1) працэсуальная дзейнасць упаўнаважаных законам органаў ці службовых асоб, якая заключаецца ў даказванні віны асобы, што прыцягваецца да крымін. адказнасці. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае 3 віды абвінавачвання: дзярж. (падтрымлівае пракурор), грамадскае (падтрымлівае ўпаўнаважаны прадстаўнік грамадскай арг-цыі ці прац. калектыву) і прыватнае (падтрымлівае пацярпелы або яго прадстаўнік — адвакат).
2) Змест абвінаваўчага тэзіса, сфармуляванага ў пастанове аб прыцягненні ў якасці абвінавачанага, а таксама ў абвінаваўчым заключэнні, выступленні абвінаваўцы ў судзе, у абвінаваўчым прыгаворы суда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭЙ ((Gray) Джон) (1798—1850),
англійскі эканаміст, сацыяліст-утапіст. У палітэканоміі паслядоўнік Д.Рыкарда. Аналізаваў пытанні размеркавання багацця. У праекце рэфармавання капіталізму прадугледжваў ліквідацыю яго адмоўных і захаванне станоўчых (тэхн. здабыткі і інш.) рыс; стварэнне сістэмы дробнай вытв-сці, пры якой абмен адбываецца з дапамогай т.зв. рабочых грошай (пасведчанне аб колькасці ўкладзенай у тавар працы). Эканам. погляды Грэя і яго план грамадскай перабудовы выкладзены ў працы «Сацыяльная сістэма. Трактат аб прынцыпах абмену» (1831). Аўтар «Лекцый аб чалавечым шчасці» (1825).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖАНО́ЦКАЯ СПРА́ВА»,
часопіс у Заходняй Беларусі. Орган Аб’яднання бел. жанчын імя А.Пашкевіч (Цёткі). Выдаваўся ў сак.—ліст. 1931 у Вільні на бел. мове. Узнімаў актуальныя пытанні жыцця, побыту, грамадскага становішча жанчын Зах. Беларусі, інфармаваў пра паліт. і грамадскія падзеі, жаночы рух у розных краінах свету, змяшчаў літ. матэрыялы. Садзейнічаў пашырэнню нац. свядомасці бел. жанчын, яднаў іх на грунце грамадскай працы і агульнаасв. задач. Меў рубрыкі «Парады маці», «Пытанні і адказы», «Наша пошта» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСКАЯ СВЯДО́МАСЦЬ,
сукупнасць уяўленняў, поглядаў, навук. тэорый аб чалавеку і навакольным свеце (натуральным і штучным), аб іх мінулым, сённяшнім і будучым. Не зводзіцца да арыфм. сумы індывід. свядомасцей членаў грамадства, а ўтварае арган. цэласнасць са сваімі спецыфічнымі ўласцівасцямі: грамадскім статусам і заканамернасцямі развіцця, прызначэннем і функцыямі. Грамадская свядомасць узаемадзейнічае з інш. сферамі грамадскага жыцця (вытв-сцю матэрыяльных даброт, сям’ёй і г.д.), а таксама ўплывае на асабістае жыццё індывідаў і іх паводзіны ў грамадстве. Грамадская свядомасць утварае з інш. грамадскімі з’явамі адзіную непарыўную тканіну, але пры гэтым адносна самастойная ў працэсе рэалізацыі сваёй грамадскай ролі і функцый. Грамадская свядомасць не тоесная пасіўнаму адлюстраванню таго, што адбываецца ў іншых сферах грамадства, і адыгрывае значную актыўную ролю. Аднак сама гэтая актыўнасць па-рознаму вытлумачваецца ў розных сістэмах філас.-гіст. ведаў. Калі ў ідэалістычных вучэннях ёй надаецца абсалютна самаст., субстанцыянальнае значэнне (чалавечы розум творыць навакольны свет), то паводле матэрыялістычных канцэпцый яна ёсць неабходны, але зусім не самадастатковы момант функцыянавання адзінага сац. цэлага. Матэрыялізм зыходзіць з таго, што грамадская свядомасць дыялектычна адлюстроўвае грамадскае быццё і абумоўлена ім; гэты вывад пакладзены ў аснову матэрыяліст. тэорыі пазнання. Грамадская свядомасць мае складаную ўнутр. структуру, якая ўключае розныя ўзроўні (тэарэт. і звычайная свядомасць, ідэалогія і грамадская псіхалогія) і розныя формы свядомасці (паліт. і прававая свядомасць, мараль, рэлігія, мастацтва, філасофія, навука). У сучасным грамадстве асаблівае значэнне набывае здольнасць грамадскай свядомасці мысленна апераджаць рэальны рух гіст. працэсу, што знаходзіць сваё выяўленне ў функцыі сацыяльнага прадбачання. Дасягнуты крытычны ўзровень спажывання прыродных рэсурсаў і забруджвання навакольнага асяроддзя пры крайне нераўнамерным размеркаванні, матэрыяльных даброт, якія атрымліваюцца ад гэтага, абвастрэнне многіх іншых глабальных праблем сучаснасці востра ставяць перад ім пытанне пра выжыванне. Таму павелічэнне ролі грамадскай свядомасці ў жыцці грамадства на мяжы 20 і 21 ст. звязваецца з праблемамі, ад вырашэння якіх залежыць лёс чалавецтва.
