ПАРЭНХІ́МА (ад грэч. parenchyma напаўненне) у жывёл, 1) спецыялізаваная тканка якога-небудзь органа (напр., залоз, печані, селязёнкі), якая выконвае асн. функцыю гэтага органа. Проціпастаўляецца апорнаму каркасу, які мае ў сабе злучальную тканку; 2) Філагенет. папярэднік сапр. тканкі або злучальная тканка, што фарміруецца з мезадэрмы і запаўняе поласці паміж органамі ў некат. жывёл (напр., плоскія чэрві, п’яўкі). У раслін — асн. тканка, якая мае ў сабе жывыя клеткі амаль аднолькавага памеру і працягласці ў трох вымярэннях (танкасценны многавугольнік). У П. ўтвараюцца спецыялізаваныя (напр., праводныя, мех.) тканкі, ажыццяўляецца асіміляцыя, выдзяленне, назапашванне і інш. Адрозніваюць П., што назапашвае, што паглынае, асіміляцыйную (хларэнхіму), паветраносную (аэрэнхіму). Тканкі П. часам вяртаюцца да мерыстэматычнага стану (здольнасці да дзялення) пры гаенні ран, рэгенерацыі тканак і органаў, утварэнні прыдаткавых каранёў і парасткаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕАКТЫ́ЎНАЕ РЭ́ЧЫВА,
хімічнае рэчыва (матэрыял), у саставе якога ёсць радыенукліды. Небяспечныя для чалавека (гл.Біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў, Радыеактыўнае забруджванне).
Паводле радыетаксічнасці ўсе радыенукліды падзяляюць на 4 групы. Група А — асабліва небяспечныя для чалавека радыенукліды цяжкіх элементаў (напр., палоній-210, ізатопы плутонію з масавымі лікамі 238—240, 242, 244), ядры якіх здольныя да спантаннага дзялення ці альфа-распаду, маюць параўнальна вялікія перыяды паўраспаду і могуць назапашвацца ў жыццёва важных органах чалавека. Радыенукліды з высокай (стронцый-90, ёд-131, цэрый-144, радый-224, торый-227, уран-235 і інш.), сярэдняй (натрый-22, фосфар-32, кальцый-45, жалеза-59, кобальт-60, цэзій-137 і інш.) і малой радыетаксічнасцю (вуглярод-14, вадарод-3 і інш.) адносяцца да груп Б, В і Г адпаведна. Работа з Р.р. рэгламентуецца нормамі радыяцыйнай бяспекі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯЛЕ́ННЕ Я́ДРАЎ,
працэс, пры якім ядро атамнае дзеліцца на 2 і больш частак (асколкаў) з блізкімі масамі; суправаджаецца вылучэннем γ-квантаў і нейтронаў. Можа адбывацца самаадвольна (спантанна) або пры ўзаемадзеянні ядра з часціцамі і γ-квантамі. Пры Дз.я. урану, плутонію і інш. ствараюцца ўмовы для развіцця ланцуговай ядзернай рэакцыі, якая выкарыстоўваецца ў ядз. энергетыцы.
Пачатковая стадыя Дз.я. — павольная змена формы ядра, пры якой утвараецца шыйка, што злучае 2 яшчэ не сфарміраваныя асколкі (час праходжання гэтай стадыі залежыць ад энергіі ўзбуджэння ядра); паступова шыйка патанчаецца і ў некаторы момант часу адбываецца яе разрыў і асколкі разлятаюцца ў процілеглыя бакі. У 1938 ням. вучоныя О.Ган і Ф.Штрасман устанавілі, што пры бамбардзіроўцы урану нейтронамі ўтвараюцца ядры шчолачназямельных элементаў (напр., барыю). Спантаннае Дз.я. адкрыта эксперыментальна Г.М.Флёравым і К.А.Петржакам (1940).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБЕРЭЛІ́НЫ,
роставыя гармоны раслін з групы дытэрпеноідных кіслот. У раслінах ідэнтыфікавана больш за 40 гіберэлінаў, у грыбах — за 20. Абазначаюцца ГА1, ГА2, ГА3 (у паслядоўнасці вылучэння і выяўлення будовы). Адрозніваюцца тыпам, колькасцю і размяшчэннем функцыян. груп. У раслінах гіберэліны сінтэзуюцца ў органах, якія інтэнсіўна растуць (насенне, верхавінкавыя пупышкі). Актыўныя формы гіберэлінаў могуць пераходзіць у неактыўныя (напр., пры выспяванні пладоў). Найбольш характэрны фізіял. эфект гіберэлінаў — паскарэнне росту органаў за кошт дзялення і расцяжэння клетак. Гіберэліны перапыняюць перыяд спакою ў насенні, клубнях, цыбулінах, індуцыруюць цвіценне раслін доўгага дня за кароткі дзень, стымулююць прарастанне пылку, выклікаюць партэнакарпію (утварэнне на раслінах пладоў без апладнення), пазбаўляюць ад фізіял. і генетычнай карлікавасці. Непасрэдна ўздзейнічаюць на біясінтэз ферментаў. Адзін з найб. актыўных гіберэлінаў — гіберэлавая кіслата (ГА3). Выкарыстоўваюць гіберэліны ў сельскай гаспадарцы для павелічэння ўраджайнасці, стымуляцыі прарастання насення, прыгатавання соладу; апрацоўка азімых злакаў гіберэлінамі замяняе яравізацыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРЫСТЭ́МА (ад грэч. meristos што дзеліцца),
