнікаў пры захаванні феад. павіннасцей за карыстанне зямлёй; дазволены продаж зямлі ўласнікамі, што дало магчымасць купляць яе замежным сялянам і гараджанам; уведзены выкуп сялянамі іх павіннасцей пры ўмове ўступкі землеўладальніку ад трэці да паловы замацаванага за селянінам зямельнага ўчастка або выплаты 25-кратнага памеру гадавых плацяжоў за яго. Гэтыя рэформы спрыялі развіццю рыначных адносін (капіталізму) у сельскай гаспадарцы пры захаванні буйнога дваранскага (юнкерскага) землеўладання і інш. феад. перажыткаў. У 1808 уведзена абмежаванае самакіраванне ў гарадах, створаны мін-вы ваен., унутр., замежных спраў, юстыцыі і фінансаў; у кожнай правінцыі ўведзена пасада обер-прэзідэнта — вышэйшага кіраўніка, што ўзмацніла бюракратычную цэнтралізацыю краіны. У 1810—11 уведзена свабода вытв. дзейнасці, якую раней стрымлівала цэхавая сістэма. Паводле ваен. рэформы 1807—14 скасаваны прывілеі дваранства на заняцце афіцэрскіх пасад, рэзка абмежаваны цялесныя пакаранні салдат, уведзена ўсеагульная воінская павіннасць (1814), створана нац. міліцыя — ландвер.

т. 17, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНЫ НАГЛЯ́Д,

сістэма мерапрыемстваў па забеспячэнні дзярж. кантролю за выкананнем правіл, нормаў і інструкцый, распрацоўкай і правядзеннем прафілактычных мер па тэхніцы бяспекі і ахове нетраў. У Рэспубліцы Беларусь горны нагляд ажыццяўляецца К-там па нагляду за бяспечным вядзеннем работ у прам-сці і атамнай энергетыцы Мін-ва па надзвычайных сітуацыях і ахове насельніцтва ад вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (Праматамнагляд) і яго структурнымі падраздзяленнямі. Горны нагляд устанаўліваецца за горнымі работамі, звязанымі са здабычай карысных выкапняў, надземнымі трансп. і гідратэхн. збудаваннямі, работамі па геал. вывучэнні нетраў, перапрацоўкай мінер. сыравіны, аховай нетраў і іх рацыянальным выкарыстаннем, геал.-маркшэйдэрскім кантролем. Органы горнага нагляду маюць правы: прыпыняць работы па выкарыстанні нетраў у выпадках парушэння правіл і нормаў па бяспечным вядзенні работ і ахове нетраў; спыняць самавольнае карыстанне нетрамі; даваць абавязковыя для выканання ўказанні аб ліквідацыі парушэнняў; расследаваць абставіны і прычыны аварый і прымаць па іх выніках адпаведныя рашэнні; накладваць адм. спагнанні на службовых асоб і грамадзян за парушэнні горнага заканадаўства ці перадаваць матэрыялы ў органы пракуратуры. Парадак ажыццяўлення горнага нагляду рэгламентуецца Палажэннем, зацверджаным пастановай урада Беларусі 13.10.1995.

С.​У.​Скаруліс.

т. 5, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕМЛЕЎПАРА́ДКАВАННЕ,

сістэма мерапрыемстваў па арганізацыі выкарыстання зямлі як сродку вытворчасці і рэгулявання грамадскіх адносін, звязаных з уладаннем і карыстаннем зямлёю. У Рэспубліцы Беларусь З. заснавана на дзярж. і прыватнай уласнасці на зямлю і накіравана на ажыццяўленне зямельнага заканадаўства, арганізацыю землекарыстання, ахову зямель. У сістэму З. ўваходзяць: распрацоўка прагнозаў, рэсп. і рэгіянальных праграм выкарыстання і аховы зямельных рэсурсаў; устанаўленне на мясцовасці межаў адм.-тэр. адзінак; адвод зямельных участкаў, выяўленне новых зямель для с.-г. і інш. асваення; правядзенне тапографа-геадэзічных, картаграфічных, глебавых, геабатанічных і інш. абследаванняў і пошукаў; фарміраванне спец. фонду зямельнага запасу мясц. Саветаў і інш. У адпаведнасці з зямельным заканадаўствам прадастаўленне зямельных участкаў у валоданне, карыстанне і ўласнасць грамадзянам Рэспублікі Беларусь, калгасам, саўгасам і інш. дзярж., каап., грамадскім прадпрыемствам, установам і арг-цыям, а таксама іх канфіскацыя адносяцца да кампетэнцыі мясц. Саветаў. Рэсп. органам дзярж. кіравання ў галіне З. з’яўляецца Камітэт па зямельнай рэформе і землеўпарадкаванні пры СМ Рэспублікі Беларусь. Дзеючым заканадаўствам прадугледжана выдача спец. дазволаў (ліцэнзій) розным суб’ектам гаспадарання (незалежна ад форм уласнасці) на ажыццяўленне асобных відаў дзейнасці ў галіне З.

