«ВІ́ШАНЬКА»,

бел. нар. гульня. У гульню «Вішаньку» («Ірваць вішаньку») гуляюць пераважна на Каляды. Дзяўчына становіцца на ўслончыку паміж двух хлопцаў, якія, узяўшыся за рукі, ахоўваюць яе («вішаньку») ад трэцяга, што стаіць побач з імі. Дзяўчына, трымаючы ў роце саломінку, паварочвае галаву з боку ў бок. Той трэці павінен падскочыць да дзяўчыны і губамі схапіць саломінку. Калі гэта ўдаецца, дзяўчына цалуе яго.

т. 4, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАДКО́ВІЧ Феліцыян Піліп (1697—1778),

уніяцкі царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай. З 1730 епіскап холмскі і бэлзскі, з 1753 каад’ютар (памочнік-намеснік) мітрапаліта кіеўскага Ф.​Грабніцкага, з 1756 епіскап уладзімірскі (г. Уладзімір-Валынскі). У 1762—78 мітрапаліт кіеўскі. Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі спрабаваў абвінаваціць В. ў злоўжываннях. Нягледзячы на заяву папскага прастолу пра невінаватасць Валадаковіча (1770), нападкі на яго з боку каралеўскай улады працягваліся да канца жыцця.

т. 3, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРПЕ́ЙСКАЯ СКАЛА́ (Saxum Tarpeium),

у Старажытным Рыме стромкі ўцёс з зах. боку Капіталійскага ўзгорка, з якога скідвалі асуджаных на смерць дзярж. злачынцаў. Паводле аднаго з паданняў, назва паходзіць ад імя Луцыя Тарпея, якога скінулі адтуль за апазіцыю цару Ромулу. Паводле другой версіі, Тарпеяй звалі дачку военачальніка Капіталійскай крэпасці Спурыя Тарпея, якая ў час вайны з сабінамі паказала ворагам патайны ход, за што паплацілася жыццём.

т. 15, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕНДЖ (англ. henge),

від рытуальных помнікаў, якія сустракаюцца толькі на Брытанскіх а-вах. Складаюцца з акруглай прасторы ад 150 да 1700 футаў (ад 45,7 да 518,16 м) у дыяметры, абмежаванай ровам, са знешняга боку якога насыпаны вал. Бываюць з адным уваходам ці з двума (адзін насупраць другога). Некат. Х. маюць пахаванні, ямы, колы з вертыкальна пастаўленых камянёў (напр., Стонхендж, Эўбюры), слупы (Вудхендж і інш.).

т. 17, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАНШЫ́РАВАННЕ (ад франц. blanchir бяліць, абліваць кіпенем),

1) у харчовай прамысловасці — апрацоўка пладоў і агародніны гарачай вадой, парай. Засцерагае агародніну ад пацямнення і аблягчае варку варэння, ужываюць у вытв-сці він, пры вяленні вінаграду і інш. 2) У гарбарнай вытворчасці — зняцце з ніжняга боку скуры рэшткаў падскурнай клятчаткі. Бланшыраваннем надаюць паверхні гладкасць і выраўноўваюць таўшчыню скуры па ўсёй паверхні.

т. 3, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЭКАЛЕ́ (франц. Pas de Calais), Дуўрскі праліў,

праліў паміж в-вам Вялікабрытанія і ўзбярэжжам Францыі. З’яўляецца ўваходам у праліў Ла-Манш з боку Паўночнага м. Даўж. 37 км, найменшая шыр. (паміж Дуўрам і Кале) 32 км, глыб. 21—64 м. Парты: Дуўр (Вялікабрытанія), Кале і Дзюнкерк (Францыя). Паромная сувязь Дуўр—Кале, Дуўр—Дзюнкерк, Дуўр—Булонь. Пад пралівам чыг. тунэль.

т. 11, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎПЛО́СКАСЦЬ,

сукупнасць пунктаў плоскасці, якія ляжаць з аднаго боку ад прамой, зададзенай на гэтай плоскасці. Каардынаты пунктаў П. задавальняюць няроўнасці Ax + By + C > 0 (ці Ax + By + < C), дзе A, B і C — пастаянныя, адначасова не роўныя нулю. Калі сама прамая (мяжа П.), якая задаецца ўраўненнем Ax + By + C = 0, належыць да П., то П. лічыцца замкнутай.

т. 12, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎПРАСТО́РА,

сукупнасць пунктаў прасторы, якія ляжаць з аднаго боку ад зададзенай плоскасці. Каардынаты пунктаў П. задавальняюць няроўнасць Ax + By + Cz + D > 0 (ці Ax + By + Cz + D < 0), дзе A, B, C і D — пастаянныя, адначасова не роўныя нулю. Калі сама плоскасць (мяжа П.), якая задаецца ўраўненнем Ax + By + Cz + D = 0, належыць да П., то П. лічыцца замкнутай.

т. 12, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫСВАЕ́ННЕ АБО РАСТРА́ТА,

крымінальнае злачынства супраць уласнасці, якое заключаецца ў крадзяжы чужой маёмасці, даверанай вінаватаму. Адказнасць за П. або р. прадугледжана арт. 211 КК Рэспублікі Беларусь. З аб’ектыўнага боку прысваенне — неправамернае ўтрыманне (невяртанне) чужой маёмасці, якая даверана вінаватаму для пэўнай мэты, а растрата — адчужэнне і спажыванне такой маёмасці. Часам у тэорыі крымін. права растрата разглядаецца як прыватны выпадак прысваення.

т. 13, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУПЕРАРТЫКО́Н (ад супер... + артыкон),

перадавальная электронна-прамянёвая трубка з назапашваннем эл. зараду. Электронны відарыс з фотакатода пераносіцца хуткімі электронамі на двухбаковую мішэнь, дзе ствараецца патэнцыяльны рэльеф, адпаведны размеркаванню асветленасці аб’екта здымкі, счытваецца з другога боку мішэні павольнымі электронамі і атрыманы відэасігнал узмацняецца з дапамогай другасна-электроннага памнажальніка. Да 1970-х г. С. — адна з найб. пашыраных перадавальных тэлевізійных трубак. Замяняецца больш дасканалымі разнавіднасцямі відыкона, а таксама цвердацельнымі трубкамі з ПЗС-матрыцамі.

т. 15, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)