1) утваральная тканка раслін, што доўга захоўвае здольнасць да дзялення і ўтварэння новых клетак, адрозніваецца высокай метабалічнай актыўнасцю. Адны клеткі М. (ініцыяльныя) затрымліваюцца на эмбрыянальнай фазе развіцця і забяспечваюць бесперапыннае нарастанне масы расліны, інш. паступова дыферэнцыруюцца і ўтвараюць пастаянныя тканкі (покрыўныя, праводныя, мех., асн. і інш.). У вышэйшых раслін М. ўзнікае з прамерыстэмы зародка насення і ў далейшым знаходзіцца ў конусах нарастання парастка і кораня, якія неабмежавана растуць сваімі верхавінкамі на працягу жыцця расліны. У працэсе росту часткова захоўваецца ў каранях (перыцыкл), у вузлах парасткаў. Уставачная (інтэркалярная) М. часова захоўваецца ў пупышках, міжвузеллях (асабліва доўга ў злакаў), у аснове чаранка і краявой пласціны ліста (маргінальная М.). Другасныя М. (напр., фелаген, што ўтварае корак, раневая — калус і інш.) узнікаюць у пастаянных тканках.
2) Неспецыфічныя клеткі жывёлы, здольныя да дыферэнцыроўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛО́ШЧАў геаметрыі,
адна з асн. колькасных характарыстык геаметрычных фігур. У найпрасцейшых выпадках вымяраецца колькасцю адзінкавых квадратаў (квадратаў са стараной, роўнай адзінцы даўжыні), якія запаўняюць плоскую фігуру.
П. прамавугольніка роўная здабытку даўжынь дзвюх сумежных старон, П. трохвугольніка — палове здабытку асновы на вышыню. П. многавугольніка вымяраюць шляхам дзялення яго на прамавугольныя фігуры. П. плоскай крывалінейнай фігуры, абмежаванай простым контурам (контур, які не перасякае сябе), наз. агульны ліміт П. многавугольнікаў, да якога імкнуцца плошчы ўмежаванага і акрэсленага многавугольнікаў пры неабмежаваным змяншэнні даўжынь іх старон. Аналітычна П. такой фігуры вылічваецца пры дапамозе вызначанага інтэграла. Каб вызначыць П. фігуры на крывой паверхні, яе разбіваюць на часткі, праектуюць іх на датычную плоскасць і вылічваюць суму П. праекцый. Ліміт гэтай сумы пры неабмежаваным дзяленні фігуры роўны П. фігуры. Аналітычна П. такой фігуры можна вылічыць пры дапамозе паверхневага інтэграла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРАЦЫ́ЙНАЕ ЗЛІЧЭ́ННЕ,
метад аналізу матэматычнага, які дае магчымасць зводзіць рашэнне складаных матэм. задач да больш простых. У аснову закладзена замена па пэўных правілах зададзеных функцый (арыгіналаў) 𝑓(t) інш. функцыямі (вобразамі) камплекснай пераменнай F(s); пры гэтым аперацыя дыферэнцавання пераходзіць у аперацыю множання на s, інтэгравання — дзялення на s, дыферэнцыяльныя і інтэгральныя ўраўненні — у алг. ўраўненні і інш.
Англ. вучоны О.Хевісайд прапанаваў у 1892 фармальныя правілы карыстання аператарам p=d/dt і некаторымі функцыямі гэтага аператара, з дапамогай чаго вырашыў шэраг задач электрадынамікі. Абгрунтаванне аперацыйнага злічэння праводзіцца на аснове інтэгральнага Лапласа пераўтварэння. Аперацыі знаходжання вобразаў па арыгіналах (і наадварот) забяспечаны спец. табліцамі. Найбольш агульныя вынікі аперацыйнага злічэння атрыманы на аснове тэорыі абагульненых функцый. Далейшае развіццё ідэі аперацыйнага злічэння атрымалі ў функцыянальным злічэнні аператараў, сімвалічным злічэнні псеўдадыферэнцыяльных аператараў. Распрацаваны абагульненні аперацыйнага злічэння на аснове пераўтварэнняў Фур’е і Меліна; для інш. дыферэнцыяльных аператараў.
