ГО́МЕЛЬСКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ РСДРП.
Аформілася ў канцы 1903. У студз. 1904 на правах раённай увайшла ў Палескі камітэт РСДРП. Пасля яго расфарміравання ў вер. 1905 пераўтворана ў раённую арг-цыю, падзялялася на Гарадскую, Навабеліцкую і Чыгуначную арг-цыі. У рэвалюцыю 1905—07 разам з Бундам кіравала выступленнямі працоўных, мела баявыя дружыны. У час кастр. паліт. стачкі 1905 яе прадстаўнікі ўваходзілі ў кааліцыйны рэв. к-т, у дні снежаньскай паліт. стачкі 1905 — у Гомельскі камітэт дэлегатаў. Вясной 1906 арг-цыя рэарганізавана ў акруговую. У 1907 разгромлена. У вер. 1909 адноўлены Гомельскі акр. к-т РСДРП. З 1911 дзейнічалі Чыгуначная і Навабеліцкая арг-цыі. Вясной 1912 Гомельская арганізацыя РСДРП удзельнічала ў правядзенні сходаў рабочых у знак пратэсту супраць Ленскага расстрэлу. Мела перадатачны пункт падп. л-ры, распаўсюджвала газ. «Правда» і збірала сродкі ў яе фонд, арганізоўвала стачкі, паліт. сходкі, выдавала і распаўсюджвала лістоўкі. Удзельнічала ў падрыхтоўцы Гомельскага перасыльнага пункта паўстання 1916. Напярэдадні Лют. рэвалюцыі 1917 у горадзе дзейнічалі с.-д. групы на эвакуіраваных заводах. У сак. 1917 яны ўвайшлі ў склад Гомельскай аб’яднанай арг-цыі РСДРП. У крас. 1917 бальшавікі выйшлі з яе і ўтварылі самастойны Палескі к-т РСДРП(б).
М.В.Біч.
т. 5, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ З’ЕЗД ДАСЛЕ́ДЧЫКАЎ БЕЛАРУ́СКАЙ АРХЕАЛО́ГІІ І АРХЕАГРА́ФІІ.
Адбыўся 17—18.1.1926 у Мінску; каля 60 дэлегатаў і гасцей. Заслухана 12 дакладаў і паведамленняў; 4 з іх надрукаваны ў «Працах Першага з’езда...», змест астатніх прыведзены ў пратаколах з’езда. З дакладамі выступілі: А.М.Ляўданскі, Дз.І.Даўгяла, М.В.Доўнар-Запольскі, М.В.Мялешка, А.А.Спіцын і інш. З’езд прыняў 6 рэзалюцый: «Аб Літоўскай метрыцы», «Аб беларускіх архіўных фондах за межамі БССР», «Аб археалагічных доследах», «Аб музейнай справе», «Аб Цэнтрархіве БССР і яго аддзелах», «Аб вяртанні бібліятэк». Канстатаваў нездавальняючы стан стараж. помнікаў Беларусі і вырашыў падрыхтаваць спец. законапраект аб помніках гісторыі і мастацтва. З’езд звярнуў увагу Інбелкульта на неабходнасць прасіць урад рэспублікі, каб вярнуць на Беларусь бібліятэкі Храптовіча і Полацкай уніяцкай семінарыі, вывезеныя ў Кіеў, б-ку М.Х.Каладзеева па беларусазнаўстве і гісторыі вайны 1812, якая знаходзілася ў Маскоўскім гіст. музеі.
Літ.:
Працы Першага зьезда даследчыкаў беларускае археалогіі і археаграфіі, 17—18 студз. 1926 г. Мн., 1926;
Алексеев Л.В. Археология и краеведение Беларуси XVI в. — 30-е гг. XX в. Мн., 1996;
Шумейко М.Ф. Собрать рассеянное: О реституции бел. архивов в прошлом и настоящем. Мн., 1997.
М.Ф.Шумейка.