С.​У.​Скаруліс.

т. 7, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РЭВІ́ЗІЯ ПУ́ШЧАЎ І ПЕРАХО́ДАЎ ЗВЯРЫ́НЫХ У БЫЛЫ́М ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВЕ ЛІТО́ЎСКІМ»

(«Ревизия пущи переходов звериных в бывшем Великом княжестве Литовском, с присовокуплением грамот и привилегий на входы в пущи и на земли, составленная старостою мстибоговским Григорием Богдановичем Воловичем в 1559 г., с прибавлением другой актовой книги, содержащей в себе привилегии, данные дворянам и священникам Пинского повета, составленной в 1554 году»),

выданне гасп.-юрыд. дакументацыі дзярж. і прыватных уладанняў ВКЛ сярэдзіны 16 ст., ажыццёўленае Віленскай археаграфічнай камісіяй (Вільня, 1867). Змяшчае «Реистр списанья и выведанья пущ и переходов звериных», складзены ў 1559 Р.​Б.​Валовічам па даручэнні вял. кн. ВКЛ і караля польскага Жыгімонта II Аўгуста. У дакуменце дадзена апісанне дзярж. пушчаў у паўн. Украіне, паўд. і зах. Беларусі і Літве з пазначэннем іх межаў на карце (не збераглася). Адзначаны «оступы» — месцы палявання, сёлы ў пушчах, колькасць у іх «службаў» і людзей. Адначасова з правядзеннем апісання была зроблена праверка правоў навакольнай шляхты на валоданне землямі і карыстанне пушчамі. Выданне — каштоўная крыніца па сац.-эканам. гісторыі Беларусі, мае вялізны матэрыял па гіст. геаграфіі, анамастыцы, генеалогіі.

т. 13, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТА́ШЫЦ (Staszic) Станіслаў (ліст. 1755, г. Піла Велікапольскага ваяв., Польшча — 20.1.1826),

польскі філосаф, публіцыст, грамадскі і дзярж. дзеяч, вучоны-натураліст. З 1799 ксёндз. Вучыўся ва ун-тах Лейпцыга, Гётынгена, Парыжа. У час працы Чатырохгадовага сойма 1788—92 прапанаваў праграму рэформ антыфеад. характару. Адзін са стваральнікаў у 1800 у Варшаве Т-ва сяброў навук, у 1806—26 яго старшыня, ахвяраваў для т-ва сваю сядзібу («палац С.»). У 1807—12 чл. Адукац. палаты, у 1810—12 чл. Дзярж. Савета Варшаўскага герцагства. З 1815 чл. і кіраўнік шэрагу дзярж. устаноў Каралеўства Польскага; адзін з заснавальнікаў Варшаўскага ун-та (1816), горнай школы ў Кельцах і інш. У 1816 заснаваў у Грубешаве сялянскае т-ва, якому перадаў у вечнае карыстанне свае землі. Шмат зрабіў для развіцця навукі, асветы, горназдабыўной прам-сці. Аўтар антыпрыгонніцкай публіцыстыкі, кнігі «Пра геалогію Карпат...» (1815) і інш. Асн. філас. твор С. — паэма «Род чалавечы» (1819—20) — энцыклапедыя польскага Асветніцтва.

Літ.:

Chyra-Rolicz Z. Stanisław Staszic. Warszawa, 1980;

Wysokińsky J. Szlakiem Stanisława Staszica. Warszawa, 1988.

Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 15, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ КРЭДЫТ,

форма міжнар. эканам. супрацоўніцтва, пры якой дзяржавы, банкі і фін. арг-цыі, а таксама інш. юрыд. і фіз. асобы адных краін выдзяляюць сродкі адпаведным контрагентам інш. краін. Сутнасць міжнар. крэдытных адносін заключаецца ў тым, што крэдытор прадастаўляе пазычальніку ў часовае карыстанне пэўныя рэсурсы ў таварнай або грашовай форме для развіцця канкрэтных галін або на пэўныя мэты нац. эканомікі і для пашырэння ўзаемных гасп. сувязей. Асн. віды М.к.: міждзярж. (міжурадавы), банкаўскі, фірменны (камерцыйны.). У залежнасці ад тэрмінаў выдачы адрозніваюць кароткатэрміновыя, сярэднетэрміновыя і доўгатэрміновыя М.к. Паводле характару пазыкі бываюць таварныя, інвестыцыйныя і валютныя (грашовыя). Таварныя крэдыты характэрны для сферы знешняга гандлю і выдзяляюцца ў выглядзе паставак прамысл., харч. і інш. тавараў. Іх пагашэнне і выплата на іх працэнтаў ажыццяўляюцца звычайна таварамі традыц. экспарту краіны-пазычальніцы. Інвестыцыйныя крэдыты выкарыстоўваюцца пры будаўніцтве, расшырэнні, рэканструкцыі прамысл., трансп., с.-г. і інш. аб’ектаў у выглядзе камплектных паставак машын, абсталявання або поўнага будаўніцтва за кошт сродкаў крэдытора. Такія пазыкі звычайна прадастаўляюцца на кампенсацыйнай аснове і пагашаюцца прадукцыяй тых прадпрыемстваў, на затраты якіх гэтыя пазыкі прызначаліся. Валютныя крэдыты выдаюцца ў свабодна канверсаванай або інш. валюце, золаце.

т. 10, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕКВЕ́СТР (ад лац. sequestro стаўлю па-за, аддзяляю),

1) забарона ці абмежаванне, якое накладаецца дзяржавай на карыстанне якой-н. маёмасцю.

2) Канфіскацыя ў памешчыкаў Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны маёнткаў з сялянамі за апазіцыйную дзейнасць супраць рас. улад у канцы 18 — пач. 1-й пал. 19 ст. 3) У цывільным праве Рэспублікі Беларусь права абмежаванага карыстання чужой нерухомай маёмасцю (зямельным участкам, збудаваннямі і інш.). С. можа ўстанаўлівацца для забеспячэння праходу і праезду праз суседні зямельны ўчастак, пракладкі і эксплуатацыі лініі электраперадач, сувязі і трубаправодаў, водазабеспячэння, каналізацыі і меліярацыі, а таксама інш. патрэб уласніка нерухомасці, якія не могуць быць ажыццёўлены без устанаўлення С. Парадак устанаўлення С., яго ўмовы, інш. акалічнасці, аб’екты, што могуць абмяжоўвацца С., вызначаюцца заканадаўствам.

4) У бюджэтным праве спец. механізм, які ўводзіцца ў выпадках, калі пры выкананні бюджэту адбываецца перавышэнне ўстаноўленага ўзроўню бюджэтнага дэфіцыту або скарачаюцца паступленні з даходных крыніц, а таксама ў выпадку, калі ў ходзе выканання бюджэту дэфіцыт не змяншаецца, у выніку чаго становіцца немагчымым фінансаванне прадугледжаных у бюджэце мерапрыемстваў. Механізм С. заключаецца ў прапарцыянальным зніжэнні дзярж. выдаткаў на пэўную колькасць працэнтаў штомесячна па ўсіх артыкулах бюджэту на працягу часу бягучага фін. года, які застаўся.

Г.​А.​Маслыка.

т. 14, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУЖЫ́ЛЫЯ ЛЮ́ДЗІ,

агульная назва асоб, якія знаходзіліся на дзярж. службе ў Рас. дзяржаве ў 14—18 ст. Напачатку С.л. Маскоўскага княства 14—пач. 16 ст. былі асабіста несвабоднымі людзьмі, якія неслі ваен. ці адм. службу ў князёў і баяр. На час службы яны атрымлівалі ад сваіх уладальнікаў ва ўмоўнае карыстанне зямлю. У сярэдзіне 15—16 ст. С.л. называлі кабальных халопаў. У 16 — пач. 18 ст. С.л. — асабіста свабодныя людзі, абавязаныя несці дзярж., ваен. ці адм. службу. Яны падзяляліся на С.л. «па бацькаўшчыне» (спадчынныя) і «па прыборы». У групу «па бацькаўшчыне» ўваходзілі чыны: баярскія (баяры, акольнічыя, думныя дваране і дзякі), маскоўскія (феадалы на службе пры двары і найвышэйшыя чыноўнікі прыказаў), гарадавыя (феадалы на дзярж. службе ў правінцыі ці войску). За службу яны мелі права валодаць зямлёю і прыгоннымі, атрымлівалі грашовую ці зямельную плату. Да групы «па прыборы» належалі стральцы, гарадавыя казакі, пушкары, радавыя салдацкіх і драгунскіх палкоў. Яны атрымлівалі ад дзяржавы плату грашыма і хлебам (у некат. раёнах зямлёю), вызваляліся ад большасці падаткаў і павіннасцей, мелі прывілеі ў гандлі і рамястве. Тэрмін «С.Л.» выйшаў з ужытку ў пач. 18 ст. ў сувязі з рэформамі ў дзярж. апараце і арміі.

