ХАЛАДЗІ́ЛЬНАЯ ТЭ́ХНІКА,

галіна тэхнікі, звязаная з атрыманнем і выкарыстаннем штучнага ахаладжэння ў межах ад 10 да -150 °C. Больш нізкія т-ры — галіна крыягеннай тэхнікі. Крыніцы холаду — халадзільныя машыны і ахаладжальныя рэчывы, у якіх працэсы раставання (напр., вадзяны лёд), сублімацыі (цвёрдая вуглекіслата — сухі лёд) або растварэння (ахаладжальныя сумесі) працякаюць пры т-рах ніжэй за 0 °C.

Сродкі Х.т.: халадзільныя ўстаноўкі, прамысл. і быт. халадзільнікі, лёдагенератары, тэрмабаракамеры, электронныя тэрмабатарэі, кандыцыянеры, замарожвальныя трубы (калонкі) і інш. Сродкі і метады Х.т. выкарыстоўваюць у хім. (вытв-сць азотнай і хлорнай кіслот, сінт. каўчукоў, штучных валокнаў і інш.), харч. (вытв-сць, транспартаванне, замарожванне харчовых прадуктаў і іх захоўванне), нафтаперапрацоўчай і газавай прам-сці, у медыцыне, біялогіі, спорце, буд-ве (для замарожвання ваданосных грунтоў).

С.​Я.​Дзям’янаў.

Халадзільная тэхніка. Схема рэгулявання тэмпературы халадзільнай шафы халадзільніка: 1 — кампрэсар; 2 — электрарухавік; 3 тэмпературнае рэле; 4 — адчувальны элемент рэле; 5 — шафа; 6 — выпаральнік; 7 — кандэнсатар.

т. 16, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕМЛЯНЫ́Я РАБО́ТЫ,

работы, звязаныя з распрацоўкай (выманнем), перамяшчэннем і ўкладкай грунту ў пэўнае месца; від будаўнічых работ. Выконваюцца пры буд-ве плацін, дамбаў, дарог, пракладцы інж. сетак, планіроўцы тэрыторый, раскрыцці радовішчаў і інш. Бываюць адкрытыя (на паверхні зямлі), падземныя і падводныя.

З.р. выконваюцца мех., гідрамех. (гл. Гідрамеханізацыя), выбуховым і камбінаваным спосабамі. Пры мех. спосабе капанне і перамяшчэнне грунту робяцца землярыйнымі і землярыйна-трансп. машынамі (экскаватарамі, бульдозерамі, скрэперамі, грэйдэрамі, грэйдэрамі-элеватарамі, каналакапальнікамі, аўтапаяздамі, самазваламі і інш.); разраўноўванне і ўшчыльненне — планіроўшчыкамі, каткамі дарожнымі, трамбавальнымі машынамі і інш. Выбуховы спосаб эфектыўны пры распрацоўцы скальных, мёрзлых і інш. грунтоў павышанай трываласці. Метадам накіраванага выбуху часта забяспечваюць пасадку дарожнага насыпу на мінер. дно балота. Земляныя збудаванні, якія ствараюцца ў выніку З.р., бываюць у выглядзе выемак або насыпаў. Выемка, якая выкопваецца для здабычы грунту, наз. кар’ерам (часам рэзервам); насып, што ўтвараецца пры адсыпцы залішняга грунту, — адвалам. Да З.р. адносяць таксама падрыхтоўчыя і дапаможныя работы.

Літ.:

Основы строительного дела. Мн., 1980.

І.​І.​Леановіч.

т. 7, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭМЕНТА́ЦЫЯ,

1)у металаапрацоўцы — дыфузійнае насычэнне паверхневага слоя метал. (пераважна стальных) вырабаў вугляродам пры т-ры 900—950 °C; адзін з відаў хіміка-тэрмічнай апрацоўкі.

Павышае цвёрдасць, зносаўстойлівасць і стомленасную трываласць. Робіцца ў сумесях газаў (газавая Ц.), у ваннах з расплаўленых солей (вадкая Ц.). Глыбіня навугляроджанага пры Ц. слоя 0,5—3 мм, часам да 20 мм. Ц. выкарыстоўваюць у вытв-сці шасцерняў, восей, валоў і інш. 2) У каляровай металургіі — гідраметалургічны працэс, заснаваны на выцясненні (асаджэнні) больш электрададатных металаў з раствораў іх злучэнняў менш электрададатнымі, што знаходзяцца ў цвёрдым стане. Такім спосабам ачышчаюць растворы ад дамешкаў (напр., электраліты пры вытв-сці нікелю), здабываюць металы іх асаджэннем (напр., золата з яго цыяністых раствораў) і інш. Гл. таксама Гідраметалургія.