т. 12, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВА́ЦЦАЦЬ ТРЭ́ЦІ З’ЕЗД КПБ (нечарговы). Адбыўся 14—15.1.1959 у Мінску. Прысутнічала 645 дэлегатаў з рашаючым і 83 з дарадчым голасам ад 187 909 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: кантрольныя лічбы развіцця нар. гаспадаркі СССР на 1959—65 і задачы Кампартыі Беларусі (К.Т.Мазураў). Падрыхтоўка да з’езда супала са святкаваннем 40-годдзя БССР і КПБ, узнагароджаннем рэспублікі другім ордэнам Леніна. У дакладзе адзначаліся вынікі эканам. развіцця Беларусі за 1956—58: аб’ём прамысл. вытв-сці павялічыўся на 41%, у лік дзеючых уступілі Мінскія з-ды аўтам. ліній, трактарных запчастак, гадзіннікавы, электратэхнічны, ацяпляльнага абсталявання, камвольны камбінат; Полацкі з-д шкловалакна, 1-я чарга Васілевіцкай, 2-я чарга Смалявіцкай ДРЭС. Валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі ў 1953—58 вырасла ў 2,2 раза, у т. л. жывёлагадоўлі ў 3,1 раза. Павялічваліся маштабы буд-ва (у 1958 пабудавана 1,7 млн. м² жылля, у вёсцы — 28 тыс. дамоў). Аднак дакладчык і выступаючыя ў спрэчках (24 чал.) адзначалі недахопы ў развіцці нар. гаспадаркі, культуры: невыкананне многімі прамысл. і с.-г. прадпрыемствамі даведзеных ім заданняў, марудны рост прадукцыйнасці працы, вял. выдаткі на выпуск адзінкі прадукцыі, вял. аб’ём незавершанага буд-ва і інш. З’езд ухваліў кантрольныя лічбы развіцця нар. гаспадаркі СССР на 1959—65 і дырэктыўныя ўстаноўкі для Беларусі.
Р.П.Платонаў.
т. 6, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СЬМЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.
Адбыўся ў Мінску 5—12.4.1927; 676 дэлегатаў з рашаючым і 225 з дарадчым голасам.
Парадак дня: справаздача ўрада БССР (Я.А.Адамовіч); даклады Нар. камісарыятаў земляробства (Дз.Ф.Прышчэпаў) і асветы (А.В.Баліцкі); аб становішчы і буд-ве гарадоў (М.М.Карклін); аб прам-сці (С.В.Карп); Канстытуцыя БССР (М.А.Сегаль); выбары ЦВК БССР і чл. Савета Нацыянальнасцей ЦВК СССР.
З’езд прайшоў пад сцягам пацвярджэння таго, што БССР з’яўляецца неад’емнай часткай Сав. Саюза, хоць у прынятай на з’ездзе Канстытуцыі меліся дэкларатыўныя палажэнні пра незалежнасць БССР; ухваліў дзейнасць урада БССР у справе гасп. і культ. буд-ва, зацвердзіў пастановы ЦВК і СНК аб далучэнні да БССР Гомельскага і Рэчыцкага пав. Указвалася на неабходнасць спрашчэння кіравання прам-сцю, пашырэння правоў прадпрыемстваў. У галіне нар. адукацыі адзначаліся станоўчыя вынікі пачатага ў 1925/26 10-гадовага плана ўвядзення ўсеаг. абавязковага навучання. З’езд прыняў Канстытуцыю Беларускай ССР 1927. Былі зацверджаны найвышэйшая ўлада ў БССР — Усебел. з’езд Саветаў, а паміж з’ездамі — ЦВК Саветаў БССР, дзярж. герб, сцяг, сталіца рэспублікі. З’езд выбраў ЦВК БССР у складзе 230 чл. і 74 канд., а таксама 5 чл. і 3 канд. ў Савет Нацыянальнасцей ЦВК СССР. Старшынёй ЦВК БССР перавыбраны А.Р.Чарвякоў, старшынёй СНК БССР — Я.А.Адамовіч.
Кр.: Восьмы Усебеларускі з’езд Саветаў: Стэнагр. справаздача. Мн., 1927.
М.П.Касцюк.
т. 4, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАЦЦА́ТЫ З’ЕЗД КПСС.
