МОРФАМЕТРЫ́ЧНЫЯ КА́РТЫ Адлюстроўваюць колькасную характарыстыку форм і структуры геагр. аб’ектаў і тэр. размеркаванне морфаметрычных паказчыкаў (гл.Марфаметрыя). Складаюцца шляхам пераўтварэння тапаграфічных і тэматычных карт. Вылучаюць: М.к. рэльефу, якія адлюстроўваюць верт. і гарыз. расчляненне, нахілы, ярыстасць, закарставанасць і інш., гідралагічныя, якія характарызуюць звілістасць рэк, канфігурацыю рачной сеткі, заазёранасць і забалочанасць тэрыторыі і інш.; М.к. глебава-расліннага покрыва, ландшафтаў, сац.-эканамічныя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАКЛІМАТЫ́ЧНЫЯ КА́РТЫ.
Адлюстроўваюць клімат як фактар с.-г. вытв-сці. Характарызуюць комплекс агракліматычных рэсурсаў пэўных тэрыторый, кліматычныя ўмовы развіцця асобных культур, асобныя віды кліматычных рэсурсаў сельскай гаспадаркі ў зручных паказчыках (напр., сумы актыўных т-р, працягласць вегетац. перыяду), кліматычныя з’явы, небяспечныя для сельскай гаспадаркі, тэрміны вегетацыі культур. Выкарыстоўваюцца для абгрунтавання агракліматычнага раянавання, рацыянальнага выкарыстання кліматычных рэсурсаў, планавання тэрмінаў с.-г. работ і вызначэння спецыялізацыі сельскай гаспадаркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РНЫЯ КА́РТЫ,
адлюстраванні зорнага неба ці яго часткі на плоскасці пры дапамозе пэўнай картаграфічнай праекцыі, градуснай сеткі ў адпаведным маштабе.
Самыя старажытныя З.к. былі вядомыя ў Вавілоне і Егіпце. У Еўропе выкарыстоўваюцца з 13 ст. Адрозніваюць рысаваныя і фатаграфічныя З.к. На рысаваных зоркі вычэрчваюць па каардынатах, узятых з зорных каталогаў, абазначаюць кружочкамі розных дыяметраў у залежнасці ад бляску зоркі; падвойныя і пераменныя зоркі, зорныя скопішчы, туманнасці адзначаюць спец. знакамі (гл. карту да арт.Зорнае неба). Фатаграфічныя З.к. (больш падрабязныя і распаўсюджаныя) — адбіткі з астрафатаграфій з нанясеннем на іх градуснай сеткі. Камплект З.к. сумежных участкаў неба, якія пакрываюць усё неба ці некат. яго частку, наз. зорным атласам. Першы атлас зорак, бачных простым вокам, апублікаваў у 1603 ням. астраном А.Баер («Уранаметрыя»). Першую на рус. мове зорную карту выдаў у Амстэрдаме І.Ф.Капіевіч (1699). Найб. распаўсюджанне атрымалі «Атлас паўночнага зорнага неба» на аснове «Бонскага агляду» і атлас паўд. неба на аснове «Кордаўскага агляду». З.к. і атласамі карыстаюцца пры астр. назіраннях. Т.зв. рухомыя карты зорнага неба даюць магчымасць хутка вызначаць, якія сузор’і відаць над гарызонтам для любой шыраты ў любы момант часу.
Літ.:
Михайлов А.А. Звездный атлас. 4 изд. М.; Л., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДША́ФТНЫЯ КА́РТЫ,
паменшанае адлюстраванне ландшафтаў геаграфічных рознага рангу, іх структуры і размяшчэння. Адрозніваюць Л.к. агульнанавуковыя (размяшчэнне відаў ландшафтаў і асобных прыродных комплексаў), ацэначныя (ацэнка ландшафтаў па відах дзейнасці чалавека), прагнозныя (будучы стан ландшафту). На буйнамаштабных картах паказваюць фацыі, на сярэднемаштабных — урочышчы і мясцовасці, на дробнамаштабных — тыпалагічныя комплексы ландшафтаў (тыпы, роды, віды). На прыкладных Л.к. ацэньваецца патэнцыял прыдатнасці прыродных комплексаў для гасп. выкарыстання, неабходнасць іх аховы (інж.-геагр., ландшафтна-меліярацыйныя, медыка-геагр. і інш.). На Беларусі складзена сярэднемаштабная Л.к. (1984).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́ТЫКА-АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНЫЯ КА́РТЫ,
геаграфічныя карты, якія адлюстроўваюць паліт. падзел і палітыка-адм. ўладкаванне якой-небудзь тэрыторыі. Асн. элементы карты: паліт. і адм. граніцы, сталіцы, адм. цэнтры, населеныя пункты, шляхі зносін. Выкарыстоўваюцца для даведачных, арганізацыйна-гасп., навуч. мэт і ў якасці асновы для складання карт інш. тэматыкі. Маштабы П.-а.к. розныя, напр., у СССР выдаваліся карты краіны маштабаў 1:4 000 000, 1:5 000 000, 1:8 000 000, у Беларусі выдаюцца — 1:400 000, 1:600 000, 1:2 500 000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́СНЫХ ВЫ́КАПНЯЎ КА́РТЫ,