3) У будаўніцтве — спосаб замацавання грунтоў, каменных і бетонных муровак вадкім цэментным растворам або цэментнай суспензіяй, якія нагнятаюцца ў пустоты, шчыліны, поры, свідравіны і інш. 4) У горнай справе — замацаванне сыпкіх адкладаў і ператварэнне іх у цвёрдыя горныя пароды карбанатамі, вокісламі крэмнію і інш.

т. 17, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРО́ЖНАЕ АДЗЕ́ННЕ,

шматслойная канструкцыя праезнай ч. аўтамабільнай дарогі, прызначаная стварыць роўную, трывалую і шурпатую паверхню для руху трансп. сродкаў. Успрымае нагрузку ад колаў машын, перадае яе ў разгрупаваным выглядзе на земляное палатно, ахоўвае яго ад увільгатнення і прамярзання.

Д.а. складаецца з дарожнага пакрыцця і адна- або шматслойнай асновы. Дарожнае пакрыццё бывае ўдасканаленае капітальнае (цэмента- або асфальтабетоннае, мазаічнае і брусчатае маставое на трывалай аснове), удасканаленае аблегчанае (чорнае друзавае і чорнае жвіровае на аснове з каменных матэрыялаў), пераходнае (грунтадрузавае, грунтажвіровае і грунтавое, умацаванае вяжучымі матэрыяламі, маставое з колатага каменю), ніжэйшае (грунтавое, палепшанае дамешкамі жвіру, друзу або пабудаванае з аптымальных грунтавых сумесей). Аснову адзення робяць з цэмента- і асфальтабетону, шчэбеню, гравію, з грунтоў, умацаваных вяжучымі рэчывамі і інш. Можа мець гідра- або цеплаізаляцыйныя праслойкі, трубчасты дрэнаж. У Беларусі дарогі агульнага карыстання маюць Д.а. (1997, у %): цэментабетоннае 3,5, асфальтабетоннае 63,5, чорнае жвіровае і чорную шашу 3, белую шашу 0,1, маставое 0,5, жвіровае 29,4.

І.​І.​Леановіч.

Дарожнае адзенне: 1 — дадатковы слой асновы; 2, 3 — слаі асновы; 4, 5 — ніжні і верхні слаі дарожнага пакрыцця.

т. 6, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПО́ЎЗЕНЬ,

адрыў і слізготнае зрушэнне масы горнай пароды ўніз па схіле пад дзеяннем сілы цяжару. Найчасцей узнікаюць на горных схілах рачных далін, высокіх берагах мораў, азёраў, вадасховішчаў, складзеных з нахільных пластоў водатрывалых (гліністых) парод, якія чаргуюцца з ваданоснымі пародамі. Утвараюцца ў рыхлых адкладах і шчыльных пародах у выніку павелічэння стромкасці або падмывання асновы схілу, пераўвільгатнення грунтоў талымі і дажджавымі водамі, сейсмічных штуршкоў, нерацыянальнай гасп. дзейнасці чалавека. Буйныя апоўзні маюць працягласць уздоўж схілу на дзесяткі і сотні метраў і захоўваюць ва ўнутр. ч. пэўную маналітнасць (пры таўшч. 10—20 м і больш); невялікія называюцца аплывінамі. Пры апоўзнях утвараюцца невял. формы рэльефу — тэрасы і ўзгоркі, а таксама спецыфічныя формы расліннасці (напр., «п’яны» лес). Апоўзні прычыняюць вял. шкоду нас. Пунктам, с.-г. угоддзям, прамысл. прадпрыемствам, гасп. інфраструктуры і інш. На Беларусі яны адзначаюцца каля стромкіх схілаў рачных далін, глыбокіх яроў. Каб прадухіліць апоўзні, умацоўваюць берагі, схілы, праводзяць дрэнажныя работы, лесапасадкі і інш.