Адбыўся 14—25.2.1956 у Маскве; 1349 дэлегатаў з рашаючым і 81 з дарадчым голасам прадстаўлялі 6 795 896 чл. і 419 609 канд. у чл. партыі. На з’ездзе прысутнічалі прадстаўнікі камуніст. і рабочых партый 55 краін свету. Парадак дня: даклады аб рабоце ЦК КПСС, Цэнтр. рэвіз. камісіі, дырэктывы XX з’езда КПСС па 6-м пяцігадовым плане развіцця нар. гаспадаркі СССР на 1956—60; выбары цэнтр. органаў партыі. На закрытым пасяджэнні з’езд заслухаў даклад М.С.Хрушчова «Аб кульце асобы і яго выніках». З’езд падвёў вынікі 5-й пяцігодкі (1951—55), адобрыў паліт. лінію і практычную дзейнасць ЦК КПСС, прааналізаваў міжнар. і ўнутр. становішча СССР, вызначыў задачы па разгортванні камуніст. буд-ва ў краіне і інш. У матэрыялах з’езда развіты найважнейшыя тэарэт. пытанні сучаснасці: пра мірнае суіснаванне дзяржаў з розным сац. ладам, пра магчымасць недапушчэння сусв. вайны, пра формы пераходу розных краін да сацыялізму і інш. З’езд даручыў ЦК КПСС выпрацаваць праект новай Праграмы партыі, унёс змены ў Статут партыі. З’езд разгледзеў пытанне аб пераадоленні культу асобы Сталіна, ліквідацыі яго шкодніцкіх вынікаў ва ўсіх галінах парт., дзярж. і ідэалаг. работы, даручыў ЦК строга прытрымлівацца нормаў парт. жыцця і прынцыпаў калектыўнасці кіраўніцтва. У адпаведнасці з рашэннямі з’езда 30.6.1956 ЦК КПСС прыняў пастанову «Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў».
Літ.:
XX съезд КПСС: Стеногр. отчет. Т. 1—2. М., 1956.
т. 6, с. 77
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕВЯ́ТЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕТАЎ рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.
Адбыўся 8—15.5.1929 у Мінску. Прысутнічала 559 дэлегатаў з рашаючым і 168 з дарадчым голасам. Парадак дня: справаздача ўрада БССР (М.М.Галадзед); пяцігадовы план развіцця нар. гаспадаркі і культуры БССР (М.М.Карклін, С.Б.Карп, П.М.Рачыцкі, А.В.Баліцкі); аб становішчы Чырв. Арміі (А.І.Ягораў); выбары ЦВК БССР; выбары ад БССР членаў Савета нацыянальнасцей ЦВК СССР. З’езд адзначыў дасягненні БССР у індустрыялізацыі і прамысл. буд-ве, павелічэнне ўдзельнай вагі прамысл. прадукцыі ўсёй гаспадаркі, павышэнне культ. ўзроўню насельніцтва, ухваліў захады па рацыяналізацыі і скарачэнні дзярж. апарату. Выконваючы ўказанні урада СССР, з’езд паставіў задачу сацыяліст. рэканструкцыі і калектывізацыі сял. гаспадарак, вытв. іх кааперавання, узмацнення і пашырэння саўгасаў пры ўсямерным стымуляванні ўздыму бядняцка-серадняцкага сектара. З’езд адобрыў распрацаваны Дзяржпланам і зацверджаны Саўнаркомам БССР план развіцця нар. гаспадаркі і культ. будаўніцтва рэспублікі на 1928—32, адзначыў неабходнасць рашучага сацыяліст. наступу на капіталіст. элементы горада і вёскі. Пэўная ўвага была звернута на працяг палітыкі беларусізацыі больш хуткімі тэмпамі. Выбраў ЦВК БССР з 254 чл. і 88 кандыдатаў. У Савет Нацыянальнасцей ЦВК СССР ад рэспублікі было абрана 5 чл. і 2 кандыдаты. Старшынёй ЦВК БССР перавыбраны А.Р.Чарвякоў, старшынёй СНК БССР — Галадзед.
Літ.:
Дзевята Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Стэнагр. справаздача. Мн., 1929;
Пастановы IX Усебеларускага з’езду Саветаў і I сесіі ЦВК БССР IX склікання. Мн., 1929.
М.П.Касцюк.
т. 6, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕСЯ́ТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.
