саюз дзяржаў і народаў, якія змагаліся ў другой сусветнай вайне 1939—45 супраць агрэсіўнага блока гітлераўскай Германіі, Італіі, Японіі і іх сатэлітаў. Аснову кааліцыі складалі вял. дзяржавы — Савецкі Саюз (адыграў вырашальную ролю ў дасягненні перамогі), ЗША, Англія, Францыя, Кітай. У ваен. дзеяннях на баку антыгітлераўскай кааліцыі прымалі ўдзел Польшча, Чэхаславакія, Югаславія, Аўстралія, Бельгія, Бразілія, Індыя, Канада, Філіпіны, Эфіопія і інш. Асобныя дзяржавы дапамагалі антыгітлераўскай кааліцыі пастаўкамі ваен. сыравіны (напр., Мексіка). Былі і такія краіны, што аб’явілі вайну Германіі толькі напярэдадні яе разгрому і не зрабілі якога-небудзь укладу ў перамогу. На момант сканчэння 2-й сусв. вайны антыгітлераўская кааліцыя аб’ядноўвала больш за 50 дзяржаў, прычым вайну Германіі аб’явілі і яе былыя саюзнікі Балгарыя, Венгрыя, Італія і Румынія. Дапамогу антыгітлераўскай кааліцыі аказаў народны Рух Супраціўлення, які разгарнуўся ў многіх акупіраваных краінах. У ліку паўнапраўных дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі былі Беларусь і Украіна (будучыя члены — заснавальнікі ААН), а таксама іншыя былыя саюзныя рэспублікі СССР.
Пачатак утварэнню антыгітлераўскай кааліцыі пакладзены заявамі аб узаемнай падтрымцы ўрадаў СССР, ЗША і Англіі пасля нападу фаш. Германіі на СССР, англа-сав. і сав.-амер. перагаворамі летам 1941, падпісаннем 12.7.1941 сав.-англ. пагаднення аб сумесных дзеяннях у вайне супраць Германіі, Маскоўскай нарадай 1941 трох дзяржаў (гл.Маскоўскія нарады 1941, 1943, 1945), а таксама шэрагам інш. пагадненняў паміж саюзнікамі. 1.1.1942 у Вашынгтоне падпісана Дэкларацыя 26 дзяржаў (Дэкларацыя Аб’яднаных Нацый), якія знаходзіліся на той час у стане вайны з Германіяй, Італіяй, Японіяй і іх саюзнікамі. У Дэкларацыі гаварылася, што дзяржавы антыгітлераўскай кааліцыі абавязаны выкарыстоўваць свае ваен. і эканам. рэсурсы для барацьбы супраць фаш.дзяржаў і не заключаць з імі сепаратных дагавораў. Пазней дзяржавы антыгітлераўскай кааліцыі падпісалі шэраг дакументаў, сярод якіх найбольшае значэнне маюць пастановы Тэгеранскай (1943), Крымскай і Патсдамскай (абедзве 1945) канферэнцый (пра ўсе гл. асобныя арт.) кіраўнікоў урадаў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі. Антыгітлераўская кааліцыя ў цэлым вырашыла задачы, што стаялі перад ёю ў 2-й сусв. вайне, і стала асновай для ўтварэння Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРАЛІТЭ́Т (ням. Neutralitāt ад лац. neuter ні той, ні іншы) у міжнародным праве, палітыка няўдзелу ў вайне, у мірны час — адмаўленне ад удзелу ў ваен. блоках. Нейтральная дзяржава мае правы на недатыкальнасць яе тэрыторыі, грамадзян, якія не ўдзельнічаюць у ваен. дзеяннях тых бакоў, якія ваююць, і маёмасці, якая не аднесена да ваен. кантрабанды. Нейтральная дзяржава можа абараняць свой Н. з дапамогай зброі (Н. узброены).
