ПШАНІ́ЧНА-ЖЫ́ТНІЯ ГІБРЫ́ДЫ, трыцікале,

міжродавыя гібрыды пшаніцы з жытам; збожжавыя культуры. Атрыманы ў 1888 ням. селекцыянерам В.​Рампаў.

Адрозніваюцца ад зыходных форм каштоўнымі гасп. якасцямі: павышаная колькасць бялку і асобных амінакіслот, мароза- і хваробаўстойлівасць, высокія кармавыя паказчыкі. Асн. недахопы; нізкая экалагічная і цытагенет. стабільнасць, ненапоўненасць і маршчыністасць эндасперму, адносная познаспеласць, прарастанне зерня ў коласе і інш. Выкарыстоўваецца як зыходны матэрыял пры селекцыі пшаніцы і жыта, кармавая і харч. культура.

На Беларусі вывучэнне П.-ж.г. вядзецца ў БДУ (з 1965), БелНДІ земляробства і кармоў Акадэміі агр. навук і Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац. АН Беларусі (з 1970). Створана калекцыя гібрыдаў, вядзецца селекцыя высокаўраджайных (90—100 ц/га), устойлівых да палягання, хвароб і шкоднікаў азімых і яравых сартоў. Вырошчваецца каля 15 сартоў азімых П.-ж.г. і 2 сарты яравых (2000). Раянаваныя сарты мясц. селекцыі; яравыя — Лана, Інеса; азімыя — Дар Беларусі, Міхась, Дубрава, Мара, Модуль, Ліра і інш. Сярэдняя ўраджайнасць азімых П.-ж.г. — 22,9, яравых 12,6 ц/га (1999).

В.​М.​Прохараў.

Пшанічна-жытні гібрыд (трыцікале); 1 — колас; 2 — каласок; 3 — праростак; 4 — зярняўка.

т. 13, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ТКАЎСКАЯ РАЗЬБА́,

1) аб’ёмна-ажурная пазалочаная разьба, якой у г. Ветка Гомельскай вобл. ў 18—19 ст. аздаблялі ківоты да абразоў. Была высокаразвітым пасадскім ці манастырскім рамяством, працягвала і развівала традыцыі беларускай рэзі. Дэкор уключаў вінаградныя лозы, лісце, гронкі, пазней кветкі і інш. На пач. 20 ст. прыйшла ў заняпад. Калекцыя ўзораў веткаўскай разьбы ёсць у Веткаўскім музеі народнай творчасці.

2) Архітэктурны дэкор, пашыраны ў г. Ветка і навакольных вёсках. Традыцыя ідзе ад перасяленцаў з Цэнтр. Расіі (17—18 ст.). Веткаўская разьба арганічна спалучае бел. і рус. традыцыі нар. арх. дэкору. У 18—19 ст. нескладанай выемчатай разьбой геам. характару аздабляліся пераважна аконныя ліштвы. З сярэдзіны 19 ст. пад уплывам класіцызму дэкор узбагаціўся накладнымі элементамі ў выглядзе ромбаў, прамавугольнікаў, рэечак, такарных дэталей. Верхнія часткі ліштваў набылі форму трохвугольных франтончыкаў з прафіляванымі накладкамі, дэкор карнізаў і вуглоў часам імітаваў элементы мураванай архітэктуры класіцызму. З канца 19 ст. пашырыўся прапілаваны дэкор расліннага характару, якім багата аздаблялі ліштвы, карнізы, ганкі, вароты, а ў наш час і веранды, мансарды, франтоны. Сучасная веткаўская разьба звычайна спалучаецца з паліхромнай расфарбоўкай, вызначаецца павышанай дэкаратыўнасцю, перавагай стылізаваных раслінных матываў, шматпланавасцю кампазіцыі.

Я.​М.​Сахута.

Фасад дома, аздоблены традыцыйнай веткаўскай разьбой.