Адбыўся 3—10.1.1927 у Мінску. Прысутнічала 278 дэлегатаў з рашаючым і 226 з дарадчым голасам ад 30 995 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦК КП(б)Б — паліт. і арганізац. (А.І.Крыніцкі, М.М.Галадзед), ЦКК КП(б)Б (В.А.Радус-Зяньковіч); даклады ЦКК ВКП(б) (Я.Х.Петэрс), Рэвіз. камісіі КП(б)Б (А.А.Чарнушэвіч); вынікі гасп. будаўніцтва ў БССР і далейшыя задачы (Я.А.Адамовіч); выбары ЦК, ЦКК і Рэвіз. камісіі КП(б)Б. З’езд падвёў вынікі работы КП(б)Б за 1926. ухваліў паліт. лінію і практычную дзейнасць ЦК КП(б)Б. Прапанаваў ураду БССР умацаваць мат.-тэхн. базу саўгасаў, стварыць фонд для крэдытавання калектыўных гаспадарак. Аналізуючы ход культ. будаўніцтва, з’езд патрабаваў у правядзенні нац. палітыкі ажыццяўляць беларусізацыю, павялічыць асігнаванні на нар. асвету, згуртаваць вакол партыі інтэлігенцыю, умацоўваць і павышаць парт. кіраўніцтва друкам. Даручыў ЦК рашуча змагацца з ідэйнымі ўхіламі, паслядоўна ажыццяўляць курс на індустрыялізацыю, прапанаваў умацаваць кіруючую ролю партыі ва ўсіх галінах сацыяліст. будаўніцтва. Выбраў ЦК КП(б)Б з 62 чл. і 43 канд. у чл., ЦКК КП(б)Б з 37 чл. і 11 канд. у чл., Цэнтр. рэвіз. камісію КП(б)Б з 7 чл.
Літ.:
X съезд Коммунистической партии (большевиков) Белоруссии: Стеногр. отчет. Мн., 1927;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1. 1918—1927. Мн., 1983.
А.І.Яфімчык.
т. 6, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГІ́ З’ЕЗД КПЗБ.
Адбыўся 8—18.5.1935 у в. Сляпянка каля Мінска (цяпер у межах горада). У рабоце з’езда ўдзельнічалі 57 чал., у т. л. 21 дэлегат з рашаючым і 13 з дарадчым голасам ад 3327 членаў партыі Беластоцкай, Віленскай, Глыбоцкай, Гродзенскай, Навагрудскай і Слонімскай акруг КПЗБ. Парадак дня: паліт. сітуацыя ў Польшчы, адзіны рабочы і антыфаш. нар. фронт (Ю.Ленскі); паліт. справаздача ЦК КПЗБ і задачы партыі [І.К.Лагіновіч (П.Корчык)]; задачы партыі ў нац.-вызв. руху (М.С.Арэхва); справаздачы мандатнай, арганізац., прафс., вясковай і маладзёжнай камісій; выбары ЦК. Была разгледжана таксама дзейнасць КСМЗБ. З’езд ухваліў паліт. лінію і практычную дзейнасць ЦК, вызначыў задачы партыі па развіцці рэв. і нац.-вызв. руху ва ўмовах наступу сіл фашызму і нарастання ваен. небяспекі. Гал. недахопам партыі ў практычнай дзейнасці, на думку дэлегатаў, былі сектанцкія погляды і метады работы. У сял. пытанні была дадзена ўстаноўка на арганізацыю барацьбы сял. мас за частковыя патрабаванні: змяншэнне падаткаў, шарварак, арэнднай платы, адмена камасацыі і інш. Асн. задачай партыі ў нац.-вызв. руху з’езд вызначыў стварэнне антыакупац. нар. фронту. Прыняў рэзалюцыю «На барацьбу з пагрозай вайны, у абарону СССР». З’езд выбраў ЦК КПЗБ: чл. Лагіновіч, С.А.Мертэнс, М.А.Блінчыкаў, Арэхва, Е.І.Шоламаў, М.П.Маслоўскі (усе 6 былі абраны таксама на VII кангрэс Камінтэрна), Ю.Брун, Л.М.Янкоўская, І.Ф.Сяменнікаў, Х.Р.Гелер, А.Раф; канд. ў чл. С.М.Малько, М.М.Дворнікаў, Ф.Б.Пірышка, Э.К.Аболіна, М.С.Майскі.
Літ.:
В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988.
У.Ф.Ладысеў.
т. 6, с. 215
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СЬМЫ З’ЕЗД КП(б)Б, XIII канферэнцыя КП(б)Б. Адбыўся ў Мінску 12—14.5.1924; 198 дэлегатаў з рашаючым і 83 з дарадчым голасам ад 13 975 чл. і канд. у чл. партыі.
Парадак дня: даклад аб рабоце ЦКК РКП(б) (І.І.Шварц); справаздачы Часовага Бел. Бюро ЦК РКП(б) (А.М.Асаткін-Уладзімірскі). Часовай Кантрольнай камісіі (Р.М.Вендэ); аб унутр. гандлі і кааперацыі (А.Р.Чарвякоў); аб рабоце ў вёсцы (В.У.Дзякаў); аб рабоце сярод моладзі (М.С.Арэхва); парт.-арганізац. пытанне (В.А.Багуцкі); выбары кіруючых органаў партыі.
