халатападобная накідка для вуліцы ў жанчын мусульманскіх народаў Б. Усходу і Сярэдняй Азіі. Нашэнне П. абумоўлена патрабаваннямі ісламу максімальнага сакрыцця твару і фігуры жанчыны. Мае доўгія несапраўдныя рукавы, замацаваныя канцамі на спіне. Накідваецца на галаву і цалкам скрывае постаць жанчыны; спераду апранаецца чачван — чорная густая валасяная сетка, якая закрывае твар. У некат. інш.мусульм. народаў функцыі П. выконвае чадра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́РПУРА ТРАМБАЦЫТАПЕНІ́ЧНАЯ,
агульная назва хвароб чалавека з групы дыятэзаў гемарагічных. Абумоўлена зніжэннем колькасці трамбацытаў у крыві, парушэннем яе згусальнасці. Вылучаюць П.т. вострую і хранічную. Вострая часта назіраецца ў дзяцей 5—10 гадоў, звязана з віруснымі інфекцыямі (грып, адзёр, краснуха і інш.). Хранічная П.т. (т.зв. Верльгофа хвароба) бывае пераважна ў жанчын, правакуецца віруснай або бактэрыяльнай інфекцыяй, траўмай і інш. Лячэнне сімптаматычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЯ ПРАМЫСЛО́ВА-ГАНДЛЁВАЯ ФІ́РМА «Э́ЛМА».
Створана ў 1961 у г. Брэст як трыкатажная ф-ка. З 1966 ф-ка верхняга трыкатажу, у 1985—93 доследна-эксперым.ф-ка верхняга трыкатажу, з 1993 калект.нар. прадпрыемства з сучаснай назвай. Дзейнічаюць цэхі: 2 вязальныя, закройны, швейны і вязальна-швейны. Асн. прадукцыя (1995): трыкатажныя вырабы для жанчын і дзяцей з паўшарсцяной пражы і з дамешкам штучных нітак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАМАЛУ́НГМА, Эверэст, Сагарматха,
самая высокая вяршыня на Зямлі, у Вял. Гімалаях, на мяжы Непала і Кітая. Выш. 8848 м. Складзена з гнейсаў, крышт. вапнякоў і сланцаў. Мае форму піраміды са стромкімі схіламі. Ледавікі. Упершыню дасягнута 29.5.1953 шэрпам Н.Тэнцынгам і новазеландцам Э.Хілары, сярод жанчын — японкай Ю.Табей (1976). Часткова ўваходзіць у склад нац. парку Сагарматха (Непал).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПТУ́Р,
традыцыйны бел. галаўны ўбор замужніх жанчын; паўшарападобная ці плоская прызбораная на патыліцы шапачка з вушкамі, да якіх прышывалі стужкі для завязвання пад барадой. Бытаваў у Цэнтр. і Зах. Беларусі да пач. 20 ст. Шылі з фабр. тканін пераважна чырвонай гамы; вушкі і перад аздаблялі вышыўкай, тасьмой, рознакаляровымі стужкамі, бісерам. Надзявалі на тканку (круглы валік, на які накручвалі валасы), зверху часта завівалі намітку, завязвалі хустку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХА́ЙЛАЎСКІЯ КУРГАНЫ́,
група курганоў (больш за 400 насыпаў) каля с. Міхайлаўскае недалёка ад г. Яраслаўль (Расія). Датуюцца 2-й пал. 10 — пач. 11 ст. Даследаваліся ў 1896—1961. Належалі мясц. фінскаму насельніцтву і нетутэйшым слав. плямёнам. Пахавальны абрад — трупаспаленне і трупапалажэнне. Большасць даследаваных пахаванняў з бедным інвентаром, трапляюцца адзінкавыя багатыя пахаванні дружыннікаў і жанчын. Знойдзены керамічны посуд, узбраенне, упрыгожанні, гліняныя амулеты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦАЗДО́ЛЬНАСЦЬ,
стан здароўя чалавека, ад якога залежыць здольнасць выконваць працу вызначанага аб’ёму і якасці. Адрозніваюць П.: агульную — здольнасць да выканання ўсякай працы ў звычайных умовах; прафесіянальную — здольнасць працаваць па пэўнай прафесіі, у пэўных умовах; і няпоўную — здольнасць працаваць у палегчаных умовах, напр., пры няпоўным прац. дні (паводле заканадаўства Беларусі скарочаная працягласць прац. часу ўстаноўлена для пэўных катэгорый работнікаў — настаўнікаў, урачоў і інш., непаўналетніх, кормячых жанчын і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСЛАВА́ННЕ АКАДЭМІ́ЧНАЕ,
від вяслярнага спорту, гонкі на акадэмічных вёславых суднах. Гонкі праводзяцца па прамой трасе гал. чынам на 2000 м для мужчын і на 1000 м для жанчын. Спаборніцтвы праводзяцца на парных суднах (спартсмен вяслуе 2 вёсламі) — адзіночкі, двойкі, чацвёркі, і расхінных (кожны вяслуе 1 вяслом) — двойкі, чацвёркі і васьмёркі, з рулявым (апрача адзіночкі) ці без яго.