т. 4, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЧНЫ МУЗЕ́Й у Маскве,

цэнтральны дзярж. музей гісторыі Расіі ад стараж. часоў да сучаснасці, буйное сховішча помнікаў матэрыяльнай культуры народаў СССР. Засн. ў 1872 па ініцыятыве А.​А.​Зялёнага (кіраўнік музея ў 1872—80), А.​С.​Уварава (кіраўнік у 1881—84) і інш. Адкрыты ў 1883, меў 11 залаў, больш за 3 тыс. экспанатаў. У 1992 больш за 4 млн. экспанатаў. Мае калекцыі: археал. (каля 1 млн. адзінак), нумізматычную (каля 1,5 млн. адзінак), зброі, адзення, вырабаў з металу, шкла, керамікі, косці, дрэва; захоўвае сусв. вядомыя зборы рукапісаў, старадрукаў, стараж. жывапісу, графікі і картаграфіі. Ёсць экспанаты з Беларусі: матэрыялы археал. раскопак Е.​Р.​Раманава і братоў Я. і К.​Тышкевічаў (працавалі на Віцебшчыне, Лагойшчыне, вывучалі курганы Палесся і Падняпроўя); скарб сярэбраных рэчаў 11—12 ст. з Полацка; калекцыя слуцкіх паясоў; збор бел. рукапісаў 16—17 ст. (Слуцкі і Баркулабаўскі летапісы, рукапісы Сімяона Полацкага), першадрукаваных кніг Ф.​Скарыны (84 экз.), С.​Буднага і інш., дакументы па гісторыі Беларусі 19 ст., у т. л. фонд віленскага губернатара Пахвіснева і інш.

Літ.:

Кириченко Е.И. Исторический музей. М., 1984;

Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу: Гіст.-літ. нарысы. Мн., 1984.

Гістарычны музей у Маскве.

т. 5, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРБА́РЫЙ (лац. herbarium ад herba трава, расліна),

1) калекцыя раслін, сабраных, засушаных, адпаведна дакументаваных і зманціраваных на лістах паперы. З’яўляецца асновай для навук. даследаванняў па сістэматыцы і марфалогіі раслін, а таксама дае звесткі аб складзе і змяненні флоры тэрыторыі, пра пашырэнне відаў і ўмовы іх росту.

2) Установа, дзе зберагаюцца, папаўняюцца і навукова апрацоўваюцца калекцыі засушаных раслін (гербарый).

Упершыню метад гербарызацыі раслін ужыў італьянец Л.​Гіні (16 ст.). У далейшым гербарыі ствараліся пераважна пры ун-тах і бат. садах. Найб. поўнае развіццё атрымалі з 1930—40-х г. У свеце больш за 20 буйных гербарыяў. У Парыжы (каля 6 млн. лістоў), Жэневе (гербарый Дэкандоля і Буасье — каля 5 млн. лістоў), Лондане (гербарый Брытанскага музея прыроднай гісторыі, у т. л. гербарый Лінея — 4,5 млн. лістоў), у Санкт-Пецярбургу (больш за 5 млн. лістоў).

На Беларусі найб. гербарый у Ін-це эксперым. батанікі імя В.​Ф.​Купрэвіча АН (Мінск), дзе захоўваецца больш за 50 тыс. лістоў вышэйшых сасудзістых раслін, 5 тыс. лістоў мохападобных, 17 тыс. лістоў лішайнікаў, больш за 1 тыс. ўзораў грыбоў-макраміцэтаў. Ёсць гербарыі ў БДУ і інш. ВНУ, бат. садах і запаведніках.

т. 5, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ЛГАК (Ян) (6.10.1876, в. Асташына Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 4.2.1950),

бел. і польскі майстар мастацкай краязнаўчай фатаграфіі, этнограф, фалькларыст. Скончыў рус. класічную гімназію ў Вільні (1897). Вучыўся ў Ягелонскім ун-це (Кракаў; 1897—99). З 1905 займаўся фатаграфіяй. У 1910 пазнаёміўся з мастаком Ф.Рушчыцам. З 1912 у Вільні. У 1919—39 кіраўнік лабараторыі маст. фатаграфіі пры Віленскім ун-це. Заснавальнік і старшыня фотаклуба Польшчы, Віленскага фотаклуба, саюза польскіх мастакоў-фатографаў, польск. фатаграфічнага т-ва. Апубл. шмат здымкаў бел. нар. тыпаў, краявідаў, вёсак, гасп. пабудоў бел. сялян («Беларус з-пад Клецка», «Бабулька-беларуска з маёнтка Перасека пад Мінскам», «Жабракі беларусы пад Мінскам», «Беларус з Міншчыны», «Вечар (Міншчына)», «Краявід з Ашмянскага павета», «Месячнае неба. Багданаў», «Ціша. Возера Нарач», «Белавежская пушча» і інш.). Аўтар прац пра Рушчыца (у кн. «Фердынанд Рушчыц», Вільня, 1939), артыкулаў пра бел. фальклор і краязнаўства, даследаванняў і падручнікаў па эстэтыцы і тэхніцы фатаграфіі. Фотатэка і калекцыя яго здымкаў (каля 10 тыс.) згарэла ў 1944. Многія яго фота захоўваюцца ў архівах і б-ках Вільнюса і Варшавы.