Літ.:
Диткин В.А., Прудников А.П. Интегральные преобразования и операционное исчисление. 2 изд. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ТАЧНАЯ ТЭО́РЫЯ,
адно з найгалоўнейшых біял. абагульненняў, у адпаведнасці з якім усе арганізмы маюць клетачную будову. Сфармулявана Т.Шванам (1839), які паказаў агульны прынцып будовы і росту тканак жывёл і раслін. Клетка — асн. адзінка жыццядзейнасці, структуры і функцыі і найменшая элементарная часцінка, якая валодае характэрнымі асаблівасцямі жывога. Новыя клеткі ўзнікаюць толькі ад дзялення раней існуючых. Важныя кампаненты клеткі (нуклеінавыя кіслоты, бялкі), працэсы іх сінтэзу і ператварэнняў універсальныя і падобныя ў клетак усіх жывых сістэм.Асн. будова клеткі прынцыпова падобная ў эўкарыётаў (маюць ядро) і пракарыётаў (не маюць ядра). Даказана агульнасць клетачных арганоідаў у жывёл і раслін. Сучасная К.т. разглядае шматклетачны арганізм як складаную інтэграваную сістэму, для якой характэрны новыя спецыфічныя рысы. Цэласнасць арганізма складаецца з актыўнасці і ўзаемадзеяння асобных клетачных адзінак, якое ў жывёл ажыццяўляецца нервовай і гумаральнай рэгуляцыяй, а ў раслін — непасрэднай цытаплазматычнай сувяззю клетак.
Літ.:
Вермель Е.М. История учения о клетке. М., 1970;
Митникова Л.В. Философские проблемы биологии клетки: (Гносеол. аспект). Л., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́БУХ,
працэс вызвалення вял. колькасці энергіі ў абмежаваным аб’ёме за кароткі прамежак часу. У выніку выбуху выбуховае рэчыва ператвараецца ў газ з высокім ціскам і т-рай, які з вял. сілай уздзейнічае на навакольнае асяроддзе і прыводзіць яго ў рух (гл.Ударная хваля).
Бывае выбух хім. выбуховых рэчываў у выніку ланцуговай хімічнай рэакцыі, ядзерны выбух у выніку рэакцый дзялення або сінтэзу атамных ядраў (гл.Ланцуговыя ядзерныя рэакцыі, Тэрмаядзерныя рэакцыі). Выбух можа адбывацца таксама за кошт энергіі вонкавых крыніц, калі яе дастаткова для выпарэння рэчыва: праходжанне магутных эл. токаў праз рэчыва; імпульснае ўздзеянне лазернага выпрамянення (гл.Лазер), многія прыродныя з’явы (напр., маланка, раптоўнае вывяржэнне вулкана, падзенне буйных метэарытаў). У космасе адбываюцца выбухі каласальных маштабаў: храмасферныя ўспышкі на Сонцы, успышкі новых і звышновых зорак, выбухі ядраў галактык.
Выбух выкарыстоўваецца ў навук. даследаваннях, даследаваннях атмасферы і ўнутранай будовы Зямлі, у тэхніцы, нар. гаспадарцы і ваен. тэхніцы. Гл. таксама Вакуумная зброя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯЛЬДО́ВІЧ (Якаў Барысавіч) (8.3.1914, Мінск — 2.12.1987),
савецкі фізік-тэарэтык, адзін з заснавальнікаў навук. школы фізіка-хім. працэсаў гарэння, дэтанацыі і ўдарных хваль. Акад.АНСССР (1958). Тройчы Герой Сац. працы (1949, 1953, 1956). З 1931 у ін-тах АНСССР. Навук. працы па фіз. хіміі, тэорыі гарэння, ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц, астрафізіцы і рэлятывісцкай касмалогіі. Стварыў фіз. асновы ўнутр. балістыкі ракетных парахавых рухавікоў, развіў сучасную тэорыю дэтанацыі. Разам з Ю.Б.Харытонам выканаў разлік ланцуговай ядз. рэакцыі дзялення урану (1939). Распрацаваў тэорыю апошніх стадый эвалюцыі зорак і зоркавых сістэм з улікам эфектаў тэорыі адноснасці. Аўтар навучальных дапаможнікаў і даведнікаў па фізіцы і матэматыцы. Ленінская прэмія 1957. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1949, 1951, 1953. На радзіме помнік.
Тв.:
Физика ударных волн и высокотемпературных гидродинамических явлений. 2 изд. М., 1966 (разам з Ю.П.Райзерам);
Теория тяготения и эволюция звезд. М., 1971 (разам з І.Дз.Новікавым);
Строение и эволюция Вселенной. М., 1975 (з ім жа).
Літ.:
Герштейн С.С. и др. Я.Б.Зельдович // Успехи физ. наук. 1974. Т. 112. Вып. З.