т. 15, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПАРТЫ́ЎНЫ КЛУБ,

арганізацыя, якая аб’ядноўвае спартсменаў і аматараў спорту. Ажыццяўляе падрыхтоўку спартсменаў высокай кваліфікацыі, удзельнічае ў арганізацыі і правядзенні спаборніцтваў. Адрозніваюць С.к. аматарскія, бюджэт якіх складаецца гал. чынам з прафсаюзных адлічэнняў, арэнднай платы за карыстанне спарт. збудаваннямі, членскіх узносаў, і прафесійныя, якія фінансуюцца прадпрымальнікамі, фірмамі, акцыянернымі кампаніямі і інш. і з’яўляюцца камерцыйнымі арг-цыямі прафесійнага спорту.

Аматарскія С.к. ўзніклі ў 17—18 ст. у Вялікабрытаніі. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў многіх краінах арганізаваны футбольныя і інш. С.к. У Расіі С.к. створаны ў Пецярбургу (у 1846 — імператарскі, у 1860 — рачны яхт-клуб, клуб спарт. гульняў і інш.) і ў Маскве (1846 — рачны яхт-клуб). У 1923 рас. С.к. распушчаны. а ў 1920—30-я г. створаны С.к. прафсаюзаў, Узбр. сіл і добраахвотнага т-ва садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту (ДТСААФ).

На Беларусі прафсаюзныя С.к. арганізаваны ў 1960—70-я г.: «МАЗ» і «Трактар» (1961), «Камвольшчык» (1964), «Матор» (1973) у Мінску; «Дзвіна» (1963) у Віцебску, «Гомсельмаш» (1963), «Алмаз» (1978) у Гомелі; «Днепр» (1978) у Магілёве, і інш. Дзейнічалі С.к. ў ВНУ, некат. тэхнікумах, БВА, ДТСААФ (6 рэсп. клубаў), розныя спартыўна-тэхнічныя клубы і інш.

т. 15, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ДЗІ ВО́ЛЬНЫЯ,

катэгорыя сялян на Беларусі ў канцы 18—19 ст. Былі асабіста свабодныя, прававым і маёмасным становішчам набліжаліся да дзярж. сялян. За карыстанне зямлёй плацілі падушны аброк або адпрацоўвалі. Да сярэдзіны 19 ст. пераважная большасць Л.в. запрыгонена памешчыкамі. У 1840 тыя з іх, хто жыў на казённых землях, далучаны да абшчын дзярж. сялян, прыпісаныя да гарадоў увайшлі ў склад гар. абшчын. У 1858 на Беларусі налічвалася 14,6 тыс. душ Л.в. абодвух полаў. Напярэдадні сялянскай рэформы 1861 колькасць іх значна вырасла за кошт пераведзеных у гэту катэгорыю абеззямеленых панскіх сялян і склала на Беларусі і ў Літве каля 100 тыс. рэвізскіх душ. Паводле закона ад 25.7.1864 Л.в. 1-га разраду (пазбаўленыя зямлі памешчыкамі пасля выдання рэскрыпта Аляксандра II віленскаму ген.-губернатару У.​І.​Назімаву ад 20.11.1857) надзяляліся зямлёй з правам выкупу нароўні з панскімі сялянамі. Л.в. 2-га разраду (пазбаўленыя зямлі да гэтага тэрміну) на працягу 12 гадоў заставаліся арандатарамі з паніжэннем арэнднай платы на 10%. На пач. 1880-х г. на Беларусі і ў Літве іх было каля 87 тыс. рэвізскіх душ. У выніку барацьбы за зямлю Л.в. 2-га разраду згодна з законам ад 3.6.1882 атрымалі права яе выкупу ў Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губ. У Мінскай губ. пазямельнае ўладкаванне Л.в. было затрымана да 1903.

В.​П.​Панюціч.

т. 9, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)