Літ.:
Общественное сознание и его формы. М., 1986;
Жуков Н.И. Проблема сознания. Мн., 1987;
Тойнби А.Дж. Постижение истории: Пер. с англ.М., [1990);
Сорокин П.А. Человек. Цивилизация. Общество. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІКІ,
прадстаўнікі адной з плыней рас.грамадскай думкі 1840—50-х г., якія выступалі за развіццё Расіі па зах.-еўрап. шляху. Сярод З. пераважалі дваране, былі таксама разначынцы і выхадцы з багатага купецтва. Да З. належалі: літаратары П.Я.Чаадаеў, І.С.Тургенеў, М.А.Мельгуноў, В.П.Боткін, П.В.Аненкаў, вучоныя Ц.М.Граноўскі, С.М.Салаўёў, К.Дз.Кавелін, І.В.Вярнадскі і інш., прымыкалі пісьменнікі Дз.В.Грыгаровіч і І.А.Ганчароў, В.М.Майкаў, М.А.Някрасаў, М.Я.Салтыкоў-Шчадрын і інш. У грамадскай барацьбе супраць «тэорыі афіцыйнай народнасці» і ў ідэйных спрэчках са славянафіламі 1840-х г. на баку З. выступалі і атаясамлівалі сябе з імі А.І.Герцэн, М.П.Агароў, В.Р.Бялінскі. З. супрацоўнічалі ў часопісах «Отечественные записки», «Современник», «Русский вестник», «Атеней», газ. «Московские ведомости» і інш. На філас. погляды З. значны ўплыў зрабілі творы зах.-еўрап. філосафаў Ц.Штрауса, Г.Гегеля, В.Баўэра, Г.Бокля і інш. Аснова іх светапогляду — запазычанае ў асветнікаў прызнанне вядучай ролі чалавечага розуму ў пазнанні, філас. асэнсаванні і практ. засваенні рэчаіснасці. Гіст. працэс З. ўспрымалі як прагрэс грамадства ад горшага да лепшага. Яны сцвярджалі самакаштоўнасць чалавечай асобы як носьбіта розуму, не прымалі патрыярхальную ідэю «сямейнага адзінства» памешчыкаў і іх прыгонных, былі прыхільнікамі хутчэйшага вызвалення сялян. З. лічылі «справядлівым» тое грамадства, дзе створаны ўсе ўмовы для існавання і самарэалізацыі асобы, крытычна ставіліся да парадкаў і сац. адносін у Зах. Еўропе, тлумачылі «заходні» шлях Расіі як перайманне лепшых рысаў зах.-еўрап. цывілізацыі. З. падзяляліся на т. зв. лібералаў (большасць), якія выступалі за мірныя, рэфарматарскія шляхі змен, і радыкалаў (лідэры А.І.Герцэн, і М.П.Агароў), якія дапускалі магчымасць рэв. змен у грамадстве. У 1860-я г. паміж радыкальнымі і ліберальнымі З. адбыўся рашучы разрыў. Многія тэарэт. палажэнні, выпрацаваныя З., сталі ідэалаг. асновай шэрагу радыкальных і ліберальных плыней рас.грамадскай думкі.