Апоўзень: 1 — пачатковае становішча схілу; 2 — непарушаны схіл; 3 — апоўзневы блок; 4 — паверхня слізгання; 5 — пляцоўка апоўзневай тэрасы; 6 — сцяна зрыву апоўзня; 7 — напорны апоўзневы вал; 8 — урэз ракі.

т. 1, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯР, роў,

глыбокі са стромкімі схіламі размыў, утвораны часовымі вадацёкамі; найб. небяспечны вынік воднай эрозіі глебы. Даўж. да некалькіх кіламетраў, шыр. і глыб. — дзесяткі метраў. Узнікаюць пры інтэнсіўных ліўневых дажджах, разворванні і апрацоўцы глебы ўздоўж схілаў, пракладцы дарог, празмерным выпасе жывёлы, знішчэнні дрэвавай і травяністай расліннасці на схілах і інш. Характэрны для ўзгорыстых раўнін, узвышшаў, перадгор’яў, якія складзены з рыхлых парод (лёсаў, лёсападобных суглінкаў і інш.). Я. «растуць» за кошт рэгрэсіўнай эрозіі ўверх па схілах або ў глыб водападзела, а таксама ў выніку доннага і бакавога размыву і разгалінавання, пераважна пры раставанні снегу і ліўнях, калі звязанасць пераўвільготненых грунтоў памяншаецца. Пашыраны на раўнінах стэпавай і лесастэпавай зон Расіі, Украіны, у перадгор’ях Каўказа, Цэнтр. Азіі, шэрагу штатаў ЗША, правінцый Кітая і інш. На Беларусі займаюць больш за 11 тыс. га, у асн. на Аршанска-Магілёўскай раўніне, Навагрудскім, Ашмянскім і Мінскім узвышшах, Мазырскай і Капыльскай градах. Я. наз. таксама абрывісты бераг ракі (часцей правы ў Паўн. паўшар’і), мора ці возера, уступ дна ракі ці возера, вір. Тэрмін уваходзіць у склад многіх геагр. назваў (напр., Краснаярск).

т. 18, кн. 1, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСКАВА́ТАР (англ. excavator ад лац. excavo дзяўбу, выдзёўбваю),

самаходная землярыйная машына для капання і перамяшчэння на невял. адлегласці (да трансп. сродкаў, у адвал) грунтоў, горных парод, карысных выкапняў, інш. сыпкіх і кускавых матэрыялаў. Складаюцца з рабочага (асобны коўш, каўшовыя кола або ланцуг), хадавога і сілавога абсталявання, трансмісіі, сістэмы кіравання. Бываюць аднакаўшовыя (цыклічнага дзеяння) і многакаўшовыя (бесперапыннага дзеяння, ротарныя і ланцуговыя); на аўтамаб. (пнеўмаколавым), гусенічным і чыг. хаду, шагаючыя, шагаюча-рэйкавыя і плывучыя (гл. Землечарпальны снарад).

Паводле тыпу сілавога абсталявання Э. падзяляюцца на эл., з рухавікамі ўнутр. згарання (пераважна дызельныя) і камбінаваныя. Аднакаўшовыя Э. маюць выканаўчымі механізмамі прамую ці зваротную лапату, драглайн, грэйфер, струг, капар і інш. Бываюць будаўнічыя, кар’ерныя, ускрышныя, тунэльныя, шахтавыя. Пры неабходнасці на іх ставяць кранавае, палябойнае, рыхліцельнае, карчавальнае і інш. абсталяванне. Ёмістасць каўша да 8 м³, прадукцыйнасць да 180 м³/гадз і больш. Многакаўшовыя Э. — папярочнага, падоўжнага, касога і радыяльнага капання. Выкарыстоўваюцца таксама як пагрузачна-разгрузачныя машыны на складах сыпкіх матэрыялаў, перавалачных базах і г.д. Прадукцыйнасць ланцуговых Э. да 3 тыс. м³ грунту за гадзіну, ротарных да 5 тыс. м³/гадз і больш.

