сканцэнтраваныя ў банкаўскай сістэме рэсурсы, прызначаныя для выканання крэдытна-разліковых і інш. аперацый і атрымання прыбытку. Складаецца з уласнага капіталу банка (статутны, падпісны, аплачаны і рэзервовы) і чужога (найперш з укладаў). Паводле рэчавага складу ён падзяляецца на наяўныя грошы, каштоўныя паперы ў выглядзе гандл. вэксаляў і публічныя каштоўныя паперы (дзярж. аблігацыі, казначэйскія вэксалі, акцыі, іпатэкі). Наяўныя грашовыя сродкі банкі ўкладваюць у банкаўскія будынкі і іх абсталяванне, у зямельныя ўчасткі і г.д., выкарыстоўваюць на выдачу доўгатэрміновых крэдытаў, куплю каштоўных папераў, нерухомасці. Але большая частка банкаўскага капіталу — фіктыўны капітал у форме публічных каштоўных папераў, якія не маюць вартасці і толькі сведчаць аб праве іх уладальніка на атрыманне часткі нац. даходу. Іх можна прадаць на фін. рынку па больш высокай цане (курсе) і атрымаць наяўных грошай больш, чым кошт гэтых папераў. Таму маса банкаўскага капіталу павялічваецца найперш па законах фін. рынку (а не таварнага), што вядзе да адрыву руху банкаўскага капіталу ад руху прамысл. капіталу і да банкруцтва слабых банкаў.
Велічыня банкаўскага капіталу ў сучасны перыяд вымяраецца з дапамогай грашовых агрэгатаў — спецыфічных груповак ліквідных актываў. У мінулым стабільнасць банкаў вызначалася сумай наяўных грошай і чэкавых укладаў, а з пач. 1980-х г. — яшчэ і сумай укладаў на бясчэкавых рахунках і дробных тэрміновых укладаў. Вышэйшая форма канцэнтрацыі і цэнтралізацыі банкаўскага капіталу — транснац. банкаўскі капітал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЙНСІЯ́НСТВА,
тэорыя дзярж. рэгулявання эканомікі. Асн. палажэнні сфармуляваны Дж.М.Кейнсам у кн. «Агульная тэорыя занятасці, працэнта і грошай» (1936). К. даследуе колькасныя сувязі такіх макраэканам. велічынь, як капіталаўкладанні і нац. даход, інвестыцыі і занятасць насельніцтва, нац. даход, спажыванне і зберажэнне, сукупная колькасць грошай у абарачэнні, узровень цэн, заработная плата, прыбытак і працэнт і інш. У К. аналізуюцца не столькі індывід. паводзіны ўдзельнікаў эканам. працэсу, колькі суадносіны паміж сукупным попытам і прапанаваннем. Кейнс сцвярджаў, што з прычын псіхал. схільнасці людзей да зберажэння, спажыванне расце больш павольна, чым даходы. Павелічэнне нац. даходу вядзе не да росту попыту, а да росту зберажэнняў. Калі рост зберажэнняў не кампенсуецца ростам інвестыцый, даход зніжаецца і ўзмацняецца беспрацоўе. Кейнс выказаў таксама ідэю эканам. раўнавагі рыначнай сістэмы ва ўмовах няпоўнай занятасці і сцвярджаў, што ў канкурэнтнай эканоміцы не існуе механізма, які б гарантаваў поўную занятасць. Каб пазбегнуць масавага беспрацоўя, ён лічыў неабходным умяшанне дзяржавы, якая, на яго думку, павінна стымуляваць попыт на тавары шляхам фінансавання інвестыцый з бюджэту і такім чынам уздзейнічаць на рост вытворчасці. К. зрабіла значны ўплыў на эканам. палітыку краін з развітой рыначнай гаспадаркай. Сярод вядучых прадстаўнікоў К.Л.Клейн, Ф.Мадыльяні, П.Сэмуэльсан, Дж.Тобін і інш. Шэраг палажэнняў К. былі скарэкціраваны і развіты ў неакейнсіянстве.
Літ.:
Эклунд К. Эффективная экономика — Шведская модель: Пер со швед.М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНІ́СТЫКА (франц. bonistique),
дапаможная гіст. дысцыпліна, якая вывучае папяровыя грашовыя знакі як крыніцу эканам. і паліт. гісторыі грамадства. Узнікла ў пач. 20 ст., цесна звязана з нумізматыкай.