Тв.:

Fotografika. Warszawa, 1931;

Wędrówki fotografa...Cz. 1—9. Wilno, 1931—36;

Technika bromowa. Wilno, 1933;

Bromografika czyli metoda wtórnika. Wilno, 1934;

Estetyka światła. Wilno, 1936;

Fotografia ojczysta. Wrocław, 1951.

Літ.:

Grabowski L. Jan Bułhak. Warszawa, 1961;

Zdzarski W. Jan Bułhak // Kronika Warszawy. 1978. № 1.

І.​У.​Саламевіч.

т. 3, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў РАСІ́ЙСКАЙ ФЕДЭРА́ЦЫІ.

Створаны ў 1992 y Маскве на базе Цэнтр. дзярж. архіва Кастр. рэвалюцыі, вышэйшых органаў дзярж. улады і органаў дзярж. кіравання СССР (ЦДАКР СССР) і Цэнтр. дзярж. архіва РСФСР (ЦДА РСФСР). Захоўваецца 3139 фондаў, 5,2 млн. спраў (1997). Сабраны матэрыялы па гісторыі рэв., грамадскага і нац.-вызв. руху народаў Рас. імперыі ў 19 — пач. 20 ст. Сярод іх дакументы Следчай камісіі Вярх. крымінальнага суда па справе дзекабрыстаў, 3-га аддзялення «ўласнай яго імператарскай вялікасці канцылярыі», Дэпартамента паліцыі, МУС, Маскоўскага і Пецярбургскага ахоўных аддзяленняў і інш. Есць дакументы Часовага ўрада, фонды па выбарах ва Устаноўчы сход, матэрыялы пра Кастр. паўстанне 1917. Зберагаюцца дакументы з’ездаў Саветаў, фонды ВЦВК, СНК, наркаматаў і мін-ваў СССР і РСФСР і інш. Вял. Айч. вайна 1941—45 адлюстравана ў лістах з фронту і на фронт, ваен. карэспандэнцыях, зводках Саўінфармбюро, тэкстах радыёперадач і інш. Сярод дакументаў гэтага перыяду — фонд Надзвычайнай дзярж. камісіі па выяўленні і расследаванні злачынстваў ням.-фаш. захопнікаў на часова акупіраванай тэр. СССР, матэрыялы Нюрнбергскага і Такійскага працэсаў над гал. ваен. злачынцамі 2-й сусв. вайны. Зберагаюцца мікрафотакопіі дакументаў па гісторыі Расіі і СССР, атрыманыя з замежных архіваў. Захоўваюцца фонды б. Рускага замежнага гіст. архіва, перададзенага Чэхаславакіяй у 1945. Сабрана калекцыя перыяд. выданняў, лістовак, плакатаў, картаў. На падставе дакументаў архіва падрыхтаваны шматлікія дакумент. выданні.

В.​Дз.Селяменеў.

т. 6, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЯРЫ́НЕЦ,

калекцыя дзікіх жывёл, размешчаных у клетках або вальерах для палявання, паказу наведвальнікам і інш. мэт. Папярэднікі заалагічных паркаў.

Першыя З. вядомы ў стараж. Асірыі, Вавілоне, Егіпце, Персіі; у Еўропе — пры старажытнарымскіх цырках. Адыгралі пэўную ролю ў назапашванні вопыту работы з дзікімі звярамі (распрацоўка метадаў адлову, транспарціроўкі, кармлення жывёл пры вальерным утрыманні), садзейнічалі захаванню каштоўных відаў (напр., лясныя тарпаны да 1870-х г. захаваліся ў паляўнічым З. ў Польшчы, зубры да 1920-х г. — толькі ў паляўнічым З. ў Швецыі). У канцы 18 і пач. 19 ст. у краінах Еўропы і Расіі існавалі перасоўныя прыватныя З., у якіх з камерцыйнымі мэтамі дэманстраваліся «цуды» жывёльнага свету (сланы, ільвы, малпы, кракадзілы, папугаі і інш.). У 2-й пал. 19 ст. большасць З. заняпалі або ператвораны ў заал. паркі.