Н. у час вайны — прававое становішча дзяржавы, пры якім яна не ўдзельнічае ў вайне і не аказвае непасрэднай дапамогі тым, хто ваюе. Краіна можа зрабіць спец. заяву аб Н., хоць гэта неабавязкова. Правы і абавязкі нейтральных дзяржаў у час вайны, а таксама бакоў, якія ваююць, адносна нейтральных дзяржаў, а таксама фіз. асоб як нейтральных, так і тых дзяржаў, што ваююць, рэгламентуюцца Гаагскімі канвенцыямі 1907 аб правах і абавязках нейтральных дзяржаў на выпадак сухапутнай і марской войнаў. У гэтых дакументах забараняюцца любыя ваен. дзеянні, якія б маглі разглядацца як садзейнічанне бакам, што ваююць. Н. пастаянны — прававое становішча дзяржавы, паводле якога яна абавязана ўстрымлівацца ад вайны (апрача выпадкаў самаабароны), у мірны час — праводзіць міралюбівую знешнюю палітыку, не ўдзельнічаць у ваен. саюзах і кааліцыях, не заключаць пагадненняў, накіраваных на ўцягванне яе ў вайну. Пастаянна нейтральнымі дзяржавамі з’яўляюцца Швейцарыя (з 1815), Аўстрыя (з 1955), Мальта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНОЧНАГЕРМА́НСКІ САЮ́З (Norddeutscher Bund),
федэратыўнае аб’яднанне пад вяршэнствам Прусіі 22 ням. сярэдніх і малых дзяржаў і вольных гарадоў на Пн ад р. Майн у 1867—70; прамежкавае дзярж. ўтварэнне на шляху аб’яднання герм. зямель у адзіную нац. дзяржаву. Ахопліваў пл. каля 415 тыс.км² з насельніцтвам 30 млн.чал. Перадумовы для ўзнікнення П.с. склаліся ў выніку перамогі Прусіі ў аўстра-прускай вайне 1866, калі О.Бісмарк ініцыіраваў падпісанне 18.8.1866 саюзнага дагавора прадстаўнікамі 17 паўн.-герм.дзяржаў (у вер. далучыліся яшчэ 5 дзяржаў). Дзейнічала зацверджаная Паўн.-герм. рэйхстагам саюзная канстытуцыя (набыла сілу 17.4.1867). Паводле яе на ўсёй тэр. Саюза ўводзіліся адзіныя грамадзянства і заканадаўства, свабода перамяшчэння, уладу сканцэнтроўвалі прэзідэнт Саюза (прускі кароль Вільгельм I), ён жа галоўнакаманд. саюзнай арміяй, і прызначаны ім нам. — саюзны канцлер (Бісмарк), які пастаянна старшынстваваў у верхняй палаце рэйхстага — Саюзным савеце (фарміраваўся з прадстаўнікоў саюзных дзяржаў, прычым 17 з 43 членаў Савета прадстаўлялі Прусію; ніжняя палата рэйхстага выбіралася мужчынскім насельніцтвам усеагульнай падачай галасоў). Каталіцкія паўд.-герм. дзяржавы (Баварыя, Бадэн, Вюртэмберг, Гесен-Дармштат), якія былі звязаны з Прусіяй сакрэтнымі ваен. дагаворамі, далучыліся да П.с. ў ходзе франка-прускай вайны 1870—71, што прывяло да стварэння адзінай Герм. імперыі (абвешчана ў Версалі 18.1.1871).
Літ.:
Галкин И.С. Создание Германской империи, 1815—1871 гг.М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУ́ЛЬНАЯ А́ФРА-МАЎРЫКІ́ЙСКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ (Organisation Commune Africaine et Mauricienne; ОКАМ),
аб’яднанне афрыканскіх дзяржаў. Створана на базе Афра-малагасійскага саюза (засн. ў 1961; з 1964 Афра-малагасійскі саюз эканам. супрацоўніцтва, у 1965—74 Агульная афра-малагасійская і маўрыкійская арг-цыя). Уваходзяць (1994): Бенін, Буркіна-Фасо, Кот-д’Івуар, Маўрыкій, Нігер, Руанда, Сенегал, Сейшэльскія Астравы, Тога, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка (ЦАР). Гал. мэта — умацаванне эканам., сац., тэхн. і культ. супрацоўніцтва краін-удзельніц. Вышэйшы орган — канферэнцыя кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў. Штаб-кватэра ў г. Бангі (ЦАР). Друкаваны орган час. «Nations Nouvelles» («Нацыянальныя навіны»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБВЯШЧЭ́ННЕ ВАЙНЫ́,
папярэдняе матываванае паведамленне адной дзяржавы аб ваен. дзеяннях супраць другой дзяржавы. Рэгулюецца 3-й Гаагскай канвенцыяй 1907, паводле якой вайна не павінна пачынацца без папярэджання, неабходнага для мірных перагавораў канфліктуючых дзяржаў і інфармавання нейтральных дзяржаў. Абвяшчэнне вайны з’яўляецца кампетэнцыяй вышэйшых органаў улады. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь гэта права належыць Вярх. Савету. Існуючае міжнар. права, зыходзячы з прынцыпу неўжывання сілы і пагрозы сілай, кваліфікуе любы ваен. напад як агрэсію, міжнар. злачынства. Выкарыстанне ўзбр. сіл дапускаецца толькі як мера ў адказ супраць агрэсара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙТЭНА́НТ (франц. lieutenant намеснік),