Першыя папяровыя грошы вядомы ў Кітаі з пач. 9 ст.; з 1690 вядомы ў Паўн. Амерыцы, з 1769 — у Расіі, З 1794 — V Рэчы Паспалітай. На Беларусі вядомы з часоў далучэння да Рас. імперыі (на тэр. Віцебскай і Магілёўскай губ. пасля 1772, у зах. губернях Беларусі — з 1794). У 1843—1917 абарачаліся крэдытныя білеты наміналам ад 50 кап. да 500 руб. У 19 ст. заменнікі папяровых грошай («ярлык», «квітанцыя», боны, чэкі і да т.п.) абмежавана выпускалі ўладальнікі магазінаў, фірмаў, фабрык, рэліг. суполак у Брэсце, Ваўкавыску, Зэльве, Кобрыне, Нясвіжы, Пружанах, Слоніме, Слуцку і інш. У час 1-й сусв. вайны ўлады Расіі павялічылі выпуск папяровых грошай і іх заменнікаў (чэкаў, сертыфікатаў, купонаў і інш.). Пасля Лютаўскай і Кастр. рэвалюцыі 1917, у час грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі працягвалі абарачацца «раманаўскія» і «мікалаеўскія» банкноты, «керанкі», узаконена выкарыстанне аблігацый дзярж. пазыкі і іх купонаў. У часы герм. і польск. акупацыі Беларусі (1915—20) у абарачэнні былі боны, квітанцыі, талоны, аблігацыі з наддрукоўкамі. Іх выпускалі ў Бабруйску, Гомелі, Гродне, Ігумене (Чэрвень), мяст. Колышкі (Віцебская вобл), Лідзе, Лагойску, Мінску, Магілёве, Мазыры, Навагрудку, Пінску, Рагачове, Слуцку і інш. У абарачэнні былі рас. рублі, фінскія маркі, ням. пфенінгі, рэйхсмаркі, острублі, укр. карбованцы. У Зах. Беларусі абарачаліся польск. маркі, з 1924 — злотыя. На тэр.БССР у абарачэнні адначасова былі «саўзнакі» і чырвонцы, з 1922 — казначэйскія білеты (рублі) дробных наміналаў. У Вял.Айч. вайну на акупіраванай тэр. Беларусі абарачаліся часовыя заменнікі грошай (сав. рублі, акупац. маркі, рэйхсмаркі). Пасля вайны адноўлена сав. грашовае абарачэнне. У 1992 Нац. банк Рэспублікі Беларусь выпусціў у якасці самаст. плацежнага сродку разліковыя білеты вартасцю ў 50 кап., 1, 3, 5, 10, 25 (усе зняты з абарачэння ў 1995), 50 (зняты з абарачэння ў 1996), 100, 200, 1000, 5000, з 1994 — 20 000, з 1995 — 50 000 руб.
Да арт.Баністыка. Бона, выпушчаная ў час паўстання 1794.Да арт.Баністыка. Агульнагарадская бона, выпушчаная Гомельскім гарадскім самакіраваннем у 1918.Да арт.Баністыка. Разліковая квітанцыя, выпушчаная для абарачэння ў лагерах асобага прызначэння. 1929.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАЭКАНО́МІКА,
раздзел эканам. навукі, які даследуе буйнамаштабныя з’явы і працэсы эканомікі краіны, яе гаспадаркі як адзінае цэлае. Аб’ектамі даследавання М. з’яўляюцца зводныя абагульняльныя паказчыкі па гаспадарцы — нац. багацце, валавы нац. і валавы ўнутр. прадукт, нац. даход, сумарныя дзярж. і прыватныя інвестыцыі, агульная колькасць грошай у абарачэнні; вывучае таксама сярэднія па краіне паказчыкі (напр., сярэднія даходы, заработная плата, узровень інфляцыі, беспрацоўе, занятасць), абагульняльныя паказчыкі росту, тэмпы павелічэння або зніжэння велічынь, што характарызуюць эканоміку краіны і эканам. працэсы. Асноўнае кола паказчыкаў сучаснага макраэканамічнага аналізу склалася пад уплывам Дж.М.Кейнс. Гл. таксама Мікраэканоміка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖБА́НКАЎСКІЯ РАЗЛІ́КІ,
плацяжы, якія звычайна ажыццяўляюцца шляхам пералічэння грашовых сродкаў на рахунак іх атрымальніка або шляхам заліку ўзаемных патрабаванняў. Ажыццяўляюцца пры дапамозе банкаўскіх аперацый, гал. чынам крэдытных, якія выкарыстоўваюцца для замены наяўных грошай у плацежным абарачэнні безнаяўнымі разлікамі. Маюць важнае значэнне ў рэгуляванні грашовага абарачэння, стварэнні банкаўскіх рэсурсаў, ажыццяўленні кантролю за працай гасп. суб’ектаў, скарачэнні выдаткаў абарачэння. Асн. формамі разліку паміж пастаўшчыкамі і спажыўцамі за адгружаныя або адпушчаныя тавара-матэрыяльныя каштоўнасці, выкананыя работы або аказаныя паслугі з’яўляюцца таварны акрэдытыў, разлікі па інкаса, пераводы і інш.Гл. таксама Акцэпт, Міжнародныя разлікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПУЛІ́СТЫ, партыя папулістаў,