На Беларусі З., прызначаныя для палявання, вядомы з 16 — пач. 17 ст. у Белавежскай пушчы (1578), Нясвіжскім парку «Альба» (1607), дзе на вял. абгароджаных участках лесу (напр., у Нясвіжскім парку плошчай каля 90 га) з палянамі, прыроднымі ці штучнымі вадаёмамі ў загонах жылі адлоўленыя дзікія звяры мясц. фауны (зубры, мядзведзі, алені, ваўкі і інш.). Паступова З. страцілі паляўнічае значэнне і ператварыліся ў функцыянальную ч. паркаў, дзе з дэкар. мэтамі ўтрымлівалі разнастайных звяроў і птушак (асабліва фазанаў). Вял. «фазаннікі» былі ў парку «Альба» і Каранёўскай лясной дачы (каля Гомеля).

т. 7, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭНДРАЛО́ГІЯ (ад дэндра... + ...логія),

навука пра дрэвавыя расліны (дрэвы, кусты, кусцікі); раздзел батанікі. Вывучае марфалогію, сістэматыку, экалогію раслін, іх выкарыстанне ў нар. гаспадарцы.

Дэндралагічныя даследаванні вядомы са стараж. часоў (Тэафраст). У канцы 19 — пач. 20 ст. вял. ролю ў развіцці Д. адыгралі рус. вучоныя І.​І.​Ляпёхін, С.​П.​Крашаніннікаў, АФ.​Мідэндорф, П.​С.​Палас і інш., батанікі ням. Л.​Байснер і Я.​Фітшэн, амер. А.​Рэдэр, англ. Э.​Сарджэнт і інш. У СССР характар даследаванняў па Д. вызначаў У.М.Сукачоў, стваральнік геабат. школы, адзін з заснавальнікаў біягеацэналогіі.

На Беларусі пачатак дэндралагічных даследаванняў пакладзены ў 18 ст. Ж.І.Жыліберам, які стварыў у Гродне бат. сад з 1200 экзатычнымі раслінамі.

Вывучэннем дрэвавых парод і куставых раслін, стварэннем калекцый займаліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. батанікі А.​Рэга, У.​У.​Адамаў, Дз.​М.​Нікольскі, Г.​М.​Высоцкі, С.​П.​Мельнік. Сучасны этап звязаны з працамі С.​Дз.​Георгіеўскага, А.Ф.Іванова, Б.​Дз.​Жылкіна, М.​Дз.Несцяровіча, Я.А.Сідаровіча, М.У.Смольскага, І.​І.​Собалева, А.​Т.​Федарука, А.​А.​Чахоўскага, М.​В.​Шкутко і інш. Н.-д. работа вядзецца ў Ін-це эксперым. батанікі і Цэнтр. бат. садзе, Ін-це лесу Нац. АН Беларусі, БДУ, Бел. тэхнал. ун-це, Бел. с.-г. акадэміі. Распрацоўваюцца навук. асновы інтрадукцыі і акліматызацыі дрэвавых раслін. Вывучаны відавы склад мясцовых і інтрадукаваных дрэвавых парод, іх біял. асаблівасці, вызначаны асартымент інтрадукаваных відаў для зялёнага буд-ва і лясной гаспадаркі. Буйнейшая калекцыя дрэвавых раслін сабрана ў Цэнтр. бат. садзе.

А.​І.​Жорава.