воінскае званне малодшага афіцэрскага саставу ва ўзбр. сілах многіх дзяржаў. Узнікла ў Францыі ў 15 ст., дзе так называлі афіцэра, які быў нам. начальніка. З 2-й пал. 17 ст. ў Францыі і інш.еўрап. дзяржавах чын у арміі і ваен. флоце. У Расіі чын Л. існаваў з пач. 18 ст. на флоце. Ва ўзбр. сілах СССР у 1935 уведзены званні Л. і старшага Л., у 1937 — малодшага Л.; захаваліся ва ўзбр. сілах Рэспублікі Беларусь і інш.дзяржаў. Гл. таксама Званні воінскія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖПАРЛА́МЕНЦКІ САЮ́З (МС),
міжнародная няўрадавая арг-цыя, якая аб’ядноўвае нац. парламенцкія групы розных дзяржаў. Створаны ў 1889. Мэта М.с. — заахвочванне асабістых кантактаў паміж членамі ўсіх парламентаў і аб’яднанне іх для сумеснай дзейнасці ў справе ўмацавання міжнар. міру, супрацоўніцтва. М.с. мае кансультатыўны статус 1-й катэгорыі пры ААН, падтрымлівае кантакты з яе Сакратарыятам і спецыялізаванымі ўстановамі ААН, асабліва з ЮНЕСКА. У 1999 у саюз уваходзіла больш за 110 дзяржаў, у т. л. Рэспубліка Беларусь. Сакратарыят М.с. на чале з ген. сакратаром знаходзіцца ў Жэневе (Швейцарыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ТНАЯ БЛАКА́ДА,
эканамічная ізаляцыя якой-н. дзяржавай ці групай дзяржаў адной або некалькіх краін з мэтай спыніць ці прыпыніць імпарт тавараў гэтых краін. Ажыццяўляецца шляхам выкарыстання забаронных і наступальных звышпратэкцыянісцкіх пошлін. Спалучаецца з валютнымі абмежаваннямі, устанаўленнем кантынгентаў і квот дапушчальнай да ўвозу прадукцыі, а таксама ўвядзеннем забарон на экспарт у пэўную краіну або на імпарт з яе тавараў. Правядзенне М.б. тармозіць развіццё эканомікі блакіраванай краіны, аднак у некаторых выпадках яна праследуе прагрэсіўныя мэты, напр., большасць дзяржаў свету праводзіла М.б. ПАР і Радэзіі, дзе панавалі расісцкія рэжымы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НСКІ КАНГРЭ́С 1814—15,
міжнародны кангрэс, які завяршыў войны еўрапейскіх дзяржаў супраць напалеонаўскай Францыі. Праходзіў у вер. 1814 — чэрв. 1815 у Вене. Удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх еўрап.дзяржаў, акрамя Турцыі. Гал. роля належала Расіі, Англіі і Аўстрыі.
Кангрэс праходзіў у вострых супярэчнасцях, асабліва па пытаннях падзелу Польшчы і Саксоніі. 3.1.1815 Англія, Францыя і Аўстрыя падпісалі тайны дагавор супраць Расіі і Прусіі. Пад націскам гэтых краін Расія адмовілася ад часткі сваіх прэтэнзій на польск. тэрыторыю. Ёй была перададзена ўсх.ч. Варшаўскага герцагства, т.зв. Каралеўства Польскае. Зах. частка (Познань) засталася за Прусіяй, паўднёвая (Галіцыя) — за Аўстрыяй. Прусія атрымала толькі паўн.ч. Саксоніі, а таксама Рэйнскую правінцыю, Вестфалію, ч. Памор’я. Венскі кангрэс пазбавіў Францыю ўсіх яе заваёў. Уздоўж яе граніц быў створаны бар’ер з дзяржаў, здольных затрымаць новую агрэсію. Бельгія і Галандыя штучна аб’яднаны ў адзінае каралеўства Нідэрланды. Быў створаны Германскі саюз у складзе 39 герм.дзяржаў, герцагства Люксембург (належала каралю Нідэрландаў) і Гальштыніі (мела асабістую унію з Даніяй). З 19 швейц. кантонаў створана Швейц. канфедэрацыя, ёй аддалі важныя пагранічныя раёны. Англія пакінула сабе калоніі і марскія базы, захопленыя ў Галандыі і Францыі — Капскую калонію, а-вы Цэйлон і Мальта. Аўстрыя атрымала Тарнопальскую акругу, Ламбардыю і Венецыю. Данія, саюзніца Напалеона I, страціла Нарвегію, якую перадалі Швецыі. Італія засталася раздробленай і трапіла пад моцны ўплыў Аўстрыі.
Рашэнні Венскага кангрэсу былі накіраваны на аднаўленне і ўмацаванне феад. парадкаў у Еўропе, задавальненне тэр. прэтэнзій дзяржаў-пераможцаў, захаванне раздробленасці Германіі і Італіі. Венскі кангрэс стварыў т.зв. венскую сістэму, пры якой у Еўропе першынствавалі Англія і (да Крымскай вайны 1853—56) Расія. Для аховы ўстаноўленага Венскім кангрэсам міжнар. парадку ў вер. 1815 створаны Свяшчэнны саюз. Вызначаныя Венскім кангрэсам граніцы ў Еўропе захоўваліся больш за 50 гадоў.
Літ.:
Дебидур А. Дипломатическая история Европы: Священный союз от Венского до Берлинского конгресса, 1814—1878: Пер. с фр.Т. 1. Ростов н/Д, 1995.