карты дзённай або пахаванай (палеа) паверхні, што паказваюць размяшчэнне радовішчаў карысных выкапняў, а таксама іх прыкметы — пункты мінералізацыі, рудапраяўлення, пошукавыя прыкметы карысных выкапняў, межы рудных раёнаў і інш. Складаюцца для характарыстыкі і ацэнкі мінер. рэсурсаў раёна, у розных маштабах, на спец. аснове — спрошчанай геал. карце, якая адлюстроўвае рэльеф паверхні, геал. межы, разрыўныя парушэнні, індэксы стратыграфічных падраздзяленняў і інш. Суправаджаюцца легендай, схемамі мінерагенічнага раянавання, элементамі прагнозу і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РТА (ад грэч. chartēs аркуш, скрутак),
паменшанае, матэматычна вызначанае і абагульненае адлюстраванне паверхні Зямлі, іншых нябесных цел або нябеснай сферы і аб’ектаў, з’яў, якія да іх адносяцца, на плоскасці ў пэўнай картаграфічнай праекцыі і сістэме ўмоўных абазначэнняў з дапамогай картаграфічных прылад. З’яўляецца вобразна-знакавай мадэллю рэчаіснасці, мае прасторава-часавае падабенства адносна арыгінала, маштаб, метрычнасць, высокую нагляднасць, што робіць яе важным сродкам фіксацыі і перадачы інфармацыі, навуковага пазнання ў геаграфіі, геалогіі, геафізіцы, сацыялогіі і інш. навуках аб Зямлі і грамадстве. Гл.Геаграфічныя карты, Геалагічныя карты, Геамарфалагічныя карты, Глебавыя карты, Картаграфія, Кліматычныя карты, Марскія карты, Палітыка-адміністрацыйныя карты, Тапаграфічныя карты, Турысцкія карты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕГЕ́НДАкарты, сукупнасць умоўных знакаў на карце і тлумачэнне да іх. Служыць ключом для чытання карты і ў некаторай ступені раскрывае яе змест, значэнне і суадносіны асобных элементаў. Змяшчаецца на палях або на вольнай плошчы ўнутры рамак карты, радзей на адвароце. У атласах і шматліставых картах Л. можа займаць асобны ліст або дадавацца ў выглядзе тлумачальнай запіскі са звесткамі, якія нельга перадаць графічна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕТЫ́ЧНАЯ КА́РТА ХРАМАСО́М,
графічнае адлюстраванне адноснага размяшчэння генаў унутры (у межах) адной храмасомы. Для складання такой карты неабходна выяўленне многіх мутантных генаў і правядзенне вял. колькасці скрыжаванняў. На карце наносяць адноснае становішча генаў, якія знаходзяцца ў адной групе счаплення. Адлегласць паміж генамі вызначаюць па частаце кросінговера (велічыня перакрыжавання храмасом) для кожнай пары гамалагічных храмасом. Яе адзінка — марганіда, якая адпавядае 1% кросінговера. Генетычныя карты храмасом складзены для дразафілы (у ёй выяўлена больш за 1000 мутантных генаў), кукурузы (у 10 групах счаплення больш 400 генаў), памідораў, нейраспоры і інш. Звычайна генетычныя карты храмасом у эўкарыётаў лінейныя, бываюць і ў форме крыжа. Пры карціраванні генаў у бактэрый з дапамогай кан’югацыі атрымліваюць кальцавую генетычную карту храмасом. Генетычныя карты храмасом дазваляюць планаваць работу па атрыманні арганізмаў з вызначанымі спалучэннямі прыкмет, што выкарыстоўваецца ў генет. эксперыментах і селекцыйнай практыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАФОТАТАПАГРА́ФІЯ,
раздзел тапаграфіі, які вывучае метады стварэння тапаграфічных картаў па матэрыялах аэрафотаздымкі. Вылучаюць камбінаваны метад аэрафотатапаграфіі (контурная частка карты складаецца на падставе аэрафотаздымкаў, рэльеф мясцовасці адлюстроўваецца гарызанталямі па выніках мензульнай здымкі) і стэрэатапаграфічны метад (контуры і гарызанталі наносяцца універсальнымі стэрэафотаграмметрычнымі прыладамі). Пры пабудове контурнай часткі карты карыстаюцца вынікамі палявога і камеральнага дэшыфравання аэрафотаздымкаў.