Схемы Э.-драглайнаў прапанаваў у пач. 16 ст. Леанарда да Вінчы. Аднакаўшовы няпоўнапаваротны Э. на рэйкавым хаду запатэнтаваў у 1834 В.​Оціс (ЗША). Шырокае выкарыстанне аднакаўшовых Э. пачалося з канца 19 ст. пры буд-ве чыгунак. Вытв-сць іх у Расіі пачата ў 1901, у СССР у 1931. Першыя эл. Э. з’явіліся ў 1910, поўнапаваротныя на гусенічным хаду з рухавікамі ўнутр. згарання ў 1912, з дызелямі ў 1916, шагаючы Э.-драглайн у 1958. Многакаўшовы Э. вынайдзены ў 1860 М.​Куўрэ (Францыя), іх выкарыстанне пашырылася з канца 19 ст. ў Германіі. У 1958 у ФРГ уведзены ў дзеянне ротарны Э. з каўшамі ёмістасцю 3600 л, у 1973 у СССР пачаты выпуск ротарных Э. прадукцыйнасцю 5 тыс. м³/гадз.

Літ.:

Домбровский Н.Г. Многоковшовые экскаваторы. М., 1972;

Лозовой Д.А., Покровский А.А. Землеройно-транспортные машины: Справ. пособие. М., 1973;

Экскаваторы непрерывного действия. М., 1975;

Машины для земляных работ Киев, 1976;

Шостак Я.Е., Горнак А.М. Экскаваторы. 2 изд. Мн., 1978;

Купченк о А.И., Вавилов А.В. Механизация мелиоративных и водохозяйственных работ. Мозырь, 2000.

В.​М.​Кандрацьеў, У.​М.​Сацута.

Экскаватары: 1 — універсальны на гусенічным хаду, абсталяваны прамой лапатай; 2 — фрэзерны для распрацоўкі шчыльных і мёрзлых грунтоў; 3 — ланцуговы на чыгуначным хаду для ўскрышных, здабыўных і інш. работ; 4 — аднакаўшовы на пнеўматычным хаду, абсталяваны зваротнай лапатай (Коханаўскі экскаватарны завод, Беларусь).
Зменныя рабочыя органы гідраўлічных экскаватараў: 1—4 — каўшы зваротнай лапаты, для вузкіх траншэй, для дрэнажных работ, зачысны; 5 — гідрамолат; 6—7 — планіровачны і пагрузачны каўшы; 8 — мнагазубы рыхліцель; 9 — мнагасківічны грэйфер.

т. 18, кн. 1, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНЖЫНЕ́РНАЯ ГЕАЛО́ГІЯ,

галіна геалогіі, якая вывучае верхнія гарызонты зямной кары і яе дынаміку ў сувязі з інж. дзейнасцю чалавека. Асн. аб’ектамі вывучэння з’яўляюцца фіз.-мех. ўласцівасці горных парод і змены іх у часе; геал. працэсы, іх прагнозная ацэнка і накіраванасць. Выкарыстоўвае метады геафіз. (электраразведка, мікрасейсміка, розныя віды каратажу), петралагічныя, хім., фіз., аптычныя і інш. Складаецца з раздзелаў: грунтазнаўства, механіка грунтоў, інж. геадынаміка, рэгіянальная і спецыяльная І.г. (буд., дарожная, ваен., марская і інш.). Цесна звязана з гідрагеалогіяй, петраграфіяй, геакрыялогіяй, дынамічнай геалогіяй і інш. Пачала развівацца ў 19 ст. Вялікі ўклад у І.г. зрабілі вучоныя рас. Ф.​П.​Саварэнскі, І.​В.​Папоў, М.​М.​Маслаў, В.​А.​Прыклонскі, Я.​М.​Сяргееў, В.​Д.​Ламтадзе, В.​Ц.​Трафімаў і інш., амер. К.​Тэрцагі, Р.​Пек, Дж.​Тэйлар, англ. А.​Скемптан, чэш. К.​Заруба і М.​Матула, югасл. Б.​Куюнджыч і М.​Яніч і інш. На Беларусі пытаннямі І.г. займаліся К.І.Лукашоў, Ю.А.Сабалеўскі, Г.А.Калпашнікаў, У.​Р.​Лабадзенка, В.​Ф.​Вішнеўскі, І.​А.​Бусел. Даследаванні І.г. праводзяцца ў Бел.дзярж. ін-це інж. вышуканняў «Геасэрвіс», Бел. н.-д. геолага-разведачным ін-це, Бел. дзярж. політэхн. акадэміі.