Узнікла веславанне акадэмічнае ў Англіі ў 1-й пал. 19 ст.Міжнар. федэрацыя веславання засн. ў 1892. У праграме Алімпійскіх гульняў з 1900 (для жанчын з 1976), чэмпіянаты свету з 1962, Еўропы з 1893.
На Беларусі развіваецца з 2-й пал. 1940-х г. З 1958 у праграме рэсп. спаборніцтваў. Дзейнічае Бел. федэрацыя веславання. На Алімпійскіх гульнях па веславанні акадэмічным вызначыліся бел. майстры А.Хлопцава (чэмпіёнка 1980 і бронзавы прызёр, разам з К.Хадатовіч, 1992), Хадатовіч (чэмпіёнка 1996), бронзавыя прызёры А.Лугін і І.Майстрэнка (1980), В.Якуша (1988); чэмпіёнамі свету станавіліся Хлопцава (1981—83), Майстрэнка (1981), А.Макушкіна (1981—83), І.Цяцерына (1981, 1985, 1986), А.Брацішка (1982), М.Знак (1985, 1986), У.Раманішын (1985).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГА́ЗМ (ад грэч. orgaō гарэць страсцю),
вышэйшая ступень сладастраснага пачуцця, якое ўзнікае ў момант завяршэння палавога акта або пры іншых формах палавой разрадкі (мастурбацыі, петынгу, эратычным фантазіраванні і да т.п.).
У аснове аргазму ляжыць безумоўны рэфлекс, які падмацоўвае сукупнасць сексуальных рэакцый, фарміруючы цэласны акт паводзін; у гэтым — біял. роля аргазму. У самак большасці відаў жывёл (акрамя некаторых млекакормячых) аргазм адсутнічае і не з’яўляецца абавязковым для апладнення. У сексалогіі аргазм разумеюць як вынік складанага ўзаемадзеяння шэрагу структурна-функцыянальных сістэм на розных узроўнях.
Жаночы аргазм (адрозніваюць клітарыяльны і клітарыяльна-вагінальны) больш разнастайны і працяглы ў параўнанні з мужчынскім, у пэўнай меры звязаны са стымуляцыяй эрагенных зон і характарам сексуальнай гульні. У адрозненне ад здаровых мужчын, у якіх заканчэнне палавога акта ў норме звычайна завяршаецца наступленнем аргазму, у многіх здаровых жанчын поўнае абуджэнне сексуальнасці настае праз некалькі месяцаў або гадоў пасля пачатку рэгулярнага палавога жыцця. У далейшым аргазм бывае не пры кожным палавым акце; значная частка жанчын пакутуе на анаргазмію, якая паддаецца карэкцыі, некаторыя — на фрыгіднасць.
Вонкавыя праяўленні аргазму ў абодвух палоў абумоўліваюцца тыпам палавой канстытуцыі, тэмпераменту, агульным і палавым выхаваннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНСТРУА́ЛЬНЫ ЦЫКЛ,
фізіялагічны працэс, які характарызуецца цыклічнымі зменамі ў органах рэпрадукцыйнай сістэмы жанчын і самак чалавекападобных малпаў. Знешняя праява М.ц. — менструацыя (штомесячныя крывяністыя выдзяленні з палавых органаў), якая пачынаецца ў час палавога выспявання (11—15 гадоў), звычайна доўжыцца 2—7 дзён. Менструацыя адсутнічае ў цяжарных жанчын, звычайна ў час кармлення дзіцяці і пасля надыходу клімаксу.
Першая фаза М.ц. — рост і выспяванне фалікулаў у яечніках, у сярэдзіне М.ц. дамінантны фалікул лопаецца і спелая яйцаклетка на 13—15-я суткі трапляе ў брушную поласць (авуляцыя). Другая фаза М.ц. — утварэнне жоўтага цела, якое прадуцыруе гармон прагестэрон. Пад уплывам прагестэрону слізістая абалонка маткі рыхтуецца да ўспрымання аплодненай яйцаклеткі. Калі апладнення не адбываецца, жоўтае цела рэгрэсіруе, яйцаклетка гіне, а функцыянальны слой слізістай абалонкі маткі адрываецца і настае менструацыя, што сведчыць аб заканчэнні М.ц. Працягласць М.ц. — ад першага дня пачатку менструацыі да першага дня наступнай. М.ц. складае 21—35 дзён (звычайна 28), двухфазны, доўжыцца да 45—50 і больш гадоў. У рэгуляванні М.ц. ўдзельнічаюць кара галаўнога мозга, гіпаталамус, гіпофіз, яечнікі, матка. Парушэнні М.ц.: аменарэя, гіпаменарэя і інш.Гл. таксама Палавы цыкл.