З’езд ухваліў дзейнасць ЦКК РКП(б), узбуйненне БССР і работу Белбюро па «стварэнні адзінага арганізма Кампартыі Беларусі»; звярнуў увагу на тое, што пры 70% бел. насельніцтва ў апараце кіраўніцтва БССР непрапарцыянальна вял. колькасць прадстаўнікоў інш. нацыянальнасцей; у ЦВК і СНК БССР беларусаў 35,5%, у калегіях наркаматаў — 22%. З’езд паставіў задачы: павялічыць пралет. праслойку ў партыі, дабіцца стварэння ячэек на ўсіх прамысл. прадпрыемствах, прымаць у партыю лепшых прадстаўнікоў бяднейшага сялянства і вясковай інтэлігенцыі; падкрэсліў неабходнасць росту дзярж. і каап. гандлю, авалодання рынкам, выцяснення з гандлю прыватніка. Вызначыў мерапрыемствы па выцяснення капіталіст. элементаў у вёсцы, але адзначыў, што 70% сялян складаюць сераднякі. Галоўным у рабоце парт. арг-цый на вёсцы з’езд лічыў каапераванне шырокіх сял. мас. Ён засяродзіў увагу на неабходнасці вывучэння ленінізму, паляпшэння кіраўніцтва камсамолам. На з’ездзе гучала думка пра сусв. рэвалюцыю, якую можна паскорыць сваімі поспехамі. Замест Часовага Бел. Бюро ЦК РКП(б) і Часовай Кантрольнай камісіі выбраны ЦК КП(б)Б у складзе 25 чл. і 7 канд., ЦКК — 16, Цэнтр. рэвіз. камісія з 5 чл.
Кр.: XIII конференция Коммунистической партии (больш.) Белоруссии: Стеногр. отчет. Мн., 1924.
У.К.Коршук.
т. 4, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНШАВІКІ́,
прадстаўнікі паліт. плыні (фракцыі) у Рас. с.-д. рабочай партыі (РСДРП), з 1912 самаст. паліт. партыя (таксама наз. РСДРП). Паняцце «М.» ўзнікла на II з’ездзе РСДРП (1903), калі частка дэлегатаў засталася ў меншасці па пытаннях аб выбарах у кіруючыя органы партыі. Гал. лідэры-ідэолагі: Л.Мартаў, П.Б.Аксельрод, А.С.Мартынаў (ураджэнец г. Пінск), Г.В.Пляханаў. Выступалі супраць строгага цэнтралізму ў рабоце партыі і надзялення ЦК вял. паўнамоцтвамі. Лічылі, што ў рэвалюцыю 1905—07 пралетарыят павінен дзейнічаць у саюзе з ліберальнай буржуазіяй супраць самадзяржаўя; адмаўлялі рэв. патэнцыял сялянства; аддавалі перавагу мірным метадам дзейнасці. У 1-ю сусв. вайну б.ч. М. стала на пазіцыі сацыял-патрыятызму. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 яны падтрымлівалі Часовы ўрад, у маі 1917 увайшлі ў яго і разам з ім падзялілі адказнасць за прамаруджванне з вырашэннем пытанняў аб міры, нац., агр., што прывяло да абвастрэння паліт. сітуацыі. У Беларусі і ў некаторых інш. месцах М. ў гэты перыяд разам з бальшавікамі ўваходзілі ў агульныя парт. арг-цыі (аб’яднанкі). Да восені 1917 яны разам з эсэрамі мелі большасць у Саветах. М. не прынялі Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917, бо лічылі, што Расія не выспела для сацыялізму. У грамадз. вайну ўдзельнічалі ў антыбальшавіцкіх урадах і ўзбр. выступленнях (у Беларусі сумесна з Бундам), аднак былі супраць інтэрвенцыі краін Антанты. 14.7.1918 ВЦВК выключыў М. са свайго складу і з мясц. Саветаў. У 1924 меншавізм як арганізаваная сіла спыніў існаванне на тэр. СССР. У сак. 1931 на сфальсіфікаваным суд. працэсе 14 чл. т.зв. меншавіцкага «Саюзнага Бюро РСДРП» былі абвінавачаны ў шпіянажы і шкодніцтве і асуджаны на розныя тэрміны пазбаўлення волі.
Літ.:
Меньшевики в 1917 г. Т. 1—3. Мн., 1995—96.
т. 10, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)