т. 6, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1867 у Магілёве як Магілёўскі музей. У 1918 аб’яднаны з Магілёўскім царкоўна-археалагічным музеем, з 1924 быў аддзяленнем Бел. дзярж. музея, з 1929 Магілёўскі дзярж. музей. Меў філіялы: музей гісторыі і атэізму (1935—41), мемар. музей Р.​К.​Арджанікідзе (1937—41). У пач. Вял. Айч. вайны ўсе экспанаты разрабаваны. У 1949 аднавіў дзейнасць як гісторыка-краязн., з 1953 сучасная назва. Меў філіялы: музей гісторыі бітвы пад Лясной (1958—85, Слаўгарадскі р-н), музей дзекабрыстаў (1985—96). Пл. экспазіцыі 1390 м², больш за 105 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў знаходкі з археал. помнікаў Магілёўшчыны, берасцяная грамата 13 ст., калекцыі крыжоў 11—17 ст., зброя 14—19 ст., манеты ВКЛ, Рэчы Паспалітай і інш.; кнігі Магілёўскай друкарні, калекцыя абразоў, жывапісу 18 ст., катэхізіс 18—19 ст.; матэрыялы пра сац.-эканам. становішча, рэв. барацьбу працоўных пач. 20 ст., устанаўленне сав. улады, калектывізацыю, рэпрэсіі. У экспазіцыі Вял. Айч. вайны матэрыялы пра Магілёва абарону 1941, Магілёўскае народнае апалчэнне, партыз. рух, дзейнасць падполля, ваенна-аператыўных груп, пра Лупалаўскі лагер смерці, Магілёўскую аперацыю 1944 і інш. У аддзеле прыроды экспанаты флоры і фауны краю, глебавыя і кліматычныя карты, узоры карысных выкапняў. Зберагаюцца работы сучасных нар. майстроў разьбы па дрэве, керамікі, габеленаў, ткацтва, вышыўкі, узоры нар. адзення. Філіял — Магілёўскі музей этнаграфіі.

В.​М.​Аненкаў.

Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.​В.​Масленікава. Фрагмент экспазіцыі.
Будынак Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.​В.​Масленікава.

т. 9, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РЫ-ГО́РАЦКІ ЗЕМЛЯРО́БЧЫ ІНСТЫТУ́Т.

Існаваў у г. Горкі Магілёўскай вобл. ў 1848—64 і 1919—25. Адна з першых ВНУ с.-г. профілю на Беларусі і ў Рас. імперыі. Засн. ў выніку рэарганізацыі ў ін-т вышэйшага разраду Горы-Горацкай земляробчай школы. Рыхтаваў аграномаў. Тэрмін навучання 4 гады. У розныя гады ў ін-це навучалася ад 112 да 222 студэнтаў. Выкладаліся фізіка, хімія, батаніка, заалогія, паляводства, жывёлагадоўля, лесаводства і інш. спец. дысцыпліны, а таксама бухгалтэрыя, архітэктура, геадэзія, палітэканомія (з 1859), рус. і замежная мовы, гісторыя рус. л-ры, права, логіка і інш. Пры ін-це дзейнічаў з-д па вырабе цэглы і дрэнажных труб, майстэрня с.-г. машын, сыраварня, пчальнік, музеі (заалагічны, анатамічны, с.-г. машын), бат. сад (калекцыя больш за 3870 раслін), б-ка (больш за 7 тыс. тамоў). Праводзіліся навук. даследаванні, вынікі якіх друкаваліся ў «Записках Горы-Горецкого земледельческого института» (1852—57), інш. навук. выданнях. Сярод выпускнікоў ін-та А.В.Саветаў, І.А.Сцебут, А.М.Бажанаў, А.​П.​Людагоўскі, І.​М.​Чарнапятаў, С.​С.​Касовіч і інш. За ўдзел студэнтаў і выкладчыкаў у паўстанні 1863—64 ін-т пераведзены ў Пецярбург, дзе ў 1877 аб’яднаны з Пецярбургскім лясным ін-там. У 1919 адноўлены ў Горках. Меў ф-ты: агранамічны, меліярацыйны, лясны, с.-г. машыназнаўства. У 1925 да ін-та далучаны Бел. ін-т сельскай і лясной гаспадаркі (засн. ў Мінску ў 1922) і на іх базе створана Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія.

Літ.:

Цитович С.Г. Горы-Горецкий земледельческий институт — первая в России высшая сельскохозяйственная школа (1836—1864). Горки, 1960;

Белорусская... сельскохозяйственная академия: 150 лет: [Краткий очерк истории и деятельности]. Мн., 1990.

У.​М.​Ліўшыц.

т. 5, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)