Літ.:
Сладкевич Н.Г. Очерки истории общественной мысли России в конце 50-х — начале 60-х гг. XIX в. Л., 1962;
Щукин В.Г. Русское западничество сороковых годов XIX в. как общественно-литературное явление. Краков, 1987;
Бердяев Н.А. Истоки и смысл русского коммунизма. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́РХІЯ ВЫТВО́РЧАСЦІ,
стыхійнасць, хаатычнасць, бяспланавасць грамадскай вытв-сці; паводле марксісцкай тэорыі, характэрная асаблівасць капіталізму. Мела месца ў эпоху даманапаліст. капіталізму, калі дробныя прадпрымальнікі вялі паміж сабой жорсткую канкурэнтную барацьбу, а ў вытворча-гасп. дзейнасці ўлічвалі найперш стыхійны попыт і рыначныя цэны на тавары. У перыяд дзярж.-манапаліст. капіталізму ў развітых краінах пачалося вывучэнне попыту і прапановы, укараненне маркетынгу, дзярж. рэгуляванне эканомікі. У некат. развітых краінах дзейнічаюць дзярж. планавыя камітэты, а для абмежавання самавольства манаполій у іх канкурэнтнай барацьбе створана антыманапольнае заканадаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІКТЫМАЛО́ГІЯ (ад лац. victima ахвяра + ...логія),
навука, што даследуе псіхал. і маральныя рысы асобы — ахвяры злачынства і любыя формы праяўлення грамадскай паталогіі, у выніку якіх прычыняецца шкода асобе. У больш вузкім сэнсе (у т. л. ў крыміналогіі) вывучае тыпы ахвяр — віноўнікаў злачынства, чые паводзіны могуць быць небяспечнымі для іх саміх і ствараюць павышаную верагоднасць замаху на іх; умовы, спрыяльныя для ўчынення злачынства; даследуе сувязі ахвяры і злачынца, ролю ахвяры ва ўчыненым злачынстве, а таксама адносіны да ахвяры органаў правасуддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЫСЛІ́ЦЕЛІ І АСВЕ́ТНІКІ БЕЛАРУСІ»,
аднатомны энцыклапедычны даведнік. Падрыхтаваны і выдадзены выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» ў 1995. Змяшчае матэрыялы пра жыццёвы шлях і творчую дзейнасць прадстаўнікоў філас. і грамадскай думкі, асветнікаў краіны ад 10 да пач. 20 ст. Уключае больш за 650 біяграфій дзярж., грамадска-паліт. і рэліг. дзеячаў, філосафаў, педагогаў, вучоных розных галін навукі, вынаходнікаў, пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў, музыкантаў, выдаўцоў, бібліятэкараў, прыродазнаўцаў, падарожнікаў, краязнаўцаў, удзельнікаў нац.-вызв. і рэв. руху (незалежна ад нац. прыналежнасці, веравызнання, грамадскай пазіцыі і светапогляду), якія зрабілі важкі ўклад у скарбонку айч. і сусв. культуры. Матэрыялы размеркаваны на 4 раздзелы: эпоха Полацкага і Тураўскага княстваў (10—12 ст.); эпоха Вялікага княства Літоўскага (13—16 ст.); эпоха Рэчы Паспалітай (17—18 ст.); Беларусь у складзе Рас. імперыі (19 ст.). Артыкулы ў раздзелах размешчаны ў алфавітным парадку. Асобна змешчаны ўрыўкі і фрагменты з некаторых твораў; у якасці пасляслоўя змешчаны арт. д-ра філас.н. А.С.Майхровіча «Ля вытокаў нацыянальнага адраджэння».
Даведнік мае імянны паказальнік і тлумачальны слоўнік тэрмінаў і філас. паняццяў, якія трапляюцца ў тэксце. Ілюстраваны партрэтамі дзеячаў, выявамі мясцін, звязаных з іх жыццём і творчасцю, фамільнымі гербамі, тытульнымі лістамі з кніг і інш.
Г.А.Маслыка.
«Мысліцелі і асветнікі Беларусі». Мінск, 1995. Вокладка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХАІ́ЗМ, бехаізм,
рэлігійна-палітычнае вучэнне. Узнікла ў сярэдзіне 19 ст. ў Іраку як форма бурж. рэфармацыі ісламу. Яго заснавальнік Мірза Хусейн Алі (1817—92) называў сябе Баха Алах і атаясамліваўся з богам, намагаўся стварыць універсальную рэліг. сістэму. У канцы 19 — пач. 20 ст. бахаізм распаўсюдзіўся па ўсім свеце, у т. л. ў Расіі. Існуе больш як у 160 краінах, на Беларусі зарэгістраваны ў 1992. Сучасныя бахаісты прапаведуюць ідэі касмапалітызму, грамадскай дыферэнцыяцыі, эканам. прагматызму. Цэнтр. кіруючы орган бахаізму — «Сусветны дом справядлівасці» знаходзіцца ў Хайфе (Ізраіль).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ТЧЫНА,
1) грамадская трапеза членаў правасл.брацтваў, якія існавалі на Беларусі ў 16—18 ст. Наладжвалася ў складчыну членамі брацтва (братчыкамі) у асобныя святочныя дні.
2) Калектыўнае частаванне ў складчыну ў час святкавання сялянамі грамадскай свечкі, якую рабілі з воску, сабранага ўсімі абшчыннікамі. Свечку ставілі ў кадушку з жытам, спявалі песні з пажаданнем добрага ўраджаю, дастатку ў гаспадарцы. Хрысціянства прымеркавала братчыну да дня зімовага Міколы (6 снежня ст.ст.), які нібыта садзейнічаў добраму ўраджаю. Звычай братчыны ў бел. вёсцы бытаваў да канца 19 ст.