П.​М.​Касцюковіч.

т. 7, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗЕ́МНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,

спецыяльна абсталяваныя збудаванні, размешчаныя ў тоўшчы зямлі. Да іх адносяцца: трансп. і гідратэхн. тунэлі; збудаванні метрапалітэна, электрастанцыі (гал. чынам гідраэлектрычныя станцыі, а таксама атамныя 4 цеплавыя); склады і халадзільнікі; аб’екты гар. гаспадаркі (пешаходныя пераходы, гаражы, калектары, трубаправоды, газаразмеркавальныя станцыі, магазіны і інш.); ёмістасці (рэзервуары) для пітной вады, газавыя сховішчы, нафтасховішчы, сховішчы для захоўвання шкодных адходаў вытв-сці; прамысл. аб’екты (напр., кампрэсарныя і помпавыя станцыі, заводы); лячэбныя аб’екты (пераважна ў саляных вырабатках); збудаванні грамадз. абароны, ваен. аб’екты. Асобную групу складаюць П.з. шахтаў (эл. падстанцыі, дэпо, станцыі водаадліву, шахтавыя ствалы, капітальныя штрэкі, штольні і інш.).

П.з. неглыбокага залажэння будуюць адкрытым спосабам (у катлаванах, траншэях), метадамі апускнога калодзежа або «сцяна ў грунце» (у траншэях робяцца сцены з наступным выманнем грунту з унутр. аб’ёму). П.з. глыбокага залажэння ствараюць закрытым спосабам з выкарыстаннем буравых свідравін, горных вырабатак, горных камбайнаў, шчытоў праходчых, буравыбуховых работ і інш. Пры вядзенні падземных работ выкарыстоўваюць асушэнне, замарожванне грунтоў, хім. замацаванне, тампанаж, цэментацыю і сілікатызацыю. Гідраізаляцыя П.з. дасягаецца ўшчыльненнем або паляпшэннем хім. дабаўкамі матэрыялаў, што кладуцца ў канструкцыю, стварэннем воданепранікальных перакрыццяў.

На Беларусі П.з. з’яўляюцца Мінскі метрапалітэн, газасховішчы, аб’екты грамадз. абароны, калектары, шахты і інш.

І.​І.​Леановіч.

Падземныя збудаванні. Тунэль для 4-палоснага руху аўтатранспарту пад адным з каналаў Амстэрдама.

т. 11, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НА,

рака ў Іванаўскім і Пінскім р-нах Брэсцкай вобл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 40 км. Пл. вадазбору 2460 км². Пачынаецца каля в. Пераруб Іванаўскага р-на (паводле інш. звестак — каля в. Дубай Пінскага р-на з даўж. рэчышча 27 км), вусце ў межах г. Пінск. Цячэ па нізіне Прыпяцкае Палессе. Асн. прытокі: канавы Выценская, Таўкачыха, Кобельская, без назвы каля в. Хамічава (справа), рэкі Струга, Няслуха, Піліпаўка (злева). На тэр. вадазбору пад азёрамі 1% (найб. Пясчанае, Скорань, Завішчанскае), пад балотамі і забалочанымі землямі 31%, пад лесам 28%, разарана 25%. Даліна слабавыразная. Рэчышча слабазвілістае, шыр. 30—40 м. У выніку каналізацыі лукавіны выпрастаны, рэчышча паглыблена на перакатах. Берагі нізкія, стромкія, выш. 1—1,5 м, складзеныя з пясчаных і тарфяністых грунтоў, месцамі насыпаныя. Жыўленне мяшанае: снегавое, дажджавое, грунтавое.

Сярэднегадавы расход вады ў вусці 8,6 м³/с. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае каля 50% гадавога сцёку. Ледастаў з сярэдзіны снеж. да 2-й пал. сакавіка. Веснавы ледаход 4 сут. Сярэдняя вышыня найб. ўзроўню веснавога разводдзя над межанным 1,8 м, воднасць ракі падтрымліваецца перакідам часткі сцёку з р. Прыпяць праз сістэму Выжаўскага і Белаазерскага каналаў. П. з’яўляецца ч. Дняпроўска-Бугскага канала. Суднаходная. У сутоках П. і Прыпяці г. Пінск (порт).

А.​А.​Макарэвіч.

т. 12, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)