партыя фермераў і ч. рабочых ЗША ў канцы 19 ст.Засн. ў маі 1891. Падзяляла прынцыпы папулізму. Праграма: канфіскацыя лішкаў зямлі ў карпарацый і раздача іх пасяленцам; нацыяналізацыя чыгунак, тэлеграфа і тэлефона; неабмежаваная чаканка сярэбраных і залатых манет для забеспячэння «танных грошай»; увядзенне 8-гадзіннага рабочага дня і інш. На прэзідэнцкіх выбарах 1892 іх кандыдат Дж.Б.Уівер набраў больш за 1 млн. галасоў, на выбарах 1896 П. падтрымалі кандыдата Дэмакр. партыі У.Дж.Браяна (прайграў выбары). Неаднароднасць складу партыі П. абумовіла яе няўстойлівасць, да 1900 яна распалася і фактычна спыніла існаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́НКАЎСКІ БІЛЕ́Т, банкнота,
крэдытны грашовы знак, што выпускаецца эмісійным банкам наўзамен метал.грошай. З’явіліся з развіццём крэдытных адносін, асабліва пашырыліся ў 17 ст. Банкаўскі білет — даўгавое абавязацельства яго ўладальніка, на якое можна набыць любы тавар (паслугі). Напачатку такім даўгавым абавязацельствам быў вэксаль, на змену якому прыйшлі банкаўскія білеты. У 18—19 ст. яны свабодна абменьваліся на золата. З 1920-х г. у большасці краін (за выключэннем Швейцарыі) залатое забеспячэнне банкнотаў не прадугледжана. І хоць эмісійныя банкі працягваюць выпуск банкаўскіх білетаў, яны сталі аднолькавым плацежным і разліковым сродкам нараўне з грашовымі знакамі. Усе разліковыя білеты, што выпускае Нац. банк Рэспублікі Беларусь, з’яўляюцца яго банкаўскімі білетамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́КУПЫ,
катэгорыя залежнага сялянства ў Кіеўскай Русі і ВКЛ. 1) Паводле Рускай Праўды З. станавіліся збяднелыя сяляне, якія бралі ў феадала грашовую пазыку («купу») і павінны былі працаваць у яго гаспадарцы, пакуль не вернуць яе. У адрозненне ад поўных халопаў З. маглі звярнуцца ў суд са скаргамі на пана, з дазволу пана пайсці на пошукі грошай. У выпадку продажу З. у халопы без законных падстаў пан плаціў штраф, а З. станавіўся вольным.
2) У ВКЛ 14—16 ст. З. — даўжнікі феадалаў, якія закладвалі сваю асобу ў няволю, пакуль не адпрацуюць доўг у гаспадарцы пана. З сярэдзіны 16 ст. з запрыгоньваннем асн. масы сялянства З. паступова знікаюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛО́Г, заклад,
1) у цывільным праве спосаб забеспячэння абавязацельстваў, які заключаецца ў перадачы даўжніком крэдытору грошай або інш. матэрыяльнай каштоўнасці, з вартасці якой крэдытор мае пераважнае права задаволіць сваё патрабаванне пры невыкананні даўжніком абавязацельства.
2) У крымін. працэсе шэрагу краін (у т. л. Расіі) — мера стрымання, што заключаецца ў грошах або каштоўнасцях, якія ўносяцца абвінавачаным (падазроным) у дэпазіт суда для забеспячэння яго яўкі да следчага, пракурора або ў суд. У выпадку ўхілення ад яўкі ўнесены З. спаганяецца ў даход дзяржавы.
3) З. выбарчы — у некаторых краінах (Вялікабрытанія, Францыя) грашовая сума, што абавязаны ўнесці кандыдат у дэпутаты прадстаўнічага органа пры рэгістрацыі сваёй кандыдатуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ЦІ ((Petty) Уільям) (26.5.1623, г. Ромсі, Вялікабрытанія — 16.12.1687),
англійскі эканаміст, адзін з заснавальнікаў класічнай палітэканоміі. Атрымаў мед. адукацыю ва ун-тах Лейдэна, Парыжа, Оксфарда. Д-р фізікі (1649), праф. анатоміі і музыкі (1651). У творах «Трактат аб падатках і зборах» (1662), «Палітычная арыфметыка» (1676), «Некалькі слоў наконт грошай» (1682) і інш. даследаваў унутр. заканамернасці вытв-сці; лічыў крыніцай багацця сферу вытв-сці. Аўтар тэорыі прац. вартасці, на падставе якой аналізаваў праблему заработнай платы, прыбытку, зямельнай рэнты і інш. Лічыў капіталіст. лад натуральным і вечным. Навук. палажэнні яго вучэння атрымалі развіццё ў працах А.Сміта і Д.Рыкарда.
Тв.:
Рус.пер. — Экономические и статистические работы. Т. 1—2. М., 1940.